1) даследаванне складаных фіз. працэсаў, з’яў, аб’ектаў шляхам пабудовы і вывучэння іх мадэлей. Грунтуецца на падобнасці тэорыі і размернасцей аналізе.
Мадэль аб’екта, геаметрычна падобная да арыгінала, мае паменшаны або павялічаны памер, а мадэль працэсу (з’явы) можа адрознівацца ад рэальнага працэсу колькаснымі фіз. характарыстыкамі (магутнасцю, энергіяй, ціскам, шчыльнасцю асяроддзя, амплітудай ваганняў, сілай узаемадзеяння, скорасцю і інш.). Падобнымі наз. з’явы, у якіх усе працэсы (поўная падобнасць) ці найб. важныя пры пэўным даследаванні (лакальная падобнасць) адрозніваюцца ад параметраў другой з’явы ў пэўную колькасць разоў. Найб. пашырана М. гідрааэрамех з’яў, мех. уласцівасцей канструкцый і збудаванняў, цеплавых і аэрадынамічных працэсаў, натурных умоў функцыянавання складаных тэхн.сістэм. М. шырока карыстаюцца ў буд. справе, гідраўліцы і гідратэхніцы, авіяцыі, ракетнай і касм. тэхніцы, у судна-, прылада- і машынабудаванні, нафта- і газаздабычы, цепла- і электратэхніцы (напр., М. электраэнергет. сістэм), навук. даследаваннях (фіз. эксперыментах) і інш. З паяўленнем ЭВМ пашырылася т.зв. аналагавае М. з выкарыстаннем спецыяльна сканструяваных для гэтага аналагавых вылічальных машын, якія мадэліруюць суадносіны паміж бесперапынна зменнымі велічынямі (машыннымі пераменнымі) — аналагамі адпаведных зыходных пераменных. Вядучае месца сярод інш. метадаў даследаванняў належыць матэматычнаму мадэліраванню з дапамогай лічбавых электронных вылічальных машын, пры якім даследаванне рэальных з’яў зводзіцца да рашэння адпаведных матэм. задач. Увядзенне ў практыку ЭВМ і машыннае, або кібернетычнае, М. (жывых сістэм, інж сетак, працэсаў распазнавання, сістэмы «чалавек—машына» і інш.) дазваляе вывучаць складаныя сістэмы і з’явы без пабудовы іх фіз. мадэлей.
2) Выраб мадэлей новых прамысл. вырабаў, якія плануецца выпускаць, для адпрацоўкі іх аптымальнай канструкцыі і формы; адзін з асн. метадаў мастацкага канструявання.
3) Выраб мадэлей самалётаў, суднаў і інш. у спартыўных (гл.Мадэлізм спартыўны), доследных і навуч. мэтах (дэманстрацыйнае М.).
Літ.:
Чавчанидзе В.В., Гельман О.Я. Моделирование в науке и технике. М., 1966;
Полисар Г.Л. Моделирование. М., 1963;
Новик И.Б. О моделировании сложных систем. М., 1965;
Седов Л.И. Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШ’ЯКУ́ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць мыш’як. Найб.шырока выкарыстоўваюць аксіды і халькагеніды мыш’яку, арсеніды і шматлікія мыш’якарганічныя злучэнні.
