НАДНЫ́РАЧНАЯ ЗАЛО́ЗА,
парны эндакрынны орган вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны над ныркамі. Складаецца з вонкавага коркавага (кара) і ўнутр. мазгавога рэчываў, укрыта капсулай. У кары Н.з. вылучаюць 3 зоны: клубочкавую, пучковую і сеткавую, якія адрозніваюцца будовай і функцыяй. Клеткі кары Н.з. сакратуюць гармоны кортыкастэроіды (гідракартызон, альдастэрон, кортыкастэрон і інш.), якія маюць высокую біял. актыўнасць, рэгулююць мінер. абмен у арганізме, абмен вугляводаў, бялкоў, тлушчаў, таксама сінтэзуюць і выдзяляюць палавыя гармоны андрагены і эстрагены. Клеткі мазгавога рэчыва Н.з. сакратуюць адрэналін і норадрэналін, якія стымулююць абмен рэчываў у арганізме, рэгулююць артэрыяльны ціск, частату сэрцабіцця і інш. Гармоны Н.з. адыгрываюць значную ролю ў працэсах адаптацыі арганізма да неспрыяльных умоў, забяспечваюць выжыванне яго пры стрэсах.
А.А.Арцішэўскі.
т. 11, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯФЁДАЎ (Леанід Іванавіч) (н. 20.8.1952, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р мед. н. (1993), праф. (1997). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1975). З 1978 у Ін-це біяхіміі Нац. АН Беларусі (з 1989 заг. лабараторыі, з 1998 дырэктар). Навук. працы па малекулярных механізмах рэгуляцыі абмену рэчываў, накіраванай карэкцыі метабалічных працэсаў пры паталаг., стрэсавым і экстрэмальным стане арганізма, стварэнні лек. прэпаратаў на аснове амінакіслот, парэнтэральным жыўленні.
Тв.:
Механизмы регуляции метаболического баланса: результаты и перспективы применения аминокислот и их композиций в качестве универсальных биологически активных природных регуляторов направленного действия и эффективных лекарственных препаратов (у сааўт.) // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. біял. навук. 1998. № 4;
Таурин: Биохимия, фармакология, мед. применение. Гродно, 1999.
т. 11, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГА́НГЛІІ (ад пара... + гангліі),
эндакрынныя залозы пазваночных жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць пераважна катэхаламіны, з’яўляюцца таксама дадатковымі органамі нерв. сістэмы, што ажыццяўляюць хемарэцэпцыю. Некат. П. (мазгавое рэчыва наднырачнікаў, паяснічны, аартальны) маюць сакраторныя храмафінныя клеткі, у эмбрыягенезе ўзнікаюць разам з нейрабластамі сімпатычнай нерв. сістэмы. Выдзяляюць у кроў адрэналін ці норадрэналін. Інш. П. (пераважна ў месцах разгалінавання парасімпатычнай нерв. сістэмы, вочныя, лёгачныя, касцёвамазгавыя, абалонак мозга, каратыдны і П. па ходу сасудаў тулава і канечнасцей) з’яўляюцца нехрамафіннымі і паходзяць з эмбрыянальных закладак па ходу IX і X пар чэрапна-мазгавых нерваў. Выдзяляюць у кроў, магчыма, ацэтылхалін і поліпептыдныя гармоны. Сакрэты П. ажыццяўляюць рэгуляцыю агульных і мясц. фізіял. рэакцый і мабілізацыю сістэм арганізма пры стрэсе.
А.С.Леанцюк.
т. 12, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТНЫЯ КЛЕ́ТКІ,
храматафоры, свабодныя і эпітэліяльныя клеткі нейраэктадэрмальнага паходжання, якія сінтэзуюць пігменты. Абумоўліваюць афарбоўку скурных покрываў, іх вытворных (валасоў, пер’я), унутр. высцілак цела і вока ў шэрагу груп беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечваюць ахоўную, агрэсіўную і шлюбную афарбоўку, прымаюць удзел у тэрмарэгуляцыі і ахове арганізма ад празмернага ультрафіялетавага выпрамянення. Функцыя П.к. знаходзіцца пад гарманальным, а ў рыб і нерв. кантролем, залежыць ад пары года, асвечанасці, эндагенных рытмаў і інш. Звычайна змена афарбоўкі з’яўляецца прыстасаваннем жывёлы да колеру навакольнага фону (асабліва ў насякомых, малюскаў, ракападобных і інш.). Парушэнні развіцця П.к. у зародка прыводзяць да радзімак (атыпічныя П.к.). У выніку злаякаснага перараджэння П.к. радзімак у чалавека развіваюцца пігментныя пухліны — меланомы.
А.С.Леанцюк.
т. 12, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬМАНЕЛЁЗЫ,
вострыя інфекцыйныя захворванні чалавека і жывёл, якія выклікаюць сальманелы; пераважна пашкоджваецца страўнікава-кішэчны тракт. Вядома больш за 2 тыс. сератыпаў узбуджальніка С. Для чалавека крыніца заражэння — свойскія жывёлы і птушкі, таксама людзі-носьбіты сальманел. Інфекцыя заносіцца праз прадукты харчавання, кантактна-бытавым шляхам. Вылучаюць лакалізаваныя формы С., генералізаваныя і бактэрыяносьбіцтва. Пры лакалізаваных цячэнне хваробы вострае, з высокай т-рай цела, болямі ў вобласці жывата, ірвотай, вадзяністым стулам са сліззю, абязводжваннем арганізма. Пры генералізаваных С. узбуджальнік цыркулюе ў крыві; назіраецца працяглая ліхаманка з сімптомамі інтаксікацыі. Бактэрыяносьбіцтва выяўляецца пры бактэрыял. абследаванні. Лячэнне тэрапеўтычнае. Жывёлы і птушкі заражаюцца праз кармы, глебу, ваду, пры кантакце з хворымі, праз прадметы догляду.
