ПА́НКРАЦ Юрый Генрыхавіч (н. 31.5.1949, Масква),

бел. мовазнавец. Сын Г.Я.Панкраца. Д-р філал. н. (1993), праф. (1993). Скончыў Мінскі ін-т замежных моў (1972). У 1974—78, 1983—85 у Мінскім пед. ін-це. З 1986 у Мінскім лінгвістычным ун-це. З 2000 жыве ў Канадзе. Даследуе марфалогію, словаўтварэнне, семантыку англ. мовы, распрацоўвае праблемы агульнага мовазнаўства, кагнітыўнай лінгвістыкі, методыкі выкладання моў.

Тв.:

Морфонология в описании языков. М., 1983 (разам з А.​С.​Кубраковай);

Пропозициональные структуры и их роль в формировании языковых единии разных уровней. Мн.;

М., 1992;

Краткий словарь терминов когнитивной лингвистики. М., 1996 (у сааўт.).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕ́Й,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі герой, сын Зеўса і Данаі. Паводле міфа, дзед П. цар Аргаса (на п-ве Пелапанес) Акрысій, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука, загадаў зачыніць яго разам з маткай у скрыні і кінуць у мора. Выратаваныя рыбакамі, яны жылі на в-ве Серыфас, адкуль мясц. цар Палідэкт паслаў П. ў паход па галаву гаргоны Медузы. Здабыўшы яе пасля шматлікіх прыгод, П. на зваротным шляху выратаваў ад марской пачвары Андрамеду, якая стала яго жонкай. Паводле позніх міфаў, П. і Андрамеда былі ўзнесены на неба і ператварыліся ў сузор’і. П. прыпісвалі заснаванне г. Мікены.

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́НІЙ Малодшы,

Гай Пліній Цэцылій Секунд (Gaius Plinius Caecilius Secundus; 61 ці 62, г. Кома, Італія — каля 114), старажытнарымскі пісьменнік і дзярж. дзеяч. Пляменнік і прыёмны сын Плінія Старэйшага. Консул (100), імператарскі легат у прав. Віфінія і Понт (111—113). З твораў П. захаваліся 10 кн. пісьмаў і пахвальная прамова ў гонар Траяна («Панегірык»). У лістах П. вял. гіст. матэрыял, які характарызуе эканам. і паліт. жыццё ў Рым. імперыі 1—2 ст., яе культуру і побыт.

Тв.:

Рус. пер. — Письма Плиния Младшего. 2 изд. М., 1984.

Літ.:

Соколов В.С. Плиний Младший. М., 1956.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДКЕ́ВІЧ Усевалад Анатолевіч (6.6.1926, г. Віцебск — 5.8.1999),

бел. вучоны ў галіне энтамалогіі і экалогіі. Сын Радкевіча А.І. Д-р біял. н. (1971), праф. (1976). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1954) і працаваў у ім (у 1962—68 дэкан, у 1970—74 прарэктар, у 1973—86 заг. кафедры і праблемнай н.-д. лабараторыі). Навук. працы па энтамалогіі, ахове раслін ад шкоднікаў, агульнай экалогіі, ахове прыроды, акліматызацыі і селекцыі дубовага шаўкапрада ў Беларусі, методыцы выкладання біялогіі.

Тв.:

Кольчатый шелкопряд. Мн., 1970 (разам з Т.​М.​Раменка);

Экология листогрызущих насекомых. Мн., 1980;

Экология. 3 изд. Мн. 1997.

т. 13, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЦІСЛА́Ў (? — пасля 1232),

пінскі князь. Магчыма, сын тураўскага кн. Святаполка Юр’евіча або пінскага кн. Уладзіміра. Верагодна, у 1207 удзельнічаў у паходзе на Кіеў чарнігаўскага кн. Усевалада Святаславіча. Дапамог Яраславу Інгваравічу захапіць Луцк, за што каля 1227 атрымаў г. Чартарыйск на Валыні. У 1228 галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч захапіў Чартарыйск і паланіў дзяцей Р., які ў адказ стаў ініцыятарам стварэння варожай Данілу кааліцыі. Разам з кіеўскім кн. Уладзімірам Рурыкавічам, чарнігаўскім кн. Міхаілам Усеваладавічам, тураўцамі і інш. ўдзельнічаў у паходзе на Данілу, які быў абложаны ў Камянцы. Верагодна, сынамі Р. былі пінскія князі Уладзімір і Міхаіл.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́МНІЕЦЭ (Rūmniece) Берта Фрыцаўна (21.10.1865, г. Айзкраўкле, Латвія — 8.3.1953),

