хвароба, пры якой нераўнамерна павялічваецца прасвет вен з утварэннем выпучванняў у вобласці стончанай вянознай сценкі і вузлападобнай звілістасці іх. Праяўляецца функцыян. недастатковасцю клапанаў вен і парушэннем крывацёку. Найчасцей пашкоджвае вены ног, прамой кішкі (гл.Гемарой), семявы канацік (гл.Варыкацэле), падслізісты слой стрававода. Адрозніваюць першаснае (не звязанае з захворваннямі) і другаснае (пасля трамбозу, аплазіі і дысплазіі глыбокіх вен, цяжарнасці і інш.).
Першаснае варыкознае расшырэнне вен у 50% хворых развіваецца ў асоб 20—50-гадовага ўзросту (найчасцей у жанчын) ад прыроджанай непаўнацэннасці клапанаў вен, слабасці сценак вен, пры пашкоджанні іх нерв. апарату, таксіка-інфекц. фактары і інш. Прыкметы: нязначнае расшырэнне вен на галёнцы ці сцягне, хуткая стамляльнасць, боль у нагах, пачуццё цяжару, сверб і цяпло скуры, ацёкі. Ускладненні: тромбафлебіт, трафічныя язвы. Пры невялікім варыкозным расшырэнні вен на нагах рэкамендуюцца эластычныя панчохі і бінты, лек. прэпараты і фізіятэрапія, пры значным — хірург. лячэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗІ́ЛА (Аляксандр Цімафеевіч) (9.9.1888, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 1943?),
грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст. Вучыўся на вышэйшых курсах Лесгафта (у 1908 выключаны за ўдзел у рэв. руху), на курсах кааперацыі ў Петраградзе (1916—17). У 1912—13 друкаваўся ў газ. «Белорусский вестник» (літ.псеўд. Алек Дэ-Вазіліні, Аль-Вэ, Клім Злобіч, Праўдалюб, Антон Хатыня). У 1914 у г. Златауст выдаў зб. паэзіі «Хвілі» (канфіскаваны цэнзурай). У 1917—18 належаў да сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў, старшыня Быхаўскай пав. земскай управы. Уваходзіў у склад Бел.абл.к-та пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў. На Усебел. з’ездзе 1917 у Мінску выступіў супраць намераў абвясціць незалежную ад Расіі бел. дзяржаўнасць. У 1918 заг. агітацыйна-выдавецкага пададдзела Бел. аддзела Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн.вобласці, рэдактар час. «Чырвоны шлях». Пасля 1918 ад паліт. дзейнасці адышоў. Неаднаразова быў рэпрэсіраваны. Паводле некаторых звестак загінуў у палітізалятары г._Уладзімір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАВА,
вёска ў Беларусі, у Багданаўскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобласці. За 34 км на ПнЗ ад Валожына, 107 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Багданаў. 192 ж., 76 двароў (1995).
Вядома з 2-й пал. 16 ст. як маёнтак Багдана Сапегі. З 1653 уладанне Пацаў, Данілевічаў, Чаховічаў, Рушчыцаў. З 1795 у Рас. імперыі ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. Чаховічы залажылі ў вёсцы бат. сад з гадавальнікам баброў. У Багданаве нарадзіўся, пэўны час жыў і працаваў мастак Ф.Рушчыц. У канцы 19 ст. ў Багданаве касцёл, вадзяны млын, сукнавальня, піцейны дом. У пач. 20 ст. ў маёнтку 22 ж., у вёсцы 197. У 1905 за 3 км ад Багданава пачалося буд-вачыг. станцыі і пасёлка (цяпер пас.Багданаў). У 1921—39 у Польшчы, потым у БССР. У 1960—62 у Ашмянскім, у 1962—65 у Іўеўскім р-нах. Помнік архітэктуры — касцёл (1844).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЯРА́ЗВАЛЬНЫ ЛІША́Йапяразвальны герпес,
