БУЙНІ́ЦКАЕ ПО́ЛЕ,

месца значных гіст. падзей каля в. Буйнічы Магілёўскага р-на. У час Налівайкі паўстання 1594—96 тут адбыўся бой паміж казацка-сял. атрадам С.​Налівайкі і войскам ВКЛ. У снеж. 1595 атрад Налівайкі ўзяў штурмам Магілёў. Супраць яго сабрана 18-тыс. войска, якое ўзначаліў рэчыцкі староста М.​Буйвід. Паўстанцы (больш за 2 тыс. чал.) на Буйніцкім полі абгарадзіліся радамі вазоў, утварыўшы т.зв. табар, і прынялі бой, цэлы дзень адбівалі атакі войска, нанеслі яму значныя страты. Вечарам з-за недахопу сіл паўстанцы адышлі на Быхаў.

У Вял. Айч. вайну Буйніцкае поле — месца жорсткіх баёў у час Магілёва абароны 1941. Ням. камандаванне, плануючы прарвацца ў Магілёў з ПдЗ (з боку Бабруйска), сканцэнтравала на гэтым напрамку 3-ю танк. дывізію і пях. часці. Ім процістаяла 172-я стралк. дывізія (ген.-м. М.​Ц.​Раманаў) і апалчэнцы. На Буйніцкім полі трымалі абарону 388-ы стралк. полк (палк. С.​Ф.​Куцепаў), 340-ы лёгкі артыл. полк (палк. І.​С.​Мазалаў) і батальён нар. апалчэння (камісар П.​Е.​Цярэнцьеў). З 10 ліп. праціўнік вёў масіраваную бамбардзіроўку і артыл. абстрэл, 12 ліп. сав. артылерыя, апярэдзіўшы атаку праціўніка, агнём па скопішчы танкаў нанесла ворагу значныя страты. Праціўнік накіраваў на сав. пазіцыі праз Буйніцкае поле 170 танкаў. Бой працягваўся 14 гадзін, было знішчана 39 танкаў. Свае пазіцыі сав. войскі ўтрымлівалі да 22 ліпеня. На Буйніцкім полі 13—14 ліп. знаходзіўся карэспандэнт газ. «Известия» К.Сіманаў, які апісаў баі ў рамане «Жывыя і мёртвыя». Паводле завяшчання Сіманава яго прах развеяны над Буйніцкім полі. Тут пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка, мемарыяльны знак на ўшанаванне памяці Сіманава.

В.​С.​Паваліхіна.

т. 3, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАМА́ЕВА ПАБО́ІШЧА»,

«Сказанне пра Мамаева пабоішча», «Пра пабоішча Мамая...», помнік стараж.-рус. літаратуры 1-й чвэрці 15 ст., важнейшы твор Кулікоўскага цыкла, які змяшчае найбольш падрабязнае апісанне Кулікоўскай бітвы 1380.

Асн. ідэя — сцвярджэнне вядучай ролі вял. маскоўскага кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Русі ў аб’яднанні сіл усх.-слав. зямель, услаўленне гераічнага подзвігу рус. народа. Аўтар адзначае вял. ролю прадстаўнікоў ВКЛ у перамозе над войскамі Мамая, важнасць ваенна-паліт. саюза гэтага княства з Маск. дзяржавай. Гал. герой Дзмітрый Іванавіч Данскі апісаны як мужны і мудры палкаводзец. Аўтар выкарыстаў анахранізмы (напр., саюзнікам Мамая названы вял. кн. ВКЛ Альгерд, а не яго сын Ягайла, як было на самой справе), абстрактны псіхалагізм (Мамай і яго саюзнік Алег Разанскі паказаны рэзка адмоўнымі), маст. прыёмы і вобразы, уласцівыя фальклору. Апісанне рэальных падзей, заснаванае на дакумент. крыніцах і ўспамінах сучаснікаў, спалучаецца ў творы з вусна-паэт. паданнямі і маст. вымыслам. Вобраз Дзмітрыя Іванавіча Данскога пададзены месцамі ў агіяграфічна-рытарычным плане.

