Тромб ‘згустак крыві ў крывяносных сасудах’ (ТСБМ). Запазычана праз рускую мову, у якой з заходнееўрапейскіх моў. Узыходзіць да ст.-грэч. θρόμβος ‘ком, згустак (пра сселае малако, загуслую кроў, асфальт)’ (Чарных, 2, 264; Арол, 4, 106).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

засяро́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад засяродзіць.

2. у знач. прым. Накіраваны, звернуты поўнасцю на што‑н. адно. Засяроджаныя думкі. Засяроджаны погляд. // Які займае, захапляе чалавека цалкам (пра пачуцці, настрой і пад.).

3. у знач. прым. Цалкам паглыблены ў свае думкі, справу (пра чалавека). Сама Аксана была ўжо не тая — вясёлая, гуллівая, а задумлівая, засяроджаная. Сачанка. Міхась быў засяроджаны і пануры: у лесе ён пасварыўся з аб’ездчыкам. Савіцкі. // Які выражае паглыбленасць у свае думкі, справу. Засяроджаны выгляд. □ Бялявы твар .. [дзяўчыны] засяроджаны, яна слухае сяброўку. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.

1. Замацавацца, сцягнуцца вузлом, бантам і пад. Гальштук добра завязаўся. // Абгарнуцца, накрыцца чым‑н., завязаўшы канцы вузлом. Марыя Кудзіна завязалася хусткай па самыя вочы. Васілевіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Устанавіцца, распачацца (пра якія‑н. узаемаадносіны, узаемныя дзеянні). Завязалася гутарка. Завязалася сяброўства.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утварыцца, узнікнуць (звычайна пра плод). Пры клопатах такіх расліна забуяла між другіх, На ёй агурок цудоўны завязаўся. Корбан. На яблынях пышных у маі Завязаліся з кветак плады. Прыходзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заглу́хнуць, ‑не; пр. заглух, ‑ла; зак.

1. Стаць нячутным, заціхнуць. Нейкі камяк зацяў горла, і крык заглух. Хадкевіч. Заглухла цяжкіх бомб выццё. Прануза. // Перастаць працаваць, дзейнічаць (пра матор, рухавік, кулямёт і пад.). Калі матор чмыхнуў і заглух, Каліта высунуўся з люка. Паслядовіч.

2. Стаць занядбаным, закінутым. Сад заглух. Сядзіба заглухла. // перан. Спыніць развіццё, зачахнуць. — Заглухнеш ты тут, звянеш без часу. Хадкевіч.

3. перан. Загаснуць, прытупіцца, забыцца (пра пачуцці, думкі і пад.). А памяць аб Раманчыку так і заглухла, і толькі я цяпер успамінаю яго. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ге́ній, ‑я. м.

1. Самая высокая ступень творчай адаронасці, таленавітасці чалавека ў якой‑н. сферы дзейнасці. Смеласць і мужнасць рускіх войск і партызанаў, геній палкаводца Кутузава выратавалі Расію. «Беларусь».

2. Чалавек, надзелены такой адаронасцю. Ленін — геній рэвалюцыі.

3. У старажытнарымскай міфалогіі — дух-заступнік, які кіруе дзеяннямі і думкамі чалавека на працягу ўсяго яго жыцця.

•••

Добры геній чыйпра чалавека, які аказвае на каго‑н. дабратворны ўплыў, прыносіць каму‑н. карысць.

Злы геній чыйпра чалавека, які аказвае на каго‑н. дрэнны ўплыў, прыносіць каму‑н. шкоду, зло.

[Лац. genius.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блішча́ць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; ‑шчым, ‑шчыце; незак.

1. Свяціцца роўным слабым святлом. Воўчым вокам акно ў цемры ночы блішчыць. Колас. // Адсвечваць роўным, слабым светам (пра гладкую, роўную або нацёртую, начышчаную паверхню). Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч. Блішчаць на сонцы наваксаваныя боты. Колас.

2. Свяціцца, часта ад якога‑н. пачуцця (пра вочы). Па-асабліваму.. блішчаць яго [хворага] вочы. Бядуля. Чорныя вочы Цыганка шчасліва блішчалі, смуглявы твар яго ўвесь свяціўся радасцю. Шчарбатаў.

•••

Блішчаць вачамі — маўкліва прасіць, выказваць просьбу, жаданне позіркам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адле́гчы, ‑ляжа; ‑лягуць; пр. адлёг, ‑легла і ‑лягла, ‑лягло; зак.

1. (звычайна са словамі «сэрца», «ад сэрца», «на сэрцы»). Пераехаць адчувацца, знікнуць, супакоіцца; паслабіцца (пра трывогу, хваляванне, боль і пад.). І трывога ад сэрцаў Тады адлягла, Як з ракі па канаве Вада загула. Куляшоў. Сэрца не камень, адляжа. Прыказка. // безас. Адчуць палёгку, супакой. Ларыса супакоілася, на сэрцы ў яе адлягло. Кулакоўскі.

2. Спасці, паменшаць (пра мароз, холад). Мароз адлёг, і нават зрэдку пакапвала са стрэх. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Пад раніцу як быццам адлягло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ду́жы, ‑ая, ‑ае; дуж, дужа.

1. Значнай фізічнай сілы; здаровы, вынослівы. Першы сусед, які прыйшоў пабачыцца з .. [Антосем], быў Яўхім Мядзведзь, дужы, здаравенны мужчына, заядлы паляўнічы. Чарнышэвіч. Спадабалася і сама гаспадыня, гэткая працавітая калгасніца, дзябёлая, дужая. Шамякін. Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж. Прыказка. / Пра часткі цела. Юркавы рукі былі нязвыкла дужыя і па-мужчынску ўпэўненыя. Карпаў.

2. Разм. Вялікі, значны па ступені праяўлення, велічыні. Дужы вецер. Дужы мароз. □ Хвалі дужыя падпёрлі Лёд цяжкі. На дне ракі Тлустыя самы замёрзлі, Спяць пра лета шчупакі... Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канцэ́рт, ‑а, М ‑рце, м.

1. Публічнае выкананне інструментальных, вакальных музычных твораў, а таксама харэаграфічных, дэкламацыйных і інш. нумароў па пэўнай праграме. Сімфанічны канцэрт. Канцэрт мастацкай самадзейнасці. Эстрадны канцэрт. □ Крысціна не магла не быць у трывозе за тое, што яе няма вось на гэтым канцэрце, што яна не слухае, як спявае яе малодшая сястра. Кавалёў.

2. Буйны музычны твор для аднаго інструмента ў суправаджэнні аркестра. Канцэрт для фартэп’яна з аркестрам. Скрыпічны канцэрт.

•••

Кашэчы канцэрт — а) пра завыванне катоў; б) пра бязладныя спевы, музыку і інш.

[Фр. concert.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лепята́ць, лепячу, ляпечаш, ляпеча; заг. лепячы; незак., што, аб чым і без дап.

1. Гаварыць невыразна, нязвязна (пра мову дзяцей). — Дзед ... бух-бух... ва-ва, — заклапочаны нечым, лепятаў малы і цягнуў маці ў зямлянку-шпіталь. Шамякін. // Гаварыць невыразна; мармытаць. Стась Вілюевіч дагнаў дзяўчыну пры ўваходзе і пачаў лепятаць аб каханні. Грамовіч. // Весці лёгкую несур’ёзную размову; балбатаць. Жэня лепятала з нейкім унутраным задавальненнем, быццам дзіця, якое расказвала маці пра свае прыгоды. Сіўцоў.

2. перан. Утвараць ціхі шум, шолах і пад. Асінавы кусток тросся і лепятаў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)