МАЙ (лац. Majus, магчыма, ад імя багіні зямлі Маі),

пяты месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц вясны. Бел. нар. назва месяца, як і ўкр., травень. 15 М. працягласць дня ў Мінску 15 гадз 58 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 54,8°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 567 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны (295 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ў М. 13 °C. Ападкаў за месяц 50—60 мм. Для М. характэрна найменшая адносная вільготнасць (68—72%), часта ствараецца неспрыяльны рэжым увільгатнення, часам назіраецца высушванне ворнага і больш глыбокага слоя глебы. У М. цвітуць сады. Пачынаюць каласіцца жыта, азімая пшаніца, узыходзяць яравыя, вядзецца сяўба позніх яравых культур, лёну-даўгунцу, пасадка бульбы, агуркоў. Вырастаюць першыя веснавыя грыбы — смаржкі і страчкі. Заканчваецца веснавая лінька звяроў. Паяўляецца прыплод у аленяў, ласёў, казуль, тхароў, баброў, вожыкаў; другі прыплод у зайцоў. Нерастуе рыба ў рэках і азёрах, паяўляюцца маляўкі.

т. 9, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТАБО́Л,

[ад мота... + (фут)бол], спартыўная гульня на матацыклах з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек 4 перыяды па 15 або 20 мін кожны. Мэта — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Спартсмены карыстаюцца пераважна матацыкламі класа 250 см³. Гульня ідзе на футбольным полі з травяным, грунтавым або інш. пакрыццём, вароты футбольныя. Дыяметр мяча 48—49 см.

Першыя мотабольныя матчы адбыліся ў Францыі (1929, г. Дыжон) і Германіі (1930, г. Кёльн). Міжнар. саюз мотабольных клубаў створаны ў 1963 (Бельгія, Нідэрланды, Францыя і ФРГ). З 1965 М. уваходзіць у Міжнар. федэрацыю матацыклетнага спорту. Першыя спаборніцтвы на Кубак Еўропы адбыліся ў 1964, першы чэмпіянат Еўропы у 1986 (г. Пінск Брэсцкай вобл.).

Чэмпіянаты Беларусі па М. праводзяцца з 1966, спаборніцтвы на Кубак Беларусі і міжнар. турнір «Брэсцкая крэпасць-герой» з 1974. Нац. зборная каманда Беларусі (існуе з 1994) — сярэбраны (1995, 1998) і бронз. (1999) прызёр чэмпіянатаў Еўропы.

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЕРАРО́БНАЯ МАШЫ́НА,

агрэгат для атрымання (адліўкі) паперы і некаторых відаў кардону з папяровай масы. Бываюць плоска- і 2-сетачныя, кругласетачныя, вакуумнага і сухога фармавання, камбінаваныя і інш.

Найб. пашыраныя плоскасетачныя П.м. складаюцца з сетачнай (1 або 2 бясконцыя рухомыя сеткі, на якія паступае папяровая маса), прэсавай (некалькі 2- ці 3-вальных прэсаў, паміж валамі якіх праходзіць папяровае палатно) і сушыльнай частак (з сушыльных вярчальных цыліндраў, якія знутры абаграюцца парай), а таксама каландра (паміж 2—20 валамі яго праходзіць палатно) і накату (змотвае паперу ў рулон). Пры абязводжванні масы на сетках (або паміж імі) адбываецца фармаванне папяровага палатна, якое далей абязводжваецца ў прэсавай і высушваецца ў сушыльнай частках. Рабочая скорасць П.м. да 1500 м/мін, прадукцыйнасць да 8 млн. м²/сут.

Папераробная машына (1799, Н.​Л.​Рабер, Францыя): 1 — валікі; 2 — адціскныя ролікі; 3 — вібратар; 4 — канцавы валік; 5 — самачарпалка; 6 — авальны чан.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСТАЛЕ́Т-КУЛЯМЁТ,

індывідуальная аўтаматычная зброя высокай скарастрэльнасці, прызначаная для паражэння жывой сілы ў блізкім баі. Спалучае партатыўнасць пісталета і бесперапыннасць кулямётнага агню. Калібр 7,62—11,43 мм. Сілкаванне ад магазінаў скрыначнага (25—35 патронаў) або барабаннага (71 патрон) тыпу; тэмп стральбы 450—1000 стрэлаў/мін.