Захавалася 8 рэдакцый «М.п.», шмат варыянтаў і спісаў. Адна з рэдакцый, скарочаны пераклад на бел. мову «Пра пабоішча Мамая», створана ў 17 ст. Яна дапоўнена кароткай гіст. аповесцю пра татарскіх ханаў, тэкст аповесці падзелены на 12 частак (кожная мае сваю назву); вызначаецца сцісласцю апісання падзей, больш дынамічным выкладам сюжэту. Рукапіс бел. рэдакцыі зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Больш поўная рэдакцыя помніка захавалася ў бел.-ўкр. хранографе «Вялікая хроніка».

Публ.:

У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959. С. 125—143.

Літ.:

История русской литературы. Л., 1980. Т. 1. С. 175—179;

Сказания и повести о Куликовской битве. Л., 1982.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ЦАРКВА́ СВЯТО́ГА ДУ́ХА І БАЗЫЛЬЯ́НСКІЯ МАНАСТЫРЫ́,

помнік архітэктуры рэнесансу ў Мінску.

Засн. ў 1616 на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды). Комплекс уключаў будынак царквы, жылыя карпусы мужчынскага і жан. манастыроў, гасп. пабудовы, быў абнесены мураванай сцяной; выкарыстоўваўся таксама ў абарончых мэтах. Царква Святога Духа (закладзена пасля 1636) — 1-нефавы бязвежавы храм, накрыты высокім 2-схільным дахам (тарцы закрыты аднолькавымі па вышыні і канфігурацыі шчытамі) з 5-граннай алтарнай апсідай.

Гал. фасад падзелены 4 пілястрамі карынфскага ордэра на 3 часткі. У цэнтр. ч. знаходзіўся партал, над ім — паўцыркульнае акно з ляпнымі ліштвамі, абапал яго плоскія нішы аналагічнай формы. Інтэр’еры царквы ўпрыгожаны 5 драўлянымі і мураванымі разнымі алтарамі з жывапіснымі кампазіцыямі. На хорах быў арган (майстар Л.​Клімовіч, 1779). У 2-й пал. 18 ст. інтэр’еры рэканструяваны (майстры: муляр Р.​Сніджнецкі, мазаічнік Я.​Будрэвіч). З 1795 вядома як Петрапаўлаўскі сабор. Пасля пажару 1835 перабудавана ў псеўдарус. стылі (1846—50, арх. Г.​Валерт). Новы іканастас зроблены І.​Ягоравым, абразы — Ф.​Бруні і Г.​Зубковым. Рэканструяваны ў 1895—97 (арх. Я.​Марозаў, В.​Струеў). На ПдУ комплексу знаходзіўся Мінскі Святадухаўскі манастыр базыльянак, які злучаўся з царквой крытай галерэяй, у 1650 да паўн.-зах. фасады царквы прыбудавана капліца манастыра. З ПдУ да царквы прымыкаў 3-павярховы прамавугольны ў плане корпус мужчынскага манастыра. З 1795 у ім знаходзілася рэзідэнцыя правасл. архіепіскапа, у 1799 перабудаваны ў дваранскае вучылішча (арх. Ф.​Крамер; дабудаваны 3-павярховы флігель з 2-светлавой тэатр. залай, існавала ў 1799—1817), якое ў 1803 ператворана ў мужчынскую гімназію. У 1852 корпус перабудаваны і прыстасаваны пад адм. будынак. Царква ўзарвана ў 1936.

У.​М.​Дзянісаў, Л.​У.​Іванова, В.​Р.​Кукуня.

