НГУЕ́Н ВАН ТХІЕ́Ў (Nguyễn Vãn Thieû; н. 5.4.1923, г. Фанранг, В’етнам),

ваенны і дзярж. дзеяч Паўд. В’етнама. Ген.лейтэнант. Скончыў Нац. ваен. акадэмію (1949). У 1945—46 чл. В’етміня (выйшаў з яго з-за нязгоды з палітыкай камуністаў). Пасля абвяшчэння на Пд В’етнама Рэспублікі В’етнам (РВ) на розных кіруючых пасадах у яе ўзбр. сілах: камандзір дыв., корпуса, нач., Ген. штаба, міністр абароны. З чэрв. 1965 кіраўнік дзяржавы. У 1967 выбраны прэзідэнтам РВ. 13.4.1975 у выніку наступлення войск Дэмакр. Рэспублікі В’етнам і атрадаў Нацыянальнага фронту вызвалення Паўднёвага В’етнама падаў у адстаўку і пакінуў краіну. Жыве ў Вялікабрытаніі.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О’КО́НЕЛ ((O’Connell) Даніэл) (6.8.1775, каля Карсівіна, Ірландыя — 15.5.1847),

дзеяч ірл. нац.-вызв. руху. Адвакат. У 1823 заснаваў ірл. «Каталіцкую асацыяцыю», якая дамаглася прыняцця брыт. парламентам (1829) біля аб «эмансіпацыі католікаў» (наданне ірл. католікам паліт. правоў, у т. л. пасіўнага выбарчага права). З 1828 дэп. палаты абшчын брыт. парламента, дзе ўзначальваў «ірл. брыгаду» (фракцыю дэпутатаў-ірландцаў). З 1832 выступаў за «рыпіл» (разрыў) англа-ірландскай уніі 1801, для прапаганды чаго заснаваў Асацыяцыю рыпілераў (1840). З 1842 лорд-мэр Дубліна. У 1844 асуджаны брыт. ўладамі на 6 месяцаў турмы за ўдзел у змове «супраць англ. каралевы» і «за заклік да мяцяжу».

т. 11, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬСКІ (Ян Калікставіч) (сапр. Кулікоўскі; 1898, маёнтак Бутрымавічы Трокскага пав. Віленскай губ., цяпер Літва —27.11.1937),

савецкі дзярж. дзеяч. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе. У 1917—18 на парт. і сав. рабоце ў Вільні. З 1919 у органах дзяржбяспекі: у 1921—22 старшыня ЧК, у 1922—23 — ДПУ БССР. У 1923—31 гал. інспектар Гал. інспекцыі войск АДПУ, нам. нач. асобага аддзела, пам. нач., потым нач. контрразведкі АДПУ, нач. асобага аддзела АДПУ пры СНК СССР. З 1931 на гасп. рабоце. 30.5.1937 арыштаваны «як удзельнік шпіёнскай і тэрарыстычнай польскай арганізацыі» і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1955.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГА́ЙНЫ (Міхаіл Васілевіч) (н. 5.1.1954, в. Ізбішча Пухавіцкага р-на Мінскай вобл),

бел. дзярж. дзеяч. Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1975), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1991). З 1975 працаваў інжынерам-тэхнолагам Мінскага вытв. аб’яднання вылічальнай тэхнікі. У 1977—91 на камсамольскай і парт. рабоце. З 1991 нам. міністра культуры Рэспублікі Беларусь, з 1992 старшыня К-та па справах моладзі пры СМ Рэспублікі Беларусь, з 1995 дырэктар гуманітарных праграм Бел. цэнтра інфармацыі ЮНЕСКА, з 1996 начальнік гал. ўпраўлення грамадска-паліт. інфармацыі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З 1997 старшыня Дзярж. к-та Рэспублікі Беларусь па друку.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМПЕ́Й (Секст) (Sextus Pompeius; каля 75—35 да н.э.),

рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Сын Гнея Пампея. Пасля гібелі бацькі ваяваў супраць Цэзара ў Афрыцы (48—46 да н.э.) і Іспаніі (46—44 да н.э.). Пасля смерці Цэзара (44 да н.э.) паводле прапановы Марка Антонія атрымаў ад сената камандаванне флотам. Захапіў Сіцылію і інш. астравы, прымаў збеглых рабоў і выгнаннікаў, блакіраваў з мора Італію. У 43 да н.э. аб’яўлены па-за законам 2-м трыумвіратам. У 36 да н.э. разбіты каля Мілаў і Наўлохі палкаводцам Агрыпай. Уцёк у М. Азію, забіты прыхільнікамі Марка Антонія.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАБО́ (Mirabeau) Анарэ Габрыэль дзю Рыкеці

