ПЕРАСЫХА́ННЕ РЭК,

спыненне сцёку ў рэчышчы ракі ў перыяды працяглай засухі ў выніку інтэнсіўнага расходавання вады на інфільтрацыю і выпарэнне. Можа наступаць таксама пры празмерным заборы вады на арашэнне. Больш буйныя рэкі ў перыяд перасыхання нярэдка разбіваюцца на адасобленыя плёсы. П.р. уласціва для арыдных абласцей.

т. 12, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТА́РДА (франц. pétard ад péter разрывацца з трэскам),

зарад спрасаванага дымнага пораху, змешчаны ў металічную ці кардонную абалонку. Выкарыстоўваецца ў капсульных утулках для перадачы агню ад капсуля-запальніка парахавому зараду, што знаходзіцца ў артыл. гільзе, а таксама для стварэння гукавых эфектаў пры феерверках і інш.

т. 12, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАЛЕ́ЙНЫ ЭФІ́Р,

сумесь лёгкіх насычаных аліфатычных вуглевадародаў (пераважна пентанаў і гексанаў ізабудовы). Бясколерная вадкасць, шчыльн. 650—695 кг/м\ выкіпае пры 30—80 °C. Атрымліваюць адгонам лёгкіх фракцый з бензінаў прамой перагонкі нафты ці з прадуктаў гідракрэкінгу. Выкарыстоўваюць пераважна як растваральнік смол, тлушчаў, эфірных алеяў.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРС (англ. piers, мн. лік ад pier слуп, прыстань, мол),

двухбаковае прычальнае збудаванне, якое размешчана ўнутры акваторыі порта перпендыкулярна ці пад вуглом да берага. П. размяшчаюць звычайна групамі, каб павялічыць прычальную лінію, што важна пры абмежаванасці берагавой лініі порта.

«Грэбень» пірсаў у порце г. Новарасійск.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЫ́ТНАЯ ПЛА́ЎКА,

перапрацоўка сумесі пірытных медных руд з кварцам і вапняком пры нязначным расходзе коксу (2—4%). Цеплата, неабходная для плаўлення, вылучаецца пераважна ў выніку акіслення сульфіду жалеза. Ажыццяўляюць у шахтавых печах у моцна акісляльнай атмасферы. Прадукты П.п. — медны штэйн, сярністы газ і шлак.

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛОСКАПАРАЛЕ́ЛЬНЫ РУХ цвёрдага цела,

механічны рух, пры якім усе пункты цела перамяшчаюцца паралельна некат. нерухомай плоскасці. Вывучэнне П.р. зводзіцца да разгляду руху нязменнай плоскай фігуры ў яе плоскасці, што адпавядае паступальнаму руху фігуры разам з выбраным полюсам і яе вярчальнаму руху вакол гэтага полюса.

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,

від ацяплення, пры якім асн. колькасць цяпла ў памяшканне перадаецца выпрамяненнем. Ацяпляльныя прылады размяшчаюць у сценах, пад столлю або ў перакрыццях. Цепланосьбітам служаць гарачая вада, радзей пара ці нагрэтае паветра. Выкарыстоўваюцца таксама інфрачырвоныя газавыя ці эл. выпрамяняльнікі. Часам да П.а. адносяць панэльнае ацяпленне.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДЫМНА́Е ЗЛУЧЭ́ННЕ,

спалучэнне дэталей ў вузлах механізмаў, машын, прылад, апаратаў, збудаванняў, што дапускае разборку і зборку вузлоў без разбурэння дэталей. Асн. віды Р.з.: вінтавыя, балтавыя, зубчастыя, шпоначныя, клемавыя. Да Р.з. таксама адносяць некат. прэсавыя і клеявыя злучэнні, якія дапускаюць разборку без дэталей, напр., пры нагрэве.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́ВІЧ (Ян) (Іван) Станіслававіч (парт. псеўд. Борскі, Сымон, Казік; 15.6.1902, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобласці — 8.1.1943),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1922—25). Чл. Кампартыі Чэхаславакіі з 1923, чл. КПЗБ з 1926. З 1926 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Кааптаваны ў ЦК КПЗБ, яго прадстаўнік пры ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады і палітрэдактар газет БСРГ «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа» і інш. Канд. у чл. ЦК Кампартыі Польшчы. 23.12.1928 арыштаваны, прыгавораны да 15 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1932 у СССР. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР. У 1933 беспадстаўна рэпрэсіраваны. Памёр у Северадзвінскім лагеры (Архангельская вобл.). Рэабілітаваны ў 1956.

У.​І.​Адамушка.

Я.С.Бабровіч.

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́МНЕЗ (ад грэч. anamnēsis успамін),

сукупнасць звестак аб жыцці хворага і развіцці хваробы, атрыманых апытаннем хворага або з іншых крыніц. Выкарыстоўваецца для ўстанаўлення дыягназу, прагнозу хваробы, выпрацоўкі аптымальных метадаў лячэння і прафілактыкі; адзін з асн. метадаў комплекснага абследавання, вывучэння хворага як асобы, індывідуальнасці; прасцейшы спосаб устанаўлення кантакту паміж хворым і ўрачом. Паводле анамнезу дыягназ хваробы ўстанаўліваецца больш як у 50% выпадкаў. Анамнез хваробы ўключае звесткі аб узнікненні хваробы і цячэнні яе да моманту даследавання, скаргі і адчуванні хворага. Анамнез жыцця ўключае агульныя біягр. звесткі па перыядах жыцця, перанесеныя хваробы, спадчыннасць, сямейнае жыццё, умовы працы і быту, шкодныя звычкі. Асобна вылучаюць фармакалагічны, алергалагічны, экспертна-працоўны анамнез. Пры неабходнасці збіраюць эпідэміялагічны анамнез. Паняцце анамнезу ўжываюць таксама ў ветэрынарыі пры дыягностыцы хвароб свойскіх жывёл.

М.​Ф.​Сарока.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)