БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Падняпроўі, пераважна ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім р-нах. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Для яго характэрныя разнастайныя прыёмы вышыўкі і стрыманасць каларыту. Асноўныя часткі жаночага гарнітура: кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным каўняром і шырокімі рукавамі, спадніца (цёмна-чырвоны з чорнай клеткай андарак ці палатнянік), белы льняны фартух з фальбонай унізе, доўгі са складкамі на спіне чорны ці цёмна-сіні гарсэт (шнуроўка), пояс з кутасамі. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец з кужалю ці паркалю, даматканая ці крамная хустка, завязаная «на ўрожкі». Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — каралі, стужкі і інш. У мужчынскі гарнітур уваходзілі тунікападобная кашуля з адкладным ці стаячым каўняром, прамымі ці сабранымі ў каўнерац рукавамі, ільняныя ці суконныя нагавіцы, узорыста-тканы з вялікай гронкай кутасоў пояс. Адзенне аздаблялі вышыўкай, якой уласцівыя ахраматычнасць і геаметрычная дакладнасць старадаўніх матываў. Аднаколерная вышыўка чорнымі ці белымі баваўнянымі ніткамі вызначаецца ювелірнасцю рамбічнага арнаменту. Двухбаковая падліковая гладзь спалучаецца з гафтам (сакаленнем), мярэжкай, карункамі, а таксама арыгінальным і характэрным для гэтага строю прыёмам аздаблення — маршчэннем (збіранне палатна ў дробныя гафрыраваныя складачкі). Галаўныя ўборы мужчын, жаночая і мужчынская вопратка істотных мясцовых адрозненняў ад агульнанацыянальных відаў і формаў не мелі.

М.​Ф.​Раманюк.

Буда-Кашалёўскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёскі Чабатовічы і Рудня-Альхоўка Буда-Кашалёўскага раёна.

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНІМІ́Я (ад грэч. homōnymia аднайменнасць),

гукавое супадзенне адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў), якія адрозніваюцца паміж сабой значэннем. Усе амонімы-словы падзяляюцца на тыпы: лексічныя (маюць поўнае гукавое супадзенне ва ўсіх формах і адносяцца да адной часціны мовы, напр., «нота» — ‘дыпламатычны дакумент’ і «нота» — ‘муз. знак’), фанетычныяамафоны, марфалагічныяамаформы. Адрозніваюць поўную і частковую аманімію.

Поўныя лексічныя амонімы супадаюць ва ўсіх граматычных формах («заранка» — ‘зорка’ і «заранка» — ‘птушка’), пры частковай аманіміі адно са слоў цалкам (ва ўсіх формах) супадае па гучанні з часткай формаў інш. слова ці з адной яго формай («вечарам» — прыслоўе і «вечарам» — назоўнік мужч. роду адз. л. творнага склону). Да частковай адносяць прыставачную аманімію («дапісаць» — ‘поўнасцю скончыць пісаць’ і «дапісаць» — ‘запоўніць старонку’), супадзенне формаў аднаго з трыванняў розных дзеясловаў («прамакаць» ад «прамакнуць» і ад «прамокнуць») і г.д. Амонімы ўзнікаюць у мове ў выніку страты сэнсавай сувязі паміж асобнымі значэннямі (у т. л. пераноснымі) мнагазначных слоў («каса» — ‘прылада працы’, «каса» — ‘заплеценыя валасы’, «каса» — ‘вузкая пясчаная паласа’), у выніку дзеяння фанет. законаў мовы (аглушэння зычных на канцы слова: «мох» — ‘расліна’ і «мог» — ад дзеяслова «магчы»), гукавога супадзення розных слоў («міна» — ‘выраз твару’ і «міна» — ‘снарад з выбуховым рэчывам’) і інш. Ад амонімаў трэба адрозніваць амографы.

Л.​П.​Кунцэвіч, А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАДВО́РЦЫ,

катэгорыя дзярж. сялян у Рас. імперыі. Складаліся ў 1-й чвэрці 18 ст. з патомкаў служылых людзей, паселеных царскім урадам у сувязі са стварэннем рэгулярнай арміі на паўд. і паўд.-ўсх. граніцах для іх аховы. Аднадворцы былі абкладзены падушным падаткам і 4-грыўневым аброкам. Пераважная большасць іх не валодала прыгоннымі, мела толькі ўласныя двары (магчыма, адсюль і назва аднадворцы).

