ІНД (санскр. Сіндху; пушту Аба-Сін, літар. бацька рэк),

рака ў Кітаі, Індыі, Пакістане. Даўж. 3180 км, пл. бас. 980 тыс. км². Пачынаецца на паўд.зах. схілах хр. Кайлас (Тыбецкае нагор’е) на выш. 5300 м. У вярхоўі цячэ на ПнЗ у міжгорнай даліне паралельна гал. ланцугу Гімалаяў. Ніжэй вусця р. Гілгіт паварочвае на ПдЗ і перасякае адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша. Сярэдняе цячэнне ў нізкагорнай і ўзгорыстай мясцовасці, ніжняе — у зах. ч. Інда-Гангскай раўніны (ускраіны пустынь Тхал і Тар), у шырокай даліне з шматлікімі рукавамі і пратокамі. Пасля г. Хайдарабад пачынаецца дэльта (пл. 8 тыс. км²), дзе вылучаюцца 11 асн. рукавоў. Упадае І. у Аравійскае м. Гал. прытокі — Сатледж (Панджнад, злева), Шаёк, Гілгіт, Кабул (справа). У верхнім цячэнні жыўленне снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Вясенне-летнія паводкі (сак.—вер.), пад’ём узроўню вады на раўніне 5—7 м, рэчышча на вял. працягласці абвалавана. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Хайдарабад 3850 м³/с, ніжэй ён памяншаецца ад выпарэння і выкарыстання вады на арашэнне. Сцёк завіслых часцінак у вусці 450 млн. т. На І. плаціны (у т. л. каля г. Сукур) і інш. ірыгацыйныя збудаванні. Бас. І. — адзін з буйнейшых ірыгацыйных раёнаў свету, пл. арашальных зямель больш за 11 млн. га (гал. чынам у Пенджабе і ў дэльце). Суднаходны ад вусця да г. Дэраісмаілхан, для малых суднаў да г. Аток, каля вусця р. Кабул. Найб. гарады на І. — Хайдарабад, Сукур, паблізу дэльты — марскі порт Карачы (Пакістан).

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КСНЕС (Laxness; сапр. Гудзьёўнсан; Guðjónsson) Хальдаўр Кільян

(23.4.1902, Рэйк’явік —8.2.1998),

ісландскі пісьменнік. Дэбютаваў раманам «Дзіця прыроды» (1919). У 1919—24 падарожнічаў па Еўропе. Вынік яго духоўных пошукаў — раман «Каля Святой гары» (1924). Паступовы адыход ад рэлігійнасці ў філас. рамане «Вялікі ткач з Кашміра» (1927). У 1927—29 жыў у ЗША і Канадзе, пазней наведаў СССР.

Яго светапогляд эвалюцыяніраваў да сацыяліст. ідэй: раманы «Салка Валка» (т. 1—2, 1931—32), «Самастойныя людзі» (т. 1—2, 1934—35), кнігі эсэ і публіцыстыкі «Шлях на Усход» (1933) і «Руская казка» (1938). У рамане «Святло свету» (т. 1—4, 1937—40) пошукі гармоніі паміж рэалізмам і ідэалізмам. Аўтар раманаў: гіст. «Ісландскі звон» (т. 1—3, 1943—46), патрыят. і антываен. «Атамная база» (1948), «Герпла» (1952), «Летапіс хутара Брэкукат» (1957), п’есы «Срэбны месяц» (паст. 1954). З 1960-х г. у яго творах схільнасць да эксперым. форм, шырокае ўжыванне сімволікі, гратэску: раманы «Вернуты рай» (1960), «Хрысціянская апека пад ледавіком» (1968), «Вымольванне Божых дароў» (1972), аўтабіягр. трылогія («На лужку каля роднай хаты», 1975, «Я быў малады», 1976; «Гісторыя сямі мудрацоў», 1978), зб. навел «Буквар з сямі літар» (1964), драмы «Банкет са смажанымі галубамі» (1966) і інш. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклаў І.​Пташнікаў. Нобелеўская прэмія 1955.

Тв.:

Бел. пер. — Атамная база. Мн., 1991;

Рус. пер. — Салка Валка. 2 изд. Л., 1985;

Самостоятельные люди. Исландский колокол. М., 1977;

Свет мира. М., 1994.

