АНТРО́ПАЎ (Аляксей Пятровіч) (25.3.1716, С.-Пецярбург — 23.6.1795),

рускі жывапісец-партрэтыст. Вучыўся ў «Канцылярыі ад будаўніцтва» ў Пецярбургу (з 1732) у А.М.Мацвеева, з 1739 працаваў там у «жывапіснай камандзе» ў І.​Я.​Вішнякова. Удзельнічаў у размалёўцы палацаў у Пецярбургу (1744—50), яго прыгарадах і ў Маскве, Андрэеўскага сабора ў Кіеве (1752—55). Партрэты Антропава часткова звязаны з традыцыямі парсуны, жывапіснымі прыёмамі барока, адметныя праўдзівасцю характарыстык (А.​Ізмайлавай, 1759, атамана Ф.​І.​Краснашчокава, 1761, Пятра III, 1762, і інш.).

А.Антропаў. Партрэт А.​Ізмайлавай. 1759.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГО́НА,

у грэчаскай міфалогіі дачка фіванскага цара Эдыпа. Не пакінула сляпога бацьку і ў выгнанні. Пасля яго смерці вярнулася ў Фівы і насуперак забароне дзядзькі — цара Крэонта, пахавала брата Палініка, які загінуў у барацьбе за ўладу ў Фівах. За гэта была жывая замуравана ў каменную пячору, дзе скончыла самагубствам. Міф пра Антыгону выкарысталі ў л-ры Сафокл, Ж.​Расін, Б.​Брэхт, у музыцы К.​В.​Глюк, Ф.​Мендэльсон, К.​Сен-Санс і інш.

Антыгона. Фрагмент размалёўкі апулійскай амфары. 4 ст. да н.э.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАСТО́ЛІКІ, апостальскія браты,

сялянска-плебейская ерэтычная секта 13 — пач. 15 ст. ў Паўн. Італіі. Засн. ў 1260 у г. Парма рамеснікам Сегарэлі. Прапаведавалі вяртанне да сац. і маёмаснай роўнасці паводле вучэння раннехрысц. апосталаў (адсюль назва), выступалі супраць феад. дзяржавы і каталіцкай царквы. Секта асуджана як ерэтычная і забаронена II Усяленскім саборам (Ліён, 1274), Сегарэлі ў 1300 спалены. Яго пераемнік Дальчына ў 1304 узняў паўстанне, якое задушана ў 1307. Апастолікі прапаведавалі свае ідэі ў Паўн. Італіі, Паўд. Францыі, Іспаніі і Германіі да 15 ст.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫНО́КСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у межах Усходняй Венесуэлы, дзяржавы Трынідад і Табага (востраў Трынідад і яго атлантычны шэльф), акваторыі заліва Парыя. Плошча 223 тысяч км². Пошук нафты з 1866, распрацоўка з 1909.

Пачатковыя прамысловыя запасы 3049,3 млн. т нафты і 1675,2 млрд. м³ газу. Прадукцыйныя гарызонты на глыбіні ад 85 да 5100 м. Шчыльнасць нафтаў 766—1044 кг/м³. У паўночнай частцы басейна — газавыя і газакандэнсатныя радовішчы. Асноўныя цэнтры перапрацоўкі: Пуэрта-ла-Крус, Эль-Паліта (Венесуэла), Пуэнт-а-П’ер (Трынідад і Табага).

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙЛЯНЬЦЗЯ́О, Секта белага лотасу,

тайная будыйская секта ў Кітаі ў 12 — пач. 19 ст. Узнікла на пач. праўлення дынастыі Паўд. Сун [1127—1279]. У 14 ст. злілася з будыйскімі сектамі Мілацзяо і Мінцзяо і стала масавай арг-цыяй, у якую ўваходзілі пераважна сяляне і рамеснікі. Удзельнічала ва ўзбр. барацьбе супраць манг. дынастыі Юань. У наступныя стагоддзі неаднаразова ўздымала сял. паўстанні; адно з буйнейшых адбылося ў 1796—1805. Пасля яго задушэння маньчжурска-кіт. феадаламі секта спыніла сваю дзейнасць (за выключэннем адгалінаванняў у Шаньдуні і Чжылі).

