Сало́ны ’салёны’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Сцяшк., Ян., ТС, Мат. Гом.), сало́нны ’тс’ (Сл. ПЗБ, Нар. лекс., Скарбы); з дысіміляцыяй нндн сало́дны ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС). Агульнаславянскае; рус. со́лоный, укр. соло́ний, ст.-слав. сланъ, польск., в.-луж., н.-луж. słony, чэш., славац. slaný, серб.-харв. сла̑н, славен. slȃn, балг. слан. Прасл. *solnъ (Траўтман, 249; Фасмер, 3, 713 і наст., Махэк₂, 592; Брукнер, 506); утворана ад і.-е. кораня *sol‑ (гл. соль) з суф. *‑nъ, архаічны прыметнік; гл. Махэк₂, 592; Шустар-Шэўц, 2, 1306–1307; Борысь, 558. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 713 і наст. з літ-рай. Ад салоны ўтворана салане́ць ’прасольваць’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свірчэ́ць ‘утвараць гук са свістам пры палёце, руху і пад.’, свірча́ць ‘цвыркаць’ (Нас.), свыршя́ты ‘тс’ (драг., З нар. сл.), свыршы́ты (Клім.). Укр. цвірчати́, цві́ркати, рус. сверча́ть, дыял. сверша́ть, польск. ćwierczeć, ćwierkać ‘цвыркаць’, в.-луж. šwórknyć ‘муркаць, свісцець’, н.-луж. šwarcaś, šwarkaś ‘тс’, šwyrcaś ‘свісцець, гусці’, чэш. svrčeti, cvrčeti ‘цвыркаць’, славац. svrčať ‘тс’, серб.-харв. цвр́чати ‘шчабятаць’, славен. cvrčáti, cvŕkati, cvr̂kam ‘пранізліва крычаць, трашчаць, шчабятаць’, балг. цвърча́ ‘шчабятаць’. Ад гукапераймальнай асновы *svьrk‑/*cvьrk‑ з рознымі экспрэсіўнымі нарашчэннямі (Фасмер, 3, 574 і наст.; Борысь, 107). Роднасныя літ. švìrkštu, švìrkšti ‘гусці, свісцець, пішчаць’, švar̃kšti, švarkšciù ‘кракаць’, лат. svir̃kstêt ‘патрэскваць, свісцець’; гл. Праабражэнскі, 2, 258; Міклашыч, 305, 330; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1161. Параўн. цвыркаць, чыркаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слі́вень ‘род бязногай, падобнай на змяю яшчаркі’ (ТСБМ), ‘род злой, гавораць сляпой, змяі’ (Нас.), ‘мядзянка (змяя)’ (Байк. і Некр.), ‘род змяі’ (Касп.), сьлі́вень ‘слімень, медзяніца-гадзюка’ (Бяльк., Сцяшк.), слі́вянь, слі́вень ‘вераценніца, якую лічаць ядавітай змяёй’ (Сл. ПЗБ). Рус. зах. сли́вень ‘тс’, польск. дыял. śliwień ‘ядавітая змяя’. Паводле Фасмера (3, 670), табуістычнае пераўтварэнне з сле́пень (гл. сляпень, як другую назву вераценніцы, Сл. ПЗБ) пад уплывам сліва, таму што змяя мае свінцова-шэрую афарбоўку; мала верагодным ён лічыць запазычанне з літ. slibinas, slykỹnas ‘казачны злы змей’, як гэта мяркуе Карскі (РФВ, 49, 21); прыводзіцца сярод слоў, балтыйскае паходжанне якіх цяжка давесці (Лаўчутэ, Балтизмы, 148). Параўн. слімень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смо́ргаць ‘шморгаць’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), ‘абрываць са сцябла галоўкі ільну’ (Сцяшк.), ‘рваць лён; часаць лён на грэбень; шморгаць носам’ (Жд. 2), ‘часаць лён’ (Шатал., Нар. сл.), ‘часаць лён на грэбень’ (Касп.), ‘церабіць лён’, ‘рваць’, ‘шараваць’, ‘шморгаць (носам)’ (Сл. ПЗБ), смо́ргацца ‘прадзірацца ад носкі, трэння’ (Байк. і Некр.), смарге́ль — аддзеяслоўная часціца (Нас.), смэ́ргацца ‘смаркацца’ (Нар. словатв.). Няма падстаў разглядаць як балтызм, параўн. Лаўчутэ, Балтизмы, 72. Генетычна суадносіцца з укр. шмо́ргати ‘тузаць, торгаць’, рус. сморка́ться ‘ачышчаць нос’, польск. smarkać ‘тс’, чэш. smrkati ‘тс’, балг. смъркам ‘уцягваць паветра’ і інш., роднасным лат. smur̃gât ‘мазаць, пэцкаць’, літ. smùr̃gas ‘смаркачы’ і пад. (Анікін, Опыт, 283). Гл. шморгаць. Сюды ж смаржо́к ‘вузел (на нітцы)’ (Сл. Брэс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стасава́ць, стасава́цца ‘быць, знаходзіцца ў адпаведнасці з кім-небудзь, чым-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Сержп. Прык., Сл. ПЗБ), стосова́цца ‘адносіцца’ (ТС). Запазычанне з польск. stosować (się) у розных значэннях, якое з с.-в.-ням. stôʒen ‘удараць; прыстаўляць; распасціраць’ і г. д., ням. stossen ‘тс’; гл. Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 119 з літ-рай. Ст.-бел. стосоватися (XVI ст.), ‘складваць у стосы; прыстасоўваць’ з ст.-польск. stosować ‘тс’, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 93. Сюды ж стасу́нкі ‘адносіны’, дыял. стасу́нак ‘згода’, якія таксама паходзяць з польскай; параўн. stosunek ‘адносіны’, гл. Карскі 2–3, 36; Брукнер, 517; Борысь, 578; ЕСУМ, 5, 425.