Мыш’яку аксіды — злучэнні мыш’яку з кіслародам. Сэсквіаксід (мыш’яковісты ангідрыд ці белы мыш’як) As2O3 — белае цвёрдае рэчыва. Пры растварэнні ў вадзе ўтварае не вылучаныя ў свабодным стане ортамыш’яковістую H3AsO3 і металамыш’яковістую HAsO2 к-ты; пры ўзаемадзеянні са шчолачамі ўтварае арсеніты. Тэхн. атрымліваюць акісляльным абпалам сульфідных мінералаў мыш’яку. Выкарыстоўваюць для атрымання мыш’яку і яго злучэнняў, кансервавання скуры і футра, у вытв-сці аптычнага шкла, як інсектыцыд і некратызавальны лек. сродак. Аксід мыш’яку(V), ці мыш’яковы ангідрыд As2O5 — бясколерныя крышталі. Пры награванні раскладаецца на As2O3 і кісларод. Добра раствараецца ў вадзе, утварае ортамыш’яковую к-ту H3AsO4, солі якой наз.арсенатамі. Выкарыстоўваюць як гербіцыд, антысептык для прамочвання драўніны. Мыш’яку гідрыд (арсін, мыш’яковісты вадарод) AsH3 — газ без колеру і паху (часам мае часночны пах, абумоўлены наяўнасцю прадуктаў частковага акіслення AsH3). Пры т-ры каля 500 °C раскладаецца. Выкарыстоўваюць для атрымання мыш’яку высокай чысціні, легіравання паўправадніковых матэрыялаў мыш’яком. Мыш’яку халькагеніды, злучэнні мыш’яку з серай — сульфіды As2S3 (у прыродзе — мінерал аўрыпігмент), As4S4 (мінерал рэальгар), As4S3 (мінерал дымарфіт) i As2S5, з селенам — селеніды As2Se3 і As4Se4, з тэлурам — тэлурыд As2Te3. Усе халькагеніды, акрамя As2S5 (аморфнае рэчыва аранжавага колеру, крышталізуецца пад высокім ціскам), крышт. рэчывы. Устойлівыя ў паветры, не раствараюцца ў вадзе, добра раствараюцца ў растворах шчолачаў. As2S3, As2Se3 i As2Te3 — паўправаднікі. Атрымліваюць сплаўленнем элементаў у вакууме ці інертным асяроддзі. Выкарыстоўваюць як кампаненты халькагеніднага шкла, для вырабу валаконных святлаводаў у інфрачырв. вобласці спектра і інш. Усе растваральныя ў вадзе і слабакіслым асяроддзі (напр., страўнікавы сок) М.з. надзвычай атрутныя; злучэнні As(III) больш атрутныя за злучэнні As(V), асабліва небяспечныя AsH3 і AS2O3. ГДК мыш’яку і М.з. у паветры (у пераліку на мыш’як) 0,5 мг/м³, для AsH3 — 0,1 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАТЭМА́ТЫКА (ад мета... + матэматыка),
раздзел матэматычнай логікі, у якім вывучаюцца асновы матэматыкі, структура і заканамернасці матэм. доказаў з дапамогай фармальных метадаў. Тэрмін «М.» ўвёў Д.Гільберт для абазначэння тэорыі, якая аналізуе структуру і ўласцівасці фармальных сістэм. У шырокім сэнсе — метатэорыя матэматыкі.
Паводле Гільберта, фармалізаваная сістэма, што атрымліваецца ў выніку фармалізацыінавук. тэорыі, даследуецца (на прадмет высвятлення яе несупярэчлівасці, паўнаты, вырашальнасці і ўзаемасувязі з інш. тэорыямі, незалежнасці яе аксіём і інш.) змястоўнымі метадамі, якія не апелююць да сэнсу яе аб’ектаў (формул). Гэта канцэпцыя (наз. фінітызм) прадугледжвае выкарыстанне канечных канструкцый («наглядных» матэм. прадметаў, эфектыўна здзяйсняльных працэсаў) і адмаўляе абстракцыю актуальнай бесканечнасці (гл.Абстракцыя). К.Гёдэль паказаў абмежаванасць фінітных (простых) метадаў для даследавання фармалізаваных тэорый; у 1931 ён даказаў тэарэму аб непаўнаце дастаткова багатых фармальных сістэм (у т. л. аксіяматычнай мностваў тэорыі і арыфметыкі натуральных лікаў) і аб немагчымасці доказу несупярэчлівасці сістэмы з дапамогай сродкаў, якія фармалізуюцца ў гэтай сістэме. Для доказу несупярэчлівасці фундаментальных матэм. тэорый сучасная М. выкарыстоўвае больш складаныя, нефінітныя метады.
Састаўная частка прадмета М. — даследаванне фармалізаваных матэм. тэорый, выкладзеных у выглядзе сімвалічных моў, і вывучэнне саміх гэтых моў. Мноства канечных паслядоўнасцей з аперацыямі над імі таксама могуць быць аб’ектамі матэм. даследавання. Гэта абумоўлівае выкарыстанне ў М. метадаў алгебры (гл.Булева алгебра), тэорыі мностваў і тапалогіі. Шырока выкарыстоўваецца ў М. гёдэлеўскі метад арыфметызацыі метатэорыі і тэорыя рэкурсіўных функцый. У больш вузкім сэнсе да М. (у адрозненне ад металогікі) адносяць пытанні сінтаксісу, прадметнай матэм. тэорыі (гл.Сінтаксіс у логіцы); семантыку вылучаюць у якасці самаст. галіны даследавання (гл.Семантыка лагічная).