Створаны італьянцам А.​Рэвелі (1915), у Расіі — У.Р.Фёдаравым (1916), у СССР — Ф.В.Токаравым (1927). На ўзбраенні Чырв. Арміі П.-к. канструктараў В.А.Дзегцярова (ПКД-40), Г.С.Шпагіна (ПКШ-41), А.І.Судаева (ПКС-43) і інш.; у герм. арміі — МР-38-40, амер. — МЗ, брыт. «Стэн», фінл. «Суомі». Шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну; звычайна наз. аўтаматамі.

На ўзбраенні сучасных армій шэрагу краін амер. «Інгрэм», італьян. «Берэта», аўстр. «Штэер», ізраільскі «Узі» і інш. У арміях краін СНД больш пашыраны аўтаматы сістэмы М.Ц.Калашнікава і інш., якія выкарыстоўваюцца замест П.-к.

Літ.:

Гл. пры арт. Зброя.

Пісталеты-кулямёты: 1 — ПКС (Расія); 2 — «Берэта» (Італія); 3 — «Хеклер і Кох» (Германія).

т. 12, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРО́РСКІ НАГЛЯ́Д,

форма праваахоўнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца органамі пракуратуры. У Рэспубліцы Беларусь П.н. ажыццяўляецца: за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў мін-вамі і інш. падведамнымі Савету Міністраў органамі, мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі; за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў; за адпаведнасцю закону суд. рашэнняў па цывільных і крымін. справах, справах аб адм. правапарушэннях; за выкананнем законаў у месцах папярэдняга зняволення, пры выкананні пакаранняў і інш. мер прымусовага характару, якія назначаюцца судом. У выпадках, прадугледжаных законам, пракуратура праводзіць папярэдняе расследаванне злачынстваў, пракуроры прымаюць удзел у разглядзе спраў судамі, падтрымліваюць дзярж. абвінавачванне. У працэсе ажыццяўлення П.н. пракурор правамоцны апратэстоўваць рашэнні і акты, калі яны супярэчаць закону, прыцягваць правапарушальнікаў да адказнасці, прымаць меры для забеспячэння спагнання матэрыяльных страт, нанесеных парушэннем закона, і г.д.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́ЎСКІ Уладзімір Эдуардавіч (н. 13.9.1930, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. арх. Беларусі (1979). Канд. архітэктуры (1966). Скончыў БПІ (1958). З 1958 працаваў у ін-це «Белдзяржпраект», з 1965 гал. архітэктар, з 1972 дырэктар БелНДІдзіпрасельбуда. З 1965 адначасова выкладаў у БПА. У 1992—2000 гал. эксперт Галоўэкспертызы Мін-ва архітэктуры і буд-ва Беларусі. Асн. работы: праект дэталёвай планіроўкі і забудовы г. Салігорск, праекты дэталёвай планіроўкі зон адпачынку на Заслаўскім вадасховішчы і воз. Нарач (усе 1959—60), дом адпачынку на воз. Нарач (1959—61), будынак БелНДІдзіпрасельбуда і лабараторны корпус з-да імя Вавілава (1969) у Мінску, праект і забудова в. Малеч у Бярозаўскім р-не (1969—81, усе ў сааўт.).

Тв.:

Архитектура Советской Белоруссии. М., 1973 (у сааўт.);

Проектирование и строительство промышленных комплексов. Мн., 1975 (разам з І.​Г.​Малковым);

Архитектура нового белорусского села. Мн., 1979 (разам з Р.​М.​Алімавым);

Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).

т. 14, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЕ́ДЧЫ,

службовая асоба пракуратуры, органаў папярэдняга следства мін-ва ўнутр. спраў, дзярж. бяспекі і фін. расследаванняў, якая ажыццяўляе папярэдняе следства. С. абавязаны прымаць усе меры да ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання акалічнасцей крымін. справы, ажыццяўляць крымін. праследаванне асобы, у адносінах якой сабраны дастатковыя доказы аб учыненні ёю злачынства, шляхам прыцягнення яе ў якасці абвінавачанага, прад’яўлення абвінавачання, ужыванні ў адносінах да яе меры стрымання, перадачы яе справы пракурору для накіравання ў суд. С. таксама абавязаны прыняць меры па забеспячэнні бяспекі ўдзельнікаў крымін. працэсу і інш. асоб у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Ён правамоцны ўзбуджаць крымін. справу ці адмаўляць у яе ўзбуджэнні, спыняць ці прыпыняць папярэдняе следства па крымін. справе, ажыццяўляць усе следчыя і інш. працэсуальныя дзеянні, прадугледжаныя законам. Пастановы С., вынесеныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі закону, па крымін. справах, што знаходзяцца ў яго вядзенні, абавязковыя для выканання ўсімі юрыд. і службовымі асобамі і грамадзянамі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРО́Ў Аляксандр Мікалаевіч (23.1.1820, С.-Пецярбург — 1.2.1871),

