БО́ЖЫЧ ((Božič) Мірка) (н. 21.9.1919, Сінь, гіст. вобл. Далмацыя, Харватыя),

харвацкі пісьменнік. Правадз. чл. Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў, чл.-кар. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў. Вывучаў права ва ун-тах Бялграда і Заграба (1938—41). Аўтар раманаў «Курланы верхнія і ніжнія» (1952), «Нявыплаканыя» (1955), «Шоўкавыя пантофлі» (1958), аповесцяў «Каланела» (1975), «Бомба» (1976), «Цела і дух» (1981), зб. эсэ «Запісы між іншым» (1975). Пісаў п’есы («Мост», 1947; «Стрэлка», 1951; «Арэлі на сумнай вярбе», 1957; «Праведнік», 1960), кінасцэнарыі, радыёдрамы. Асн. ўвага Божыча засяроджваецца на крытычных момантах жыцця чалавека, праблемах асобы і грамадства. Вядомы і як оперны спявак.

Тв.:

Drame. Zagreb, 1950;

Novele. Zagreb, 1952;

Drame. Zagreb, 1960;

Рус. пер. — Курланы верхние и нижние. М., 1959;

Колоннелло // Современная югославская повесть, 70-е годы. М., 1978;

Легенда о девушке и дубе // Повести и рассказы югославских писателей. М., 1978.

І.А.Чарота.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЧМЕЛЬ (Іосіф Фадзеевіч) (1907 — сак. 1942),

бел. гісторык. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т. У 1935—41 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН БССР. Загінуў на фронце ў Вял. Айч. вайну. Асн. навук. працы прысвечаны нац.-вызв. барацьбе бел.народа. Лічыў, што нац. і рэліг. прыгнёт бел. народу з боку польскіх паноў падштурхнуў яго да ўз’яднання з Расіяй, спрыяў аб’яднанню яго нац.-вызв. і антыфеад. барацьбы ў адзіную плынь. Сял. рух пач. 1860-х г. і паўстанне 1863—64 звязаў з сял. рэформай 1861. Лічыў К Каліноўскага найб. радыкальным правадыром паўстання, выразнікам і абаронцам інтарэсаў прыгнечанага сялянства. Даследаваў барацьбу бел. народа супраць польскіх акупантаў у грамадз. вайну. Аўтар працы «Нарыс гісторыі барацьбы беларускага народа супраць польскіх паноў» (1940).

Літ.:

Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). Мн., 1985.

М.У.Токараў.

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́КАЎ (Аляксей Васілевіч) (20.9.1910, г. Кастрама, Расія — 28.6.1974),

бел. вучоны ў галіне цепла- і масапераносу. Акад. АН Беларусі (1956), д-р тэхн. н. (1940), праф. (1941). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1957). Скончыў Яраслаўскі пед. ін-т (1930). З 1956 дырэктар Ін-та цепла- і масаабмену АН Беларусі, адначасова заг. кафедры БДУ. Навук. працы па цепла- і масапераносе, цеплаправоднасці, тэарэт. асновах буд. цеплафізікі, тэорыі сушкі. Атрымаў сістэму дыферэнцыяльных ураўненняў для апісання сумеснаГа пераносу цяпла і масы, выкарыстаў гіпербалічнае ўраўненне для апісання працэсу цеплаправоднасці руху вадкасці ў капілярах, развіў метады рашэння спалучаных задач цепла- і масаабмену. Дзярж. прэмія СССР 1951. Яго імем наз. Акад. навук. комплекс «Інстытут цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі».

Тв.:

Теоретические основы строительной теплофизики. Мн., 1961;

Теория тепло- и массопереноса. М.; Л., 1963 (разам з Ю.А.Міхайлавым);

Теория сушки 2 изд. М., 1968.

А.В.Лыкаў.

т. 9, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЙПУ́НСКІ (Аляксандр Ільіч) (7.12. 1903, с. Драглі, цяпер Польшча — 14.8.1972),

украінскі і расійскі фізік, стваральнік навук. школы фізікаў-ядзершчыкаў. Акад. АН Украіны (1934). Герой Сац. Працы (1963). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1926). З 1929 у Фізіка-тэхн. ін-це ў Харкаве (у 1932—37 дырэктар), з 1941 у Ін-це фізікі АН Украіны (у 1944—49 дырэктар). З 1952 у Фіз.-энергет. ін-це (г. Обнінск, Paci»), адначасова з 1946 у Маскоўскім інж.-фіз. ін-це. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, ядз. тэхніцы. Раза́м з інш. ўпершыню ў СССР здзейсніў расшчапленне атамнага ядра паскоранымі часціцамі (1932). Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны ядз. рэактары-размнажальнікі на хуткіх нейтронах і даказана магчымасць расшыранага ўзнаўлення ў іх ядз. гаручага. Ленінская прэмія 1960.

