1) І. дзяржаўны — прынцып міжнар. права, паводле якога дзяржава не падлягае замежнай юрысдыкцыі: ні дзяржаве, ні яе органам не можа быць прад’яўлены іск у судзе замежнай дзяржавы.
2) І. консульскі — сукупнасць ільгот і прывілеяў, якія даюцца консульскай установе і яе супрацоўнікам. Аб’ём І. ўстанаўліваецца ўнур. заканадаўствам дзяржаў, а таксама міжнар. дагаворамі шматбаковымі (Венская канвенцыя 1963 аб консульскіх зносінах) або двухбаковымі консульскімі канвенцыямі і міжнар. звычаямі.
3) І. дыпламатычны — сукупнасць правоў і прывілеяў, якія даюцца дыпламат. прадстаўніцтвам замежных дзяржаў і іх супрацоўнікам: недатыкальнасць асобы, службовых памяшканняў, жылля і ўласнасці і інш. Аб’ём І. ўстаноўлены Венскай канвенцыяй 1961, інш.міжнар. дагаворамі і звычаямі і ўнутр. заканадаўствам дзяржаў.
4) І. службовых асоб дзяржавы заключаецца ў недатыкальнасці некат. іх катэгорый. Адрозніваюць І. парламенцкі, прэзідэнцкі і судзейскі. Недатыкальнасць гэтых асоб азначае забарону іх арышту і прыцягнення да суд. адказнасці пры пэўных абставінах без згоды на тое адпаведных кампетэнтных органаў. Дэпутат можа быць пазбаўлены недатыкальнасці палатай парламента, членам якой ён з’яўляецца; недатыкальнасць з прэзідэнта. як правіла, здымаецца толькі разам з адхіленнем яго ад пасады ў парадку асобай працэдуры, прадугледжанай канстытуцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНЫЯ СА́НКЦЫІ,
меры ўздзеяння, накіраваныя на частковае або поўнае спыненне (забарону) крэдытных узаемаадносін. Існуюць розныя віды К.с.: перавод на асаблівы рэжым крэдытавання, датэрміновае спагнанне выдадзеных пазык, спагнанне ў бясспрэчным парадку пратэрмінаваных плацяжоў, часовае спыненне крэдытавання. Ужываюцца часцей да дзяржавы (яго юрыд. або фіз. асоб) пры парушэнні ёй сваіх абавязацельстваў і норм міжнар. права, а часам і з мэтай парушэння яе эканам. развіцця і прымусу да выканання якіх-н. патрабаванняў, у т. л. і палітычных. Напр., Міжнар. валютны фонд уплывае на эканам. курс той ці інш.дзяржавы на аснове прадастаўлення крэдытаў (больш выгадных, чым камерцыйныя) у абмен на строга пэўны курс у правядзенні эканам. рэформаўтварэння. Паміж урадам і фондам падпісваецца дакумент («Пісьмо аб намерах»), у якім выразна выкладзены ўсе будучыя эканам. меры. Пад іх даюцца крэдыты, крэдытаванне вядзецца па частках і спыняецца, калі ўрад адхіліцца ад прынятага курсу рэформ. Такі падыход нельга лічыць дыскрымінацыйным, калі ён не ўшчамляе нац. інтарэсы краіны-пазычальніка і не мае на мэце паліт. інтарэсаў. Гл. таксама Крэдытная блакада, Крэдытная дыскрымінацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,
паняцце паліт. і прававой думкі, якое абазначае сукупнасць зыходных каштоўнасцей, прынцыпаў, правіл, правоў, абумоўленых натуральнай прыродай чалавека і незалежных ад канкрэтных сац. умоў і дзяржавы. Асобныя ідэі Н.п. зарадзіліся ў антычнасці (Платон, Арыстоцель, Цыцэрон і інш.). У той час Н.п. супрацьпастаўлялася законам і інш. устаноўкам канкрэтнай дзяржавы. Як цэласная і развітая сістэма поглядаў Н.п. склалася ў 17—18 ст. у ходзе барацьбы супраць саслоўных прывілеяў за раўнапраўе і свабоду ўсіх членаў грамадства. Прыхільнікамі канцэпцыі Н.п. былі Г.Гроцый, Ж.Ж.Русо, Ш.Мантэск’ё, Дж.Лок, Т.Гобс, Д.Дзідро, А.М.Радзішчаў, бел. мысліцелі-асветнікі Ф.Скарына, М.Літвін, А.Волан, А.Алізароўскі, І.Страйноўскі, М.Лавіцкі і інш. Гэту канцэпцыю звычайна выкарыстоўвалі ў якасці крытэрыя ацэнкі існуючага заканадаўства ў розных краінах, для вызначэння шляхоў яго ўдасканалення. Ідэі Н.п. знайшлі адлюстраванне ў амер.Дэкларацыі незалежнасці (1776), Канстытуцыі ЗША (1787); папраўках да яе, у франц Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна (1789) і ва Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948). Марксізм падыходзіў да гэтых правоў як да сацыяльна абумоўленых, класавых, а не прыроджаных катэгорый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́КТЫ АБ ПРАВА́Х ЧАЛАВЕ́КА,
2 міжнародныя дагаворы ў галіне абароны правоў чалавека, ухваленыя Генеральнай Асамблеяй ААН 16.12.1966.
Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах складаецца з 53 арт., многія з якіх паўтараюць Усеагульную дэкларацыю аб правах чалавека 1948. У дадатак да Дэкларацыі Пакт абвяшчае правы кожнага грамадзяніна прымаць удзел у вядзенні дзярж. спраў: права галасаваць і быць выбраным на выбарах, забеспячэнне свабоднага волевыяўлення выбаршчыкаў, права допуску на ўмовах роўнасці да дзярж. службы. Пакт аб сацыяльных і культурных правах мае 31 арт., з якіх большасць прысвечана нац. і этн. меншасцям. Устанаўляе права на працу і пералічвае меры, якія павінна прымаць дзяржава, каб забяспечыць справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы, абвяшчае правы чалавека на сац. забеспячэнне, адукацыю, удзел у прафсаюзах, правы на ахову сям’і, пэўны жыццёвы ўзровень, мед. дапамогу.
Гэтыя дагаворы звязваюць свабоду паводзін дзяржавы ў сферы нац. заканадаўства, аднак не вызначаюць, як дзяржава павінна выконваць свае абавязацельствы па ахове правоў чалавека. Такія з’явы, як генацыд, апартэід, расізм, не ўваходзяць ва ўнутр. кампетэнцыю дзяржавы і кваліфікуюцца як міжнародныя злачынствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСТВА,
рэлігійна-палітычны цэнтр каталіцызму, які ўзначальвае nana рымскі. Узнікла ў 5 ст. на базе Рым. епіскапства. У 756 атрымала ад караля франкаў Піпіна Кароткага землі вакол Рыма і папа стаў свецкім гасударам, уладальнікам Папскай вобласці і інш. тэрыторый. У сярэднія вякі П. вяло барацьбу за перавагу царк. улады над свецкай. У 14 ст. П. знаходзілася пад уладай франц. кароны; у 1309—1377 рэзідэнцыя пап знаходзілася ў франц.г. Авіньён. У канцы 15 — пач. 16 ст. антыфеад. рух, Рэфармацыя, утварэнне самастойных пратэстанцкіх цэркваў аслабілі ўплыў П. У 16 ст. П. ўзначаліла контррэфармацыю. У канцы 16 — пач. 17 ст. П. рабіла намаганні па распаўсюджванні каталіцызму на Беларусі, Украіне і ў Расіі (гл.Брэсцкая унія 1596). У 1870 у сувязі з уключэннем Рыма ў склад італьян.дзяржавы Папская вобласць была ліквідавана. Пазбаўлены свецкай улады папа абвясціў сябе «вязнем Ватыкана». Паводле Латэранскіх дагавораў 1929 папа зноў стаў свецкім правіцелем — кіраўніком дзяржавыВатыкан. П. і каталіцкая царква знаходзяцца ў дачыненні адно да аднаго, але не з’яўляюцца тоеснымі; у асобных краінах інтарэсы П. і царквы не заўсёды супадаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕША́ВА́Р,
горад на Пн Пакістана, на р. Бара (прыток р. Кабул), каля Хайберскага перавалу. Адм. цэнтр Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі. Каля 1 млн.ж. (1999). Важны трансп. пункт на шашы, якая вядзе ў Афганістан. Чыг. станцыя, аэрапорт. Гандлёвы цэнтр с.-г. раёна. Тэкст., металаапр., харч.прам-сць. Рамёствы. 2 ун-ты. Музей. Культ. цэнтр пуштунаў (афганцаў).