На Беларусі аднадворцы ўтвораны на падставе закону ад 19.10.1831: дробная сельская шляхта была пераведзена ў аднадворцы з паліт. (за ўдзел у паўстанні 1830—31) і фіскальных меркаванняў. Былі асабіста вольныя; плацілі падатак, выконвалі рэкруцкую павіннасць на працягу 15 гадоў. Паводле ўказа ад 1.8.1857 аднадворцы на ўласнай і дзярж. зямлі аднесены да дзярж сялян, на панскай — да вольных людзей. Фактычна працягвалі існаваць як асобная група сельскага насельніцтва. У 1858 на Беларусі 44 810 аднадворцаў (1,6% сельскага насельніцтва). Пераважная большасць не мела сваёй зямлі. Па меры разбору шляхты колькасць іх расла: у 1867 у Мінскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай губ. было 110 088 чал. Паводле закону ад 19.2.1868 аднадворцы пераведзены ў сельскія і гарадскія абшчыны, большасць іх злілася з сялянамі. Аднадворцы, якія жылі на панскай зямлі, не атрымалі права на яе выкуп, тыя, што жылі на дзярж., маглі выкупіць яе. Уласная зямля захавалася за аднадворцамі.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́Т (лац. Nitrogenium),

N, хім. элемент V групы перыяд, сістэмы, ат. н. 7, ат. м. 14,0067. Прыродны азот складаецца з ізатопаў ​14N (99,635%) і ​15N (0,365%); ёсць у свабодным стане (N2) у атмасферы (75,6%), у звязаным у літасферы (1,9∙10​−3 % па масе), у жывых арганізмах жывёл і чалавека (складае 16—17% іх бялку) і раслінах. Азот чацвёрты па распаўсюджанасці элемент Сонечнай сістэмы (пасля вадароду, гелію, кіслароду). Адкрыты ў 1772 Д.Рэзерфардам. Газ без колеру і паху, tкіп -195,80 °C, шчыльн. вадкага азоту 0,808 103 кг/м³. Малекула двухатамная, пры звычайных умовах хімічна інертная, пры т-ры 400—500 °C узаемадзейнічае са шчолачнымі і шчолачна-зямельнымі металамі, у прысутнасці каталізатараў — з кіслародам (гл. Азоту аксіды), пры павышаным ціску — з вадародам (гл. Аміяк, Гідразін і інш.). Пры эл. разрадах, раскладанні нітрыдаў некаторых металаў утвараецца актыўны азот (сумесь малекул і атамаў), які энергічна ўзаемадзейнічае з кіслародам, вадародам, парай серы і фосфару, некат. металамі. Атрымліваюць пры рэктыфікацыі паветра (гл. Газаў раздзяленне). Выкарыстоўваецца для сінтэзу аміяку, як інертнае асяроддзе пры хім. і металург. працэсах, пры перапампоўванні гаручых вадкасцяў, у розных халадзільных і вакуумных устаноўках, зварцы металаў. Азот — біягенны элемент, уваходзіць у састаў бялкоў і нуклеінавых кіслот, а таксама многіх арган. злучэнняў (аміны, амінакіслоты, нітразлучэнні і інш.).

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВА́РЫУМ (ад лац. aguarium вадаём),

1) пасудзіна, у якой трымаюць і разводзяць акварыумных рыб, водных жывёл і расліны. Бываюць рознай канструкцыі, формы і памераў (суцэльна шкляныя або з метал. каркасам і шклянымі сценкамі, часам з арганічнага шкла; сферычныя, прамавугольныя, са скошанай пярэдняй сценкай, якія звычайна падвешваюць на сцяне, і інш.). Мае адпаведны аб’ём (у залежнасці ад відаў і памераў жывёл) і ўмовы існавання (грунт, расліны, святло- і цепларэгулявальная апаратура, аэратары і інш.). У якасці грунту выкарыстоўваюць прамыты рачны пясок. У акварыуме трымаюць расліны, якія плаваюць на паверхні ці ў тоўшчы вады, і тыя, што ўкараняюцца ў грунце (вядома каля 70 відаў, у т. л. сальвінія, эладэя, вадзяная салата, валіснерыя, крыптакарына і інш.). З мясцовай флоры Беларусі могуць быць выкарыстаны харавыя водарасці, раскі, рагаліснік, стрэлкаліст, балотнікі, палушнік азёрны, рычыя плаваючая і інш. водныя расліны.

2) Спец. навук. ўстанова, якая вывучае і дэманструе прадстаўнікоў марской і прэснаводнай фауны і флоры. Існуюць у многіх краінах свету. Буйныя акварыумы ў заапарках Масквы, Таліна, Ташкента, Рыгі. Акварыумы для марскіх жывёл звычайна размяшчаюць на беразе мора (першыя створаны ў Севастопалі ў 1871, у Неапалі ў 1872), некаторыя з іх наз. акіянарыум.

Тыпы акварыумаў: 1 — трохвугольны; 2 — шарападобны; 3 — прамавугольны каркасны, 4 — цыліндрычны; 5 — убудаваны ў мэблю; 6 — насценны.