А.А.Астапаў.
т. 14, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
таксіко́з
(гр. toksikos = атрутны)
нездаровы стан арганізма, які ўзнікае ў выніку дзеянняў на аго ядаў і ядавітых рэчываў (таксінаў).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ГЕН (ад грэч. genos род, паходжанне),
спадчынны фактар, структурна-функцыянальная адзінка генетычнага матэрыялу, адказная за фарміраванне якой-небудзь элементарнай прыкметы. З дапамогай гена адбываецца запіс, захаванне і перадача генетычнай інфармацыі. Умоўна ген можна ўявіць як адрэзак малекулы ДНК (у некаторых вірусаў і фагаў — малекулы РНК), які ўключае нуклеапратэідную паслядоўнасць з закадзіраванай у ёй першаснай структурай поліпептыду (бялку) або малекулы транспартнай ці рыбасомнай РНК, сінтэз якіх кантралюецца гэтым генам. У вышэйшых арганізмаў (эўкарыёт) ген знаходзіцца ў храмасомах і ў арганелах цытаплазмы (мітахондрыях, хларапластах і інш.); кожны з іх займае ў храмасоме дакладнае месца — локус. Сукупнасць усіх генаў арганізма складае яго генатып. Кожны ген, які ўключае ад некалькіх соцень да 1500 нуклеатыдаў, адказны за сінтэз пэўнага бялку (поліпептыднага ланцуга), ферменту і г.д. Кантралюючы іх утварэнне, ген кіруе ўсімі хім. рэакцыямі арганізма і тым самым вызначае яго прыкметы (гл. Генетычны код).
Дыскрэтныя спадчынныя задаткі адкрыў у 1865 Г.Мендэль, у 1909 В.Іагансен назваў іх генам. У 1911 Т.Морган і яго супрацоўнікі даказалі, што ген з’яўляецца ўчасткам храмасомы, склалі першыя храмасомныя карты, на якіх пазначылі размяшчэнне асобных генаў на храмасомах (гл. Генетычная карта храмасом). Адрозніваюць гены: структурныя, што нясуць інфармацыю пра паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдзе, і рэгулятарныя (кантралююць і рэгулююць дзейнасць структурных генаў); алельныя і неалельныя (гл. Алелі); паводле лакалізацыі на храмасоме аўтасомныя (гл. Аўтасомы) і счэпленыя з полам (гл. Палавыя храмасомы). Важная ўласцівасць генаў — спалучэнне іх высокай устойлівасці (нязменнасці ў шэрагу пакаленняў) са здольнасцю да мутацый, якія служаць асновай зменлівасці арганізмаў, што дае матэрыял для натуральнага адбору; у чалавека зрэдку прыводзіць да генных хвароб (гл. Спадчынныя хваробы). Распрацаваны метады выдзялення, сінтэзу і кланавання (размнажэння) генаў. Створаны банк генаў для розных груп арганізмаў.
А.Г.Купцова.
т. 5, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тэст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.
1. Стандартнае заданне, якое прымяняецца для вызначэння разумовых здольнасцей, схільнасцей, ведаў, уменняў чалавека і іншых бакоў яго асобы.
Т. на інтэлектуальнае развіццё.
Т. ацэнкі матэматычных здольнасцей.
2. Пробныя ўздзеянні на арганізм для вывучэння розных фізіялагічных працэсаў у ім, а таксама для вызначэння функцыянальнага стану асобных органаў, тканак і арганізма ў цэлым.
Зрокавы, слыхавы т.
Т. на наяўнасць цяжарнасці.
3. У інфарматыцы: задача з вядомым рашэннем, прызначаная для праверкі правільнасці работы ЭВМ і яе праграмнага забеспячэння.
Т. для праверкі памяці ЭВМ.
|| прым. тэ́ставы, -ая, -ае.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ча́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.
1. Пэўная доля чаго-н. цэлага.
Разрэзаць пірог на дзве часткі.
Ч. вучняў займалася ў другую змену.
2. Прадмет як састаўны элемент якога-н. цэлага арганізма, механізма.
Запасныя часткі машын.
Часткі цела.
3. Кампазіцыйны адрэзак, раздзел літаратурнага, музычнага і пад. твора.
Аповесць у дзвюх частках.
Ч. сюіты.
4. Аддзел якой-н. установы, асобная галіна кіравання.
Загадчык навучальнай часткі.
○
Часткі свету — асобныя мацерыкі або вялікія ўчасткі іх тэрыторыі разам з бліжэйшымі да іх астравамі (пра Еўропу, Азію, Афрыку, Аўстралію, Амерыку, Антарктыду).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
манаго́нія
(ад мана- + -гонія)
бясполае, вегетатыўнае размнажэнне, якое адбываецца без апладнення шляхам аддзялення часткі бацькоўскага арганізма або простага дзялення.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)