Літ.:
Клини С.К. Введение в метаматематику: Пер. с англ.М., 1957;
Расёва Е., Сикорский Р. Математика метаматематики: Пер. с англ.М., 1972;
Гильберт Д., Бернайс П. Основания математики: Теория доказательств: Пер. с нем. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1939 — чэрв. 1941 і 1946—54 у г. Пінск Брэсцкай вобл. Створаны з пераведзенага ў Пінск Заслаўскага калгасна-саўгаснага т-ра. Маст. кіраўнік П.А.Данілаў. У 1946 створаны нанава з пераведзенага ў Пінск Палескага абласнога драматычнага тэатра. Гал. рэжысёр В.В.Пацехін. Творчую пазіцыю тэатра вызначаў асветніцкі, прапагандысцкі характар. У даваен. час у рэпертуар уваходзілі творы бел., рус., замежнай класічнай драматургіі: «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Памылка» Я.Маўра, «Канец маскараду» У.Стэльмаха і Ю.Рудзько, «Жыццё кліча» У.Біль-Белацаркоўскага, «Слава» В.Гусева, «Машачка» А.Афінагенава, «Сын народа» Ю.Германа, «Гонар» Г.Мдывані, «Без віны вінаватыя» і «На бойкім месцы» А.Астроўскага, «Хітрыкі Скапэна» Мальера і інш. Спектаклі ставілі рэжысёры і акцёры тэатра або запрошаныя з інш. тэатраў. У 1946—54 тэатр звяртаўся да героіка-патрыятычнай тэматыкі («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «З народам» К.Крапівы і інш.), тэмы стваральнай працы («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага і інш.). Адметнае месца ў тэатры займалі лепшыя ўзоры бел. драматургіі, пастаўленыя як муз.-драм. прадстаўленні: «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Несцерка» В.Вольскага. У спектаклях шырока выкарыстоўваліся нар. абрады, песні, танцы, акцёрамі створаны каларытныя нар. характары. Ставіліся таксама п’есы М.Горкага («Ягор Булычоў і іншыя», «Васа Жалязнова», «Апошнія»), Астроўскага («Свае людзі — паладзім», «Лес», «Беспасажніца»), М.Гогаля («Рэвізор»).
У трупе працавалі нар.арт. Беларусі С.Бульчык, засл. артысты Беларусі Ю.Гальперына, Л.Гамуліна, А.Даніловіч, В.Окалаў, Л.Цімафеева, М.Цурбакоў, С.Яворскі, А.Яфрэменка, акцёры Ф.Бутвілоўскі, Т.Вольская, П.Гвоздзеў, П.Дакука, А.Дашкоўскі, В.Дземянкова, А.Кашына, І.Кунцэвіч, У.Палцеўскі, А.Ротар, В.Сівіцкі, мастак, засл. дз. маст. Чувашыі Б.Архангельскі і інш. Рэарганізаваны ў Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
К.Б.Кузняцова.
Пінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Рэвізор».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІФАНІ́Я (ад полі... +грэч. phōnē гук),
1) від шматгалосся, заснаваны на сумесным гучанні кантрастных меладычна развітых галасоў. У шырокім сэнсе супадае з паняццем кантрапункта. У залежнасці ад мелодыка-інтанацыйных суадносін галасоў падзяляецца на 3 віды. Сутнасць імітацыйнай П. (гл.Імітацыя) у паслядоўным выкладанні адной і той жа мелодыі рознымі галасамі. Была пашырана ў еўрап.прафес. музыцы, спарадзіла шэраг поліфанічных форм, найвыш. з якіх — фуга. Падгалосачная П., у аснове якой ляжыць адначасовае спалучэнне варыянтаў адной і той жа мелодыі, уласціва нар.-песеннай культуры ўсх.-слав. народаў. На Беларусі мае спецыфічную форму спеваў з падводкай. Трэці від П. заснаваны на сумесным гучанні розных мелодый. Вядомы з сярэдніх вякоў (напр., у франц.матэце 12—14 ст. ў адным голасе гучаў царк. напеў, у той жа час у інш. — нар. песні). У музыцы 19—20 ст. сустракаецца эпізадычна пры сюжэтна ці сэнсава абумоўленым сумяшчэнні мелодый, якія раней выконваліся паасобку (лейтматываў у оперы, асн. тэм у кодзе сімф. твора і інш.). Побач з цалкам поліфанічнымі творамі (фуга, канон, інвенцыя, пасакалля, некат. нар. песні і інш.) ёсць і такія, дзе П. ўласціва асобнай частцы (напр., фінал 4-й сімфоніі І.Брамса і павольная ч. 8-й сімфоніі Дз.Шастаковіча з’яўляюцца пасакаллямі, 2-я ч. кантаты А.Багатырова «50 гадоў» — фугай) ці эпізоду (фугата ў распрацоўках многіх сімфоній і інш.). Поліфанічнымі прыёмамі (імітацыйнымі, падгалосачнымі) шырока карыстаюцца і ў творах, дзе пераважае гамафонны прынцып (гл.Гамафонія).