Літ.:

Крымова Н., Погодин А. Халлдор Лакснесс. М., 1970.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Х.Лакснес.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

анагра́ма

(гр. anagramma)

1) слова, утворанае шляхам перастаноўкі літар другога слова (напр. год — дог, фара — арфа);

2) спосаб вершаскладання на санскрыце, лацінскай і іншых старажытных індаеўрапейскіх мовах, калі асобныя фанемы самага важнага слова верша паўтараюцца ў іншых словах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пратэкцыяні́зм

(фр. protectionnizme, ад лац. protectio, -onis = літар. прыкрыццё)

1) эканамічная палітыка дзяржавы, накіраваная на засцярогу сваёй гаспадаркі ад канкурэнцыі з боку іншых краін;

2) падбор людзей на службу не па дзелавых якасцях, а па знаёмству, па пратэкцыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

СІНАГО́ГА (ад грэч. synagogē сход, месца сходу),

бет-кнесет (іўрыт, літар. — дом сходу), шул (ідыш, літар. — школа), культавы будынак у іудаізме, прызначаны для набажэнстваў і рытуальнага чытання Торы. Часам тэрмін «С.» выкарыстоўваецца для абазначэння іудзейскай абшчыны.

Дакладны час узнікнення С. не высветлены. Паводле талмудычных крыніц, у 5 ст. да н.э. ў Палесціне легендарны іудзейскі святар Ездра з мэтай адраджэння нац. самасвядомасці яўр. народа ва ўмовах іншаземнага заваявання стварыў згуртаванне вучоных і знаўцаў нар. традыцый, якое атрымала назву Вял. С. Магчыма, у гэты час узніклі і збудаванні С. Патрэбнасць у С. звязана з усталяваннем традыцыі чытання Пяцікніжжа па суботах і святочных днях. Да пач. н.э. С. існавалі ва ўсіх рэгіёнах рассялення яўр. насельніцтва. Найб. іх колькасць (480) знаходзілася ў Іерусаліме. Акрамя Палесціны С. будавалі ў г. Дамаску, Александрыі, Антыёхіі, Эфесе, Карынфе, Афінах, Рыме. Гал. месца ў С. займае святы каўчэг (арон-кадзеш), у якім захоўваюцца скруткі Торы (Сефер-Тора); ён знаходзіцца каля ўсх. сцяны. Вернікі моляцца на ўсх. напрамак С. (мізрах) — у бок Іерусаліма. Тора чытаецца са спец. ўзвышэння — бімы. У артадаксальных С. жанчынам адводзіцца асобнае месца (часта галерэя). Часам у С. і яе прыбудовах знаходзяцца ўстановы, якія адыгрываюць важную ролю ў абшчынным жыцці: школы, дабрачынныя арг-цыі, рабінскі суд, зала сходаў і інш.

На фарміраванне арх. аблічча С. паўплывалі традыцыі і прыёмы культавага дойлідства Міжземнамор’я эпохі элінізму і Рым. імперыі. Асновай першых будынкаў С. стаў базілікальны план, у аснове якога прасторнае памяшканне, падзеленае калонамі на падоўжныя нефы. З боку ўвахода і па баках рабілі порцікі з каланадай. Гал. (алтарная) сцяна арыентавалася на Іерусалім (у еўрап., у т. л. бел., яўрэяў на У), каля яе невял. ўзвышэнне (альмэ-мор). У цэнтры залы — кафедра (біма). У некат. С. меўся арган. Алтары багата ўпрыгожвалі разьбяным арнаментам, узорамі маст. кавальства і ліцця з расл. і зааморфнымі матывамі. Па меры рассялення яўрэяў па краінах Еўропы, С. набывалі стылёвыя рысы пэўных народаў і эпох.