вострая інфекцыйная хвароба з пашкоджаннем нерв. сістэмы і скуры; узнікае ад віруса ветраной воспы. Бывае ў выглядзе спарадычных адзінкавых выпадкаў пераважна вясной і восенню ў дарослых (дзеці да 10 гадоў хварэюць рэдка). Прыкметы захворвання: ліхаманка, боль, пачуццё паколвання, свербу ў вобласці адчувальных нерваў (пераважна міжрэберных і трайчастага на твары). Потым узнікаюць ружовыя плямы (3—5 см і болей), на якіх праз 1—2 сут з’яўляюцца дробныя шматлікія пухіры. Праз 6—8 сут на месцы пухіроў утвараюцца скарыначкі, якія праз 3 тыдні адпадаюць, застаецца пігментацыя. Бываюць атыпічныя формы апяразвальнага лішаю: абартыўная (без высыпкі), генералізаваная (шматлікія пухіры на целе), булёзная (зліццё дробных пухіроў), гемарагічная (крывяністыя пухіры), гангрэнозная (найбольш цяжкая — на месцы пухіроў узнікае некроз тканкі, потым рубцы). У некаторых выпадках пры апяразвальным лішаі пашкоджваюцца нервы (напр., нервы твару), галаўны мозг і яго абалонкі — менінгаэнцэфаліт. Лячэнне: тэрапеўтычнае і фізіятэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАХНАІДЫ́Т (ад грэч. arachnē павук, павуціна + eidēs падобны + ...im),
запаленне мяккіх мазгавых абалонак (пераважна павуціннай) галаўнога або спіннога мозга чалавека. Узнікае як ускладненне інфекц. хвароб (грып, вострыя рэспіраторныя, пнеўманія, адзёр і інш.), ачагоў факальнай інфекцыі, пры інтаксікацыі, чэрапнамазгавых траўмах. Прыкметы арахнаідыту галаўнога мозга (цэрабральны арахнаідыт): галаўны боль з млоснасцю, ірвотай, галавакружэнне, сутаргі, зніжэнне памяці, хуткая стамляльнасць, вегетатыўныя расстройствы, аднабаковае зніжэнне слыху з парэзам мімічнай мускулатуры на тым жа баку, хутка прагрэсіруючае зніжэнне зроку (да слепаты); выяўляюцца лёгкія або сярэдне выражаныя ачаговыя прыкметы пашкоджання галаўнога мозга. Пры арахнаідыце спіннога мозга (спінальным арахнаідыце) пашкоджваюцца нерв. карэньчыкі, інш. раз рэчывы спіннога мозга. Узнікаюць апяразвальныя болі ў вобласці тулава, якія аддаюць у адну ці абедзве нагі, слабасць у нагах. Лячэнне ўключае санацыю ачагоў факальнай інфекцыі, процізапаленчыя, дэсенсібілізоўныя, рассысальныя, агульнаўмацавальныя, седатыўныя сродкі; пры паказаннях зніжаюць унутрычарапны ціск; у некаторых выпадках робяць хірург. аперацыі. Пры своечасовым лячэнні арахнаідыт праходзіць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАЛА́БАВА, Баркулабава,
вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пн ад Быхава, 37 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. раз’езда Баркалабава. Прыстань на Дняпры. 519 ж., 227 двароў (1995).
Назва паходзіць ад імя дзісенскага старосты Баркулаба Корсака, які ў 1564 заснаваў тут замак. Потым належала Саламярэцкім, Сапегам і інш. У 16—18 ст. мястэчка. У Баркалабаве створаны Баркулабаўскі летапіс. У 17—20 ст. каля Баркалабава існаваў Баркалабаўскі жаночы манастыр Ушэсця. У 1897 сяло Глухскай вол. Быхаўскага пав., 605 ж. З сак. 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі. У 1970 было 596 ж.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік архітэктуры — царква Казанскай Маці Божай (20 ст.). Каля вёскі стаянка ранняга мезаліту, гарадзішча і селішча ранняга жал. веку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1950 у Брэсце. Мае 11 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 872 м²), 63 тыс. экспанатаў асн. фонду (1995). Аддзелы: прыроды, гісторыі Брэстчыны, Вял.Айч. вайны, этнаграфічны. Сярод экспанатаў археал. і нумізматычныя калекцыі, зброя і даспехі воінаў 13—19 ст., рукапісныя і друкаваныя кнігі (трэбнік 1646, рукапісны «Апостал» 17 ст.), гербы і пячаткі стараж. Брэста, матэрыялы пра Брэсцкую арг-цыю РСДРП, пра арг-цыю КПЗБ і яе дзеячаў (В.З.Харужую, У.З.Царука і інш.), абарону Брэста і Брэсцкай крэпасці, партыз. і падп. рух на тэр.вобласці ў Вял.Айч. вайну, Герояў Сав. Саюза — землякоў, у т. л. С.І.Грыцаўца, П.І.Клімука і інш.; у аддзеле этнаграфіі муз. інструменты 18 ст., прылады працы і побыту сялян 19 ст.; у аддзеле прыроды экспанаты расліннага і жывёльнага свету Брэстчыны, агучаныя дыярамы «Белавежская пушча», «Палессе». Філіялы: Археалагічны музей «Бярэсце», Музей партызанскай славы, Камянецкая вежа, карцінная галерэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЕЎ (Мікалай Мікалаевіч) (9.7.1889, г. Льгоў Курскай вобласці — 16.7.1963),
рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім камерцыйным ін-це (1909—12), Маскоўскім і Харкаўскім ун-тах. Ранняя творчасць звязана з футурызмам (зб-кі «Зор», «Начная флейта», абодва 1914; «Летарэй», 1915). Пад уплывам падзей і творчага сяброўства з У.Маякоўскім яго паэзія набыла грамадз. гучанне (зб-кі «Бомба», 1921; «Стальны салавей», 1922; «Рада вятроў», 1923). З 1923 у літ. групе «Леф». У 1920—30-я г. выступаў як публіцыст (зб-кі «Час лепшых», «Маладыя вершы», «Масква-песня», «Высакагорныя вершы»). Паэмы «Будзённы» (1922), «Дваццаць шэсць» (1925), «Сямён Праскакаў» (1928) пра грамадз. вайну. У паэме «Маякоўскі пачынаецца» (1940, Дзярж. прэмія СССР 1941) спалучаны дзённікава-мемуарная і лірыка-публіцыст. плыні. Падзеі Вял.Айч. вайны — у зб-ках «Першы ўзвод» (1941), «Полымя перамогі» (1946); лірыка-філас. асэнсаванне гіст. лёсу 20 ст. — у кн. вершаў «Роздумы» (1955) і «Лад» (1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ПУКЛАЕ ЦЕ́ЛА,
геаметрычнае цела, якое змяшчае цалкам адрэзак, што злучае 2 любыя яго пункты; аб’яднанне выпуклай вобласці ў прасторы з яе мяжой. Напр., целы Архімеда, шар, куб, паўпрастора. Мяжа выпуклага цела ўтварае выпуклую паверхню (гл.Выпукласць і ўвагнутасць), праз кожны пункт якой праходзіць не менш як 1 апорная плоскасць, што мае агульны пункт (адрэзак або частку плоскасці) з мяжой, але не перасякае яе.
Выпуклае цела бывае 5 тыпаў: канечнае (мяжа — замкнёная выпуклая паверхня), бясконцае (адна бясконцая паверхня, напр., парабалоід), бясконцыя ў абодва бакі цыліндры (замкнёная выпуклая цыліндрычная паверхня, напр., бясконцы кругавы цыліндр), слаі паміж парамі паралельных плоскасцей, уся прастора. Асновы тэорыі выпуклага цела распрацавалі ў 19 ст.ням. матэматыкі Г.Брун і Г.Мінкоўскі; агульную тэорыю — сав. матэматыкі А.Д.Аляксандраў, А.В.Пагарэлаў і інш.Гл. таксама Мнагаграннік, Мноства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЗДЗІКО́ВЫЯ (Caryophyllaceae),
сямейства кветкавых двухдольных раслін з парадку гваздзікакветных (Caryophyllales). Каля 80 родаў і больш за 2000 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных і арыдных абласцях Паўн. паўшар’я, асабліва ў Міжземнамор’і і Ірана-Туранскай фларыстычнай вобласці. На Беларусі 25 родаў (найб. вядомыя вапнаўка, галадок, гваздзік, гладун, зорка, зоркаўка, куколь, мыльнік, пясчанка, светнік, свінакроп, смалёўка, смалянка, смолка, ясколка) і больш за 70 відаў. Некат. з іх занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах, палях, па берагах рэк.
Шмат- або аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты і кусты. Лісце простае, звычайна суцэльнае, супраціўнае, найчасцей без прылісткаў. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях, рэдка адзіночныя, двухполыя ці аднаполыя, 5-членныя, з двайным калякветнікам ці без пялёсткаў, апыляюцца насякомымі. Завязь верхняя. Плады розных тыпаў (звычайна каробачка, арэшка- ці ягадападобныя). Лек., тэхн., меданосныя, харч., кармавыя і каштоўныя дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя і пустазелле.