АНАМАСІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. onomasia называнне + ...логія),

навука аб найменнях, адзін з раздзелаў семантыкі. Займаецца пытаннямі намінацыі, аналізам спосабаў і сродкаў стварэння намінатыўных адзінак на розных узроўнях мовы, высвятленнем унутранай формы назваў у розных мовах для абазначэння аднаго і таго ж паняцця, зменай назваў у працэсе гіст. развіцця мовы і інш.

Анамасіялогія пачала фарміравацца ў самаст. навуку ў 20 ст. (працы ням. і аўстр. вучоных — заснавальнікаў лінгвістычнага кірунку «Словы і рэчы» Р.​Мерынгера, Г.​Шухарта, прадстаўнікоў тэорыі семантычных палёў Л.​Вайсгербера, К.​Бальдзінгера, працы вучоных Пражскага лінгвістычнага гуртка, рус. мовазнаўцаў). У анамасіялагічным аспекце лексіку разглядаюць у этымалагічных слоўніках (у т. л. «Этымалагічным слоўніку беларускай мовы», т. 1—8, 1978—93). Анамасіялагічны аналіз выкарыстоўваюць пры аналізе тапанімікі.

Л.​М.​Ляшчова.

т. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЦКАЯ МО́ВА,

адна са старажытных германскіх моў (усх.-германская падгрупа). Вядома пераважна па пісьмовых помніках 4 ст. (перыяд пасялення готаў у Прычарнамор’і). Найб. значны — пераклад Бібліі (прыпісваецца вестгоцкаму епіскапу Ульфіле), што дайшоў да нашага часу ў остгоцкіх рукапісах 5—6 ст. Лічыцца, што Ульфіла стварыў і само гоцкае пісьмо, заснаванае на грэч. і лац. алфавітах, а таксама на рунічным пісьме. Гоцкая мова захавала большую блізкасць да прагерманскай мовы, таму яна адыгрывае значную ролю ў параўнальнай граматыцы германскіх моў. Вылучаюць 2 блізкія дыялекты гоцкай мовы — остгоцкі і вестгоцкі. У Крыме пэўны час захоўвалася т.зв. крымска-гоцкая мова (вядома 68 слоў, запісаных фламандцам А.​Г.​Бусбекам у 16 ст.), якая паходзіла ад остгоцкага дыялекту гоцкай мовы.

Літ.:

Гухман М.М. Готский язык. М., 1958.

т. 5, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

коснаязы́касць, ‑і, ж.

Расстройства мовы, якое заключаецца ў няздольнасці правільна вымаўляць гукі; невыразнае вымаўленне. // перан. Няўменне лёгка, свабодна гаварыць; памылкі ў вуснай мове. У мове.. персанажаў выяўляецца праз коснаязыкасць вузкасць і абмежаванасць іх кругагляду. Адамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

семі́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да семітаў, які належыць, уласцівы ім. Семіцкія мовы. □ У выглядзе высокага бялявага маўчуна амаль зусім не было нічога семіцкага, і ён вось пратрываў ужо.. два гады ў палоне. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скалькава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Зняць копію з чаго‑н. пры дапамозе калькі (у 1 знач.). Скалькаваць чарцёж.

2. У мовазнаўстве — стварыць слова або выраз па ўзору слова або выразу з іншай мовы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыпало́гія, ‑і, ж.

Навуковы метад, звязаны з сістэматызацыяй або класіфікацыяй прадметаў, з’яў, паняццяў і пад. і вызначэннем іх тыпаў.

•••

Тыпалогія лінгвістычная — раздзел мовазнаўства, які вывучае мовы свету з пункту погляду падабенства і адрознення іх структуры.

[Ад грэч. typos — адбітак, форма і logos — вучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фіта́, ‑ы, ДМ фіце, ж.

Перадапошняя літара рускага алфавіта, якая была запазычана з грэчаскай мовы для перадачы гука «ф» у словах грэчаскага паходжання і існавала ў рускім пісьмо да рэформы арфаграфіі 1917–1918 гг.

