БЕРЛІ́НА,

пласкадоннае драўлянае грузавое судна з палубай, двухсхільным дахам і мачтай. Даўж. 21—45 м, шыр. 4—11 м, грузападымальнасць ад 50 да 600 т. На рэках Беларусі з’явілася ў 2-й чвэрці 19 ст., паступова выцесніла байдак і віціну. Бытавала да пач. 20 ст. Хадзіла ўверх і ўніз па цячэнні ракі з дапамогай вёслаў, бусакоў, ветразяў, а таксама буксірнага парахода. Падзяляліся на барачныя (руская берліна з закругленым носам, стромкай кармой і разгорнутымі бакамі) і лодачныя (заходняя, або нямецкая, з доўгім вострым носам і завостранай кармой). Рускія берліны хадзілі па Дняпры і Прыпяці, заходнія — па Нёмане, Прыпяці, а таксама ў Прусіі і Польшчы.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 3, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЛІНГ ((Berling) Зыгмунт) (27.6.1896, г. Ліманова Кракаўскага ваяв., Польшча — 11.7.1980),

польскі военачальнік, ген. броні Польшчы. Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (Масква, 1947). Да 1939 у Войску Польскім. 22.6.1941 першы падпісаў пісьмо 13 афіцэраў б. польск. арміі сав. ўраду з просьбай даць магчымасць змагацца за сваю радзіму супраць фаш. Германіі. Застаўся ў СССР пасля эвакуацыі сфарміраванай тут Польскай арміі (Андэрса). У 1943—44 камандзір сфарміраванай у СССР польск. дывізіі імя Т.​Касцюшкі, са жн. 1943 адначасова камандзір 1-га польск. корпуса, з сак. 1944 камандуючы польск. арміяй у СССР, з ліп. 1944 на камандных пасадах Войска Польскага. У 1948—53 нач. Акадэміі Генштаба Войска Польскага.

т. 3, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ (Канстанцін Канстанцінавіч) (13.6.1859, г. Ліда Гродзенскай вобл. — 31.5.1924),

скрыпач, кампазітар, педагог. Ігры на скрыпцы вучыўся ў А.​Концкага ў Варшаве. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1881, клас Л.Аўэра), па кампазіцыі займаўся ў М.Рымскага-Корсакава. Выкладаў у муз. вучылішчах Саратава, Харкава, Тбілісі і інш. Канцэртаваў (у 1893 выканаў у Харкаве канцэрт для скрыпкі з аркестрам П.​Чайкоўскага пад кіраўніцтвам аўтара). З 1919 у Польшчы, канцэртмайстар аркестра опернага т-ра ў Познані. Аўтар оперы «Маргер» (паводле У.​Сыракомлі, клавір выд. 1905, паст. 1927), сімф. паэмы, п’ес для скрыпкі і фп., арганнай фантазіі, песень, духоўнай музыкі і інш.

Літ.:

Wrocki E. Konstanty Gorski: Życie i działalność. 1859—1924. Warszawa, 1924.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́А (Гершан Майсеевіч) (парт. псеўд. Д.Боген; 5.5.1892, г. Седльцы, Польшча — 12.11.1948),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. За рэв. дзейнасць у 1916—18 зняволены герм. акупац. ўладамі ў канцлагер. З 1920 у Палесціне, адзін з заснавальнікаў і ген. сакратар ЦК Кампартыі Палесціны, высланы англ. каланіяльнымі ўладамі. У 1925—32 чл. ЦК КПЗБ, прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. Неаднаразова быў арыштаваны польск. ўладамі. У 1933—35 у апараце выканкома Камінтэрна. У 1937 у складзе паліт. кіраўніцтва інтэрнац. брыгад рэсп. Іспаніі. Пасля паражэння рэспублікі эмігрыраваў у Францыю, потым на Кубу, быў карэспандэнтам камуніст. друку ў ЗША. З 1947 у Польшчы.

т. 6, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЛУ́СКІ (Dłuski) Астап [сапр. Лангер

(Langer) Адольф; 31.10.1892, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 12.2.1964], польскі дзярж. і паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Венскі ун-т (1918). З 1911 чл. Польскай с.-д. партыі. Адзін з заснавальнікаў (1918) кампартыі Аўстрыі. З 1918 чл. кампартыі Польшчы і кампартыі Усх. Галіцыі (з 1923 кампартыі Зах. Украіны). Рэдагаваў парт. выданні. У 1929—33 у СССР, чл. ВКП(б). У 1936—45 у Францыі, у час 2-й сусв. вайны ўдзельнічаў у Руху Супраціўлення. Пасля вяртання ў Польшчу чл. ЦК Польскай рабочай партыі (з 1948 ПАРП),

дырэктар Польскага ін-та па міжнар. справах (з 1960).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (1853, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — ?),