(du Riqueti; 9.3.1749, Біньён-Мірабо, Францыя — 2.4.1791),

палітычны дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99. Граф. У 1786 накіраваны з сакрэтнай місіяй у Прусію. У 1789 выбраны ў Генеральныя штаты ад трэцяга саслоўя гарадоў Марсель і Экс. Стаў вядомы дзякуючы выкрывальным прамовам супраць абсалютысцкага ладу. Паступова перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі, стаў лідэрам буйной буржуазіі, прыхільнікам парламенцкай манархіі. У 1790 заключыў тайнае пагадненне з каралеўскім дваром, за абавязацельствы пагасіць вял. даўгі М. стаў яго сакрэтным агентам. Раптоўна памёр. Пахаваны ў Пантэоне, пасля адкрыцця здрады перапахаваны на могілках для злачынцаў.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯН ЦІЧА́О (23.2.1873, прав. Гуандун, Кітай — 19.1.1929),

кітайскі паліт. дзеяч, гісторык. Выступаў за спалучэнне канфуцыянскіх традыцый з еўрап. новаўвядзеннямі. У час. «Сто дзён рэформ» (1898) дарадца імператара Гуансюя. Пасля паражэння рэфарматараў эмігрыраваў у Японію, сумесна з Кан Ювэем стварыў канстытуцыйна-манарх. Саюз абароны імператара. Вярнуўся ў Кітай у 1912 у час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13. Стварыў Прагрэсіўную партыю. Падтрымаў прэзідэнта Юань Шыкая супраць Сунь Ятсена, але асудзіў спробу першага абвясціць сябе імператарам. З 1923 узначальваў кіт. секцыю ПЭН-клуба, выкладаў у Пекінскім ун-це. Аўтар філас. і гіст. прац, п’ес, вершаў і інш.

т. 9, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУБА́РАК (Мухамед Хосні) (н. 4.5.1928, в. Кафр-эль-Мусейліха, Егіпет),

ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч Егіпта. Скончыў авіяц вучылішчы ў Егіпце і СССР, Ваен. акадэмію імя Фрунзе ў Маскве (1957). У 1967—69 нач. Ваенна-паветр. акадэміі Егіпта. У 1969—72 нач. штаба, у 1972—75 камандуючы егіп. ВПС, нам. ваен. міністра. У 1976—81 нам. старшыні Нац.-дэмакр. партыі, са студз. 1982 яе ген. сакратар. У 1975—81 віцэ-прэзідэнт, з кастр. 1981 прэзідэнт Егіпта. Праводзіць прагматычны курс на эканам. развіццё Егіпта і на супрацоўніцтва як з індустрыяльнымі дзяржавамі, так і з краінамі, якія развіваюцца.

т. 10, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́ЙДЖАР ((Major) Джон) (н. 29.3.1943, г. Мертан, Вялікабрытанія),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Ін-т банкіраў. У 1965—79 банкаўскі служачы. З 1979 дэп. палаты абшчын парламента ад Кансерватыўнай партыі. З 1986 дзярж. міністр сац. забеспячэння. з 1987 ген. сакратар мін-ва фінансаў, з ліп. 1989 міністр замежных спраў, з кастр. 1989 міністр фінансаў. У 1990—97 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі і лідэр Кансерватыўнай партыі. Працягваў у асноўным паліт. курс М.Тэтчэр, але з іншым вырашэннем сац.-эканам. пытанняў (прыватызацыя дзярж. прадпрыемстваў, павышэнне падаткаў і інш.). Дамогся ратыфікацыі ў Вялікабрытаніі Маастрыхцкага дагавора 1992.

Дж.Мэйджар.

т. 11, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭЙ ЛАНЬФА́Н (23.10.1894, Пекін — 8.8.1961),

кітайскі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Вучыўся ў тэатр. вучылішчы ў Пекіне. Вывучаў і выкарыстоўваў прыёмы т-ра кунцюй, танц. мастацтва Танскай эпохі. З 1909 у трупе «Фулянь» пры тэатр. вучылішчы, з 1949 у Т-ры пекінскай муз. драмы. З 1951 дырэктар Акадэміі т-ра традыц. муз. драмы. Майстар пераўвасаблення. Выконваў жаночыя ролі, у якіх дакладна перадаваў псіхалогію, паводзіны, знешняе аблічча сцэнічных гераінь. У 1910-я г. стварыў новыя віды «спектакля ў сучасных касцюмах» і спектакля ў стараж. касцюмах на класічныя сюжэты.

Тв.:

Рус. пер. — Сорок лет на сцене. М., 1963.

т. 11, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)