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыкро́ць ‘тры разы’, ‘тройчы’ (Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб.), ст.-бел. трикроть, трикротъ, трыкроть ‘тс’ (1514 г., ГСБМ). З польск. trzykroć ‘тс’, гл. тры і кроць. Сюды ж трыкро́тны ‘трохразовы’ (Нас., Байк. і Некр.) з польск. trzykrotny ‘тс’, ст.-бел. трикротный, трыкротный ‘тс’ (1558 г., ГСБМ), якія проціпастаўляюцца ст.-бел. трикратъ, трикраты, трикрать ‘тройчы’, запазычаным праз ц.-слав. са ст.-слав. три краты, што да кратъ ‘раз’; зыходнае ўсходнеславянскае слова мела б форму *коротъ, параўн. літ. kar̃tas ‘раз’, лат. kā̀rta ‘рад’ і пад., гл. Фасмер, 2, 368. Адносна генетычных і тыпалагічных сувязей другой часткі слова гл. Папоў, Из истории, 36; ЭССЯ, 11, 100; Борысь, 260.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трынь-трава́, сін. тынь-трава́ ‘глупства, нічога не вартая рэч або справа’ (Нас.). Сюды ж адносяць і трын-трава (гл.). Параўн. рус. варонеж. трынь‑трава́ ‘пра нягоднага, дрэннага чалавека’ (1848 г., СРНГ). Нягледзячы на шматлікія спробы этымалагізацыі, застаецца «цёмным» словазлучэннем, асабліва адносна першай часткі, гл. Фасмер, 4, 112. Пры ўліку адмоўнай характарыстыкі найбольш прымальнай застаецца сувязь з тры́на ‘сенная труха’ (гл.), параўн. укр. три́нити ‘пераўтвараць у труху’, г. зн. ‘перацёртая трава’, гл. Кошалеў, Език и литература, 1964, 4, 101–106. У рамках падобнага падыходу Арол (4, 111) збліжае архаізм трынь з літ. trũnys ‘гнілы, збуцвелы’ роднасным з *tryti ‘церці’ (Смачынскі, 692). Гл. і тынь-трава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́паць (ты́пъць) ‘ісці (пра маленькіх дзяцей)’ (мёрск., Нар. лекс.), ‘ісці, лёгка ступаючы (пра дзяцей, старых)’ (лаг., Стан.), сюды ж ты́птацца (тыптъцца) ‘хадзіць вельмі ціха’ (мёрск., Нар. лекс.), тыпты́сь ‘дрыжэць, трэсціся’ (драг., Жыв. НС). Параўн. укр. ти́пати ‘павольна ісці’, рус. ти́пать ‘хадзіць на дыбачках (на пальчыках)’, польск. cipać ‘ісці ціха, несупынна (пра дождж)’, н.-луж. typotaś ‘дробненька тупаць’, славен. típati ‘дакранацца, кранаць’, харв. tipati ‘тс’. Прасл. *tipati ‘ціха пастукваць, ціха ісці’, магчыма, анаматапеічнага паходжання, суадноснае з прасл. *tъpati ‘тупаць’, *te(p)ti ‘біць’, *tъpъtati ‘таптаць’ (Фасмер, 4, 60; ЕСУМ, 5, 570). Стой (Бязлай, 4, 182) параўноўвае з літ. tipénti ‘хадзіць на пальчыках, на дыбачках (у тым ліку пра дзяцей, якія вучацца хадзіць)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́шчыцца разм. ‘пралазіць, прабірацца з цяжкасцю; лезці куды-небудзь’ (ТСБМ, Шат.; лаг., Гіл.), ‘хавацца, залазіць у шчыліну, у дзірку; зашывацца’ (маладз., Янк. Мат., Варл.), ты́шчыць ‘соваць’ (Шат.), ‘рыць, успорваць зямлю’: svińnia tyščuć łoh (Варл.). Няясна. Мажліва, адзіны захаваны ў сучасных славянскіх мовах адпаведнік ст.-слав. тъщати сѧ ‘спяшацца, імкнуцца, старацца, сіліцца’, паколькі старое рус. тщи́ться ‘тс’, ст.-серб. таштати се ‘тс’ лічацца запазычаннямі праз царкоўнаславянскую мову (ESJSt, 17, 1007), як і ст.-бел. тщитися ‘старацца’, адзначанае выключна ў рэлігійных тэкстах (ГСБМ). Магчыма, што захаванню архаізма ў абмежаваным арэале садзейнічалі фармальна і семантычна блізкія літ. kýščioti ‘соваць, усоўваць, запіхваць’, зваротнае kìštis ‘умешвацца’ няяснага паходжання (Смачынскі, 292).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАГУШЭ́ВІЧ (Францішак Бенядзікт Казіміравіч) (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),

бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм. ф-т Пецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.​Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш. Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел. нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел. літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.​Карловіча і Э.​Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.

Тв.:

Творы. Мн., 1967;

Вершы. Мн., 1976;

Творы. Мн., 1991.

Літ.:

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;

Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;

Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;

Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;

Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;

Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.

С.​Х.​Александровіч.

Ф.К.Багушэвіч.

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)