2) Навука; адзін з гал. раздзелаў тэорыі музыкі. Як навук. дысцыпліна ўваходзіць у сістэму муз. адукацыі.
Літ.:
Скребков С.С. Учебник полифонии. 3 изд. М., 1965;
Дмитриев А.Н. Полифония как фактор формообразования. Л., 1962;
Протопопов В.В. История долифонии в ее важнейших явлениях. [Т. 1—2]. М., 1962—65.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЦЕ́ЙШЫЯ (Protozoa),
падцарства аднаклетачных жывёл групы эўкарыёт. Разглядаюцца як зыходны этап у эвалюцыі шматклетачных жывёл. 5 (па інш. класіфікацыях да 9) тыпаў: саркамастыгафоры (Sarcomastigophora), апікомплексы (Apicomplexa), міксаспарыдыі, мікраспарыдыі, інфузорыі. Больш за 40 (70) тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у марскіх і прэсных водах, у глебе, многія — паразіты, узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл. Некат. паразіт. П. выкарыстоўваюцца для барацьбы з насякомымі—шкоднікамі с.-г. і лясных раслін. Амёбы, інфузорыі і інш.шырока выкарыстоўваюцца ў біяфіз., генет., цыталагічных і інш. даследаваннях. П. — важная састаўная ч.кругавароту рэчываў у біясферы, удзельнічаюць у ачыстцы забруджаных вод, фарміраванні донных адкладаў. На Беларусі найб. трапляюцца жгуцікавыя, саркодавыя, інфузорыі, мікраспарыдыі, міксаспарыдыі, сярод выкапнёвых — прамянёвікі і фарамініферы.
Памеры пераважна мікраскапічныя (0,002—0,15 мм), у некат. буйнейшыя (да 2 см). Адасобленыя або каланіяльныя арганізмы. Форма зменлівая (амёбы), шарападобная (прамянёвікі), прадаўгаватая (інфузорыі). Вонкавы слой цытаплазмы ўтварае пелікулу, у караняножак — ракавіна. Маюць адно або некалькі ядраў аднолькавай (апаліны) або рознай (большасць інфузорый) будовы. У цытаплазме размешчаны скарачальныя, стрававальныя, выдзяляльныя вакуолі, фібрылярныя ўтварэнні і інш.арганелы, якія выконваюць пэўныя функцыі. Рухаюцца з дапамогай псеўдаподый, жгуцікаў, раснічак. Здольныя да фотасінтэзу або жывяцца гатовымі арган. рэчывамі, многія — драпежнікі. Размнажэнне бясполае (дзяленне, пачкаванне) або палавое (кан’югацыя, капуляцыя). Многія П. пры чаргаванні форм размнажэння маюць складаныя жыццёвыя цыклы (асабліва спаравікі). У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. З’яўляюцца кормам для заабентасу, зоапланктону, малявак рыб і інш. Вывучае П. — протазаалогія. Гл. таксама Пратысталогія.