т. 10, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЛІШСКІ КАСЦЁЛ І КЛЕ́ШТАР АЎГУСЦІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Кляштар засн. ў 1622 рэферэндарыем ВКЛ Я.​Ц.​Бжастоўскім, які аддаў кляштару фальварак Рудашаны, а яго сын Цыпрыян Павел — Мілашуны і Буйвідзы. Быў філіялам Віленскага кляштара аўгусцінцаў. У 1839 кляштар закрыты. У 1653 (паводле інш. звестак у 1662) тут пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела (арх. К.​Пенс) — 2-вежавы 1-нефавы храм з 5-граннай апсідай і нізкімі бакавымі сакрысціямі, накрыты 2-схільным (над апсідай вальмавым) дахам. Нязначны перапад вышынь зальнай ч., апсіды і вежаў стварае ступеньчатую кампазіцыю сілуэта будынка. Гал. фасад завершаны чацверыковымі вежамі з шатровымі дахамі і шчытом з трохвугольным франтонам паміж імі, раскрапаваны нішамі. Вежы падзелены на 2 ярусы карнізам, які праходзіць па ўсім перыметры касцёла. Пры ўваходзе невысокі паўкруглы ў плане прытвор-барбакан. Бакавыя плоскасныя сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. У ніжніх ярусах вежаў — капліцы, паміж якімі на шырокай арцы галерэя хораў. Інтэр’ер дэкарыраваны 8 стукавымі рэльефнымі алтарамі і пано, 12 скульпт. выявамі апосталаў на кансолях, пуцці, маскаронамі, картушамі, лісцем аканта і інш. (выкананы ў канцы 17 ст. арцеллю італьян. і мясц. майстроў на чале з П.​Перці і М.​Жылевічам). Бакавыя алтары акаймаваны барэльефнай арнаментальнай вяззю з лісця аканта з укампанаванымі ў завіткі выявамі міфалагічных істот. Багатым дэкорам з пазалочанага разнога дрэва ўпрыгожаны амбон з балдахінам. У капліцах каваныя рашоткі 18—19 ст. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 касцёл пашкоджаны, у 1920-я г. адноўлены. Іл. гл. таксама да арт. Акант, Барока, Вязь.

А.​М.​Кулагін, Л.​Г.​Лапцэвіч, А.​Л.​Ярашэвіч.

Міхалішскі касцёл і кляштар аўгусцінцаў. Касцёл.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВЕ́НА (Ravenna),

горад на Пн Італіі. Адм. ц. правінцыі Равена. Каля 150 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Адрыятычным м. (звязаны з ім суднаходным каналам). Прам-сць: нафтаперапр. і хім., маш.-буд., харч., абутковая, цэм., керамічная. Вытв-сць муз. інструментаў. Музеі. Турызм.

Засн., верагодна, племем умбраў. З 2 ст. да н.э. пад уладай Рыма, важны порт Італіі. З 402 н.э. Р. — рэзідэнцыя імператараў Зах. Рым. імперыі. З 540 пад уладай Візантыі, у 565—751 сталіца Равенскага экзархата. У 751 заваявана лангабардамі, у 765 Піпін Кароткі перадаў горад папе рымскаму. У 12 ст. засн. ун-т. Міжусобная вайна арыстакратычных родаў скончылася ўстанаўленнем у Р. сіньёрыі роду Палентаў (да 1441). Абмяленне канала выклікала закрыццё порта і эканам. заняпад горада. У 1449—1509 падпарадкавана Венецыяй. У 1512 зруйнавана французамі. Пасля іх выгнання Свяшчэннай Лігай — у Папскай вобласці (за выключэннем 1797—1814). З 1860 у складзе аб’яднанай Італіі.

Горад багаты на помнікі раннехрысц. і візант. архітэктуры і манум. мастацтва: маўзалей Галы Плацыдыі (каля 440), баптыстэрыі правасл. (сярэдзіна 5 ст.) і арыян (канец 5 — пач. 6 ст.), базіліка Сант-Апалінарэ Нуова (пач. 6 ст., кампаніла 8—9 ст., порцік 16 ст.), 8-гранны храм Сан-Вітале (526—547). Усе збудаванні аздоблены мазаікамі 5—6 ст. Часткова захаваліся помнікі мастацтва остготаў — т.зв. палац (пач. 6 ст., паводле інш. крыніц, 8 ст.) і маўзалей (каля 520) Тэадорыха. Па-за гар. сценамі — базіліка Сант-Апалінарэ ін Класе (асвячона ў 549. мазаікі 6, 7 і 9 ст., кампаніла канца 10 ст.). У Р. знаходзіцца надмагілле Дантэ (1483, арх. і скульпт. П.​Ламбарда), над ім — класіцыстычны храмік (1780, арх. К.​Марыджа).

