МАТО́РНАЕ МА́СЛА,

нафтавае ці сінт. змазачнае масла для рухавікоў унутр. згарання розных тыпаў.

Паводле прызначэння М.м. падзяляюць на дызельныя (для змазкі аўтатрактарных, транспартных, стацыянарных, цеплавозных і суднавых рухавікоў), карбюратарныя (для аўтамаб. рухавікоў) і авіяцыйныя, якія падзяляюць на групы паводле вязкасці (адна з асн. характарыстык М.м.) і інш. эксплуатацыйных уласцівасцей. Вырабляюць на аснове нафтавага масла ці сінтэтычнага масла з дабаўленнем ад 1 да 25% (па масе) прысадак (мыйных. процізносных, антыкаразійных. вязкасных і інш.). Выкарыстоўваюць таксама сумесь нафтавага масла з дабаўкамі сінт. кампанентаў.

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

адзін з класаў гідратэрмальных радовішчаў, якія ўтвараюцца ў постмагматычнай стадыі з гідратэрмальных раствораў пры т-ры 300—200 °C. У большасці выпадкаў размешчаны ў асадкавых і метамарфічных пародах, каля інтрузіўных масіваў, радзей залягаюць унутры іх. Утвараюць жылы, пласты і інш. Мінер. склад разнастайны, прадстаўлены руднымі мінераламі (золата, серабро, злучэнні жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю, кобальту, мыш’яку, волава, урану, малібдэну, вісмуту і інш.) і мінераламі неметалічных карысных выкапняў (хрызатыл-азбест, тальк, магнезіт, плавікавы шпат і інш.).

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НА,

у бел. цывільным праве дагавор, паводле якога кожны з бакоў абавязваецца перадаць ва ўласнасць другому боку адзін тавар у абмен на другі. Да такога віду дагавора дастасоўваюцца правілы аб куплі-продажу, калі гэта не супярэчыць сутнасці М. і цывільнаму заканадаўству. Пры гэтым кожны з бакоў прызнаецца прадаўцом тавару, які ён абавязваецца перадаць, і пакупніком тавару, які ён абавязваецца прыняць у абмен. Звычайна тавары, якія належаць абмену, мяркуюцца раўнацэннымі. У выпадку іх неадпаведнасці кампенсуецца розніца ў цэнах.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 10, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПРУ́ЖАНАСЦЬ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАГА ПО́ЛЯ,

вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе сілавое ўздзеянне поля на эл. зараджаныя часціцы і целы, што знаходзяцца ў ім. Вызначаецца адносінамі сілы F, якая дзейнічае з боку поля на ўнесены ў яго дадатны пробны зарад q0, да абс. значэння гэтага зараду: E = F0 / q0 . Зарад q0 павінен быць дастаткова малым, каб яго ўнясенне ў даследаванае поле не выклікала змен значэнняў і размеркавання ў прасторы зарадаў, якія стварылі дадзенае поле. Адзінка Н.э.п. ў СІвольт на метр.

т. 11, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТАЦЫЯНІ́ЗМ,

канцэпцыя ў біялогіі, якая разглядае эвалюцыю як скачкападобны працэс. Адбываецца ў выглядзе буйных адзінкавых спадчынных змен — макрамутацый або сальтацый. Яны ўзнікаюць у асобін зыходнага віду і адразу ўтвараюць новыя жыццёвыя формы, якія пры спрыяльных умовах асяроддзя з’яўляюцца родапачынальнікамі новых відаў. У якасці рухальнай сілы эвалюцыі ўсталёўвае ўнутраны адносна арганізма фактар — змены спадчыннасці і адмаўляе творчую ролю натуральнага адбору, які мае толькі значэнне фактару, што абмяжоўвае разнастайнасць жыццёвых форм ліквідацыяй нежыццяздольных варыянтаў. Заснавальнік М. — Г.Дэ Фрыз, які распрацаваў мутацыйную тэорыю эвалюцыі.

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАМЕ́Д РЭЗА́ ПЕХЛЕВІ́ (26.10.1919, Тэгеран — 27.7.1980),

шах Ірана [1941—79]. Стаў шахам пасля адрачэння ў вер. 1941 свайго бацькі Рэза-шаха Пехлеві. Выступіў супраць палітыкі прэм’ер-міністра М.Масадыка, быў вымушаны ў 1953 на кароткі час пакінуць Іран. Вярнуўся пасля ваен. перавароту 19.8.1953. У 1963 абвясціў шэраг рэформ (аграрную, адукацыйную і інш.), якія спрыялі хуткаму эканам. росту краіны ў 1960—70-я г. У 1975 увёў у Іране аднапарт. сістэму. Пад націскам Іранскай рэвалюцыі 1978—79 16.1.1979 пакінуў краіну. Пазбаўлены ўлады. Памёр у Егіпце.

т. 11, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ГВІНЕ́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША У Зах. Афрыцы. Цягнецца паралельна ўзбярэжжу Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал. ад вытокаў рэк Нігер, Сенегал, Гамбія на З да ніжняга цячэння Нігера на У. Складаецца з гор і пласкагор’яў, якія з’яўляюцца выступамі Афрыканскай платформы. Выш. ад 300—500 м на У да 500—1000 м на З (г. Бінтымані, 1948 м). Паўд. паветраныя схілы больш стромкія, моцна расчлянёныя шматлікімі рэкамі, укрытыя гал. ч. вільготнымі вечназялёнымі лясамі; на больш засушлівых паўн. схілах пераважаюць лістападныя саванныя лясы і высакатраўныя саванны.

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХУЧАКАЛАСНІ́К (Anthoxanthum),

род кветкавых раслін сям, метлюжковых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы (як заноснае — на ўсіх кантынентах). На Беларусі 1 від — П. духмяны, або пахучы каласок (Aodoratum). Трапляецца ў лясах, хмызняках, на лугах.

П. духмяны — шматгадовая травяністая расліна. выш. да 50 см. Утварае дзярнінкі. Сцёблы голыя, гладкія. Лісце лінейнае, голае або апушанае. Суквецце — зеленавата-бурая коласападобная мяцёлка. Плод — зярняўка. Расліна мае кумарыны, якія надаюць сену прыемны пах. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, харч. і парфумернай прам-сці.

Пахучакаласнік духмяны.

т. 12, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

абла́стыка

(ад а- + гр. blastos = парастак, зародак)

сукупнасць прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца ў час выдалення пухлін, каб перашкодзіць іх рэцыдывам і імплантацыі клетак у ране.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

алаполіплаіды́я

(ад ала- + поліплаідыя)

спадчынныя змены ў клетках раслін, радзей жывёл, якія заключаюцца ў кратным павелічэнні колькасці набораў храмасом пры міжвідавым або міжродавым скрыжаванні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)