Літ.:
Серавин Л.Н. Простейшие..: Что это такое? М., Л., 1984;
Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987;
Хадорн Э., Винер Р. Общая зоология: Пер. с нем. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫ ВЕК,
найбольш ранні перыяд у гісторыі чалавецтва, калі прылады рабілі з каменю, дрэва, косці і рогу. Пачаўся 3—2,5 млн.г. назад у Афрыцы і закончыўся ў Еўропе 2,5—1,8 тыс.г. да н.э. Адрозніваюць старажытны К.в. — палеаліт, сярэдні — мезаліт і новы — неаліт. Палеаліт працягваўся больш за 2 млн. гадоў. Традыц. перыядызацыя палеаліту на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) у апошнія дзесяцігоддзі значна змянілася. У раннім палеаліце вылучаюць алдувайскую (2,6 млн. — 700 тыс.г. назад) і ашэльскую (гл.Ашэль, 700 тыс. — 100 тыс.г. назад) эпохі. Ашэльскую ў сваю чаргу падзяляюць на стараж., сярэднюю і познюю. У ніжнім палеаліце найстаражытнейшыя людзі — архантрапы (пітэкантрапы, сінантрапы, гейдэльбергскі чалавек і інш.) карысталіся грубааббітымі галечнымі прыладамі (чоперамі і чопінгамі), займаліся збіральніцтвам і паляваннем. Да сярэдняга палеаліту адносіцца эпоха мусцье (70—35 тыс.г. назад), якая з’яўляецца заключным этапам фарміравання чалавека — палеаантрапа (стараж. чалавек), неандэртальца. Гэтыя людзі ўжо ўмелі будаваць прымітыўнае жыллё, здабываць агонь, вырабляць да 60 тыпаў прылад працы, займаліся паляваннем, выкарыстоўвалі скуры жывёл, каб засцерагчыся ад холаду. Позні палеаліт пачаўся 40—35 тыс.г. назад. Да яго пачатку сфарміраваўся чалавек сучаснага віду — краманьёнец. У гэты час паступова ўдасканальвалася апрацоўка крэменю, значна пашырыўся асартымент прылад працы (да 100 тыпаў), пачалі шырока ўжывацца вырабы з косці, удасканалілася паляўнічая зброя, адбыліся змены ў фарміраванні радавога ладу, значна павялічылася колькасць насельніцтва, акрамя вял. калектыўных з’явіліся жытлы малых памераў для парных сем’яў. Узніклі прымітыўныя рэлігійныя ўяўленні, рытуал пахавання, развівалася першабытнае мастацтва. Заключная фаза палеаліту прыпадае на канец ледавіковай эпохі (14—11 тыс.г. назад), т.зв. фінальны палеаліт. У гэты час у Еўропе ад Ютландыі да вярхоўяў Дняпра распаўсюдзіліся супольнасці паляўнічых, асновай існавання якіх было паляванне пераважна на паўн. аленя. Пераходны перыяд ад палеаліту да неаліту — мезаліт — у залежнасці ад кліматычных зон працягваўся з 11 тыс.г. да 7 тыс.г. назад. Крамянёвая індустрыя мезаліту адметная наяўнасцю мікралітаў і прылад працы на пласцінах, з’яўляюцца і масіўныя прылады — макраліты. Людзі сталі асвойваць паўн. прасторы, што вызваляліся ад ледавіка. Значную ролю ў жыцці чалавека пачало адыгрываць рыбалоўства, павялічылася колькасць стаянак на берагах рэк. У мезаліце шырока выкарыстоўваліся лук і стрэлы, быў прыручаны сабака, склалася племянная арганізацыя. З 8-га тыс. да н.э. пачынаецца неаліт, спачатку на Блізкім Усходзе, потым у Індакітаі, а з 6-га тыс. да н.э. — у Еўропе. Людзі пачалі займацца земляробствам, вырабляць ляпны посуд, прыручаць буйную рагатую жывёлу, свіней і інш., карыстацца драўлянымі чаўнамі, удасканалілі вытворчасць каменных прылад. У гэты час узніклі прадзенне і ткацтва, больш разнастайнымі сталі вопратка чалавека і ўпрыгожанні, развіваліся шмат якія галіны першабытнага мастацтва (арнаментаванне, аздабленне, гравіроўка на косці, рогу і абпаленай гліне, аб’ёмная скульптура), з’явіліся музычныя інструменты. Пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі і аселасці. Мацярынска-радавы лад дасягнуў свайго апагею.