т. 1, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лад. articulo расчляняю),

1) у мовазнаўстве — работа органаў мовы (губ, языка, мяккага паднябення, галасавых звязак), з дапамогай якіх утвараюцца гукі мовы. Сукупнасць артыкуляцыі складае артыкуляцыйную базу мовы. Правільнае (без акцэнту) вымаўленне слоў чужой мовы патрабуе засваення яе артыкуляцыйнай базы. Паводле ступені выразнасці маўлення ацэньваюць якасць вымаўлення асобных людзей (пры адборы дыктараў, чытальнікаў, акцёраў і інш.) і каналаў сувязі.

У бел. артыкуляцыйнай базе пераважаюць артыкуляцыі з высокім становішчам языка, апусканнем да ніжніх зубоў кончыка языка пры вымаўленні мяккіх зычных «дз’», «ц’» (дзеканне-цеканне), а таксама «з’», «с’», «н’», «л’», ад чаго яны робяцца мякчэйшыя за, напр., адпаведныя рус. гукі. Спецыфічна бел. асаблівасці: губна-губная артыкуляцыя пры вымаўленні «в» пасля галосных і перад «у», «о»; працяжнае вымаўленне «г»; наяўнасць значнай колькасці змычна-шчыліннай артыкуляцыі («дж», «дз», «ч», «ц», «ц’», «дз’»). Артыкуляцыя суседніх гукаў накладваюцца і прыстасоўваюцца адна да адной (акамадацыя).

2) У музыцы — спосаб выканання паслядоўнасці гукаў голасам або на муз. інструменце. Вызначаецца злітнасцю або расчлянёнасцю. Асн. віды артыкуляцыі — легата і стаката. Іх разнавіднасці адрозніваюцца ступенню выразнасці і характарам выканання. Існуюць блізкія паміж сабою партамента і глісанда (лёгкае слізганне ад аднаго гуку да другога) і інш. Тэхнічна артыкуляцыя звязана з рознымі прыёмамі руху рукі, націску пальцаў, вядзення смычка або плектра, у спевах — са спосабам карыстання галасавым апаратам.

А.​І.​Падлужны (мовазнаўства).

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПО́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у г. Асіповічы і Асіповіцкім раёне. Аб’ядноўвала 33 падп. групы, больш за 120 чал. У ліп.снеж. 1941 створаны групы на ст. Асіповічы і ў паравозным дэпо (кіраўнікі М.​С.​Шведаў, В.​П.​Сянюк, У.​М.​Бандарэнка, А.​А.​Пазняк), з рамонтнікаў паравознага дэпо (А.​Ф.​Чайкоўскі), у «Заготзбожжы» і прадуктовым складзе (М.​Ф.​Лемеш, В.​К.​Малевіч, Ф.​У.​Верхаводка), на радыёвузле (Ф.​А.​Крыловіч, Г.​Б.​Сакалоўскі), у чыг. і гар. бальніцах (П.​С.​Казак, Е.​П.​Шамко, В.​А.​Працко), у в. Брыцалавічы, Ліпень, пас. Градзянка, 2 групы ў горадзе. У Крас.жн. 1943 у Асіповічах створана яшчэ 20 падп. маладзёжных груп. Патрыёты распаўсюджвалі лістоўкі, вялі разведку, здабывалі зброю і боепрыпасы, медыкаменты, рабілі дыверсіі на чыгунцы, вывезлі з друкарні шрыфт, паперу, фарбу. У ноч на 30.7.1943 здзейснілі адну з буйнейшых дыверсій Вял. Айч. вайны: падпольшчык Крыловіч дзвюма магнітнымі мінамі замініраваў эшалон з палівам; ад іх выбуху пачаўся пажар, ад якога на працягу 10 гадзін згарэлі 3 эшалоны з авіябомбамі і снарадамі, 1 эшалон з новымі танкамі «Тыгр», які накіроўваўся ў раён Курскай бітвы. Усяго падпольшчыкі на чыг. ст. Асіповічы ўзарвалі 30 воінскіх эшалонаў, вывелі са строю больш за 70 паравозаў.

т. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРЫБУ́ЦЫЯ,

1) устанаўленне аўтарства непадпісанага або псеўданімнага літ., навук., маст. твора, вызначэнне яго прыналежнасці да пэўнага гіст. часу, нац. школы; адна з важных праблем тэксталогіі і мастацтвазнаўства. У літаратуразнаўстве вял. роля адводзіцца атрыбуцыі помнікаў стараж. пісьменства, якія распаўсюджваліся пераважна ананімна, і атрыбуцыі твораў бесцэнзурнай л-ры. Для бел. літ.-знаўства атрыбуцыя мае асаблівае значэнне ў сувязі са спецыфічнымі ўмовамі развіцця л-ры ў дасав. перыяд (афіцыйная забарона друкавання кніг на бел. мове, малалікасць нац. перыёдыкі, рукапіснае і вуснае бытаванне многіх твораў ці ананімнасць выданняў). Асн. кірункі навук. атрыбуцыі: аналіз дакумент. матэрыялаў (аўтографаў, перапіскі, дзённікаў, мемуараў аўтара і яго сучаснікаў); супастаўленне ідэйна-вобразнага зместу твора з ідэйнай пазіцыяй магчымага аўтара; аналіз мовы і стылю тэксту. Побач з тэрмінам «атрыбуцыя» ў навуцы карыстаюцца таксама тэрмінам эўрыстыка.

