аддары́ць, ‑дару, ‑дорыш, ‑дорыць; зак., каму.

Зрабіць падарунак каму‑н. у адказ на атрыманы. // перан. Аддзякаваць, адплаціць чым‑н. за ласку, паслугу. — Возера, лес, зямля неблагая, ты толькі прылашчы гэтую зямлю — і яна табе аддарыць, — развёў Рудак рукамі, паказваючы на прасцяг, які адкрываўся за сялом. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмежава́цца, ‑мяжуюся, ‑мяжуешся, ‑мяжуецца; зак.

1. Аддзяліць мяжой свае ўладанні ад чужых.

2. Заняць адасобленае ад каго‑, чаго‑н. становішча; аддзяліцца. [Грушэўскі] паспрабаваў яшчэ раз-другі, кінуў гэты метад і адмежаваўся ад дзяўчат. Карпюк. // перан. Выказаць сваю нязгоду, поўнае разыходжанне з кім‑, чым‑н. Адмежавацца ад памылковых поглядаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце, ‑мятуць; пр. адмёў, ‑мяла, ‑мяло; заг. адмяці; зак., што.

Падмятаючы, адсунуць убок. Адмесці смецце з праходу. Адмесці снег ад ганка. // перан. Адхіліць, адкінуць што‑н. як непатрэбнае ці нерэальнае. Выступіла Маша. Яна смела адмяла ад Шароўкі ўсе лішнія абвінавачанні. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адстая́цца, ‑стаіцца; зак.

1. Пастаяўшы нейкі час, даць асадак, адстой (пра вадкасць). Семнаццаціметровая тоўшча вады адстаялася, утварыўшы тры слаі. М. Стральцоў.

2. перан. Набыць канчатковы ўстойлівы выгляд (пра думкі, погляды). Усё там [у маленстве] ясна, міла здалёк, адстаялася ў часе, выдатна вынашана, нават і ў сорак пяць гадоў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

арты́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Той, хто займаецца публічным выкананнем твораў мастацтва (акцёр, спявак, музыкант і г. д.). Оперны артыст. Артыст эстрады. Цыркавы артыст. Народны артыст рэспублікі.

2. перан. Разм. Той, хто валодае вялікім майстэрства ў якой‑н. галіне, таленавіта робіць што‑н. Артыст сваёй справы.

[Фр. artiste.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асты́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў халодным, прастыў. Мацей прынёс з-пад паветкі бярэмца дроў, пакідаў іх у рэдкі душок астылай печы. М. Стральцоў.

2. перан. Які стаў спакайнейшым. Не астылы ад уражанняў дня, Васіль Пятровіч зноў і зноў спрабаваў загаварыць з.. [Верай Антонаўнай] пра работу камісіі. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

афарбава́цца, ‑буецца; зак.

1. Пакрыцца або насыціцца фарбай, чым‑н. фарбуючым. Тканіна добра афарбавалася.

2. Набыць які‑н. колер. Неба раз’яснілася, афарбавалася ў зеленаваты халодны колер. Колас. Брыдка было ад нечага, калі ўвайшла [Макрына] у хату. Адразу афарбаваўся твар. Баранавых. // перан. Набыць якое‑н. значэнне, які‑н. сэнс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ацверазі́ць, ацверажу, ацвярэзіш, ацвярэзіць і ацвяро́зіць, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак., каго.

Прывесці ў цвярозы стан, зрабіць цвярозым. // перан. Вярнуць каму‑н. здольнасць цвяроза думаць, меркаваць аб чым‑н. [Пашкевічус:] — Але мая стрэльба .. ацверазіла [Парэчкуса], ды і Йонас з бацькам скруцілі яму рукі. Броўка. Восеньская паездка як бы ацвярозіла [Паходню]. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ачарсцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца чэрствым; падсохнуць. Ад ветру і сонца ачарсцвела шаша, запахлі лісцем дрэвы-прысады. Пташнікаў.

2. перан. Страціць чуласць, спагадлівасць; стаць бяздушным. Трэба дома бываць часцей, Трэба дома бываць не госцем, Каб душою не ачарсцвець. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

водападзе́л, ‑у, м.

Узвышша, якое падзяляе басейны некалькіх рэк. // перан. Аб мяжы паміж супрацьлеглымі, але цесна звязанымі паміж сабой з’явамі, падзеямі, суджэннямі. Так мог пісаць толькі сапраўдны рэвалюцыянер-дэмакрат, які рабіў выразны водападзел паміж афіцыяльнай Расіяй Мікалая Крывавага і Расіяй Пушкіна, Герцэна, Чарнышэўскага і Някрасава. Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)