[Грэч. thēta.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экспрэсі́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць экспрэсіўнага. Экспрэсіўнасць мовы. □ Стылі паэзіі і мастацкай прозы, вызначаючыся багаццем выяўленчых сродкаў, вобразнасцю, эмацыянальнасцю і экспрэсіўнасцю, у перыяд фарміравання і развіцця нацыянальных моў атрымліваюць большую папулярнасць і вядомасць у народзе. Шакун.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́днасны

1. verwándschaftlich; Verwándschafts-;

ро́днасныя су́вязі verwándschaftliche Bánde, Verwándtschaftsbande pl;

ро́днасныя адно́сіны verwándtschaftliche Bezíehungen;

2. (блізкі) verwándt;

ро́днасныя мо́вы verwándte Spráchen

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

ЛІТАРАТУ́РНАЯ МО́ВА,

асноўная наддыялектная форма існавання мовы, якая характарызуецца агульнанац. значнасцю, поліфункцыянальнасцю. разнастайнасцю пісьмовых і вусных жанраў яе выкарыстання ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, тэндэнцыяй да рэгламентацыі. Як вышэйшая форма нацыянальнай мовы паводле свайго сац. і культ. статусу процістаіць тэр. дыялектам і прастамоўю. Л.м. — катэгорыя гістарычная. Яна складваецца на пэўным этапе сац.-эканам. і культ. развіцця этнасу, калі ўзнікае грамадска ўсвядомленая неабходнасць у больш дасканалым, чым асобныя мясц. гаворкі, агульназразумелым сродку зносін з мэтай абслугоўвання патрэб маладой нацыі ў сферы дзярж. кіравання, эканомікі, адукацыі, навукі, мастацтва і культуры. Гістарычнасць Л.м. выяўляецца ў паступовай зменлівасці норм моўных, складванні функцыян. стыляў мовы і падстыляў, стылістычнай дыферэнцыяцыі сродкаў выражэння, павелічэнні лексіка-фразеалагічнага фонду мовы, фарміраванні тэрміналогіі, з’яўленні пісьменнасці, назапашванні рознажанравых пісьмовых помнікаў (тэкстаў), стварэнні заканадаўча-прававых актаў, накіраваных на ахову Л.м. як агульнанац. духоўнай каштоўнасці. Л.м. павінна мець абавязковую пісьмовую фіксацыю (гл. Пісьмовая мова), кніжна-пісьмовую форму пры натуральным захаванні і вуснай формы яе бытавання (гл. Вусная мова). Нарматыўнасць Л.м. выступае ў якасці рэгулятара яе сінхранічнага функцыянавання і дыяхранічнага развіцця. Яна абумоўлена знешнімі, сац. фактарамі (стандартызацыяй дакументацыі, агульнасцю дыдактычных задач школы, адзінствам правапіснай сістэмы і інш.) і ўнутрымоўнымі, сістэмна-структурнымі фактарамі (наяўнасцю моўна-маўленчых варыянтаў, дыялектнымі і іншамоўнымі ўплывамі, праяўленнямі тэндэнцый фанет. і лексіка-грамат. развіцця і інш.). Агульнаабавязковасць моўных норм адлюстроўваецца ў іх кадыфікацыі, г.зн. фіксацыі ў слоўніках розных тыпаў, навуч. і навук. граматыках, агульных і галіновых энцыклапедыях, тэрміналагічных і інш. моўных даведніках.

У аснову літ. бел. мовы леглі гаворкі Цэнтр. Беларусі (зона Ашмяны—Мінск—Барысаў; гл. ў арт. Дыялект). У працэсе развіцця яна ўвабрала і ўбірае ў сябе найб. тыповыя рысы паўд.-зах, і паўн.-ўсх. бел. дыялектаў, адначасова ўзбагачаецца запазычаннямі з роднасных рус. і ўкр., а таксама інш. моў. Л.м. цесна ўзаемадзейнічае з дыялектамі, пастаянна папаўняецца за іх кошт. Адначасова яна ўплывае на дыялекты, спрыяе іх уніфікацыі. Паняцці Л.м. і мова мастацкай літаратуры суадносныя, але не тоесныя. Маст. л-ра — толькі адна са сфер выкарыстання Л.м. У маст. л-ры могуць выкарыстоўвацца словы і формы слоў з прастамоўя, мясц. дыялектаў, жаргонаў, а таксама элементы індывідуальнай словатворчасці пісьменніка. На станаўленне шматлікіх Л.м. уплывае творчасць пісьменнікаў (напр., А.​Пушкіна на рус. Л.м., У.​Шэкспіра на англ. мову, Я.​Купалы, Я.​Коласа і інш. на бел. Л.м.). Пра асн. этапы развіцця і сучасны стан бел. Л.м. гл. ў арт. Беларуская мова.

Літ.:

Виноградов В.В. Проблемы литературных языков и закономерностей их образования и развития. М., 1967;

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984;

Міхневіч А.Я. Да характарыстыкі беларускай літаратурнай мовы ў яе сучасным стане // Slavia. 1984. R. 53, № 3—4.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 9, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)