Існавала ў 19 — пач. 20 ст. ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Належала Оштарпам, з 1874 — Гартынгам. У сядзібны комплекс у стылі класіцызму ўваходзілі палац, касцёл, гасп. пабудовы, парк.
Палац — 2-павярховы мураваны прамавугольны ў плане будынак (пабудаваны ў 19 ст. Л.Оштарпам). Гал. фасад быў аформлены 4-калонным порцікам з трохвугольным франтонам. Да тарцоў былі прыбудаваны 1-павярховыя прамавугольныя ў плане аранжарэі. Палац меў шмат жылых і парадных пакояў, б-ку на некалькі тысяч тамоў, архіў і інш. памяшканні. Была калекцыя твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (у т. л. карціны Ф.Смуглевіча, Я.Дамеля), існаваў аркестр. Каля палаца стаяў касцёл 18 ст. Зруйнаваны ў гады Вял.Айч. вайны. Захаваліся флігель, уязная брама, фрагменты пейзажнага парку.
Ю.А.Якімовіч.
Дукорская сядзіба. Палац. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛКО́ЎСКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (н. 20.5.1942, в. Судзілы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968). З 1966 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета (з 1996 Нац.акад.т-р оперы Беларусі). Сярод партый нац. рэпертуару: Сяргей («Алеся» Я.Цікоцкага), Нунцый («Джардана Бруна» С.Картэса), Раман («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Ціханаў («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера). У класічным рэпертуары вылучаюцца партыі драм. і лірыка-драм. плана: Пінкертон, Каварадосі («Чыо-чыо-сан», «Тоска» Дж.Пучыні), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Радамес, Дон Карлас («Аіда», «Дон Карлас» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Герман, Вадэмон («Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Самазванец («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.Барадзіна), Анатоль Курагін («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў (1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРЭ́НКА (Андрэй Маркавіч) (н. 2.1.1933, в. Версанка Крупскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фізік. Акад.АН Беларусі (1984, чл.-кар. 1972), д-р фізіка-матэм. н. (1972), праф. (1974). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1956). З 1959 у Ін-це фізікі, з 1970 нам. дырэктара ін-та і кіраўнік Магілёўскага аддз. Ін-та фізікі, у 1987—97 гал. вучоны сакратар Прэзідыума, адначасова з 1991 дырэктар Аддзела антычных аптычных праблем інфарматыкі АН Беларусі. Навук. працы ў галіне фіз. і інтэгральнай оптыкі, квантавай і аптычнай электронікі. Распрацаваў тэорыю дыэлектрычных хваляводаў і святлаводаў, тэорыю анізатропных рэзанатараў аптычных квантавых генератараў. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Гауссовы пучки света. Мн., 1977;
Основы теории оптических волноводов. Мн., 1983 (разам з В.А.Карпенкам).
Літ.:
А.М. Ганчарэнка // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-матэм. навук 1993. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Ц,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Ржаўка. На аўтадарозе Рагачоў—Буда-Кашалёў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдЗ ад г. Рагачоў, 85 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Жлобін. 1145 ж., 471 двор (1996).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 18 ст. У 1880 мястэчка, цэнтр воласці Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ.; 820 ж., 130 двароў, царква, нар. вучылішча, яўр. малітоўная школа, 3 крамы, 2 кірмашы ў год. Належаў Драбышэўскім, Дашкевічам, Судзілоўскім. З 1924 цэнтр Гарадзецкага раёна і сельсавета, з 1927 у Рагачоўскім р-не. Перад Вял. Айч вайной 1319 ж., 240 двароў. У снеж. 1943 ням.-фаш. акупанты часткова спалілі вёску і загубілі 181 жыхара. У 1970 — 1046 ж., 331 двор.
Сярэдняя і дапаможная школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкія магілы сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЦЭ́ВІЧ (Васіль Савіч) (19.4.1893, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.9.1985),
бел.драматург.Засл. настаўнік Беларусі (1947). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1913), Мінскі настаўніцкі (1918) і вышэйшы пед. (1933) ін-ты. Працаваў настаўнікам на Сенненшчыне (1913—15), у Дукорскай школе (1918—24, 1933—57), выкладаў бел. мову ў Магілёўскім педтэхнікуме (1924—29). Арганізатар і кіраўнік Магілёўскай філіі «Маладняк». Друкаваўся з 1923. Аўтар п’ес «Вяселле» (нап. на аснове бел. вясельнага абраду, паст. БДТ 1921), «Чырвоныя кветкі Беларусі» (апубл. 1923) пра подзвіг дукорскіх партызан у барацьбе супраць польскіх акупантаў, «Пад вішнёвымі садкамі» (1927) і «Песні нашых дзён» (1930, прысвечана калектывізацыі) і інш. Напісаў успаміны пра сустрэчы з М.Багдановічам у Яраслаўлі.
Тв.:
Чырвоныя кветкі Беларусі: П’есы. Мн., 1983;
у кн.: Шлях паэта. Мн., 1975.