рускі кампазітар. адзін з заснавальнікаў рус. муз. крытыкі. Скончыў вучылішча правазнаўства (1840). У 1840—68 служыў ва ўстановах мін-ваў юстыцыі і ўнутр. спраў. Самастойна авалодаў кампазітарскай тэхнікай. З 1850-х г. удзельнік муз. вечароў у М.​Глінкі. Выступаў за асваенне новых жанраў, у т. л. гіст.-легендарнай і нар.-быт. оперы. Сярод твораў: оперы «Юдзіф» (паст. 1863), «Рагнеда» (паст. 1865), «Варожая сіла» (паст. 1871; завершана жонкай В.​Сяровай і М.​Салаўёвым); 2 кантаты для салістаў, хору і арк., творы для арк., камерна-інстр. ансамблі, санаты і інш. п’есы для фп., хары, рамансы, апрацоўкі нар. песень; музыка да спектакляў драм. т-ра і інш. Пісаў пра творчасць Глінкі, А.​Даргамыжскага, Р.​Вагнера, Л.​Бетховена і інш.

Тв.:

Статьи о музыке. Вып. 1—6. М., 1985-90.

Літ.:

Черкашина М. А.​Н.​Серов. 2 изд М. 1988.

т. 15, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІТО́Ў Леанід Пятровіч (н. 3.10.1946, в. Міхайлавічы Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне імуналогіі, алергалогіі, мікрабіялогіі і вірусалогіі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (2000), д-р мед. н. (1991), праф. (1993). Вучань А.П.Красільнікава. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1975), дзе працаваў з 1978 (з 1988 заг. кафедры), адначасова гал. імунолаг Мін-ва аховы здароўя Беларусі. З 1995 дырэктар Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (адначасова з 1998 кіраўнік аддзела і лабараторыі). Навук. працы па вывучэнні натуральнага імунітэту пры першасна-хранічных інфекц. захворваннях дыхальнага тракту, туберкулёзе, траўме, аўтаімунных і алергічных захворваннях. Аўтар нац. праграмы «Імунапрафілактыка». Дзярж. прэмія Беларусі 2002.

Тв.:

Слоўнік па агульнай і медыцынскай вірусалогіі. Мн., 1995 (разам з А.​П.​Красільнікавым, Н.​Ф.​Казак);

Бешенство и другие лиссавирусные инфекции человека: Пробл. иммуно- и химиотерапии. Мн., 2002 (разам з Н.​П.​Мішаевай, В.​І.​Вацяковым);

Иммунология: Терминол. словарь. Мн., 2002.

т. 17, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРЫФУ́ГА (ад цэнтр + лац. fuga бег),

1) апарат (устаноўка, машына), дзеянне якой грунтуецца на цэнтрабежнай сіле, што ўзнікае пры вярчэнні ротара. Выкарыстоўваецца для цэнтрыфугавання.

Бываюць Ц. для адстойвання (асаджэння), фільтравання і сепаратарныя (гл. Сепаратару, перыядычнага і бесперапыннага дзеяння. Ротар Ц. — з падвойнымі сценкамі, сеткавы ці суцэльны, частата вярчэння 6000 аб/мін і больш. З дапамогай Ц. раздзяляюць суспензіі і эмульсіі, абязводжваюць матэрыялы ў хім., харч., горнай прам-сці, сельскай гаспадарцы, буд-ве, медыцыне і інш.

2) Наземная або бартавая (на лятальным апараце) устаноўка, якая імітуе працяглае дзейнае паскарэнне. Выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі, у т. л. вестыбулярнай трэніроўкі лётчыкаў і касманаўтаў, для выпрабавання рознай бартавой апаратуры, даследаванняў уплыву паскарэння на жывыя арганізмы і інш. Можа ствараць цэнтраімклівае паскарэнне да 400 м/с​2 і больш.

В.​М.​Кандрацьеў.

Схема цэнтрыфугі маслянага фільтра: 1 — ротар; 2 — выпаўшы асадак; 3 — вось ротара; 4 — маслазаборныя трубкі; 5 — маслападвадны канал; 6 — калібровачная адтуліна.

т. 17, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)