ГНЕ́ЗНАЎСКІ КАСЦЁЛ МІХАІ́ЛА АРХА́НГЕЛА,

помнік архітэктуры позняй готыкі з элементамі рэнесансу. Пабудаваны каля 1524 у в. Гнезна Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. ўладальнікамі маёнтка Я. і А.​Шамятовічамі на месцы драўлянага храма. З 2-й пал. 16 ст. да 1643 быў заняты пратэстантамі (касцёл быў пераабсталяваны ў кальвінскі збор). Значна пацярпеў ад пажару 1838 (згарэла ўсё драўлянае абсталяванне), адбудаваны ў 1844 уладальнікам маёнтка Г.​Тарасевічам. У 1931—32 рэстаўрыраваны арх. Т.​Плюцынскім. Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм з трохграннай алтарнай апсідай. Гал. фасад аздоблены плоскімі нішамі і аркамі рознага абрысу. Уваход аформлены арачным парталам. Сцены ўмацаваны гранёнымі контрфорсамі, завершанымі ступеньчатымі кансолямі. У касцёле абразы і скульптура 17—18 ст. На тэрыторыі яго захаваліся надмагільныя помнікі 19 — 1-й пал. 20 ст.

А.​А.​Ярашэвіч.

Гнезнаўскі касцёл Міхаіла Архангела.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЯ АБАРО́НА 1941.

Вялася войскамі 21-й арміі (ген.-лейт. М.​Р.​Яфрэмаў, ген.-м. В.​М.​Гардоў) Цэнтр. фронту і байцамі Гомельскага палка народнага апалчэння 12—19 жн. ў Вял. Айч. вайну; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941. У пач. жн. пад Гомелем было 25 ням. дывізій. 8—10 жн. праціўнік уклініўся ў абарону 21-й арміі і прарваў яе на ўчастку Крычаў—Прапойск—Рэчыца. 12 жн. 2-я ням. армія пачала штурм горада, авіяцыя бесперапынна бамбіла яго. Сав. войскі не толькі абараняліся, але і контратакавалі. Ням. войскі ўзмацнілі атакі на горад з ПнУ, фарсіравалі Сож, захапілі Ветку і 19 жн. ўварваліся ў Гомель. На левым беразе Сажа сав. войскі яшчэ трое сутак стрымлівалі рух праціўніка, прычыніўшы яму значныя страты. У гонар абаронцаў у в. Пакалюбічы пастаўлены помнік.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧКА Андрэй Антонавіч (17.10.1903, в. Галадаеўка Растоўскай вобл., Расія — 26.4.1976),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1955), Герой Сав. Саюза (1958), Герой ЧССР (1969). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1936), Генштаба (1941). У арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, паходу Чырв. Арміі ў Зах. Украіну і Зах. Беларусь (1939). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце: каманд. дывізіяй, корпусам, 12, 47, 18 і 56-й арміямі. З кастр. 1943 нам. каманд. 1-м Укр. фронтам, са снеж. 1943 каманд. 1-й гвардз. арміяй. З 1945 каманд. войскамі Кіеўскай ваен. акругі, з 1953 галоўнакаманд. Групай сав. войск у Германіі, з 1957 1-ы нам. міністра абароны СССР, галоўнакаманд. сухап. войскамі, з 1960 галоўнакаманд. Аб’яднанымі ўзбр. сіламі краін Варшаўскага дагавора. У 1967—76 міністр абароны СССР. Аўтар мемуарных твораў.

т. 5, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.​К.​Ракасоўскі) 24—29 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 3-я, 28, 48, 65-я арміі, конна-механізаваная група, 16-я паветр. армія, Дняпроўская ваен. флатылія, злучэнні авіяцыі і бел. партызаны. Ім процістаяла 9-я і частка 4-й ням. арміі, якія мелі ўмацаваную глыбокаэшаланіраваную абарону. Задача аперацыі — акружыць і разграміць бабруйскую групоўку праціўніка. У ходзе аперацыі разбіты гал. сілы ням. 9-й арміі, на ПдУ ад Бабруйска акружана і ліквідавана 40-тысячная групоўка ворага (гл. Бабруйскі «кацёл»). Войскі Чырв. Арміі прасунуліся на 100—110 км, былі створаны спрыяльныя ўмовы для наступлення на Мінск і Баранавічы.

Да арт. Бабруйская аперацыя 1944. Разбітая тэхніка ворага ў раёне Бабруйска.

т. 2, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ «КАЦЁЛ»,

акружэнне пад Бабруйскам войскамі правага крыла 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944 6 дывізій 9-й ням. арміі ў Вял. Айч. вайну. Сав. 3-я і 48-я арміі, якія наступалі з раёна Рагачова, і 65-я армія, што наступала з раёна на Пд ад Парычаў, 27.6.1944 злучыліся на Пн ад Бабруйска, замкнулі акружэнне 40-тысячнай групоўкі ворага і пачалі яе ліквідацыю. 526 самалётаў 16-й паветр. арміі на працягу 1,5 гадзіны наносілі ўдары па праціўніку, які рыхтаваў прарыў. 28 чэрв. сав. войскі закончылі ліквідацыю акружанага праціўніка. 5-тысячнай групоўцы ворага ўдалося прарвацца з раёна Бабруйска ў напрамку Асіповіч, але і яна была ўзята ў палон. 29 чэрв. быў вызвалены Бабруйск.