удзельнік рэв. руху ў Расіі і Польшчы. У сярэдзіне 1870-х г. вучыўся ў Пецярб. медыка-хірург. акадэміі, уваходзіў у народніцкія гурткі. У 1878 перавёўся на мед. ф-т Варшаўскага ун-та. Уступіў у Варшаўскую сацыяльна-рэв. арг-цыю, вёў прапаганду сярод студэнтаў і рабочых. Падтрымліваў кантакты з рэвалюцыянерамі Віцебска, Вільні, Полацка, Пецярбурга. Перапісваўся з дзеячамі польскага сацыяліст. руху В.​Урублеўскім, В.​Свянціцкім, І.​Гласко. У 1878 арыштаваны, зняволены ў Варшаўскую цытадэль. У 1880 сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, пасля заканчэння тэрміну ссылкі застаўся ў Сібіры.

В.​М.​Чарапіца.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬМАН (Паліна Уладзіміраўна) (н. 24.10.1919, г. Бярдзічаў, Украіна),

Герой Сав. Саюза (1946). З 1920 жыла ў Гомелі. Скончыла 3 курсы Маскоўскага ун-та (1941), курсы штурманаў (1942), Ваен. ін-т замежных моў (1951). З кастр. 1941 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўд., Паўн.-Каўказскім (у Асобнай Прыморскай арміі), на 4-м Укр. і 2-м Бел. франтах: штурман, нач. сувязі эскадрыллі 46-га Таманскага жаночага авіяпалка начных бамбардзіроўшчыкаў. Удзельніца абароны Каўказа, вызвалення Кубані, Крыма, Беларусі, Польшчы, баёў у Германіі. Зрабіла 860 баявых вылетаў. Да 1957 у Сав. Арміі. У 1959—79 на выкладчыцкай рабоце.

П.У.Гельман.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НСЕЛЬ ((Hensel) Вітальд) (н. 29.3.1917, г. Познань, Польшча),

польскі гісторык-славіст і археолаг. Акад. Польскай АН (1973). Скончыў Пазнанскі ун-т (1934). З 1951 праф. Пазнанскага, з 1954 — Варшаўскага ун-таў. Сузаснавальнік і ў 1954—89 дырэктар Ін-та гісторыі матэрыяльнай культуры Польскай АН. Ініцыятар стварэння і першы старшыня (1965—67) Міжнар. саюза слав. археалогіі. Даследуе помнікі жал. веку і эпохі феадалізму на тэр. Польшчы і інш. краін, выкарыстоўвае бел. археал. і гіст. крыніцы.

Тв.:

Archeologia o początkach miast słowiańskich. Wrocław etc. 1963;

La naissance de la Pologne. Wrocław etc., 1966;

Archeologia i prahistoria: Studia i szkice. Wrocław etc., 1971;

Polska starożytna. 3 wyd. Wrocław etc., 1988.

т. 5, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДЗВІ́НСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА (лац. Ducatus Ultradunensis),

назва часткі Лівоніі ў 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. Занята войскамі Польшчы, ВКЛ у час Лівонскай вайны 1558—83. Уключала тэр. паўн. Латвіі (без Рыгі) і паўд. Эстоніі. У 1561—1629 у складзе ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай). Цэнтр г. Дынабург (цяпер г. Даўгаўпілс, Латвія). Падпарадкоўвалася польск. каралю, кіраваў прызначаны ім губернатар. У З.г. панавала ням. рыцарства, якое захавала за сабой б.ч. ўсіх зямель і суд.-паліцэйскую ўладу над сялянамі. У выніку працяглай польска-швед. вайны (з. 1600) З.г. паступова распалася, а яго тэр., акрамя Латгаліі, у 1629 адышла да Швецыі.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІЯ КАРПА́ТЫ,

найбольш высокая і шырокая ч. горнай сістэмы Карпат на тэр. Чэхіі, Славакіі, Польшчы і Венгрыі. Даўж. каля 400 км, шыр. больш за 200 км. Хрыбты і ізаляваныя масівы накіраваны з ПдЗ на ПнУ. На Пн вылучаюць сярэдневышынныя хр. Зах. Бяскідаў, у цэнтр. частцы — высока- і сярэднягорныя масівы Татры (найб. выш. 2655 м, г. Герлахоўскі-Шціт), Нізкія Татры, Вял. Фатра, на Пд — сярэдневышынныя масівы з плоскімі вяршынямі Славацкіх Рудных гор, Шцяўніцкіх гор, Бюк, Матра і інш. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў, на Пд таксама і вулканічных парод. Мяшаныя і хваёвыя лясы, горныя лугі. Татранскі нац. парк, запаведнікі, курорты, турызм, зімовыя віды спорту.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)