На Беларусі стаянкі чалавека ўпершыню з’явіліся ў познім палеаліце (Бердыж і Юравічы). Мезаліт тут пачаўся ў 9-м тыс. да н.э. У гэты час у асноўным заселена ўся тэр. сучаснай Беларусі. Фарміраваліся грэнская культура (Грэнск, Дальняе Ляда), днепра-дзяснінская культура (Берагавая Слабада, Краснаўка, Міхайлаўка), сожская культура (Журавель, Горкі Чэрыкаўскага р-на), свідэрская культура (Бабровічы, Опаль, Нобель, Заазер’е), Кунда культура (Замошша, Крумплева), яніславіцкая культура (Беліца-2, Нясілавічы-1), кудлаеўская культура (Азярное-1), помнікі нарачанскага тыпу (Стугалапы, Кусеўшчына). У неаліце (5—2-е тыс. да н.э.) тэр. Беларусі засялялі плямёны днепраданецкай культуры (Юравічы-3—6, Пхоў, Слабодка), верхнедняпроўскай культуры (Лоша-1,2, Цітаў Бугор), нарвенскай культуры (Асавец-2,4; Зацэнне, Сосенка), нёманскай культуры (Добры Бор, Лысая Гара, Русакова-2, Камень-2), тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры (Скема-1,2), шарападобных амфар культуры (Краснасельскі, Малыя Ёдкавічы), культуры помнікаў тыпу Бабінавічаў (Бабінавічы-2, Лаўкі, Мяжа-1).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ МАСТА́ЦКІЯ ПРО́МЫСЛЫ,
адна з форм народнай творчасці, звязаная з вырабам прадметаў дэкар.-прыкладнога характару на продаж; галіна народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; арганічная частка матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. Вытокі Н.м.п. у хатніх промыслах, якія з цягам часу ператварыліся ў дробную таварную вытв-сць (гл.Рамёствы). Існавалі звычайна як невял. саматужныя майстэрні з выкарыстаннем ручной працы, у выглядзе хатняй вытв-сці (працавала адна сям’я), радзей як арцелі майстроў, што пераходзілі з вёскі ў вёску. У формах, расфарбоўцы, арнаментацыі вырабаў Н.м.п. яскрава выяўляюцца эстэт. густы народа, яго шматвяковыя культ. традыцыі. Залежнасць ад патрабаванняў рынку вымушала майстроў прытрымлівацца мясц. традыцый, аператыўна адгукацца на патрабаванні і густы спажыўцоў (чужое, безгустоўнае не прыжывалася).
Вядомы ўсім народам свету У некат. краінах развіццё капіталіст. адносін, пашырэнне прамысл. вырабаў прывяло Н.м.п. да заняпаду або поўнага выраджэння (ЗША, краіны Зах. Еўропы). У некат. краінах, дзе капіталіст. таварна-грашовыя адносіны не набылі развітога характару (пераважна Азія і Афрыка), шырока бытуюць і ў наш час. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалося іх адраджэнне як важнай часткі нац. культуры. Шырока вядомы сярэднеазіяцкае дыванаткацтва, апрацоўка каштоўных і каляровых металаў у народаў Каўказа, бурштыну і скуры ў Прыбалтыцы, косці і футра ў народаў Д. Усходу, у Расіі філігрань, фініфць. выраб карункаў, кераміка (гл.Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка), размалёўка па дрэве і метале (гл.Жостаўская размалёўка, Хахламская размалёўка), лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Фядоскінская мініяцюра, Холуйская мініяцюра) і інш.
На Беларусі асн. відамі Н.м.п. здаўна былі ганчарства, розныя віды мастацкага пляцення (пераважна з лазы), такарнае рамяство, набіванка, пернікарства, выраб мэблі, часткова — ткацтва, вышыўка. Найб. пашырыліся Н.м.п. ў канцы 19—1-й пал. 20 ст., хоць насычэнне рынку адносна таннымі прамысл. вырабамі прывяло некат. іх віды да заняпаду (набіванка, пернікарства). У сувязі са зменамі ў канструкцыі, паляпшэннем знешняга і ўнутр. выгляду нар. жылля пашырыліся віды Н.м.п., звязаныя з дэкар. аздабленнем інтэр’ера: размалёўка па дрэве, шкле, палатне (гл.Агоўская размалёўка, Агоўскія куфры, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-Дзісенскія дываны), саломка мастацкая. З мэтаю падтрымкі Н.м.п. у асяродках іх традыц. развіцця земствы арганізоўвалі школы і майстэрні: ткацкія — у Севасцянавічах (Магілёўшчына) і Лепелі, лозапляцення — у Магілёве і Гомелі і інш. Было арганізавана Таварыства дапамогі хатняму рамяству, якое дапамагала нар. майстрам у паляпшэнні якасці вырабаў, узбагачэнні форм і дэкору, арганізацыі збыту прадукцыі. У 1920—30-я г. майстры-саматужнікі аб’ядноўваліся ў арцелі (ганчарныя, ткацка-вышывальныя і інш.). У 1938 створаны Бел.маст.-прамысл. саюз, які аб’яднаў іх у адзіную сістэму. У час Вял.Айч. вайны і пасляваен. перыяд адбудовы вёскі ў сувязі з недахопам прамысл. утылітарна-дэкар. вырабаў аднавіліся традыц. Н.м.п., пераважна ганчарства, ткацтва, пляценне з саломы і лазы, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, размалёўка. Многія асяродкі традыц. Н.м.п. паслужылі асновай для стварэння вытв. аб’яднанняў і ф-к маст. вырабаў з апорнымі пунктамі па рабоце з майстрамі-надомнікамі ў навакольных вёсках. У 1965 яны былі далучаны да Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці Беларусі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастпромыслы», у 1991 — у асацыяцыю «Бел.нар.маст. промыслы», з 1993 — у Бел.дзярж. канцэрн маст. промыслаў. У канцы 1980-х г. уздым цікавасці да нац.бел. культуры і прыняцце закона аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці (1987) адрадзілі традыц. Н.м.п. і пашырылі новыя формы іх арганізацыі (кааператывы, дамы рамёстваў і інш.). У 1999 прыняты закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь».
