старадаўні рускі зімовы сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў многіх абласцях Расіі, на Украіне, у Прыбалтыцы, Казахстане, Кыргызстане, а таксама ў Польшчы. На Беларусі раянаваны ва ўсіх зонах.
Дрэвы выш. 6—8 м, крона паўшарападобная. Плады масаю 80—140 г, розныя па форме, жаўтавата-зялёныя. Мякаць белая, сакаўная, вінна-салодкая з характэрным моцным пахам. Дрэвы зімаўстойлівыя, жывуць да 60—70 гадоў, непатрабавальныя да глебы. Пладаносяць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Плады выспяваюць у канцы верасня. Антонаўка ўстойлівая да хвароб, у дажджлівыя гады пашкоджваецца паршой. У культуры вядомы таксама антонаўка камянічка, антонаўка шасцісотграмовая і інш. (адрозніваюцца асобнымі марфалагічнымі прыкметамі, лёжкасцю пладоў і смакам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАКНО́ЗЫ [ад грэч. anthrax (anthrakos) вугаль, карбункул + ...оз(ы)],
хваробы раслін, якія выклікаюцца паразітнымі грыбамі з родаў глеяспорый, калетотрых і кабатыела. Найб. пашыраны ў зоне ўмеранага клімату, асабліва значна зніжаюць ураджай у вільготныя і цёплыя гады. Хварэюць на антракнозы гарбузовыя, бабовыя, цытрусавыя, вінаград, грэцкі арэх, жэньшэнь і інш. На Беларусі антракнозы найбольш шкодзіць лёну, бабовым культурам, агуркам, памідорам, чорным парэчкам і агрэсту.
На карэньчыках праросткаў і надземных ч. расліны ўтвараюцца язвачкі або плямы рознага колеру з цёмнымі, рэзка абмежаванымі краямі. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца вадой, насякомымі, ветрам. Меры барацьбы: дэзінфекцыя, апырскванне фунгіцыдамі, зяблевае ворыва, унясенне ўгнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАВА́ (раней Арэва),
вёска на Беларусі, у Круглянскім пасялковым Савеце Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. За 11 км на Пн ад Круглага. 73 ж., 41 двор (1995).
Узнікла не пазней як у 1-й трэці 16 ст. на землях Друцкага княства як маёнтак князёў Друцкіх-Горскіх. Упершыню згадваецца ў дакументах Метрыкі ВКЛ у 1541 і 1544. У Лівонскую вайну 1558—83 спалена рус. войскамі (1566). Пасля 1772 у Шклоўскім пав. Магілёўскай губ. У 1835 заснавана вінакурня, у канцы 19 ст. — кардонная мануфактура, млын, у пач. 20 ст. паселішча ў Круглянскай вол. Магілёўскага пав., складалася з маёнткаў Вялікая Арава і Малая Арава. У складзе калгаса «Свабода». Пач. школа, клуб, магазін. Каля вёскі курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРГАНІЗА́ЦЫЯ ТО́ТА»,
паўваенная спецыялізаваная арг-цыя ў фаш. Германіі ў 1938—45 (назва ад прозвішча яе заснавальніка — нацыста інжынера Ф.Тота). У 2-ю сусв. вайну займалася буд-вам і рамонтам шашэйных дарог, мастоў, аэрадромаў, умацаванняў і іншых ваен. аб’ектаў, у т. л. на акупіраванай Беларусі. Летам 1941 падраздзяленні «Арганізацыі Тота» рухаліся за наступаючымі ням. войскамі, аднаўлялі разбураныя камунікацыі, выкарыстоўваючы працу ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва. У 1943—44 арг-цыя ўдзельнічала ў стварэнні герм. стратэгічнага абарончага рубяжа — «Усходняга вала» па лініі р. Нарва—Пскоў—Віцебск—Орша—сярэдняе цячэнне р. Дняпро — рэкі Сож і Малочная. Падраздзяленні «Арганізацыі Тота» існавалі ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Слуцку і ў інш.нас. пунктах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫНА́ЦЫЯ (польск. ordynacja ад лац. ordinatio упарадкаванне),
1) у сярэдневяковай Польшчы збор прававых нормаў, якімі кіраваліся ўстановы, арг-цыі, суды.