Засн. ў 1-м тыс. да н.э. пад назвай Пурушапура. З 1 ст.н.э. сталіца Кушанскай дзяржавы, важны цэнтр будыйскай культуры. На мяжы 5—6 ст. зруйнаваны эфталітамі. Да 16 ст. не меў вял. значэння. Пры Вялікіх Маголах важны гандл. і стратэгічны пункт, атрымаў назву П. У 1738—47 пад уладай іран. шаха Надзір-шаха Афшара. У 1747—1818 у складзе Дуранійскай дзяржавы. У 1818—23 сталіца Пешаварскага княства, пазней увайшоў у дзяржаву сікхаў. У 1849 захоплены брыт. войскамі, з 1901 адм. ц.Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі Брыт. Індыі. Жыхары П. ўдзельнічалі ў антыбрыт. паўстаннях (самае буйное ў 1930). У 1947—55 і пасля 1970 П. — адм. ц.Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі Пакістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДКА,
1) від дзейнасці, якую арганізуюць спец. органы дзяржавы з мэтай збору інфармацыі пра паліт., ваен., навук.-тэхн. і эканам. патэнцыял інш. дзяржаў; орган (інстытут, установа), што ажыццяўляе разведвальную дзейнасць. Р. падзяляецца на знешнюю, агентурную, тэхн., касм. і інш. (гл.Разведка ваенная, Разведка партызанская). У Рэспубліцы Беларусь Р. з’яўляецца састаўной ч. сістэмы забеспячэння бяспекі краіны; здабывае інфармацыю пра знешнія пагрозы нацыянальнай бяспецы і інш. звесткі, неабходныя для рэалізацыі інтарэсаў дзяржавы, абароны фіз. і юрыд. асоб, што знаходзяцца за мяжой, і інш. Структура, функцыі, паўнамоцтвы і кірункі дзейнасці Р. вызначаны законам «Аб органах дзяржаўнай бяспекі» (1997). Гл. таксама Контрразведка.
2) Абследаванне і вывучэнне чаго-н. са спецыяльнай мэтай, напр., Р. карысных выкапняў, Р. надвор’я і інш.
Літ.:
Очерки истории российской внешней разведки: В 6 т. Т. 1—4. М., 1997—99;
Тактическая разведка. М., 1968;
Симонян Р.Г., Гришин С.В. Разведка в бою. М., 1980;
Князев С.Н. Военная контрразведка на территории Беларуси в начале двадиатого века. Мн., 2000;
Яго ж. Военная контрразведка в Беларуси. Мн., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАПРА́ЎЕ ГРАМАДЗЯ́Н,
адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму і дэмакратыі, які азначае афіцыйна прызнаную роўнасць грамадзян перад дзяржавай, законам, судом. Р.г. — гэта роўнасць правоў, свабод і абавязкаў грамадзян адной дзяржавы незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства, адносін да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў і інш. Прынцып Р.г. устаноўлены ў эпоху бурж. рэвалюцый, змяніў саслоўныя адносіны ў феад. грамадстве. Канстытуцыйная дактрына сучасных дзяржаў прызнае магчымасць існавання некаторых адрозненняў у правах і абавязках грамадзян, якія маюць натуральны характар: напр., абавязак праходзіць ваен. службу ў большасці дзяржаў свету ўскладаецца толькі на грамадзян мужчынскага полу; асобыя канстытуц. правы з 2-й пал. 20 ст. сталі замацоўвацца за інвалідамі, дзецьмі, прадстаўнікамі нешматлікіх карэнных народаў і да т.п. У шэрагу дзяржаў прыроджаныя грамадзяне валодаюць больш шырокімі правамі, чым натуралізаваныя. Напр., у Беларусі, ЗША, Эстоніі, на Філіпінах прэзідэнтам дзяржавы можа быць толькі грамадзянін па нараджэнні; у Румыніі і Эстоніі натуралізаваныя грамадзяне, у адрозненне ад грамадзян па нараджэнні, могуць быць у шэрагу выпадкаў пазбаўлены грамадзянства. Р.г. замацавана ў раздз. II Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА (грэч. politika дзяржаўныя, грамадскія справы ад polis дзяржава),
