«БЕЛАРУ́СКІ КЛІЧ»,

грамадска-паліт., літ. і гасп. газета. Выдавалася 1 — 16.11.1930 у Вільні на бел. мове напярэдадні выбараў у польскі сейм і сенат. Асвятляла сітуацыю ў Польшчы, паведамляла пра арышт 80 дэпутатаў папярэдняга сейма, распушчанага ўрадам Бартэля — Пілсудскага, крытыкавала перадвыбарчую пазіцыю Цэнтрасаюза, які ішоў на супрацоўніцтва з польск. урадам, і кандыдатаў у сейм — прадстаўнікоў бел. нац.-сацыяліст. кірунку, давала ацэнку ўсім кірункам у бел. руху на пераломе 1920—30-х г. Агітавала галасаваць за кандыдатаў агульнага бел. выбарчага к-та «Украінска-беларускі блок». Выйшлі 4 нумары, з іх № 3 канфіскаваны па загадзе старасты Вільні.

Л.​І.​Збралевіч, А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГІНА,

вёска ў Беларусі, у Далёцкім с/с Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 35 км на ПдЗ ад Браслава, 273 км ад Віцебска, 67 км ад чыг. ст. Друя. 387 ж., 153 двары (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі — курганны могільнік 8—11 ст.

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1514 як уладанне роду Геталтаў. Пазней належала Кімбарам, Бенетам, Цеханавецкім, Манузі, Плятэрам. У 1738 у Богіне 5 гаспадарак, 10 валок зямлі. З 1922 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Відзскім р-не Вілейскай, з 1944 — Полацкай, з 1954 — Маладзечанскай абл.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1793—1940. Створаны ў Мінскай губ., з 1843 у Віленскай. Цэнтр — г. Вілейка. Пл. 5591,2 кв. вярсты, нас. 208 013 чал. (1897). У 1886 уключаў 27 валасцей (Будслаўская, Ваўкалацкая. Вілейская, Вязынская, Гарадоцкая, Германішская, Даўгінаўская, Дунілавіцкая, Жаснянская, Іжская, Княгінінская, Крайская, Краснасельская, Крывіцкая, Куранецкая, Лебедзеўская, Лучайская, Маладзечанская, Манькавіцкая, Мядзельская, Нарыцкая, Параф’янаўская, Порплішчанская, Рабунская, Радашковіцкая, Сітцаўская, Хаценчыцкая), заштатны г. Радашковічы, 20 мястэчак, 1279 паселішчаў сельскага тыпу. З 1917 у Зах. вобл., з 1919 у БССР. У 1921—39 у складзе Польшчы, у 1927 меў 13 гмін, пл. 3421 км². З ліст. 1939 у БССР, са снеж. 1939 у Вілейскай вобласці, 15.1.1940 скасаваны.

т. 4, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1656,

пагадненне паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай пра спыненне ваен. дзеянняў і сумесную барацьбу супраць шведскай агрэсіі; падпісана 3.11.1656 у маёнтку Немежы пад Вільняй. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на землі Літвы і Польшчы ўварваліся (1655) Шведскія войскі Карла Х Густава. Баючыся ўмацавання Швецыі, рас. ўрад пачаў захады для прымірэння з Рэччу Паспалітай. На перагаворы прыбыла рас. дэлегацыя на чале з кн. М.​І.​Адоеўскім; дэлегацыю Рэчы Паспалітай узначальваў ваявода полацкі Я.​Красінскі; пасрэднікам быў аўстр. дыпламат Алегрэці. Не дамовіўшыся пра ўмовы міру, дэлегацыі заключылі перамір’е і вырашылі пачаць сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 4, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ННІЦА»,

рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі летам 1941 у Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску, прайшоў некалькі мадэрнізацый. У 1920—23 наз. «Mozyrz» («Мазыр»), у 1923—39 — «Toruń» («Торунь»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—22) і Пінскай (1922—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі з дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. Вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска). Сеў на мель каля в. Новая Беліца Светлагорскага р-на, узарваны экіпажам 16.7.1941.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯХНО́ВІЧЫ, Алёхнавічы,

