ДРАНЕ́НКА (Мікалай Аляксеевіч) (н. 3.8.1946, в. Маргойцы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1969). У 1979—82 гал. мастак Віцебскіх маст.-вытв. майстэрняў. Працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі, алейнага жывапісу. Пранікнёна перадае прыгажосць роднага краю ў карцінах «Над Дзвіной» (1980), «Касцёл у Камаях» (1981), «Адвечнае» (1986), «Камянецкі пейзаж» (1990), «Назіральная вежа» (1991), «Буслы» (1996). Сярод твораў: нацюрморты «Бярозавы сок» (1979), «Жоўтыя кветкі» (1984), «Вяргіні» (1986), тэматычная кампазіцыя «Брат вярнуўся» (1984), партрэты хірурга-траўматолага Ліцкалава (1978), Ф.Малахава (1981), механізатара М.Парэпкі (1981) і інш. Аўтар маст. вырашэння больш як 30 каталогаў, буклетаў пра віцебскіх мастакоў, серыі экслібрысаў. Маст. мова адметная лёгкімі лінейнымі рытмамі, дынамічнай пластыкай і экспрэсіяй колеру.
Літ.:
Цыбульскі М. Свавольны дух акварэлі // Беларусь. 1996. № 9;
Мікалай Драненка: Кат. / Скл. М.Цыбульскі. Віцебск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІЯ БАІ́ 1943,
баі партызан па разгроме буйнога ням.-фаш. гарнізона ў Давыд-Гарадку Столінскага р-на Брэсцкай вобл. ў ліп. і кастр. 1943 у Вял.Айч. вайну. У першым баі ўдзельнічалі 5 груп (400 чал.) з партызан атрада «Савецкая Беларусь» (камандзір П.П.Тамілаў) Пінскай і злучэння А.М.Сабурава Жытомірскай абл. Дзве групы блакіравалі шляхі падыходу падмацаванняў праціўніка да горада, 3 групы ў ноч на 25 ліп. ўварваліся ў Давыд-Гарадок і поўнасцю авалодалі ім, знішчылі будынкі з установамі і прадпрыемствамі акупантаў, склады, спалілі мост цераз р. Гарынь, ням. маёнтак, умацаванні, захапілі зброю, свойскую жывёлу, што была ў маёнтку, і пакінулі горад. Пры 2-м налёце партызан у ноч на 14 кастр. праціўнік без бою пакінуў умацаваныя пазіцыі. Партызаны знішчылі ўсе будынкі і прадпрыемствы акупантаў, узарвалі масты цераз р. Гарынь, катэр, захапілі склады з харчаваннем і амуніцыяй і без страт адышлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́НАВІЧЫ,
вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Мазыр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 31 км на Пн ад Калінкавіч, 151 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Халоднікі. 808 ж., 301 двор (1997).
Узнікла не пазней пач. 16 ст. У інвентары Мазырскага замка 1552 упамінаецца як сяло, цэнтр «нядзелі» (адм.-тэр. адзінкі ў складзе воласці), 35 двароў. З 1565 у Мазырскім павеце, дзярж. ўласнасць. У 17—18 ст. цэнтр староства. З 1793 у Рас. імперыі, у Рэчыцкім пав. Да 1861 ва ўладанні памешчыка Міхайлава і яго нашчадкаў. Мелася праваслаўная царква. З 1861 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1924—35 і з 1960 у Калінкавіцкім р-не, у 1935—60 у Даманавіцкім раёне. У 1971 — 779 жыхароў.
Агароднінасушыльны з-д. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ХІН (Уладзімір Васілевіч) (н. 1.1.1948, г. Слонім Гродзенскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1973). З 1978 адказны сакратар, з 1986 нам. старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі.
З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1991 дацэнт). Найб. значныя дасягненні Д. ў галіне сімф. музыкі. З пач. 1980-х г. творчасць набыла неарамант. кірунак. Сярод твораў: араторыя «Зямля Беларусі» на вершы П.Броўкі (1981), кантата «Арабскія прытчы» на вершы Абу Нуваса (1996); сімфоніі (1976, 1979; «Францыск Скарына: жыццё і бессмяротнасць», 1990), канцэрт для фп. з аркестрам (1983), сюіта «Мемарыял» для камернага арк. (1984), сімф. паэмы, у т. л. «Уяўленне і плач аб пакінутай вёсцы» (1992), «Пастараль» для габоя і камернага арк. (1988), «Музыка» для флейты і камернага ансамбля (1994); камерна-інстр. творы, вак. цыклы на вершы А.Блока і І.Буніна; музыка да драм. спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТА́НКА (Анатоль Паўлавіч) (н. 2.7.1937, в. Обчын Любанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне мікраэлектронікі. Акад.Нац.АН Беларусі (1991; чл.-кар. 1986), д-ртэхн.н. (1979), праф. (1979). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1982), засл. вынаходнік СССР (1987). Скончыў Таганрогскі радыётэхн. ін-т (1962). З 1970 у Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (у 1985—93 прарэктар). З 1993 старшыня Вышэйшага атэстацыйнага к-та Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па фундаментальных праблемах матэрыялазнаўства, цвердацелай мікраэлектроніцы, тэхналогіі радыёэлектронных сістэм, тэхн. дыягностыцы. Распрацаваў комплекс тэхнал. працэсаў і абсталявання для вытв-сці вырабаў мікраэлектронікі. Дзярж. прэміі Беларусі 1982, 1996.