Да арт. Бабруйскі «кацёл». Гітлераўцы, узятыя ў палон пад Бабруйскам. Чэрвень 1944.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НЬ,

горад у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобл., на р. Адроў. Падпарадкоўваецца Аршанскаму гарсавету. За 9 км ад Оршы, на аўтамаб. дарозе Орша—Коханава. 14,4 тыс. ж. (1995). Прадпрыемствы металаапр. і лёгкай прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў, магіла ахвяраў фашызму.

Вядома як сяло Барань (потым Старая Барань), што ў 1518 належала кн. К.​І.​Астрожскаму. З 1598 мястэчка Аршанскага пав. У 1-й пал. 17 ст. ў Барані 38 дамоў. У 2-й пал. 19 ст. каля 300 ж., працавалі крухмальны з-д, млын, было нар. вучылішча (адкрыта ў 1871, 31 вучань). У 1873 тут заснаваны драцяна-цвіковы з-д. У 1924—60 цэнтр сельсавета ў Аршанскім раёне. З 1935 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 16.7.1941 да 27.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. З 17.5.1972 горад.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЯВЕ́ЦКІ Мікалай Пятровіч (1897, Магілёў — 1941),

ваенны дзеяч. Скончыў Маскоўскую школу прапаршчыкаў (1916), Ваен. акадэмію імя Фрунзе. У 1917 вёў антываен. прапаганду сярод салдат. За ўдзел у ліпеньскіх падзеях 1917 арыштаваны. Напярэдадні Кастр. ўзбр. паўстання старшыня штаба Чырв. гвардыі Выбаргскага р-на Петраграда, камісар гвардыі Маскоўскага рэзервовага палка. У 1918 удзельнічаў у ліквідацыі Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918, у барацьбе супраць герм. акупантаў, чл. Вышэйшай ваен. інспекцыі, чл. РВС Рэзервовай арміі. З студз. 1919 чл. РВС Укр. фронту, з лета 1919 у 1-й Коннай арміі, камісар 11-й кав. дывізіі. Узнагар. ордэнам Чырв. Сцяга. У 1930-я г. на дыпламат. рабоце ў Японіі, потым на камандных пасадах у Чырв. Арміі. У 1938 арыштаваны і засуджаны на ссылку ў лагерах, дзе і памёр. У 1956 рэабілітаваны.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 4, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБО́ВІК Сямён Андрэевіч (парт. псеўд. Андрэй, Стары, Балюк; 16.2.1888, в. Нароўшчына Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 28.10.1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1909 эміграваў у ЗША, у 1911 за рэв. дзейнасць высланы адтуль, вярнуўся ў Расію. Не раз быў арыштаваны царскімі ўладамі. У грамадз. вайну нач. аддзела забеспячэння 2-й Укр. брыгады. З 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Адзін з заснавальнікаў КПЗБ, удзельнік яе 1-й канферэнцыі (кастр. 1923). У 1923—24 сакратар Брэсцкага акругкома КПЗБ. У 1924 арыштаваны польск. ўладамі, прыгавораны да 4 гадоў турмы. З 1928 у апараце ЦК КПЗБ. З 1930 у СССР, працаваў пры Прадстаўніцтве ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. У 1937 арыштаваны органамі НКУС і прыгавораны Асобай нарадай да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

В.​П.​Ласковіч.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯФА́НТАВЫ ЎРАЎНЕ́ННІ,

від алгебраічных ураўненняў ці іх сістэм з цэлымі каэфіцыентамі, у якіх рашэнні шукаюцца ў цэлых або рацыянальных ліках. Названы ў гонар Дыяфанта.

Колькасць невядомых у Д.у. перавышае колькасць ураўненняў (невызначальныя ўраўненні). Д.ў. 1-й ступені ax+by=1 пры ўзаемна простых a і b мае бясконцае мноства рашэнняў. Д.ў. 2-й ступені таксама можа мець бясконцае мноства рашэнняў, напр., ураўненне Пеля x​2 − Ay​2 = 1 (A>0; A — няпоўны квадрат). Агульная тэорыя Д.у. вышэйшых ступеняў адсутнічае, але даказана невырашальнасць вядомай праблемы Ферма: Д.ў. x​n + y​n + z​n не мае рашэнняў у натуральных ліках x, y, z і n>2 (А.​Вайлс, Р.​Тэйлар, ЗША, 1995).

Літ.:

Гельфонд А.О. Решение уравнений в целых числах. 4 изд. М., 1983.

В.​І.​Бернік.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАІ́НАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га бел.-літоўскага летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі. Збярогся ў гіст. зборніку канца 17 ст. рус. паходжання, які ў пач. 19 ст. належаў П.​Еўраінаву. Летапіс пачынаецца з легендарнай гісторыі Літвы ад Палемона да Гедзіміна, падзеі 14 — 1-й пал. 15 ст. выкладзены паводле Беларуска-літоўскага летапісу 1446. У заключнай арыгінальнай частцы змешчаны пагадовыя запісы, прысвечаныя паліт. гісторыі ВКЛ з сярэдзіны 15 ст. да 1548 уключна. Зместам гэта частка блізкая да Пазнанскага спіса «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Характэрная асаблівасць Е.л. — наяўнасць у ім гіст.-літ. матэрыялаў (напр., аповесць пра паходы Альгерда на Маскву і інш.), якія ёсць толькі ў Хроніцы Быхаўца. Рукапіс зберагаецца ў Рас. дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве. Апублікаваны ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)