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Ганчар І.Генбіцкі з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстрыха аплікацыі саломкай на тканіне К.Русаковіч з в. Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстар мастацкай размалёўкі Дз.Цубер з г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯЦЕ́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,
выраб рэчаў утылітарнага і дэкар. характару злучэннем палос эластычнага матэрыялу пад прамым ці косым вуглом; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Адрозніваюць П. ручное і машыннае. Матэрыялы для П. — лаза, салома, чарот, карані дрэў, лыка, мачала, бяроста, лучына, стружкі, дубцы арэшніку, ядлоўцу, рабіны, скура, ніткі і інш. У 1970—80-я г.шырока ўжываюцца і сінтэт. матэрыялы. Пашырана ў многіх народаў, папярэднічала ткацтву. Шырока вядома маст. пляценне народаў Усходу, а таксама пляценне карункаў у Расіі.
На Беларусі вядома з неаліту (выяўлены рэшткі сплеценых з лыка сетак, адбіткі плеценых вырабаў на гліне). Найб. захаваліся вырабы 19—1-й пал. 20 ст. Пашырана было пляценне з лазы. На Палессі з яе плялі агароджы (пляцень), сцены гасп. пабудоў. Простай, спіральнай, крыжовай, раброва-крыжовай тэхнікамі П. выраблялі лазовыя палукашкі для вазоў і саней, рыбалоўныя снасці (каробкі, бучы, венцеры), посуд на збожжа, агародніну (кашы, кашолкі, сявенькі, карзіны), мэблю (крэслы, калыскі, падстаўкі пад вазоны, карабы на бялізну) і інш. Разнастайным камбінаваннем тэхнік П. вызначаецца мэбля, кузавы выязных вазкоў. Каркас вязалі з тоўстых прутоў, якія скрыжоўваліся пад розным вуглом і ўтваралі розныя геам. фігуры, потым яго перапляталі тонкімі дубцамі, нярэдка чаргуючы белыя, ачышчаныя ад кары, з неакоранымі, таніравалі лазу ў больш цёмны колер, абпальвалі на агні, аздаблялі выпаленымі ўзорамі. Вырабамі мэблі з лазы славіліся майстры Магілёва, Гомеля, Суража (Віцебскі р-н), кузаваў — Давыд-Гарадка (Столінскі р-н), Лахвы (Лунінецкі р-н). З саламяных жгутоў, пераплеценых лазой, выраблялі шыяны, карабы, сявенькі, кублы, гарцы; з саломы плялі шкатулкі, цацкі, сумкі, капелюшы (гл.Саломка мастацкая). З сасновай лучыны (дранкі) выраблялі посуд на садавіну і гародніну, карабы для пераноскі сена (Паазер’е), з бяросты — заплечныя кашалі для збору грыбоў, сумкі, вярэнькі (Палессе), ёю ж апляталі ганчарны посуд для малака і малочных прадуктаў (берасцянкі). З рагозу (пераважна на Палессі) выраблялі лёгкія, эластычныя сумкі і кашолкі. Дробныя вырабы: каробачкі для рукадзелля, карзінкі, сумачкі, фруктоўніцы — плялі з карэньчыкаў хваёвых дрэў, арэшніку. З лыка, вяровак плялі лапці, са скуры дэталі конскай вупражы, бізуны. Узоры П. вызначаюцца прыгожым шахматным, спіральным, дыяганальным малюнкам. Вял. пашырэнне мела П. з тэкстыльных матэрыялаў: нітак, шнуроў, вяровак і інш.