Тв.:
Технология и автоматизация производства радиоэлектронной аппаратуры. М., 1989 (у сааўт.);
Пленочные токопроводящие системы СБИС. Мн., 1989 (разам з В.У.Баранавым, В.В.Шаталавым);
Технология производства ЭВМ. Мн., 1994 (разам з М.І.Пікулем, А.А.Хмылем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДКО́Ў (Фёдар Васілевіч) (21.6.1883, в. Чарнаўка Пензенскай вобл., Расія — 20.12.1958),
рускі пісьменнік. Друкавацца пачаў у 1900. За ўдзел у рэв. руху ў 1907 — 10 быў у ссылцы. Аўтар аповесцей «Удар» (1909), «Ізгоі» («У выгнанні», 1909, апубл. 1922), «Новая зямля» (1930); раманаў «Цэмент» (1925, новая рэд. 1930, перапр. 1944) — пра аднаўленне прамысловасці пасля грамадз. вайны, «Энергія» (1932—38, новая рэд. 1947) — пра буд-ва Днепрагэса, цыкла аўтабіягр. твораў: «Аповесць пра дзяцінства» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Вольніца» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Ліхалецце» (1954), «Мяцежнае юнацтва» (1956, не скончаны). Творы Гладкова на бел. мову перакладалі М.Зарэцкі, Я.Скрыган, А.Гурло, А.Дудар, Я.Шарахоўскі. У бел. перакладах выйшлі яго кнігі «Галаваногі чалавек», «Цэмент» (абедзве 1930), «Новая зямля» (1932), «Энергія» (1935), «Аповесць пра дзяцінства» (1952).
Тв.:
Собр. Соч.Т. 1—5. М., 1983—85.
Літ.:
Пухов Ю.С. Федор Гладков: Очерк творчества. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НКА (Фёдар Мікалаевіч) (19.6.1786, маёнтак Сутокі, цяпер у Смаленскай вобл., Расія — 23.2.1880),
рускі пісьменнік, дзекабрыст. Брат С.М.Глінкі. Удзельнік вайны 1812, якую паказаў у «Пісьмах рускага афіцэра» (ч. 1—8, 1815—16). Чл. тайных дзекабрысцкіх т-ваў «Саюз выратавання» (з 1818) і «Саюз працвітання» (1818—21, адзін з кіраўнікоў). У 1819—25 старшыня Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці. Пасля паражэння паўстання дзекабрыстаў звольнены са службы (1826) і сасланы ў Петразаводск (да 1830). Аўтар празаічных твораў: «Пісьмы да сябра» (1816—17) і «Нарысы Барадзінскай бітвы» (1839). У яго творчасці ёсць матывы біблейскія (паліт. элегія «Плач палонных іудзеяў», 1823; «Спробы свяшчэннай паэзіі», 1826; «Духоўныя вершы», 1839); фалькл. (паэмы «Дзева карэльскіх лясоў» і «Карэлія», 1828—30), рэлігійныя, містычныя паэмы «Іоў», 1859; «Таямнічая кропля», разам з жонкай А.П.Глінкай, 1861). Вершы «Тройка», «Вязень», «Масква» сталі папулярнымі песнямі.
Тв.:
Соч.М., 1986.
Літ.:
Карпец В.И. Федор Глинка: Ист.-лит. очерк. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ША,
рабочы пасёлак у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл. На аўтадарозе Бабруйск—Слуцк за 26 км ад Бабруйска. 1,7 тыс.ж. (1997).
Паселішча ўзнікла ў сувязі з буд-вам шклозавода (засн. ў 1869) і развіццём дрэваапр. промыслаў. У пач. 20 ст. тут пражывала 240 чал., працавалі Глушская лесапільная фабрыка (з 1908), Глушскі шклозавод, смалярны з-д, млын, карчма. У 1917 — 581 ж., 96 двароў. З 1924 у складзе 1-га Бабруйскага, з 1927 Бабруйскага р-наў. У 1931—60 цэнтр Рымавецкага с/с. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1941—44 акупіравана ням.-фаш. войскамі, у 1942—43 дзейнічала падп. група (больш за 40 чал.). У 1970 у Глушы 1943 жыхароў.
Шклозавод, прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. У Глушы пахаваны бел. пісьменнік А.Адамовіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ВАР-БАНДАРЭ́НКА (Уладзімір Міхайлавіч) (21.6.1914, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 31.8.1988),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працаваў у Бел. т-ры юнага гледача БССР (1937—41), Мінскім гар. т-ры (1942—44), абл.драм. т-рах Гродзенскім (1944—46) і Брэсцкім (1946—49), Бел.рэсп. т-ры юнага гледача (1955—78). Створаныя ім вобразы вызначаліся псіхал. дакладнасцю. Сярод роляў: Янук, Язэп Шыдлоўскі («Папараць-кветка», «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела), Максім Кутас («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Гусляр («За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля), пан Бараноўскі, Канцлер («Несцерка», «Цудоўная дудка» В.Вольскага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Алег Баян («Клоп» У.Маякоўскага), Мантанелі («Авадзень» паводле Э.Л.Войніч), тата Карла («Прыгоды Бураціна» паводле А.Талстога), Тарталья («Зялёная птушка» К.Гоцы).