Літ.:
Казека Я. Прызванне // Казека Я. Голас часу. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЧЭ́ЎСКІ (Мікіта Іванавіч) (1804, Магілёўская вобл. — 26.5.1879),
бел. вучоны-архівіст, краязнавец, мовазнавец і педагог. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію. Канд. філасофска-тэалагічных навук (1831). Выкладаў у Жыровіцкай духоўнай семінарыі, віленскіх дваранскім ін-це, школе рабінаў і гімназіі. З 1853 архіварыус Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў. Упарадкаваў і сістэматызаваў дакументы па гісторыі Беларусі і Літвы. Адзін са стваральнікаў і член (з 1864) Віленскай археаграфічнай камісіі. Вывучаў заканадаўства ВКЛ па архіўнай справе, судаводстве і справаводстве. Аўтар даследаванняў па археаграфіі і крыніцазнаўстве. Склаў «Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай...» (1872). Выдаў «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» (1874; растлумачыў каля 400 бел. і больш за 5 тыс. лац.-польск. юрыд. тэрмінаў 14—17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКУ́ША (Сямён Іванавіч) (каля 1739, в. Беразань, Гомельская вобл. — ?),
кіраўнік паўстанцкіх атрадаў на Украіне і Беларусі ў 1770—80-я г. З прыгонных сялян Мазырскага пав. З 9 гадоў жыў у Запарожскай Сечы. У складзе запарожскага войска ўдзельнічаў у рус.-тур. вайне 1768—74. У пач. 1770-х г. арганізаваў паўстанцкі атрад, на чале якога нападаў на панскія маёнткі на Украіне. У 1773 сасланы на катаргу, уцёк адтуль у 1776 і сабраў з запарожскай беднаты новы атрад. У 1778 пасаджаны ў турму, праз год уцёк, на чале атрада нападаў на панскія маёнткі на Украіне і Беларусі. У 1783 арыштаваны на Беларусі, але зноў уцёк і ўзначаліў атрад паўстанцаў. У лют. 1784 арыштаваны ў Ромнах і сасланы на вечную катаргу ў Херсон. Пра Гаркушу як абаронцу прыгнечаных складзена шмат нар. песень і апавяданняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РШЫН (Усевалад Міхайлавіч) (14.2.1855, маёнтак Прыятная Даліна, цяпер Данецкая вобл., Украіна — 5.4.1888),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Горным ін-це ў Пецярбургу. У 1877—78 добраахвотнікам удзельнічаў у рус.-турэцкай вайне. Друкавацца пачаў у 1876. Апавяданні «Чатыры дні», «Баязлівец», «З успамінаў радавога Іванова» перадаюць псіхал. стан чалавека, які спрабуе асэнсаваць вайну. У апавяданнях «Мастакі», «Attalea princes», «Чырвоная кветка» паказаў трагедыю асобы ў тагачасным грамадстве. Завастрэнне трагізму жыццёвых сітуацый спрыяла таму, што многія вобразы яго твораў набылі характар алегорый і вобразаў-сімвалаў. Пісаў таксама вершы, казкі, фантаст. навелы, нарысы, артыкулы пра жывапіс. Цяжкая нерв. хвароба прывяла Гаршына да самагубства. Яго творы на бел. мову перакладалі Ядвігін Ш., М.Лупсякоў, М.Клімковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНІСЕ́ВІЧ (Уладзімір Лук’янавіч) (н. 15.2.1936, в. Заполле Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Д-рс.-г.н. (1993), праф. (1996). Скончыў Гродзенскі с.-г.ін-т (1959). З 1973 у Бел.НДІ жывёлагадоўлі (адначасова з 1996 у Бел.с.-г. акадэміі). Навук. працы па расплоджванні і селекцыі с.-г. жывёлы, папуляцыйнай генетыцы і бялковым полімарфізме жывёл, гетэрозісе ў жывёлагадоўлі. Адзін з аўтараў бел. чорна-пярэстай пароды свіней.
Тв.:
Состояние гаптоглобинового (Нр) локуса и продуктивность свиней белорусской черно-пестрой породы // Материалы XVI-й международной конференции по группам крови и биохимическому полиморфизму животных. Т. 3. Л., 1979;
Направление племенной работы со свиньями белорусской чернопестрой породы (разам з Г.К.Валаховіч) // Государственная книга племенных свиней черно-пестрой породы. Мн., 1990. Т. 3;
Вкусовые качества мяса молодых свиней // Зоотехническая наука Беларуси: Сб. ст.Мн., 1996. Т. 32.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРУЖЫ́НСКІ (Авяр’ян Сафонавіч) (н. 10.6.1919, в. Хляўно Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Камуніст.ін-т журналістыкі ў Мінску (1941). Працаваў у прэсе, з 1949 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура», у 1981—84 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1939. Першы зб. вершаў «Песні маладосці» (1959). Піша пераважна для дзяцей: зб-кі «Цуды ёсць на свеце» (1960), «Дзе жыве зіма» (1962), «Кую-кую ножку» (1967), «Смешкі і пацешкі» (1968), «Чабарок» (1970), «Конікі-будаўнікі» (1977), «Касмічны агарод» (1981), «Працалюбы» (1987) і інш. Аўтар тэкстаў песень «Мінскі вальс», «Дзявочая лірычная», «Беларусь» і інш., песні «Мяцеліца» і «Сабірайся ў госці, мой дзядок» сталі народнымі.