Літ.:

К 75-летию А.И.Лейпунского // Атомная энергия. 1978. Т. 45, вып. 5.

А.І.Ляйпунскі.

т. 9, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКО́ЎНІКАЎ (Уладзімір Васілевіч) (25.12.1837, г.п. Княгініна Ніжагародскай вобл., Расія — 11.2.1904),

расійскі хімік, заснавальнік навук. школы.

Скончыў Казанскі ун-т (1860), дзе і працаваў (з 1869 праф.). З 1871 у Новарасійскім (Адэса), з 1873 у Маскоўскім ун-тах. Навук. працы па тэарэт. арган. хіміі, арган. сінтэзе і нафтахіміі. Даследаваў ізамерыю і ўзаемны ўплыў атамаў у арган. злучэннях: устанавіў шэраг заканамернасцей рэакцый замяшчэння, далучэння і расшчаплення па падвойнай сувязі, у т.л. правіла, якое вызначае парадак далучэння элементаў галагенавадародных кіслот і вады да ненасычаных вуглевадародаў (правіла М.; 1869). Адкрыў новы клас вуглевадародаў — нафтэны (1863; тэрмін прапанаваны М.), ізамерыю тлустых кіслот (1865), рэакцыю ізамерызацыі цыклічных вуглевадародаў з памяншэннем цыкла (ізамерызацыю цыклагептану ў метылцыклагексан; 1892). Адзін з заснавальнікаў Рус. фіз.-хім. т-ва (1868).

Літ.:

Платэ А.Ф., Быков Г.В., Эвентова М.С. В.В.Марковников, 1837—1904: Очерк жизни и деятельности. М., 1962.

У.В.Маркоўнікаў.

т. 10, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Віталь Дзмітрыевіч) (н. 26.5. 1923, г. Разань, Расія),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1970), праф. (1971). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1975). Скончыў Маскоўскі ун-т (1952) і Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1958). Настаўнічаў, быў на парт. рабоце ў Віцебскай вобл. З 1958 у Мінскай вышэйшай парт. школе (у 1958—59 нам. дырэктара, у 1960—88 заг. кафедры), з 1990 у інш. ВНУ. Навук. працы па праблемах агульнай тэорыі развіцця, дыялектыкі, логікі і гісторыі філасофіі, метадалогіі і практыкі прафес. падрыхтоўкі кіруючых кадраў.

Тв.:

Закон отрицания отрицания. Мн., 1960;

Проблема развития в философии и естествознании: Ист.-филос. очерк. Мн., 1969;

Научно-техническая революция и диалектика. Мн.. 1976;

Диалектика: системы и развитие. Мн., 1978 (разам з В.В.Марозавым);

Методологическое значение требований формальной и диалектической логики для практики работы руководителей. Мн., 1990.

т. 10, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЕ́ЛЬ ((Néel) Луі Эжэн Фелікс) (н. 22.11.1904, г. Ліён, Францыя),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1953), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1966), Лонданскага каралеўскага т-ва (1966). Замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1928). З 1928 у Страсбурскім ун-це (з 1937 праф.), у 1945—76 у Грэнобльскім ун-це, адначасова ў 1956—70 дырэктар Цэнтра ядз. даследаванняў у Грэноблі, дырэктар (з 1954) і прэзідэнт (з 1970) Нац. політэхн. ін-та. Навук. працы па тэорыі магнетызму. Тэарэтычна абгрунтаваў існаванне антыферамагнетызму (1932) і т-ры, пры якой ён знікае (гл. Нееля пункт). Распрацаваў тэорыю антыферамагнетызму, стварыў агульную тэорыю ферытаў. У 2-ю сусв. вайну прапанаваў метад аховы караблёў ад магн. мін. Працы па палеамагнетызме спрыялі пацвярджэнню тэорыі дрэйфу кантынентаў і тэорыі тэктанічных пліт. Нобелеўская прэмія 1970.

М.М.Касцюковіч.