Равена. Базіліка Сант-Апалінарэ ін Класе з кампанілай канца 10 ст.

т. 13, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЦКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. каля в. Свіслач

(цяпер Асіповіцкі р-н Магілёўскай вобл.). Гарадзішча «Замак», звязанае з гісторыяй мяст. Свіслач і Свіслацкага княства (14 ст.),

размяшчалася на мысе правага берага р. Бярэзіна, у якую справа ўпадае р. Свіслач. У сярэдзіне 17 ст. замкавая пляцоўка мела форму прамавугольніка (72,8 × 63,5 м), была аддзелена ад астатняга плато шырокім (каля 15 м) дугападобным ровам і ўмацавана па краі земляным валам. Над узроўнем вады ў Свіслачы замчышча ўзвышалася на 12 м. У 1-й пал. 13 ст. замак быў спалены. Потым яго разам з горадам разбурылі ў 1506 крымскія татары і ў 1535 — рус. войскі. Ужо ў 1501 С.з. меў агнястрэльную зброю, у т. л. гарматы. Паводле плана С.з. (1647), зробленага ўладальнікам Свіслачы кн. Багуславам Радзівілам, у драўляным замку меліся 3 вежы, у т. л. ўязная брама, і 2 участкі сцен-гародняў даўж. 39 м і 35,8 м. На самым мысе С.з. размешчана пабудова ў форме прамавугольніка (верагодна, дом адміністратара). На 2-м плане Радзівіла акрамя замка пазначаны і ўчастак тэрыторыі паміж Бярэзінай і Свіслаччу. У месцы найб. блізкага працякання іх адна каля адной знаходзіліся земляны вал з брамай на ім і абарончы роў, які запаўняўся водамі рэк. Другая размяшчалася з боку моста цераз р. Свіслач. У час антыфеад. вайны 1648—51 паўстанцкі атрад палк. Г.​Бута колькасцю каля 1 тыс. чал. заняў у 1648 Свіслач. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 без вял. намаганняў «Иван Золоторенко город Свислочь взял... в сентябре 1654 г.». З таго часу ў дакументах звесткі пра С.з. больш не сустракаюцца.

М.​А.​Ткачоў.

Свіслацкі замак. Агульны выгляд у сярэдзіне 17 ст. Рэканструкцыя С.​А.​Сергачова.

т. 14, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫФМЕ́ТЫКА (ад грэчаскага arithmos лік),

навука, галоўны аб’ект якой цэлыя, рацыянальныя лікі і дзеянні над імі. Узнікла ў старажытныя часы з практычных патрэб чалавека лічыць і вымяраць. Для падліку вялікай колькасці аб’ектаў створаны сістэмы лічэння. Найбольш зручная дзесятковая сістэма лічэння; існуюць таксама сістэмы лічэння з асновамі 5, 12, 20, 40, 60 і нават 11 (Новая Зеландыя). З пашырэннем вылічальнай тэхнікі выкарыстоўваецца двайковая сістэма лічэння.

