перакідны́, ‑ая, ‑ое.

1. Перакінуты цераз што‑н., над чым‑н. Мы ішлі ўжо з ім у густой засені дрэў, перайшлі перакідны масток над глыбозным ровам і, зайшоўшы ў самае бязлюднае месца, паселі на лавачку. Сабаленка.

2. Спец. Навесны. Перакідны агонь.

3. Які перакідваецца з аднаго боку на другі. Перакідны блакнот. □ Кладу кнігу на стол, і тады маю ўвагу прыцягвае перакідны каляндар. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што, аб кім-чым і з дадан. cказам.

Трымаць у памяці, не забываць. — У жыцці чалавека бывае адзін такі выпадак, адно здарэнне, якое, магчыма, цягнецца ўсяго некалькі хвілін, але помніш аб ім усё жыццё. Шамякін.

•••

Не помніць сябе — будучы ўсхваляваным, не разумець сутнасці сваіх учынкаў.

Помніць да новых венікаў — доўга помніць.

Помніць сябе — усведамляць сваё існаванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прага́ліна, ‑ы, ж.

1. Незарослае дрэвамі месца ў лесе; палянка. На палянках, на прагалінах.. гэтага лесу мы пасвілі кароў або коней. Ермаловіч. // Голае, пазбаўленае покрыву месца на якой‑н. паверхні. Ад белай выкашанай прагаліны аж сюды на ржышча цягнуліся крывыя свежыя зялёныя пракосы. Пташнікаў.

2. Вольнае месца паміж чым‑н. Туман растаў, угары завіднелася шэрае, з сінімі прагалінамі, неба. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадмо́ва, ‑ы, ж.

1. Уступ з папярэднімі заўвагамі аўтара (рэдактара, выдавецтва) да твора, кнігі. У якасці прадмовы да кнігі «На этапах» быў змешчан усхваляваны артыкул Р. Р. Шырмы «Матывы творчасці Максіма Танка». Бугаёў. Моцна запала ў душу прадмова да зборніка [Ф. Багушэвіча] «Дудка беларуская». Мядзёлка.

2. Папярэднія выказванні, уступ перад чым‑н. больш важным. Усё тое, што я расказаў, гэта нібы прадмова да адказу. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́разь, ‑і, ж.

1. Скразная, звычайна вузкая адтуліна, прарэзаная ў чым‑н. Саўка зазірнуў у проразь дупла: там бялелі рэшткі воску і дзе-нідзе блішчаў мёд. Сачанка. І тут заўважыў Міколка, як праз проразь паліто відаць жандарскія сінія штаны. Лынькоў. // Разм. Від мастацкай скразной разьбы. // Спец. Выраз, жалабок у прыцэльным прыстасаванні агнястрэльнай зброі.

2. Спецыяльная лодка для перавозкі жывой рыбы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыляпі́ць, ‑ляплю, ‑лепіш, ‑лепіць; зак., што.

Прымацаваць да чаго‑н. што‑н. ліпкае або чым‑н. ліпкім; прыклеіць. Прыляпіць аб’яву да сцяны. □ Янка прыляпіў свечку воддаль ад бочак і ўзяўся за работу. Ваданосаў. // перан. Разм. Даць каму‑н. (прозвішча, мянушку). [Доктарку] Рыгор добра ведаў. Яшчэ пазалетась на практыцы пазнаёміўся і мянушку ёй прыляпіў: «Сучок». Б. Стральцоў. // Разм. Прырабіць, прымацаваць да чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымані́ць, ‑маню, ‑маніш, ‑маніць; зак., што і без дап.

Апавядаючы аб чым‑н., дадаць што‑н. ад сябе, прыдумаць або сказіць у некаторай ступені сэнс. Юозас любіў расказваць аб сваіх паходах у Літоўскай дывізіі і часамі нават крыху прыманіць. Броўка. А Венік ужо ўвайшоў у натхненне, непераймальна, да колікаў смешна суправаджаючы расказ мімікай і жэстамі. Не важна, што і прыманіць. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыто́к, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыцякаць — прыцячы; наступленне каго‑, чаго‑н. куды‑н.; папаўненне чым‑н. Прыток свежага паветра. Прыток пажыўных рэчываў да плода. Прыток крыві.

2. ‑а. Рака, якая ўладае ў большую раку. Прытокі Дняпра. □ Звілістай стужкай прабіраецца.. [Нарачанка] сярод топкага балота, якое зарасло хмызняком і чаротам, у раку Вілію, прыток Нёмана. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пы́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Абдаваць гарачынёй; быць вельмі гарачым. Румяная скарынка на іх так зіхацела, нібы пыхала жарам печы, дзе пякліся гэтыя буханкі. Лынькоў. Зыркім, агністым полымем пыхала на .. лісцінах вечаровае сонца. Савіцкі.

2. перан.; чым. Выяўляць якое‑н. моцнае пачуццё, які‑н. стан. Пругкае цела з тонкай эластычнай скурай так і пыхала здароўем. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пярэ́чанне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пярэчыць; заява аб нязгодзе з чым‑н. Ідэя стварэння адзінага аператыўнага кіраўніцтва атрадамі таксама не сустрэла пярэчанняў. Казлоў. [Варончык] першым выйшаў, падкрэсліўшы гэтым, што размова закончана і пярэчанняў быць не можа. Кавалёў.

2. Доказ таго, хто пярэчыць. Ён хоць і заходзіў сюды разам з Гаем, але не вельмі соваўся са сваімі пярэчаннямі і ініцыятывай. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)