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬШАКО́Ў (Барыс Аляксеевіч) (26.9.1910, г. Архангельск, Расія — 27.9.1950),

бел. спартсмен (канькабежны і веласіпедны спорт). Засл. майстар спорту СССР (1947). У 1945—50 трэнер Мінскага абл. савета спарт. т-ва «Дынама». З 1933 неаднаразовы чэмпіён Беларусі, чэмпіён СССР па канькабежным спорце на дыстанцыях 500 м (1941, 1947), 1500 м (1948), па веласіпедным спорце ў групавой шашэйнай гонцы на 150 км (1947), у спрынтарскім мнагабор’і на трэку (1949). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. З 1950 на Беларусі праводзіцца велагонка на прыз яго імя.

т. 2, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНА́Т (Banat),

гістарычная вобласць у Паўд.-Усх. Еўропе, паміж Трансільванскімі Альпамі на У, рэкамі Ціса на З, Мурэш на Пн, Дунай на Пд. На пач. нашай эры тэр. Баната ўваходзіла ў склад рым. правінцыі Дакія. З 1028 пад уладай Венг. каралеўства. Да 16 ст. заваяваны Асманскай імперыяй. Паводле Пажаравацкіх мірных дагавораў 1718 Банат перайшоў да Аўстрыі (пазней Аўстра-Венгрыі). Паводле Трыянонскага мірнага дагавора 19202/3 яго тэрыторыі адышлі да Румыніі, амаль ⅓ — да Югаславіі, землі вакол г. Сегед — да Венгрыі.

т. 2, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНТЫ́Ш-КАМЕ́НСКІ (Мікалай Мікалаевіч) (27.12.1737, г. Нежын, Украіна — 1.2.1814),

украінскі і рас. гісторык, архівіст, археограф. Вучыўся ў Кіеўскай (1745—54) і Маскоўскай (1754—58) духоўных акадэміях, Маскоўскім ун-це (1758—62). З 1783 кіраўнік Маскоўскага архіва Калегіі замежных спраў. Даследаванні і публікацыі дакументаў па гісторыі знешняй палітыкі Расіі. Гал. твор — «Агляд знешніх зносін Расіі (да 1800 г.)» (ч. 1—4, 1894—1902). У 1813 падрыхтаваў да друку 1-ы т. «Збору дзяржаўных грамат і дагавораў» і заўвагі да яго. Аўтар падручнікаў.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЗДЫ́КА (Міхаіл Фёдаравіч) (н. 13.11.1944, в. Шклянцы Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. графік. Скончыў БПІ (1973), выкладаў у ім. З 1975 супрацоўнічае з бел. выдавецтвамі. Творчасць адметная спалучэннем філас. разумення жыцця і лірычнай інтэрпрэтацыі (дыптых «Воблакі і камяні», 1988; «Метамарфозы», 1992; «Варыяцыі на тэму восені», 1994; «Падабенства», 1995, і інш.). На 22-м міжнар. салоне ў Бельгіі яго творы адзначаны сярэбраным медалём (1992) і залатым медалём Еўрапейскай АМ (1993).

М.​М.​Паграноўскі.

М.Барздыка. Частка дыптыха «Воблакі і камяні». 1988.

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́Н ((Baron) Мішэль) (8.10.1653, Парыж — 22.12.1729),

французскі акцёр. З 1665 у трупе Мальера, іграў ролі ў яго п’есах — Амура ў «Псіхеі», Актава ў «Хітрыках Скапэна», Арыста ў «Вучоных жанчынах» і інш. Пасля смерці Мальера (1673) перайшоў у трупу «Бургундскага атэля». З 1680 у т-ры «Камеды Франсэз». Іграў ролі трагічных герояў: Іпаліт, Пір («Федра», «Андрамаха» Ж.​Расіна), Радрыга, Гарацый («Сід», «Гарацый» П.​Карнеля) і інш. Барон парваў з умоўна-дэкламацыйнай школай акцёрскага мастацтва, дамагаўся натуральнасці выканання, падпарадкаванасці аўтарскай задуме. Аўтар шэрагу камедый.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)