Да пачатку нашай эры былі атрыманы дастаткова глыбокія вынікі: даказана бесканечнасць мноства простых лікаў, несувымернасць стараны квадрата і яго дыяганалі (па сутнасці доказ ірацыянальнасці ліку √2), створаны алгарытм выяўлення агульнай меры двух адрэзкаў і найбольшага агульнага дзельніка, Піфагорам знойдзены агульны выгляд цэлалікавых катэтаў і гіпатэнузы прамавугольных трохвугольнікаў, значны ўплыў на развіццё арыфметыкі зрабіў Архімед. Фундаментальнае значэнне арыфметыкі як навукі стала зразумелым у канцы 17 стагоддзя ў сувязі з далучэннем да яе паняцця ірацыянальнага ліку. Развіццё апарату сувязяў паміж гэтымі лікамі і іх рацыянальнымі набліжэннямі (у прыватнасці, дзесятковымі), а таксама вынаходства і дастасаванне лагарыфмаў (шатландскі матэматык Дж.​Непер) значна пашырылі тэматыку даследаванняў. Шматлікія пытанні знайшлі вырашэнне ў лікаў тэорыі. Спроба Г.Грасмана аксіяматычнай пабудовы арыфметыкі (сярэдзіна 19 стагоддзя) завершана італьянскім матэматыкам Дж.​Пеана ў выглядзе 5 аксіём: 1) адзінка ёсць натуральны лік; 2) наступны за натуральным лікам ёсць таксама натуральны лік; 3) у адзінкі няма папярэдняга натуральнага ліку; 4) калі натуральны лік a стаіць за натуральным лікам b і за натуральным лікам c, то b і c тоесныя; 5) калі якое-небудзь сцвярджэнне даказана для адзінкі і калі з дапушчэння, што яно праўдзівае для натуральнага ліку n, вынікае, што яно выконваецца і для наступнага за n натуральнага ліку, то гэта сцвярджэнне справядліва для адвольнага натуральнага ліку (аксіёма поўнай матэматычнай індукцыі). Па-за прапанаванай сістэмай аксіём застаюцца многія пытанні, у якіх вывучаецца ўся бесканечная сукупнасць натуральных лікаў, што патрабуе даследавання несупярэчлівасці адпаведнай сістэмы аксіём і больш дэталёвага аналізу сэнсу сцвярджэнняў, якія вынікаюць з яе. Як навука арыфметыка часам атаясамліваецца з тэорыяй лікаў.

Літ.:

История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 1—3. М., 1970—72. Депман И.Я. История арифметики. 2 изд. М., 1965.

В.​І.​Бернік.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ РАЁН,

на ПнУ Мінскай вобласці Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 3 тыс. км². Нас. 50,1 тыс. чал. (1995). Сярэдняя шчыльн. 16,7 чал/км². Цэнтр — г. Барысаў, 305 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 22 сельсаветы: Аздзяціцкі, Бродаўскі, Весялоўскі, Вяляціцкі, Глівінскі, Забашавіцкі, Зачысценскі, Зембінскі, Іканскі, Карсакавіцкі, Кішчынаслабодскі, Лошніцкі, Майсееўшчынскі, Мётчанскі, Мсціжскі, Навасёлкаўскі, Неманіцкі, Перасадскі, Прыгарадны, Траянаўскі, Хаўхоліцкі, Чарневіцкі.

Тэр. раёна займае паўн. ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны, паўд. ч. Верхнебярэзінскай нізіны і ПнУ Мінскага ўзвышша. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, пераважаюць выш. 180—220 м, найвыш. пункт 260 м (каля в. Дзядзілавічы). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі, легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 647 мм за год. Вегетацыйны перыяд 187 дзён. Гал. рака — Бярэзіна з прытокамі Гайна, Бродня, Пліса, Рова (справа), Сха, Мужанка, Бобр (злева). На Пн воз. Палік. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 54% тэрыторыі; вял. масівы на Пн і З; пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Агульная пл. балотаў 12 тыс. га, балотныя масівы — Цна, Карма, Лісінскае і інш. У межах раёна — паўд. ч. Бярэзінскага біясфернага запаведніка і біял. заказнік Чэрнеўскі.