Найб. простым прыёмам з’яўляецца віццё (суканне) — злучэнне дзвюх ці болей пасмаў у шнур. Суканыя шнуры і вяровачкі выкарыстоўваліся як дэкар. элементы на адзенні (разнастайныя нашыўкі), абрусах, ручніках (для кутасоў, махроў). З каляровых нітак вілі шнуркі для завязак на адзенні і паяскоў. Плоскія пляцёнкі з трох (у выглядзе касы) і больш нітак выкарыстоўвалі для вырабу паясоў, завязак, шнуркоў, нашывак на адзенне. Больш складаны від пляцення засн. на выгінанні суцэльных нітак у петлі, якія пераплятаюцца паміж сабой удоўж і ўпоперак (вязанне). Разнастайныя рэчы утылітарнага і маст. характару вырабляліся ў тэхніцы вузельчыкавага П. — завязвання вузлоў рознай канфігурацыі. З дапамогай чаўнака (ігліцы) і дошчачкі вязалі рыбацкія сеткі (Паазер’е). Такім чынам сплеценыя сеткі, нацягнутыя на раму, прызначаныя для абрусаў, сурвэтаў, пакрывалаў, аздаблялі вышыўкай насцілам ці крыжыкам з каляровых шарсцяных нітак. З развіццём прамысловасці П. захоўваецца як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і займае значнае месца ў маст. прамысловасці рэспублікі. Сурвэткі, абрусы, лазовыя кошыкі на садавіну і гародніну, цукерачніцы, хлебніцы, саламяныя капелюшы, шкатулкі і інш. плеценыя вырабы выпускаюць ф-кі маст. вырабаў. Некат. вытв. аб’яднанні вырабляюць мэблю з лазы. Шырокую папулярнасць набыло вузельчыкавае П. — макрамэ. Найб. вядомыя бел. майстры П.: Т.Агафоненка, К.Арцёменка, А.Белановіч, С.Галанчанка, В.Гаўрылюк, Л.Главацкая, М.Кулак, Н.Ліцюк, Л.Лось, У.Лук’янец, Г.Сапун, Л.Скрыпнічэнка, В.Сташкевіч, Т.Федаркова і інш.
Літ.:
Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995;
Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Я.М.Сахута.
Да арт.Пляценне мастацкае. Саламяны посуд. 1-я пал. 20 ст. Цэнтральная Беларусь.Да арт.Пляценне мастацкае. Т.Агафоненка. Маска «Казёл». 1978.Да арт.Пляценне мастацкае. Посуд з сасновай лучыны. Вёска Шахноўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тэатра́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тэатра (у 1–3 знач.). Тэатральнай мастацтва. Тэатральная зала. □ У канцы залы ўзвышаўся памост накшталт тэатральнай сцэны, адгароджанай ад публікі моцным, хоць і нясклёпістым бар’ерам.Колас.[Вецер] зрываў з галавы ў Будніка шапку, шырока расхрыстваў полы паліто і сярдзіта рваў са сцен тэатральныя афішы.Галавач.// Звязаны з тэатрам, з дзейнасцю яго. Тэатральная крытыка. Тэатральны часопіс. Тэатральны сезон. □ Тым не менш .. дэбют [Мележа] ў новым жанры не прайшоў незаўважаным тэатральнай грамадскасцю.Гіст. бел. сав. літ.// Прызначаны для тэатра, сцэны. Тэатральная музыка. □ Я ўявіў сабе фантастычны лес, нібы тэатральную дэкарацыю да казкі.Бядуля.У Адэсе мы пакінулі ўсю сваю тэатральную маёмасць і ў двухкласных вагонах рушылі на поўнач.Рамановіч.// Прызначаны для падрыхтоўкі акцёраў, спецыялістаў тэатра. Тэатральнае вучылішча. Тэатральная студыя.
2. Характэрны для тэатра; умоўны, штучны. Тэатральныя прыёмы.
3.перан. Які вызначаецца тэатральнасцю (у 2 знач.). Тэатральная поза. □ Аднойчы, калі ён быў асабліва пануры, сінявокае, светлакосае дзеўчаня, зачапіўшы яго, адбеглася і, стаўшы ў позу, прамовіла: — О, Алекс!.. Сарвалася з тэатральнага тону, пырснула звонкім смехам і пабегла.Брыль.
•••
Тэатральныя падмосткігл. падмосткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)