са́мы, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.

1. Ужываецца пры ўказальных займенніках «той», «гэты» для іх удакладнення ў значэнні: якраз, менавіта. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў.. [Сяргею] крыху агледзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча. Колас. // Ужываецца пры асабовых займенніках, каб падкрэсліць, што гэта і ёсць тая асоба, пра якую ідзе гаворка. [Мужчына:] Гэта ж Гудовіч! [Жанчына:] Ён самы. Крапіва. [Маеўскі:] — Сяргей Фядотавіч?! [Прыборны:] — Ён самы. Шамякін.

2. Пры назоўніках са значэннем месца, прасторы або часу ўдакладняе прасторавую або часавую мяжу дзеяння. Па самыя гусеніцы зарыўся ў тваністы бераг перакулены танк. Лынькоў. У жнівеньскую поўнач, як і тады [даўно], гэтая зорка свеціць над самай тваёй галавой. Навуменка. Ужо на самым світанні прыляцелі падзяўбці насення шэрыя курапаткі. Ігнаценка. // У спалучэнні з назоўнікамі «рыба», «грыбы», «ягады» і пад. азначае: мноства. Цяпер самыя грыбы. □ — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць! — радзіць дзед. Лынькоў. // Пры назоўніках «час», «мера», «раз» і пад. азначае: іменна такі, які патрэбен, падыходзіць. Самая пара была ісці дамоў. М. Стральцоў.

3. З назоўнікамі месца і часу выражае гранічна высокую ступень праяўлення ў іх якой‑н. уласцівасці. Жыта канчала налівацца, нават на ўзгорках, далей ад лесу, на самым санцапёку месцамі ледзь-ледзь яно запалавела. Чорны. [Міхась:] — Арол! Ведае, чым узяць народ. За такім камандзірам кожны ў самае пекла пойдзе. Машара. // Пры назоўніках колькасці і меры абазначае крайнюю ступень колькасці. Самы мінімум. □ [Турсевіч і Лабановіч] лічылі, што ведаюць адзін аднаго да самых што ні ёсць маленькіх дробязей. Колас. // Пры назоўніках, якія абазначаюць крайнія межы ў часе або прасторы. Самы пачатак. Да самага канца. На самым версе. У самым нізе. □ Ладымер і ўсе ў нас ведаюць Костуся з самых малых дзён яго. Чорны. А мора падкідвае раз’юшаныя хвалі ў самае неба. Бядуля.

4. У спалучэнні з якаснымі прыметнікамі служыць для ўтварэння найвышэйшай ступені. Кузьма быў самы вясёлы на сяле чалавек і гарманіст адменны. Кавалёў. Самы большы той шчупак, што з кручка сарваўся. Прыказка. // У спалучэнні з якаснымі прыметнікамі выражае значэнне: звычайны, натуральны. Міхась нагнуўся і ўбачыў у густой траве... аўтамат. Самы сапраўдны баявы аўтамат... Якімовіч. // Разам з адноснымі прыметнікамі часавага і прасторавага значэння ўказваюць на грапічную мяжу прыметы. У самую апошнюю хвіліну. Самая крайняя хата. □ Мікуцева поле самае бліжэйшае ад калгаснага. Чорны.

5. Тое, што і сам (у 1, 2 знач.). Самы горад акружае прыгожае каменнае ўзбярэжжа, дзе заўсёды прагульваецца шмат вясёлых, шчаслівых людзей. Маўр. Яна рванула канверт гэтак, што парвала самы ліст. Чорны.

•••

Над самым вухам гл. вуха.

На самай справе гл. справа.

На тым самым месцы сесці гл. сесці.

Пад самым носам; перад самым носам гл. нос.

Папасці ў самую кропку гл. папасці.

Па самую завязку гл. завязка.

Самае малое гл. малы.

Самы раз; у самы раз гл. раз.

Самы той! (іран.) — азначае: не на таго напалі.

