разнаногія, атрад беспазваночных жывёл кл. ракападобных. У сусв. фауне каля 4500 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных вадаёмах, некаторыя ў вільготнай глебе, падземных водах усяго свету. На Беларусі ў азёрах, рэках, крыніцах жывуць 5 відаў, з іх бакаплаў Паласа і понтапарэя занесены ў Чырв. кнігу.
Цела даўж. 0,3—28 см, сціснутае з бакоў, сегментаванае, бясколернае, жаўтаватае, зеленаватае, сіняе, чырвонае, стракатае. Ногі грудных сегментаў розныя (адсюль другая назва), ногі брушных сегментаў плавальныя і скакальныя. Раздзельнаполыя. Яйцы выношваюць у вывадковай камеры. Жывуць 1—6 гадоў. Усёедныя, ёсць драпежнікі. Корм для рыб, птушак, цюленяў, кітоў. Уваходзяць у склад крыля. Выкарыстоўваюцца ў аквакультуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКЛА́НЫ (Phalacrocoracidae),
птушкі сямейства бакланавых атр. весланогіх, 2 роды, 30 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках. Жывуць на марскіх узбярэжжах, астравах, вял.унутр. вадаёмах. На Беларусі вельмі рэдка трапляецца як залётны від баклан вялікі (Phalacrocorax carbo).
Даўж. 55—92 см, маса да 3 кг. Апярэнне дарослых чорнае. Крылы адносна кароткія, хвост доўгі, шорсткі. Пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Добра плаваюць і ныраюць на вял. глыбіню. Гняздуюцца калоніямі. Гнёзды будуюць на скалах, дрэвах, заломах чароту, на роўных берагах. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца рыбай і ракападобнымі. Шкодзяць рыбнай гаспадарцы. У некаторых раёнах Японіі і Кітая шмат стагоддзяў бакланаў выкарыстоўваюць для лоўлі рыбы. Некаторыя занесены ў Чырв. кнігі МСАП і б.СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАЛА́ЙКА,
народны муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны корпус (даўж. 600—700 мм) трохвугольнай формы (у 18—19 ст. і авальны), доўгі грыф з крыху адагнутай назад галоўкай, 3 струны. На грыфе 16—24 метал. лады. Настройка — пераважна мажорнае трохгучча (т.зв. гітарная), радзей — 2 струны ва унісон, 1 на кварту ніжэй вышэй (балалаечная). Гук даволі слабы, але звонкі. Балалайка вядома ў многіх слав. народаў з пач. 18 ст., у 1880-я г. ўдасканалена пад кіраўніцтвам В.Андрэева майстрамі Ф.Пасербскім і С.Налімавым; створана сям’я мадэрнізаваных балалаек — прыма, секунда, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца як сольны канцэртны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Пашырана і на ўсёй тэр.Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕТО́ПСІС (Boletopsis),
род базідыяльных грыбоўсям. балетопсідных. Вядомы 1 цыркумпалярны від — балетопсіс малалускаваты (Boletopsis subsquamosa). Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі як вельмі рэдкі адзначаны ў Бярэзінскім запаведніку і Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Расце на перагнойнай глебе ў хвойніках. Пладовыя целы з’яўляюцца ў вер.—кастрычніку. Малавядомы ядомы грыб.
Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. 5—10 см, паўшарападобная, мясістая, пазней плоскапукатая, у цэнтры злёгку ўціснутая, матавая, брудна-шэрая, пры дакрананні цёмна-бурая. Гіменафор трубчасты: трубачкі белыя ці шараватыя. Поры круглаватыя, з узростам вуглаватыя, іншы раз лабірынтападобныя, зубчастыя. Ножка цэнтральная або эксцэнтрычная, да асновы ўздутая. Тканка (трама) белая, пры націсканні і засыханні набывае колер. Споры вуглаватыя, бясколерныя або буравата-дымчатыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ЙСА,
возера ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 2,5 км на ПнУ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёраў. Пл. 1,39 км², даўж. 2,06 км, найб.шыр. 1,02 км, найб.глыб. 15,6 м, даўж. берагавой лініі 5,8 км. Пл. вадазбору 3 км².