арганізацыйная і рэгулятыўна-кантрольная сфера дзейнасці, звязаная з размеркаваннем і ажыццяўленнем улады, рэгуляваннем грамадскіх адносін. Тэрмін стаў пашыраным пад уплывам трактата Арыстоцеля «Палітыка». Як спецыфічны від дзейнасці ўзнікла разам з дзяржавай. Напачатку П. называлі дзейнасць дзяржавы ўнутры краіны і за яе межамі, узаемадзеянні паміж грамадскімі сіламі, імкненні розных сац. груп да заваявання, утрымання і выкарыстання ўлады, да захавання або разбурэння соцыуму. Сучасная П. мае мнагамерны характар і выступае ў 3 асн. аспектах: як сфера грамадскага жыцця; як найважнейшы від сац. актыўнасці грамадскіх суб’ектаў; як від грамадскіх адносін, узаемаадносін паміж асобамі, сац. групамі, класамі, нацыямі, дзяржавамі і інш. Вылучаюць П. ўнутраную (ахоплівае асн. кірункі дзейнасці дзяржавы, партый палітычных) і знешнюю (ахоплівае сферу адносін паміж дзяржавамі). Адпаведна спецыфіцы дзейнасці і праяўлення ў асн. падсістэмах сістэмы сучаснага грамадства адрозніваюць П. эканамічную — рэгуляванне адносін паміж людзьмі, сац. групамі, грамадствам і дзяржавай у эканам. сферы; сацыяльную — рэгуляванне адносін паміж грамадскімі суб’ектамі ў сац. сферы; П. ў сферы духоўнага жыцця, якая адлюстроўвае дзейнасць дзяржавы, сац. ін-таў, працоўных калектываў, канкрэтных асоб адносна функцыянавання і рэалізацыі ідэй, поглядаў, норм, прынцыпаў, ідэалаў, маральных каштоўнасцей. У вузкім сэнсе П. — дзейнасць вял.сац. груп па заваяванні, ахове і выкарыстанні ўлады. У залежнасці ад узроўню і для характарыстыкі вымярэнняў паліт. прасторы вылучаюць: мегапалітыку (звязана з паліт. дзейнасцю на ўзроўні найвышэйшых суб’ектаў — міжнар. аб’яднанняў і арг-цый, адносіны на глабальным узроўні, механізмы дзейнасці міжнар. соцыумаў); макрапалітыку (дзейнасць на ўзроўні базавых суб’ектаў паліт. жыцця — дзяржаў, нацый, класаў, сац. груп і інш., абмежаваных адм.-прававымі межамі публічнай улады); мікрапалітыку (узаемаадносіны асоб малых груп, унутраныя механізмы групавой дынамікі і індывід. паводзін). Суб’екты П. — канкрэтныя гіст. носьбіты прадметна-практычнай дзейнасці, накіраванай на рашэнне паліт. задач, у т. л. на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх інтарэсаў, на захаванне стабільнасці і цэласнасці соцыумаў, на эфектыўнае выкананне грамадскіх функцый (дзяржава, партыі, масавыя грамадска-паліт. рухі, паліт. лідэры, кіраўнікі партый і рухаў). Суб’екты П. з’яўляюцца носьбітамі канкрэтных паліт. каштоўнасцей, сярод якіх вылучаюць 3 асн. сістэмы: бяспека і незалежнасць дзяржавы; развіццё эканомікі і дабрабыту народа; свабоды і правы чалавека і канстытуцыйны парадак. У функцыі П. ўваходзяць распрацоўка мэт грамадскага развіцця, мабілізацыя рэсурсаў на іх рэалізацыю; спыненне і рэгуляванне грамадскіх канфліктаў; фарміраванне паліт. свядомасці грамадства і кампанентаў, якія яе складаюць; структураванне паліт. арг-цыі грамадства і інш. Навука пра П. — паліталогія.