расійскі ваенны дзеяч. Ген.-м. (1812). На ваен. службе з 1781. Удзельнік рус.-швед. вайны 1788—90, польскіх кампаній 1792 і 1794, рус.-аўстра-франц. 1805, рус.-тур. 1806—12 і рус.-швед. 1808—09 войнаў. У вайну 1812 камандзір 1-й брыгады 14-й пях. дывізіі 1-га корпуса П.Х.Вітгенштэйна. Удзельнік Клясціцкага бою 1812, баёў каля Полацка (жн. і кастр.) і інш.Найб. вызначыўся ў баях 7.11.1812 пры вызваленні Віцебска ад французаў (гл.Віцебскія баі 1812) і 27.11.1812 пад Барысавам, дзе была захоплена ў палон франц. дывізія разам з камандзірам. У 1813 удзельнічаў у замежных паходах рус. арміі ў Германіі. У Лейпцыгскай бітве 16—19.10.1813 цяжка паранены, у выніку чаго пазней памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎСГОФЕР ((Haushofer) Карл Эрнст) (27.8.1869, г. Мюнхен, Германія — 13.3.1946),
нямецкі географ, заснавальнік школы геапалітыкі ў Германіі. Праф. геаграфіі Мюнхенскага ун-та (1921—39). Настаўнік Р.Геса У 1887—1919 быў у Паўд. і Усх. Азіі, у т. л. ў Тыбеце, у 1908—10 — у Японіі. У 1924—44 выдаваў «Zeitschrift für Geopolitik» («Часопіс па геапалітыцы»). Аўтар ідэй жыццёвай прасторы, перавагі паўн. народаў і адмоўнага ўздзеяння яўрэяў на ход сусв. гісторыі; лічыў, што арыйская раса вядзе сваё паходжанне з Цэнтр. Азіі і таму яе тэрыторыю неабходна заваяваць. Ідэі Гаўсгофера былі выкарыстаны нацыстамі для абгрунтавання сваіх заваёўніцкіх і інш. планаў. Гал. працы: «Японія і японцы» (1923), «Геапалітыка Ціхага акіяна» (1924), «Граніцы і іх геаграфічнае і палітычнае значэнне» (1927). Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГУ́НЫ (франц. dragon, адз. л.),
від кавалерыі, здольнай дзейнічаць у пешым страі. З’явіліся ў 16 ст. ў Францыі (пасаджаныя на коней пехацінцы, якія спешваліся пры сустрэчы з праціўнікам). З 17 ст. драгунскія палкі існавалі ў Германіі, Польшчы, Беларусі (у складзе войска ВКЛ, да канца 18 ст.), Расіі (1631 — пач. 1918), у 18—20 ст. — у большасці еўрап. армій (належалі да цяжкай або сярэдняй кавалерыі, складалі 1/3 усёй конніцы). У розны час мелі на ўзбраенні пісталеты, мушкеты, фузеі, карабіны, вінтоўкі, шаблі, палашы, шашкі.
Літ.:
Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994;
Грыгор’еў М. Войска ВКЛ: Ад Сасаў да Касьцюшкі, 1765—1794. Мн., 1994.
Да арт.Драгуны. Маёр коннагвардзейскага (драгунскага) палка ВКЛ у мундзіры ўзору 1792, узброены гвардзейскім палашом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРО́ЙЗЕН ((Droysen) Іаган Густаў) (6.7.1808, г. Трэптаў, цяпер г. Тшабятаў, Польшча — 19.6.1884),
нямецкі гісторык. Праф. Берлінскага (у 1835—40 і з 1859), Кільскага (з 1840) і Іенскага (з 1851) ун-таў. Удзельнік антыдацкага паўстання ў Шлезвіг-Гольштэйне і чл. Франкфурцкага парламента ў Рэвалюцыю 1848—49 у Германіі, выступаў за аб’яднанне герм. зямель вакол Прусіі. Увёў у гіст. навуку паняцце элінізм (разумеў яго як працэс «распаўсюджвання грэч. дзяржаўнасці і адукаванасці» сярод стараж.-ўсх. народаў). Заснавальнік пруска-малагерм. гіст. школы. Аўтар прац «Гісторыя Аляксандра Вялікага» (1833), «Гісторыя элінізму» (т. 1—2, 1836—43 ; 2 выд, т. 1—3, 1877—78), «Гісторыя прускай палітыкі» (т. 1—14, 1855—86) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — История эллинизма. [Т.] 1—3. Ростов н/Д. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЗІКАЎ (Міхаіл Іосіфавіч) (14.9.1806, г. Шклоў Магілёўскай губ. — 27.10.1837),
бел. музыкант, віртуоз-ксілафаніст. Іграў на флейце і цымбалах у нар.інстр. ансамблях. У пач. 1830-х г. на аснове ўдасканалення нар.муз. інструмента брусочкаў распрацаваў сучасную канструкцыю ксілафона. З 1833 выступаў з канцэртамі, у т. л. ў Аўстрыі, Германіі, Бельгіі, Францыі. Выконваў уласныя транскрыпцыі твораў К.М.Вебера, І.Гумеля, Н.Паганіні, папуры і варыяцыі на папулярныя оперныя мелодыі, імправізацыі, апрацоўкі бел., рус., укр., яўр. песень і танцаў. Артыкулы пра яго змяшчалі муз. слоўнікі 19 ст. Яму прысвечана брашура З.Шлезінгера «Іозеф Гузікаў і яго інструмент з дрэва і саломы» (Вена, 1836).