Схілы катлавіны невысокія, спадзістыя, паўд.-ўсх. пад хмызняком, зах. і паўд.-зах. разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на У гліністыя, месцамі забалочаныя і парослыя хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, на З і У месцамі пясчана-галечнае. Найб. глыбокія часткі дна возера высланы крэменязёмістымі сапрапелямі. 3 невял. астравы. Зарастае да глыб. 5 м. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 100 м. Злучана пратокай з воз. Струста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРЭ́НКА (Андрэй Васілевіч) (н. 17.7.1955, г. Вільня),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1981, клас Дз.Смольскага). З 1985 выкладчык Гродзенскага муз. вучылішча, з 1992 маст. кіраўнік «Гродзенскай капэлы». Найб. дасягненні ў галіне опернай і духоўнай музыкі. Сярод твораў: опера «Князь Наваградскі» (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), кантата «Аповесць пра разбурэнне Разані Батыем» (1981), араторыя «Думкі рускія» (1985), харавыя канцэрты «Пахвала вялікаму князю Уладзіміру Святаслававічу» (1987), «Вячэрняя малітва» (1993); сімф. паэма «Антыфон» (1980); Музыка для габоя, аргана, струнных і ўдарных інструментаў (1984), сімфонія для струннага арк. (1986), Канцэрт-паэма для скрыпкі, віяланчэлі, фп. і камернага арк. (1988), 3 хары на вершы А.С.Пушкіна; Літургія Іаана Златавуста (1995), хары на кананічныя тэксты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАНА́С (Ananas),
род шматгадовых травяністых раслін сям. брамеліевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў трапічнай Амерыцы. Культывуюць ананас буйначубковы (A. comosus). Найбольшыя плантацыі на Гавайскіх і Філіпінскіх а-вах, у Малайзіі, Мексіцы, Бразіліі, на Кубе. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.
Лісце скурыстае, амаль лінейнае (даўж. да 90 см), па краях калючазубчастае, утварае прыкаранёвую разетку. Кветкі сабраны ў густое суквецце. Цвіце на 2—3-і год. Шышкападобнае залаціста-жоўтае суплоддзе складаецца з многіх ягад (пладоў), важыць 3—5, радзей каля 16 кг. Плады сакаўныя і духмяныя, багатыя цукрам, арган. солямі і вітамінамі, ядомыя. З лісця некаторых ананасаў атрымліваюць валакно. Размнажаюць вегетатыўна — атожылкамі або верхавінкавымі чаранкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА,
вялікі выканальніцкі калектыў, які складаецца з вакальнай, харэаграфічнай і аркестравай груп і аб’ядноўвае ў выступленнях розныя віды і жанры муз. і харэагр. мастацтва. Група нумароў часта ўтварае тэматычную вак.-харэагр. кампазіцыю, звычайна з элементамі тэатралізацыі. Вядзе гісторыю ад Ансамбля песні і танца Расійскай Арміі імя А.В.Аляксандрава (з 1928), набыў папулярнасць у многіх краінах («Мазоўша» і «Шлёнск» у Польшчы; «Слук» у Чэхіі; «Кола» ў Югаславіі і інш.). На Беларусі вядомы: Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі, Бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы (гл.Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь), Ансамбль песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, ансамбль «Белыя росы», шматлікія самадзейныя калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.
Існуе з 1938, да 1992 наз. Ансамбль песні і танца Бел.ваен. акругі. Арганізатар і першы маст. кіраўнік А.Усачоў. З 1949 базіруецца ў Мінску. У складзе ансамбля мужчынскі хор, танц. група і эстрадна-сімф. аркестр. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор У.Ермалаеў (з 1994), гал. хормайстар Б.Кір’янаў, сярод салістаў А.Кузняцоў, У.Яскевіч і інш.
У рэпертуары ваен.-патрыят. творы, рус. і зарубежная класіка, сучасная эстрадная музыка, бел., рус. і ўкр.нар. песні і танцы, творы бел. кампазітараў, вак.-харэагр. кампазіцыі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1978. Гастраліраваў у Францыі, Германіі, Польшчы і інш.
«Траецкая кадрыля» ў выкананні Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНО́ВІЧ (Уладзімір Баніфатавіч) (30.1.1834, с. Камсамольскае Вінніцкай вобл., Украіна — 21.3.1908),
украінскі гісторык, археолаг, этнограф, археограф; адзін з заснавальнікаў укр.нац. гістарыяграфіі. Праф. Кіеўскага ун-та (з 1878). У 1863—80 гал.рэд. Часовай камісіі для разбору стараж. актаў у Кіеве, з 1881 старшыня гіст.т-ва Нестара-летапісца. Апублікаваў шэраг мемуарных і эпісталярных крыніц, у т. л. «Дыярыуш» Ф.Еўлашоўскага, «Гістарычныя песні маларускага народа» (т. 1—2, 1874—75, з М.П.Драгаманавым). Працы па гісторыі Украіны, Беларусі і Літвы склалі зб. «Манаграфіі па гісторыі Заходняй і Паўднёва-Заходняй Расіі» (т. 1, 1885). Аўтар прац па археалогіі Украіны. Падкрэсліваў бяскласавасць і дэмакратызм укр. народа, ідэалізаваў казацтва.