Самы час гл. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАЗАСУДО́ВЫЯ О́РГАНЫ,

дзяржаўныя органы ў СССР, надзеленыя ў неканстытуцыйным парадку правам ажыццяўлення рэпрэсіўных мер без прытрымлівання крымінальна-працэсуальных норм. 21.2.1918 СНК РСФСР даў Усерас. надзвычайнай камісіі (ВЧК) і яе органам права пазасудовага разгляду спраў за контррэв., службовыя і інш. агульнакрымінальныя злачынствы з вызначэннем меры пакарання аж да расстрэлу на месцы злачынства, 5.9.1918 — права знявольваць «класавых ворагаў» у месцы пазбаўлення волі, а асоб, якія ўдзельнічалі ў белагвардзейскіх арг-цыях, змовах і мяцяжах, — расстрэльваць. Пасля ліквідацыі ВЧК і ўтварэння 6.2 1922 Дзярж. паліт. ўпраўлення (ДПУ) пры НКУС РСФСР (гл. Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР) органы ДПУ былі пазбаўлены права пазасудовага разгляду спраў. Але 16.10.1922 паводле пастановы ВЦВК РСФСР ім зноў дадзена права «пазасудовай расправы аж да расстрэлу ў адносінах да ўсіх асоб, злоўленых з доказамі на месцы злачынства пры бандыцкіх налётах і ўзброеных грабяжах». Асобай камісіі НКУС па высылках дазвалялася высылаць і знявольваць у лагеры прымусовых работ дзеячаў антысав. паліт. партый і рэцыдывістаў. 28.3.1924 у сувязі са стварэннем Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) ЦВК СССР усклаў на Асобую нараду пры АДПУ вынясенне пастаноў пра адм. высылкі, ссылкі і зняволенні ў канцэнтрацыйны лагер. Адначасова ажыццяўляла пазасудовую дзейнасць і калегія АДПУ. Цыркулярамі АДПУ ад 29.10.1929 і 8.4.1931 у цэнтр. апараце створаны «тройкі» для папярэдняга разгляду закончаных следчых спраў і наступнага іх дакладу на суд. пасяджэннях калегіі ці Асобай нарады. 3.2.1930 Прэзідыум ЦВК СССР даў АДПУ права на час правядзення кампаніі па «ліквідацыі кулацтва» перадаваць свае паўнамоцтвы па пазасудовым разглядзе спраў паўнамоцным прадстаўнікам (ПП) АДПУ у рэспубліках, краях і абласцях. 10.7.1934 АДПУ скасавана і ўтворана НКУС СССР. Пры наркоме ўнутр. спраў створана Асобая нарада, якой давалася права выносіць прыгаворы пра зняволенне ў папраўча-працоўныя лагеры, ссылцы і высылцы да 5 гадоў ці высылцы па-за межы СССР асоб, якія «прызнаваліся грамадска небяспечнымі». У наступныя гады паўнамоцтвы Асобай нарады значна пашыраны. Паводле рашэння Дзярж. к-та абароны ад 17.11.1941 ёй дадзена права па справах «аб контррэвалюцыйных злачынствах і асабліва небяспечных дзеяннях супраць парадку кіравання СССР» вызначаць меру пакарання аж да расстрэлу. Асобая нарада існавала і пры МУС СССР. 27.5.1935 загадам НКУС СССР у НКУС рэспублік, упраўленнях НКУС па краях і абласцях арганізаваны «тройкі» НКУС, на якія пашыраліся правы Асобай нарады. «Тройкі» прымалі рашэнні пра высылку, ссылку ці зняволенне ў лагеры на тэрмін да 5 гадоў. У сувязі з правядзеннем масавых аперацый у адносінах да «былых кулакоў, членаў антысавецкіх партый, белагвардзейцаў, жандараў і чыноўнікаў царскай Расіі, бандытаў, рээмігрантаў, удзельнікаў антысавецкіх арганізацый, царкоўнікаў і сектантаў, крымінальнікаў-рэцыдывістаў» загадам НКУС СССР ад 30.7.1937 створаны рэсп., краявыя і абл. «тройкі» для разгляду спраў на названых асоб, якія па мерах пакарання разбіваліся на 2 катэгорыі: да 1-й адносіліся тыя, хто падлягаў расстрэлу, да 2-й — тыя, хто падлягаў зняволенню ў лагеры або турме на тэрмін ад 8 да 10 гадоў. У пасяджэннях Асобай нарады і «троек» прадугледжваўся абавязковы ўдзел пракурора. У адпаведнасці з загадамі НКУС ад 11.8 і 20.9.1937 спісы асоб, якія падлягалі рэпрэсіям палітычным, разглядаліся таксама «двойкамі» — наркомамі ўнутр. спраў рэспублік і начальнікамі УНКУС сумесна з адпаведнымі пракурорамі. Адначасова існаваў парадак разгляду спраў без выкліку абвінавачваемага і сведкаў у суд т.зв. «вышэйшай двойкай» у складзе Старшыні Вярх. суда і Пракурора СССР. Пастановы гэтага органа пры наяўнасці падстаў маглі адмяняцца і пераглядацца пленумам Вярх. суда СССР. З мэтай выканання пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 17.11.1938 «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» 26.11.1938 загадам НКУС СССР «тройкі» і «двойкі» пры НКУС скасаваны. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 1.9.1953 скасавана Асобая нарада пры МУС. У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 16.1.1989 «Аб дадатковых мерах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў», зацверджаным Вярх. Саветам СССР 31.7.1989, усе грамадзяне, за выключэннем здраднікаў Радзімы і карнікаў перыяду Вял. Айч. вайны, нацысцкіх злачынцаў, удзельнікаў бандфарміраванняў і іх памагатых, фальсіфікатараў крымінальных спраў, якія прыцягваліся да крымінальнай адказнасці П.о., былі рэабілітаваны, а згаданыя вышэй П.о. названы антыканстытуцыйнымі.