Літ.:
Ямпольский И. Первый виртуоз на ксилофоне // Сов. музыка. 1959. №11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТЭН ((Hutten) Ульрых фон) (21.4.1488, замак Бург-Штэкельберг, каля г. Шлюхтэрн, Германія — 29.8.1523),
нямецкі пісьменнік-гуманіст, публіцыст, ідэолаг рыцарства. З франконскага рыцарскага роду. У 1505—11 і пазней вучыўся ў шэрагу ням. і італьян. ун-таў. З 1519 прыхільнік рэлігійнай Рэфармацыі і М.Лютэра. Пісаў пераважна на лац. мове. Адзін з аўтараў антысхаластычнай і антыцарк. ананімнай сатыры «Пісьмы цёмных людзей» (1515—17). Аўтар памфлетаў, дыялогаў, пісем, у якіх стварыў ідэальны маст. вобраз Армінія, прапагандаваў ант. спадчыну, выступаў за рэформу імперыі (моцная вярх. ўлада імператара), адзінства Германіі, стварэнне незалежнай ад Рыма царквы, развіццё культуры на гуманіст. аснове і інш. Ідэйны правадыр рыцарскага паўстання 1522—23. Пасля яго паражэння ўцёк у Швейцарыю, дзе і памёр.
Тв.:
Рус.пер. — Диалоги. Публицистика. Письма. М., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕГЕЛЬЯ́НСТВА,
філасофская плынь, якая зыходзіць з вучэння Г.Гегеля і развівае яго ідэі. Узнікла ў Германіі ў 1830—40-х г. У спрэчках па рэліг. пытаннях унутры гегелеўскай школы вылучылася некалькі кірункаў. Т. зв. правагегельянства трактавала Гегеля ў духу пратэстанцкай артадоксіі, разглядала яго філас. сістэму як рацыянальную форму багаслоўя (К.Гёшэль, Г.Гінрыхс, Г.Габлер); радыкальнае левае гегельянства (младагегельянства) адмаўляла яго рэліг. матывы, падкрэслівала вырашальную ролю асобаснага, суб’ектыўнага фактару ў гісторыі ў процівагу гегелеўскаму «сусветнаму духу» (А.Руге, Б.Баўэр і інш.). Прамежкавае становішча займала «артадаксальнае» гегельянства, імкнучыся захаваць вучэнне Гегеля ў яго «чысціні» (К.Міхелет, К.Розенкранц і інш.). Адраджэнне цікавасці да Гегеля ў філасофіі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выклікала з’яўленне ў розных краінах плыней, у т. л.неагегельянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВІ́ЦА (сапр.Попка) Юрый
(7.10.1912, Пружаншчына — 29.4.1990),
бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік, журналіст. У 1930 уступіў у Бел. сялянскую партыю. У час Вял.Айч. вайны ўзначальваў аддзел працы і сац. забеспячэння ў акупацыйнай цывільнай адміністрацыі Пружан (1941—42). З 1942 у Германіі. У пасляваенны час член і старшыня шэрагу бел. арг-цый, рэдактар газ. «Беларуская праўда» (1946). Выдаваў час. «Напагатове» (1948), распаўсюджваў бюлетэнь «Весткі з Беларусі». Выдаў шмат кніг па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі, у т. л. працы У.Ігнатоўскага, А.Цвікевіча. У 1982 заснаваў у г. Ляймен Беларускі музей, пры ім Інстытут беларусаведы (дырэктар у 1982—90), час. «Весткі Інстытута беларусаведы» (1986). Аўтар шматлікіх зборнікаў апавяданняў і аповесцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́МЧУГ (слова кіт. паходжання),
перл, цвёрдыя вапняковыя ўтварэнні перламутравага рэчыва шарападобнай ці няправільнай формы ўнутры ракавін некаторых малюскаў (марскіх і прэснаводных). Складзены пераважна з вуглякіслага кальцыю (араганіту). Колер белы, ружовы, жаўтаваты, іншы раз чорны, шэры, карычневы. Бляск характэрны перламутравы, вясёлкавы. Памеры ад мікраскапічных да галубінага яйца. Утвараецца ў выніку раздражнення мантыі малюска якім-н. чужародным целам (пясчынкай, паразітам і інш.). Здабыча марскога Ж. вядзецца ў Чырвоным м., Персідскім зал., каля берагоў Аўстраліі, Японіі і інш. Прэснаводны Ж. здаўна здабывалі ў Кітаі, Расіі, Германіі, Шатландыі. У 20 ст. вельмі пашырана штучнае вырошчванне Ж. (пераважна ў Японіі). Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе (каралі, брошкі, пярсцёнкі, жамчужнае шыццё), нярэдка ў спалучэнні з каштоўнымі металамі і камянямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ УКРАІ́НА,
гістарычная назва зямель Украіны, якія складаюць тэр. сучасных Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Цярнопальскай, Валынскай і Ровенскай абласцей. Да 1917 тэр. цяперашніх Валынскай і Ровенскай абласцей знаходзілася ў складзе Рас. імперыі, астатніх (да 1918) — у складзе Аўстра-Венгрыі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 З.У. адышла да Польшчы. У вер. 1939 пасля нападу фаш.Германіі на Польшчу Чырв. Армія заняла З.У. 26—28.10.1939 Нар. сход З.У. прыняў Дэкларацыю аб аднаўленні сав. улады і ўключэнні яе ў склад Укр. ССР. 1.11.1939 Вярх. СаветСССР і 14.11.1939 Вярх. СаветУкр. ССР прынялі адпаведна законы аб уключэнні З.У. ў склад СССР і далучэнні яе да Укр. ССР (гл. таксама ў арт.Украіна. Гісторыя).
Літ.:
Постников Н.А. Незримые межи: [История зап. обл. Украины]. Киев, 1989.