На бел. землях С. з’явіліся ў 14 ст. Будавалі С. драўляныя і мураваныя. Архітэктура бел. С. ўвасабляе стылізаваны і пераасэнсаваны вобраз жытла, каўчэга. Усе С. складаюцца з цэласнага, значных памераў аб’ёму пад дахам, блізкім да шатровага (у гарадах Ашмяны Гродзенскай, Столін Брэсцкай абласцей, 18 ст.). Слонімская сінагога арганічна ўпісалася ў гар. арх. ансамбль стылю барока. Архітэктура некат. мураваных С. з рысамі абарончага дойлідства (Быхаўская сінагога). С. ў г. Іўе (Гродзенская вобл.) эклектычная, складаецца з 3 будынкаў для розных слаёў насельніцтва — гандляроў, рамеснікаў і купцоў. Найб. арыгінальныя драўляныя С., якім уласціва адзінства вобраза, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, у аснове якога — пераход рытуальнага памяшкання ў шатровы, часта складанай формы, дах. Формы абыходных галерэй, прыбудоў паўтараюць у мініяцюры форму асн. аб’ёму (С. ў Заблудаве, цяпер Падляскае ваяв., Польшча; не захавалася). С. былі ў гарадах Гродна, Глыбокае, Нароўля, г.п. Сапоцкін, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на і інш. Да 1917 ва ўсх. Беларусі былі 704 С. У сувязі з антырэліг. дзейнасцю сав. улад у 1936 засталася 71 С. Шмат С. знішчана ням.-фаш. акупантамі ў Вял. Айч. вайну. У пач. 1990-х г. на Беларусі дзейнічалі 2 С., на 1.1.2001—8 С.

А.​І.​Лакотка.

Сінагога ў г. Столін Брэсцкай вобл.

т. 14, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каратэ́

(яп. karate = літар. голымі рукамі)

спартыўная барацьба, якая выкарыстоўвае прыёмы японскай сістэмы самаабароны без зброі, што заснаваны на ўдарах рукамі і нагамі па найбольш уразлівых месцах цела саперніка.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ке́глі

(ням. Kegel = літар. конус)

1) гульня, якая заключаецца ў збіванні шарам драўляных або пластмасавых слупкоў, расстаўлены́х на спецыяльным памосце;

2) драўляныя або пластмасавыя слупкі (кеглі) для гэтай гульні.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

цырк

(лац. circus = літар. круг)

від мастацтва, які ўключае акрабатыку, эквілібрыстыку, жангліраванне, клаунаду, эксцэнтрыку, дрэсіроўку жывёл і інш., а таксама будынак з арэнай і амфітэатрам, дзе адбываюцца цыркавыя прадстаўленні.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Све́жы ‘які не страціў сваіх натуральных якасцей’, ‘халаднаваты, досыць халодны’, ‘які не быў у выкарыстанні, ва ўжыванні’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., ТС), ‘новы; нетутэйшы’ (валож., красл., паст., Сл. ПЗБ). Укр. сві́жий, рус. све́жий, стараж.-рус. свѣжь, польск. świeży, чэш. літар. svěží (з польск. — Махэк₂, 596), славац. svieži, славен. svê̥ž (з рус. — Сной₁, 623), балг. свеж (мабыць, з рус. — БЕР, 6, 536), макед. свеж, ст.-слав. свежь. Прасл. *svěžь. І.‑е. адпаведнікі: гоц. swikns ‘чысты, цнотны’, ст.-ісл. sykn ‘нявінны’, літ. sveĩkas ‘здаровы’ (Траўтман, 294; Mikala, IF, 23, 126). Лат. svaigs ‘свежы’ лічыцца пераўтварэннем славянскага *svěžь (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1141; Фрэнкель, 1044; Скок, 3, 373). Сной₁ (623) узводзіць да і.-е. *su̯oi̯gh‑io‑ ‘вільготны, не засушаны’. Махэк₂ (там жа) параўноўвае славянскія словы з лац. vigere ‘быць поўным жыцця’. Агляд літ-ры гл. яшчэ Фасмер, 3, 571. Борысь (623) і.-е. праформу лічыць пашырэннем і.-е. *su̯ei̯‑ ‘згінаць, круціць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПСЕЎДАНІ́М (ад псеўда... + грэч. onyma імя),

подпіс ці імя, якімі асоба замяняе сваё сапраўднае прозвішча (імя). Найб. пашыраны ў літаратараў, журналістаў, мастакоў, дзеячаў т-ра, кіно і інш. Прычыны з’яўлення П. розныя: праследаванні цэнзуры, немілагучнасць сапр. прозвішча, наяўнасць аднолькавых прозвішчаў, саслоўныя забабоны, боязь правалу ў маст. творчасці, жаданне захаваць інкогніта, падкрэсліць якія-н. свае асабістыя якасці ці прадставіць сябе іншым, чым ў сапраўднасці (літ. маска). Літ. П. можа лічыцца адным з відаў літ. містыфікацый.