Пад с.-г. ўгоддзямі 102,7 тыс. га, з іх асушаных 23,5 тыс. га. На 1.1.1995 у раёне 21 калгас і 8 саўгасаў. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля і льнаводства, пашыраны пасевы збожжавых, кармавых культур, бульбы і гародніны. Птушкагадоўля. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), металаапр. і харч. (крухмал, кансервы) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Мінск—Орша і аўтамагістраль Брэст—Масква, аўтадарогі на Плешчаніцы, Беразіно, Бягомль. Суднаходства па Бярэзіне. У раёне 27 сярэдніх, 8 базавых, 10 пачатковых і 1 спарт. школы, 37 дашкольных устаноў, 52 бібліятэкі, 43 клубныя ўстановы, 2 паліклінікі, 4 амбулаторыі, раённая і 9 сельскіх участковых бальніц. Помнікі прыроды: геал. разрэз Мурава, Барысаўскае лесанасаджэнне. Помнікі архітэктуры: цэрквы 2-й пал. 19 ст. ў вёсках Бытча і Зембін, касцёл пач. 19 ст. ў в. Зембін, царква 19 — пач. 20 ст. ў в. Зорычы. Мемар. комплекс у гонар перамогі рус. войскаў над Напалеонам пры пераправе цераз р. Бярэзіна ў 1812 (каля в. Брылі). Выдаецца газ. «Адзінства».

С.​І.​Сідор.

т. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫДНЯСТРО́ЎСКІ КАНФЛІ́КТ 1992,

міжнацыянальны ўзбр. канфлікт на тэр. Рэспублікі Малдова, які набыў форму ваен. дзеянняў (сак.—жн. 1992) паміж афіц. ўладамі Малдовы і кіраўніцтвам самаабвешчанай (1990) на левым беразе р. Днестр т.зв. Прыднястроўскай Малд. Рэспублікі (ПМР; цэнтр — г. Ціраспаль, 39% нас. малдаване, 26% — украінцы, 24% — рускія, 11% — інш.; 550 тыс. жыхароў у 2000). Улады Малдовы імкнуліся аднавіць фактычна страчаны суверэнітэт над усх. раёнамі краіны. Канфлікту папярэднічала абвастрэнне адносін паміж уладамі Малдовы і кіраўніцтвам ПМР у канцы 1991 — пач. 1992. Ваен. дзеянні пачаліся з інцыдэнту ў г. Дубэсар на левым беразе Днястра, дзе 2.3.1992 гвардзейцы ПМР захапілі падначалены МУС Малдовы раённы аддзел паліцыі. Нягледзячы на шматлікія міратворчыя намаганні (дзейнасць пагаджальнай камісіі бакоў, пасяджэнні ў Кішынёве міністраў замежных спраў Малдовы, Расіі, Украіны і Румыніі, па выніках якіх у крас. двойчы абвяшчалася спыненне агню, і інш.), маштабы канфлікту нарасталі. Арэнай узбр. супрацьстаяння стала ўся даліна р. Днестр, па якой пралягла мяжа непрызнанай ПМР. З боку Рэспублікі Малдова ў канфлікце ўдзельнічалі яе рэгулярныя войскі, падраздзяленні МУС і валанцёры, з боку ПМР — яе рэсп. гвардыя, апалчэнне, унутр. войскі, тэр.-выратавальныя атрады, фарміраванні казакоў-добраахвотнікаў з Расіі і інш. рэспублік б. СССР. У баях ужываліся артылерыя, танкі, авіяцыя. У канфлікт была ўцягнута 14-я рас. армія (штаб у г. Ціраспаль), якая абараняла свае аб’екты ад нападзенняў войск Малдовы. Да пач. ліп., калі ў асн. завяршылася актыўная стадыя канфлікту, у зоне баявых дзеянняў загінула 650 чал., 4 тыс. паранена (пераважна мірныя жыхары). Значна пацярпела эканоміка краю, асабліва прадпрыемствы гарадоў Бендэр і Дубэсар. Баявыя дзеянні паступова спыніліся без значных тэр. вынікаў для абодвух бакоў у пач. жн. 1992 пасля падпісання ў Маскве 21.7.1992 прэзідэнтамі Малдовы (М.​Снегур) і Расіі (Б.​Ельцын) Пагаднення аб прынцыпах мірнага ўрэгулявання ў Прыднястроўі. Прадугледжвалася захаванне тэр. цэласнасці Малдовы, наданне асаблівага статуса левабярэжжу Днястра, у т. л. права яго насельніцтва вырашаць свой лёс у выпадку далучэння Малдовы да Румыніі. Нягледзячы на наступныя шматлікія намаганні ўрадаў Малдовы, Расіі, Украіны і міжнар. арг-цый, паліт. праблемы, якія выклікалі ў 1992 П.к., да гэтага часу не вырашаны, бо Малдова настойвае на захаванні сваёй тэр. цэласнасці, а кіраўніцтва ПМР — на прызнанні яе незалежнай дзяржавай. Гл. таксама раздз. Гісторыя ў арт. Малдова.