А.​А.​Тозік.

т. 11, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

о́ступ

1. У актах. Месца ловаў у пушчах і рэках, а таксама права карыстання ў чужых ловах (АЛМ, 1, ук. XVII).

2. Квартал лесу (Пруж.).

3. Ачэплены, запаведны лес пры лоўлі звера (Нас. АУ).

4. Участак пушчы, адведзены для палявання (Стол.).

в. Оступ Чэрв.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

пень

1. Частка спілаванага ці зламанага дрэва, якая засталася пры зямлі (БРС); месца, якое займае пень (БРС). Тое ж пні́шча, пе́нішча, пёнік (Слаўг.), пні́ва (Нас.).

2. Неабжытае месца; будучае поле і новае пасяленне, сяліба, звычайна на месцы лесу (Рэч., Слаўг.).

3. Калода, вулей пчол (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

азо́н

(гр. ozon = які пахне)

відазмяненне кіслароду, газ прыемнага паху, які ўтвараецца ў атмасферы пры электрычных разрадах у час навальніцы або пад дзеяннем ультрафіялетавых прамянёў (мае моцныя ачышчальныя ўласцівасці).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

віртуа́льны

(с.-лац. virtualis)

1) магчымы; такі, які можа або павінен праявіцца пры пэўных умовах (напр. вая тэмпература);

2) інф. які ствараецца сродкамі камп’ютэрнай графікі (напр. в-ыя гульні).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

дакумента́цыя

(ням. Dokumentation, ад лац. dicumentum = доказ, сведчанне)

1) сукупнасць дакументаў, прысвечаных якому-н. пытанню (напр. тэхнічная д.);

2) абгрунтаванне чаго-н. пры дапамозе дакументаў (напр. дакладная д. падзей).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

практыцы́зм

(ням. Praktizismus, ад гр. praktikos = дзейны, актыўны)

1) залішняе захапленне практычнай дзейнасцю пры недаацэнцы тэорыі;

2) дзелавы падыход да справы; уменне ўладкоўваць справы так, каб атрымаць асабістую выгаду.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

рэспу́бліка

(лац. respublica, ад res = справа + publicus = агульны, усенародны)

форма дзяржаўнага кіравання, пры якой вярхоўная ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін органам, а таксама краіна з такім дзяржаўным ладам.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

факто́рынг

(англ. factoring)

разнавіднасць пасрэдніцкай дзейнасці, пры якой кампанія-пасрэднік за пэўную плату атрымлівае ад прадпрыемства права сыскаць ад пакупнікоў і залічыць на свой рахунак належную яму суму грошай.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)