Л.Неель.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНЕ́НКА (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (29.7.1904, г. Палтава, Украіна — 30.12.1994),

расійскі фізік-тэарэтык, заснавальнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Д-р фіз.-матэм. н. (1940). Скончыў Ленінградскі ун-т (1927). З 1943 праф. Маскоўскага ун-та. Навук. працы па тэорыі спінораў, фізіцы атамнага ядра, квантавай і адзінай нелінейнай тэорыях поля, тэорыі гравітацыі, гісторыі фізікі. Прапанаваў пратон-нейтронную мадэль атамнага ядра (1932). Заклаў асновы палявой тэорыі парных ядз. сіл (1934, разам з І.Тамам). Прапанаваў нелінейнае абагульненне спінорнага ўраўнення Дзірака (1938). Выказаў ідэю ўзаемнага ператварэння гравітонаў у элементарныя часціцы (1944). Прадказаў сінхратроннае выпрамяненне (1944; разам з І.Я.Памеранчуком). Дзярж. прэмія СССР 1950.

Тв.:

Групповые, геометрические и топологические методы в теории поля. Ч. 1. М., 1983;

Калибровочная теория гравитации. М., 1985 (абедзве разам з П.І.Проніным, Г.А.Сарданашвілі).

Літ.:

Памяти профессора Д.Д.Иваненко // Вестн. Московского ун-та Сер. 3. Физика. Астрономия. 1995. Т. 36, № 2.

М.М.Касцюкоеіч.

Дз.Дз.Іваненка.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ШЭРАФ ((Osheroff) Дуглас Дзін) (н. 1.8.1945, г. Абердзін, штат Вашынггон, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1987), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1982). Продкі па бацькоўскай лініі паходзілі з Беларусі. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1967). З 1972 у н.-д. фірме «Белтэлефон лаборатарыс», з 1987 праф. Стэнфардскага ун-та (у 1993—96 дэкан фіз. ф-та). Навук. працы па даследаванні ўласцівасцей рэчываў пры звышнізкіх т-рах, ядз. магнетызме. Адкрыў з’яву звышцякучасці вадкага гелію-3 (разам з Д.Лі, Р.Рычардсанам; 1972). Устанавіў існаванне лагарыфмічнай залежнасці эл. праводнасці тонкіх плёнак ад эл. поля і т-ры (1979). Эксперыментальна пацвердзіў наяўнасць упарадкавання ядз. спінаў цвёрдага ​3Не пры т-ры ніжэй за 10​−3 К (1980). Нобелеўская прэмія 1996 (разам з Лі, Рычардсанам).

Тв.:

Рус. пер. — Сверхтекучесть в ​3He: открытие и понимание // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, № 12.

М.М.Касцюковіч.

Д.Ошэраф.

т. 11, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ЧАСОПІСЫ,

часопісы, якія асвятляюць пытанні гісторыі, у т. л. тэарэтычныя, і спец. гіст. дысцыплін (археалогіі, этнаграфіі і інш.). Выдаюцца навук. ўстановамі, ВНУ (пераважна універсітэтамі), гіст. т-вамі і асацыяцыямі, музеямі, архівамі, асобнымі гісторыкамі. Падзяляюцца на навук., навук.-папулярныя і папулярныя, паводле зместу — на універсальныя (прысвечаны сусв. гісторыі) і спецыялізаваныя (гісторыя асобных краін ці рэгіёнаў). З’явіліся ў 19 ст. ў Германіі, Даніі, Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Расіі і інш. краінах у сувязі са станаўленнем гісторыі як навукі. Найб. вядомыя замежныя гістарычныя часопісы: у Вялікабрытаніі «The English historical review» («Англійскі гістарычны агляд», з 1886), «History» («Гісторыя», з 1912); у Германіі «Historische Zeitschrift» («Гістарычны часопіс», з 1859), «Vierteljahrshefte für Zeitgeschichte» («Квартальнік сучаснай гісторыі», з 1953); у Францыі «Revue historique» («Гістарычны агляд», з 1876), «Annales. Ekonomies, sociétés, civilisations» («Аналы. Эканоміка, грамадства, цывілізацыі», з 1929); у ЗША «The American historical review» («Амерыканскі гістарычны агляд», з 1895); у Польшчы «Wiadomości archeologiczne» («Археалагічныя весці», з 1873), «Kwartalnik historyczny» («Гістарычны квартальнік», з 1887), «Przegląd historyczny» («Гістарычны агляд», з 1905), «Wojskowy przegląd historyczny» («Ваенна-гістарычны агляд», з 1956); у Расіі «Отечественные архивы» (з 1923), «Вопросы истории», «Вестник древней истории» (з 1937), «Военно-исторический журнал», «Новая и новейшая история» (з 1957), «Отечественная история» (з 1957); на Украіне «Український історичний журнал» (з 1957). У Беларусі выдаюцца «Беларускі гістарычны часопіс», «Беларуская мінуўшчына», «Беларускі гістарычны агляд», «Спадчына».

т. 5, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)