М.​Г.​Нікіцін, У.​І.​Грынюк.

т. 13, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 28/29.5.1565),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын кашталяна трокскага Я.​М.​Радзівіла. З 1544 маршалак земскі (вялікі), узначальваў Раду ВКЛ і сеймы. У 1547 атрымаў тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі на Алыцы і Нясвіжы». У 1550-я г. заняў дадаткова пасады канцлера ВКЛ (1550) і ваяводы віленскага (1551). Дамогся заключэння ў 1553 саюза Польшчы і ВКЛ з імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Узначальваў дзярж. камісію па правядзенні агр. рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках, якая падрыхтавала «Уставу на валокі» 1557. Падтрымліваў паліт. саюз з Польшчай, аднак быў рашучым праціўнікам федэрацыі з ёю і адстойваў суверэнітэт ВКЛ. Дзякуючы яго ініцыятыве на сейме 1554—55 была забяспечана дапамога польскага войска ў выпадку нападу Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. У вер. 1557 па ініцыятыве Р. падпісаны. дагавор з магістрам Лівонскага ордэна В.​Фюрстэнбергам аб узаемнай абароне. У пачатку Лівонскай вайны 1558—83 Р. выступіў супраць прапановы Івана IV заключыць саюз супраць Крымскага ханства, бо бачыў, што цар хоча адцягнуць увагу ВКЛ ад Інфлянтаў, каб заваяваць іх. 31.8.1559 заключаны Віленскі дагавор аб пратэктараце вял. князя Жыгімонта Аўгуста над Лівонскім ордэнам. Паўд.-ўсх. частка Інфлянтаў (Латгалія) была занята войскам ВКЛ. Пад старшынствам Р. 28.11.1561 у Вільні падпісаны акт аб падпарадкаванні Інфлянтаў сумесна ВКЛ і Польшчы, і ВКЛ уступіла ў вайну з Расіяй за Інфлянты. Р. быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў. У 1561 Р. абвешчаны намеснікам вял. князя ВКЛ. Ён пагадзіўся з Жыгімонтам Аўгустам пра неабходнасць судова-адм. рэформы, і Бельскім прывілеем 1.7.1564 абвешчана ўтварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Потым праведзена павятовая рэформа і створаны органы мясц. шляхецкага самакіравання — сеймікі. Рэформы спрыялі кансалідацыі феад. саслоўя, дапамагалі дзяржаве выстаяць у цяжкія гады вайны. Р. узначальваў рэфармацыйны рух у ВКЛ. На пач. 1550-х г. ён далучыўся да лютэранскай царквы, а праз 2 гады перайшоў у больш радыкальную плынь пратэстанцтва — у кальвінізм. Пры ім Брэст і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва ў Беларусі і Літве, адкрыты Брэсцкія друкарні і Нясвіжская друкарня. Пры садзейнічанні Р. надрукавана славутая Брэсцкая біблія.

Літ.:

Jasnowski J. Mikołaj Czamy Radziwił) (1515—1565): Kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939.

А.​П.​Грыцкевіч.

М.Радзівіл Чорны. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)