Вядомы са старажытнасці. У некат. асоб акрамя асн. было шмат інш. П. (у Вальтэра болей за 160, у Кацусікі Хакусая болей за 10). Часам П. далучаліся да асн. прозвішча (М.​Салтыкоў-Шчадрын), многія сталі сталым аўтарскім імем (Мальер, Стэндаль, М.​Горкі, Чымабуэ). П. могуць паказваць на нацыянальнасць (Леся Украінка), месца нараджэння асобы або яе жыхарства (Дз.​Мамін-Сібірак, Леанарда да Вінчы), рысу характару і перакананні (Павел Беспашчадны) або творчасці (Наваі, г.зн. меладычны). Існуюць калектыўныя П. (Казьма Пруткоў, Кукрыніксы). Ёсць П. з мэтай маскіроўкі, каб прыпісаць асобам неўласцівыя ім якасці: жанчынам — мужчынскі пол (Жорж Санд), інш. нацыянальнасць (Гіём Апалінэр — В.​А.​Кастравіцкі), іншую прафесію (Пасічнік Руды Панько — М.​Гогаль) і інш. Вядомы гумарыстычныя П. (Зубаскал — Ф.​Дастаеўскі, Гайка №6 — А.​Чэхаў, Кабзар Дармаграй — Т.​Шаўчэнка).

На Беларусі П. пачалі ўжывацца з 16 ст. ў палемічнай л-ры: Стафана Куколя (Тустаноўскага) — Стафан Зізаній, Марціна Бранеўскага — Хрыстафор Філалет, Мялеція Сматрыцкага — Тэафіл Арфалог і інш. Інтэнсіўнае пашырэнне П. ў прэсе Беларусі назіраецца з 2-й пал. 19 ст. А.​Вярыга-Дарэўскі выдаў у Магілёве паэму «Гутарка пра сваяка» (1858), падпісаную «Białoruska Duda», газ. «Мужыцкая праўда» К.​Каліноўскі падпісваў «Jaśko — haspadar s pad Wilni». Шмат П. у народніцкіх выданнях 1880-х г., у газ. «Минский листок» (1886—1902). Ф.​Багушэвіч свае кнігі, выдадзеныя за мяжою, падпісваў «Мацей Бурачок» і «Сымон Рэўка з-пад Барысава», А.​Абуховіч падпісваўся «Граф Бандынэлі», А.​Лявіцкі — Ядвігін Ш. Шмат П. выкарыстоўвалася ў газ. «Наша ніва» (1906—15), у прэсе Зах. Беларусі, на Беларусі з 1920-х г. і да сённяшняга дня.