2) Збор прававых нормаў, якія рэгулявалі спадчыннае права на нерухомую маёмасць пэўных магнацкіх родаў у Рэчы Паспалітай, а таксама адпаведнае зямельнае ўладанне. Асн. прынцыпы ардынацыі — непадзельнасць і неадчужальнасць зямельнага ўладання, якое пасля смерці ўладальніка (ардыната) пераходзіла да старэйшага нашчадка старэйшай мужчынскай лініі (жанчыны за нашчадкаў не лічыліся). Першыя ардынацыі (Нясвіжская і Клецкая на Беларусі, Алыцкая на Украіне) заснаваны Радзівіламі ў 1586, зацверджаны соймам у 1589. Уласныя ардынацыі стварылі магнаты Замойскія (зацверджана ў 1589), Мышкоўскія (1601), Астрожскія (1609), Сулкоўскія (18 ст.). Ардынацыі працягвалі існаваць у Рас. імперыі і Польск. рэспубліцы; скасаваны сеймам у 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКО́ЎШЧЫНА, Малая Даўгоўшчына,
возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Ушача, за 8 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 0,16 км², даўж. 760 м, найб.шыр. 300 м, найб.глыб. 21,8 м, даўж. берагавой лініі 2,3 км. Пл. вадазбору 11,4 км².
Схілы катлавіны выш. 20—30 м, на Пд і Пн не выражаны, на З абразійны ўступ выш. 2—3,5 м. Берагі нізкія, на ПнЗ і З сплавіна шыр. 5—10 м, усх. бераг пясчаны, паўд. забалочаны. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбакаводдзе выслана глеем. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. ад 10 да 250 м. Злучана ручаём з воз. Доўжына. Уваходзіць у курортную зону Ушачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.
У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЦЕ́НАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Капачоўскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Кашанка. Цэнтр калгаса. За 25 км на З ад Мсціслава, 92 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Ходасы. 365 ж., 141 двор (1995). Клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік драўлянага дойлідства (канец 19 — пач. 20 ст.) — царква.
Вядомы з пач. 18 ст. У 1816 было 166 ж., 33 двары, у 1897 — 408 ж., 57 двароў, у 1909 — 347 ж., 66 двароў, школа, карчма. Уваходзіла ў Доўгавіцкую вол. Чэрыкаўскага пав. У 1926 — 626 ж., 87 двароў. З ліп. 1941 да 29.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі У 1970 — 370 ж., 133 двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАЛЬЁНАК (Ягор Ягоравіч) (н. 19.9.1946, в. Труханавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1968). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Творы вызначаюцца тонкім лірызмам і глыбінёй пачуццяў, у іх вобразы роднай Віцебшчыны, гіст. мінулае Беларусі. Адметнасць яго жывапісных палотнаў у тонкай, празрыстай акварэльнасці. Асн. работы: «Цвіце стары сад» (1974), «Лета на Віцебшчыне» (1977), «Ажыны» (1980), «Дзяцінства светлы дзень» (1981), «Дзе сон-трава» (1986), «Адыходзіць дзень» (1988), «Бабіна лета» (1989), «Май», «Адвечная цішыня», «Раніца» (усе 1990), «Восеньскі світанак», «Напрадвесні», «Прысутнасць» (усе 1993), «Успамін», «Прыйшоў Ілля», «Сціш» (усе 1994), «Да спакою», «Марыва» (абодва 1995), нізка пастэляў «Родны край» (1993—94) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТО́РЫНА, Баторын,
возера ў Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас.р. Нарач, за 1,5 км на Пд ад г.п. Мядзел. Пл. 6,25 км², даўж. 3,5 км, найб.шыр. 2,4 км, найб.глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі 15 км. Пл. вадазбору 92,4 км².
Схілы катлавіны выш. 3—6 м, пераважна разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, асабліва заходні, які зліваецца з забалочанай поймай і пераходзіць у балота. Мелкаводдзе пясчана-глеістае. Асн. частка ложа выслана сапрапелямі магутнасцю да 8 м. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. ад 150 да 300 м. На ПдУ невял. ўчасткі сплавіны. Водапрыёмнік балотных водаў (упадаюць 10 меліярац. канаў); злучана пратокай з воз. Мястра. Месца адпачынку і турызму.