БЛЯСК,

1) характарыстыка ўласцівасці паверхні, абумоўленая люстраным адбіццём святла. Колькасна вызначаецца суадносінамі паміж інтэнсіўнасцямі святла пры люстраным і дыфузным адбіцці.

2) Бляск нябеснага свяціла — характарыстыка асветленасці, якая ствараецца свяцілам на плоскасці, перпендыкулярнай прамяням, што на яе падаюць (уплыў атмасферы не ўлічваецца). Вымяраецца ў зорных велічынях.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЦЫНА́ЛЬНЫЯ ГРА́НІ (лац. vicinalis ад vicinus суседні, блізкі, падобны),

грані крышталёў, на якіх ёсць спадзістыя пірамідальныя ўзвышэнні (віцынальныя піраміды) або ямкі. Утвараюцца пры росце крышталёў у пункце выхаду вінтавой дыслакацыі. У розных крышталёў маюць розную форму, што дае магчымасць па іх вызначаць сіметрыю ў крышталяграфіі.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗААСПЕРМІ́Я (а... + заа... + грэч. sperma семя),

адсутнасць у сперме сперматазоідаў пры наяўнасці іх папярэдніх формаў (клетак сперматагенезу, прадуктаў сакрэцыі прастаты і семявых пузыркоў); адна з прычын бясплоддзя ў мужчын. Азааспермія могуць выклікаць прыроджаныя (генет.) парушэнні, таксічныя ўздзеянні радыеактыўных і хім. рэчываў, хваробы палавых органаў.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАСПАЛУЧЭ́ННЕ,

хімічная рэакцыя ўзаемадзеяння араматычных дыазазлучэнняў з азаскладальнымі, пераважна араматычнымі амінамі і феноламі. Працякае звычайна ў водным асяроддзі (pH 2 — 6 ці 6 — 11 для амінаў і фенолаў адпаведна) пры t 0—30 °C з утварэннем азазлучэнняў. Аазаспалучэнне — асноўны прамысловы спосаб вытв-сці азафарбавальнікаў.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААСПО́РА (ад аа... + спора),

спора некаторых ніжэйшых раслін (ааміцэтаў), што знаходзіцца ў спакоі. Утвараецца пры апладненні яйцаклеткі; мае значны запас пажыўных рэчываў і тоўстую шматслойную абалонку, якая ахоўвае ад неспрыяльных умоў (перасыханне вадаёма, холад і інш.). Пасля працяглага перыяду спакою прарастае зародкавым спарангіем або міцэліем.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АВЕРБО́Т»,

1) ступень закупленасці таварнага рынку. Пры залішняй закупленасці цэны дасягаюць вышэйшага ўзроўню і маюць тэндэнцыю да росту, пачынаецца продаж кантрактаў спекулянтамі.

2) Сітуацыя рэзкага росту цэн на які-небудзь тавар у выніку вял. аб’ёму куплі. Тэрмін «Авербот» часцей ужываецца ў адносінах да каштоўных папер.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПІРА́ЦЫЯ (ад лац. aspiratio удыханне) у медыцыне, 1) пранікненне ў дыхальныя шляхі іншародных целаў пры ўдыханні. Можа прывесці да запалення дыхальных шляхоў (ускладняецца нагнаеннем і гангрэнай), да смерці ад удушша.

2) Адсмоктванне шпрыцам або іншай прыладай вадкасці ці паветра з поласці цела, сустава, нацёкавага гнайніка.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЦЫ́Т (грэч. askitēs літар. ацёчны),

намнажэнне вадкасці ў брушной поласці. Прычынамі асцыту з’яўляюцца цыроз печані, застойная сардэчная недастатковасць, трамбоз або сцісканне ствала ці галін варотнай вены, а таксама агульны ацёчны сіндром пры хваробе нырак, аліментарная дыстрафія, пашкоджанне брушыны або грудной лімфатычнай пратокі. Гл. таксама Ацёк.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭСТА́Т (ад лац. attestari сведчыць),

1) дакумент аб заканчэнні сярэдняй навуч. установы.

2) Ва ўзброеных сілах краін СНД дакумент, які выдаецца вайскоўцу пры пераводах па службе, у час камандзіровак для атрымання розных відаў забеспячэння, а таксама члену яго сям’і на права атрымання часткі яго забеспячэння.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРЫ,

працэдура выбрання шляхам адкрытага або закрытага (тайнага) галасавання. Пры прамых выбарах выбаршчыкі непасрэдна выбіраюць кіраўніка дзяржавы або інш. службовых асоб. Ускоснымі (непрамымі) называюцца выбары, у працэсе якіх выбіраюцца прадстаўнікі (выбаршчыкі) для далейшага галасавання па выбарах кіраўніка дзяржавы, дэпутатаў і г.д. Гл. таксама Выбарчае права.

т. 4, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)