латышская актрыса; адна з заснавальнікаў нац. сцэнічнага мастацтва. Нар. арт. Латвіі (1945). З 1883 выступала ў Рыжскім лат. т-ры, з 1919 у Латв. т-ры драмы. Выконвала пераважна ролі простых жанчын. Яе майстэрства вылучалася прастатой, праўдзівасцю, шчырасцю. Сярод роляў: Ажа, Індраніха, маці Яна («Блудны сын», «Індраны», «Злы дух» Р.​Блаўмана), Ведзьма, Тушэ («Агонь і ноч», «Ветрык, вей!» Я.​Райніса), маці Крусы («Гліна і фарфор» А.​Грыгуліса), Глумава («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Матрона («Улада цемры» Л.​Талстога) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1948.

т. 13, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ННІКАЎ Алег Канстанцінавіч (14.9.1928, г. Гомель — 27.8.1983),

бел. літаратуразнавец і тэатразнавец. Сын К.​М.​Саннікава. Канд. філал. н. (1961). Скончыў БДУ (1952). З 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1971 гал. рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі, з 1975 заг. кафедры тэорыі і гісторыі культуры Мінскага ін-та культуры. Даследчык бел. драматургіі і тэатра.

Тв.:

Сатырычныя характары беларускіх камедый. Мн., 1961;

Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962 (разам з Г.​І.​Барышавым);

Беларускі народны тэатр «батлейка» і яго ўзаемасувязі з рускім «вяртэпам» і польскай «шопкай». Мн., 1963 (з ім жа).

т. 14, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРВЭ́ (Servais) Адрыен Франсуа (6.6.1807, каля г. Брусель — 26.11.1866),

бельгійскі віяланчэліст. кампазітар, педагог. Вучыўся ў Брусельскай каралеўскай кансерваторыі (1831—34), з 1848 праф. у ёй. Іграў у арк. «Тэатр дэ ла Манэ». Канцэртную дзейнасць пачаў у 1834 у Парыжы. З 1836 гастраліраваў у краінах Еўропы, неаднаразова ў Расіі (з 1839). Выступаў таксама ў ансамблі з А.​В’ётанам і Ю.​Леанарам, сумесна з якімі напісаў шэраг інстр. ансамбляў. Аўтар 2 канцэртаў, 16 фантазій для віяланчэлі. Яго мастацтва вызначалася віртуознасцю выканання, тэмпераментам. Сярод вучняў: яго сын Жазеф С., А.​Германоўскі, Я.​Карловіч і інш.

т. 14, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЗІ́Ф, Сісіф,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын Эола — родапачынальніка племя эалійцаў, будаўнік і цар стараж. Карынфа. Праславіўся сваёй хітрасцю. С. падмануў нават багіню смерці Танатас і закаваў яе ў кайданы (вызвалена Арэсам праз некалькі гадоў, на працягу якіх людзі не паміралі), потым быў адзіным з памерлых, каму ўдалося ўцячы з царства мёртвых — аіда. Калі С. зноў, ужо назаўсёды, трапіў у аід, то быў жорстка пакараны багамі за свае хітрыкі і злачынствы: яго прымусілі бясконца каціць на высокую гару вялізны камень, які, дасягнуўшы вяршыні, кожны раз скочваўся ўніз. Адсюль выразы «сізіфава праца», «сізіфаў камень» — цяжкая, марная, бясконцая праца.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РСКІ Дзмітрый Алегавіч (н. 8.10.1959, Мінск),

бел. дызайнер, мастак. Сын А.А.Сурскага. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). З 1982 мастак-канструктар Усесаюзнага НДІ тэхн. эстэтыкі, у 1988—89 заг. сектара ін-та «Белбыттэхпраект». Сярод асн. работ: праекты і мадэлі-ўзоры «Гарадскі аўтамабіль» (1982) і «Санітарна-гігіенічны комплекс» (1998), асартыменту нажніц (1986), фірменныя стылі спарт. цэнтра «Волат» (1990), Палаца Рэспублікі (1999), плакаты «Эканомія ў быце» (1985), «Хлеб усяму галава», «Кадры вырашаюць усё» (абодва 1989), рэкламныя плакаты. Аўтар-складальнік каталога «Знак: Лагатып» (2000), альманаха «PRO дизайн» (з 2001). З 1995 прэзідэнт Бел. саюза дызайнераў.

Дз.Сурскі. Санітарна-гігіенічны комплекс. 1998.

т. 15, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)