М.​І.​Мушынскі.

2) У археалогіі атрыбуцыя — выяўленне асноўных, істотных, вызначальных уласцівасцяў, прыкмет аб’екта даследавання, без якіх ён траціць сэнсавую нагрузку. Пры археал. і гіст. даследаваннях атрыбуцыю праводзяць з дапамогай параўнальна-гістарычнага, параўнальна-тыпалагічнага і інш. метадаў. Высвятленне атрыбутыўных рысаў патрабуе гіст. падыходу. У археалогіі выкарыстоўваецца атрыбуцыя стараж. рэчаў, археал. помнікаў, комплексаў, культур. Найвышэйшай ступені дасягае атрыбуцыя этнічнай прыналежнасці гіст. помнікаў, калі археал. крыніцы ператвараюцца ў гіст. факты і з’яўляецца магчымасць вывучаць гісторыю пэўнага этнасу (племянной групы, народнасці, нацыі).

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕШАНКО́ВІЧЫ,

гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., прыстань на Зах. Дзвіне. За 51 км ад Віцебска, 38 км ад чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. Вузел аўтадарог на Віцебск, Шуміліна, Улу, Лепель, Чашнікі, Сянно. 9,1 тыс. ж. (1995).

У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1447 (паводле А.​П.​Сапунова) або 1460 (паводле В.​В.​Турчыновіча). З пач. 16 ст. вёска Бешанковічы ўваходзіла ў Полацкае ваяв. З пач. 17 ст. мястэчка, з 1634 мелі магдэбургскае права. Са стараж. часоў вядома бешанковіцкая кераміка. З сярэдзіны 18 ст. Бешанковічы — горад, 5—6 тыс. ж. У канцы 18 ст. мястэчка ў Лепельскім пав. Паводле перапісу 1897 у Бешанковічах 4423 ж. У пач. 20 ст. цэнтр воласці. З крас. да вер. 1918 цэнтр Бешанковіцкага пав. З 1924 цэнтр раёна у Віцебскай акр. (да 1930), з 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл. 4,3 тыс. ж. (1939). З 6.7.1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бешанковічах і раёне 10 276 чал. У 1969 — 4,7 тыс. ж.

Прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль, Бешанковіцкая Ільінская царква. Курган Славы на ўшанаванне памяці сав. воінаў, партызанаў і землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў, магілы ахвяраў фашызму.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІРАВА́ННЕ (ад ням. gravieren франц. graver выразаць на чым-небудзь),

выразанне арнаменту, выявы, надпісу і інш. на паверхні цвёрдых матэрыялаў (метал, косць, камень, дрэва, шкло і інш.) разцамі ці інш. спец. інструментамі. Вядома са стараж. часоў у многіх народаў: гравіраванне на метале кубачынскіх майстроў (Дагестан), чукоцкае гравіраванне па косці і інш. Пры гравіраванні на метале і шкле ўжываецца траўленне кіслотамі. Гравіраваны малюнак бывае пукаты або заглыблены. Гравіраванне выкарыстоўваюць у вытворчасці друкарскіх формаў у гравюры, ювелірным мастацтве, аздабленні шклянога і хрусталёвага посуду, зброі. Можа спалучацца з чаканкай, ліццём, залачэннем, чарненнем, эмалямі.

На Беларусі вядома з каменнага веку (ювелірныя вырабы з геам. гравіраваным арнаментам). У 11—13 ст. пашырана гравіраванне геам. і сюжэтнага характару па метале, косці, дрэве, камені. У 15—18 ст. гравіраванне арнаментальнага і сюжэтнага характару аздаблялі царк. начынне, кніжныя абклады і інш. У 17—18 ст. гравіраванымі гербамі, партрэтамі, пейзажамі, надпісамі ўпрыгожвалі ўзоры ўрэцка-налібоцкага шкла. Металічныя вырабы 19 ст. вызначаюцца чаргаваннем дробнаўзорыстага гравіраванага дэкору з вял. ўчасткамі чыстай паверхні. У наш час у тэхніцы гравіравання працуюць некаторыя майстры-ювеліры.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Гравіраванне. Фрагмент алтарнага крыжа. Канец 16 — пач. 17 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Якуцкае гравіраванне па косці. Е.​Янку. Хітры крумкач. 1969. Фрагмент.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)