Існуе больш за 50 відаў П. Асноўныя: уласна П. (сапраўдныя П.), ці фіктонімы, абагульняльныя П., крыптанімы. Уласна П. — формы, утвораныя па законах якой-н. мовы, даюць поўнае ўражанне імя і прозвішча аўтара: І.​Луцэвіч — Янка Купала, Марка Бяздольны, Цімох Каруза; К.​Міцкевіч — Якуб Колас, Тарас Гушча, Тамаш Булава; А.​Луцкевіч — Антон Навіна; В.​Ластоўскі — Власт; М.​Раманоўскі — Кузьма Чорны; З.​Жылуновіч — Цішка Гартны, Сымон Друк, Янка Кліч; М.​Касянкоў — Міхась Зарэцкі; Я.​Скурко — Максім Танк; І.​Навуменка — Яўхім Цыбук і інш. Абагульняльныя П. — тыя, у якіх імя і прозвішча аўтара заменена на паказанне яго нацыянальнасці (Беларус — М.​Янчука і П.​Дземідовіча, Максім Беларус — М.​Гарэцкага, Litwin (г.зн. беларус) — А.​Рымшы; тэрытарыяльнай прыналежнасці (С.​Пятроўскага-Сітніяновіча — Сімяон Полацкі, К.​Міцкевіча — Мікалаевец, І.​Луцэвіча — Янук з-пад Мінска); сац. становішча (З.​Жылуновіча — Бэйгар, С.​Крыўца — Сярожа Пастушок) і інш. Калі да такіх П. дадаецца поўнае імя або ініцыял, яны набываюць форму сапраўдных П. (З.​Жылуновіча — Змітро Капылянін, Дз.​Бяспалага — Зм.Вялікаборац). Вельмі пашыраная форма П. — крыптанімы, якія ўтвараюцца з ініцыялаў імя або прозвішча, імя і прозвішча, часам імя, імя па бацьку і прозвішча, пачатковых літар П. аўтара (ІЛ., Я.К. — І.​Луцэвіч, М.Б. — М.​Багдановіч, Я.С. — Я.​Сіпакоў), з літар розных алфавітаў (A.D. — Ф.​Багушэвіч, *S — І.​Неслухоўскі), з розных скарачэнняў імя або прозвішча аўтара ці яго П. (К—а, К-А-А — І.​Луцэвіч, Б—ч — М.​Багдановіч), анаграм, змешвання літар і складоў імя і прозвішча (А.​Рэка — А.​Бабарэка). Своеасаблівая форма П. — псеўдаандронімы, г.зн. мужчынская форма П. для аўтара-жанчыны (Гаўрыла з Полацку — Алаіза Пашкевіч) і псеўдагінімы, жаночыя формы П., выкарыстаныя мужчынамі (Ганна Крум — К.​Міцкевіча, Ек.Февралёва — М.​Багдановіч, Ганна Аршыца — У.​Дубоўка, Ганна Галубянка — І.​Канчэўскі). Часам за П. хаваецца не адна асоба (Лукаш Бандылевіч — П.​Броўка і Я.​Скрыган; І.​Сібарсач — Я.​Сіпакоў, Р.​Барадулін, Б.​Сачанка; Я.​Лупаты — Я.​Брыль, М.​Лужанін, П.​Панчанка, М.​Танк). П. карыстаюцца акцёры (Юрка Куртаты — М.​Кудзелька, Г.​Глебаў — Г.​Сарокін, У.​Уладамірскі — У.​Малейка, В.​Галіна — В.​Александроўская, Л.​Рахленка — Л.​Г.​Рахлін і інш.), мастакі (Эль Лісіцкі — Л.​Лісіцкі, Ксёндз — А.​Ксяндзоў, Мара — А.​Марачкін, А.​Эроціч — А.​Тарановіч і інш.). Пераважная большасць П. не дае ніякіх звестак пра іх носьбітаў: прозвішчы (І.​Іваноў — А.​Пушкін), літары лац. алфавіта (N., г.зн. Nemo, — ніхто), таксама друкарскія абазначэнні — зорачкі (астронімы), знакі прыпынку, матэм. знакі, геам. фігуры (стыгмонімы). Паводле заканадаўства кожны аўтар мае права карыстацца П. Рэдакцыі газет і часопісаў абавязаны захоўваць таямніцу П.

Літ.:

Масанов Ю.И. В мире псевдонимов, анонимов и литературных подделок. М., 1963;

Дмитриев В.Г. Замаскированная литература. М., 1973;

Яго ж. Скрывшие свое имя: (Из истории анонимов и псевдонимов). 2 изд. М., 1977;

Яго ж. О псевдонимах и их классификации // Филол. науки. 1975. № 5;

Старущенко Г.П. Отечественные труды по библиографированию псевдонимов // Вопросы истории методики универсальной и отраслевой библиографии. Л., 1980;

Масанов И.Ф. Словарь псевдонимов русских писателей, ученых и общественных деятелей. Т. 1—4. М., 1956—60;

Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.). Мн., 1983;

Świerczyńska D. Polski pseudonim literacki. Warszawa, 1983;

Słownik pseudonimów pisarzy polskich. T. 1—4. Wrocław etc., 1994—96.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)