вёска ў Беларусі, у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 28 км на ПдУ ад Маладзечна, 55 км ад Мінска, чыг. ст. на лініі Мінск—Маладзечна. 3244 ж., 1181 двор (1995). Птушкафабрыка, сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

У 19 ст. вёска і фальварак у Краснасельскай вол. Вілейскага пав. У 1872 пракладзена чыгунка, у 1885 пабудаваны вакзал. З 1921 у складзе Польшчы. У Аляхновічах дзейнічалі гурткі Бел. сял.-работніцкай грамады. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1942 у Аляхновічах размяшчаўся лагер смерці для ваеннапалонных. У 1948 арганізаваны калгас «Новае жыццё», у 1955 саўгас «Аляхновіцкі».

т. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́ЛЬСК,

вёска ў Беларусі, у Гродзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і калгаса «Пагранічны». За 24 км на Пд ад Гродна, 9 км ад шашы Гродна—Ваўкавыск. 837 ж., 283 двары (1994).

Вядома як мястэчка з 15 ст. З 1690 вёска ў Трокскім ваяв., належала Гродзенскай эканоміі. З 1808 заштатны горад Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ. Жыхары займаліся вырабам тканін, сельскай гаспадаркай, гандлем. У 1897 у Адэльску 1462 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска. З 1939 у БССР, з 1940 у Гродзенскім р-не.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Касцёл Ушэсця — помнік нар. дойлідства (1-я пал. 18 ст.).

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БІХТ (Генрык Тэадоравіч) (1835 ці 1836, Вільня — 12.6.1863),

удзельнік нац.-вызв. руху 1850—60-х г. на Беларусі, у Польшчы, Літве. Скончыў Віленскую гімназію (1852), служыў паштовым чыноўнікам. Каб пазбегнуць арышту за ўдзел у рэв. гуртках, у 1857 эмігрыраваў у Лондан. Быў актыўным дзеячам польскай Рэвалюцыйнай грамады «Лондан», працаваў у друкарні «Колокола». Вясной 1862 нелегальна прабраўся ў Варшаву. Уваходзіў у лявіцу «чырвоных», быў агентам Цэнтральнага нацыянальнага камітэта. Асн. рухальнай сілай паўстання лічыў народ. У ліст. 1862 арыштаваны, зняволены ў Брэсцкую крэпасць. Павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.

Літ.:

Кісялёў Г. Вязень Брэсцкай крэпасці // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗВЕ́ЧЧА,

былая вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Размяшчалася за 3 км на Пн ад г. Глыбокае, паміж азёрамі Вялікае і Мушкат. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. ў грамаце кн. Андрэя Альгердавіча. Уваходзіла ў Полацкае ваяв. ВКЛ. Паводле Полацкай рэвізіі 1552, у мястэчку Беразвечча было 40 дамоў і 40 мяшчан. У 1643—1874 дзейнічаў Беразвецкі кляштар базыльян. Існавалі праваслаўная царква, 4-класнае духоўнае вучылішча. З 1921 Беразвечча ў складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 у Глыбоцкім р-не. У Вял. Айч. вайну 1941—45 ням. фашысты стварылі тут Беразвецкі лагер смерці. З 1960-х г. Беразвечча ў межах г. Глыбокае.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ СУСТРЭ́ЧА 1409,

перагаворы паміж каралём Польшчы Ягайлам і вял. князем ВКЛ Вітаўтам у час Вялікай вайны 1409—11. Адбылася ў снеж. 1409 у Брэсце (Берасці). Прысутнічаў хан Джэлаладдзін (сын хана Тахтамыша), якому падпарадкоўвалася залатаардынская конніца, што была на службе ВКЛ. На Берасцейскай сустрэчы быў прыняты план летняй кампаніі 1410 супраць войскаў Тэўтонскага ордэна, вызначаны час і месца збору аб’яднаных ваен. сіл, прынята рашэнне аб пабудове пантоннага моста для пераправы цераз Віслу. Паводле дамоўленасці саюзная армія складалася з 91 харугвы (палка), з іх 51 рыхтавала Польшча, 40 — ВКЛ. План, распрацаваны на Берасцейскай сустрэчы, прывёў да перамогі саюзных армій у Грунвальдскай бітве 1410.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)