КЛІМАТАЛО́ГІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,

галіна навукі, якая вывучае ўплыў клімату і надвор’я на арганізм чалавека і метады выкарыстання іх у лек. і прафілакт. мэтах; аснова клімататэрапіі і курарталогіі. Вывучае фіз. і хім. паходжанне гідраметэаралагічных і ландшафтных раздражняльнікаў, характар і механізмы фізіял. і паталаг. працэсаў у арганізме чалавека ў розных кліматах, геагр. пашырэнне хвароб (гл. Геаграфія медыцынская).

Першыя звесткі па К.м. у працах Гіпакрата, Галена. Навук. асновы заклалі Парацэльс, англ. вучоны Т.​Сідэнхем. У сярэдзіне 19 ст. выдадзены спец. працы па К.м. (франц. вучоны Г.​Ламбар і інш.). У Расіі ў 1893 А.​І.​Ваейкаў абагульніў тагачасныя дасягненні па К.м. у працы «Даследаванне кліматаў з мэтамі кліматычнага лячэння і гігіены».

На Беларусі даследаванні па К.м. пачаў А.​Меер у 2-й пал. 18 ст. Мінскае т-ва ўрачоў у пач. 20 ст. даследавала стан насельніцтва Беларусі ў залежнасці ад пражывання ў розных прыродных, у т. л. кліматычных, умовах. Навук. даследаванні па К.м. вядуцца ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Мін-ва аховы здароўя Беларусі і інш. Вывучаюцца кліматычныя і прыродныя фактары, механізмы ўздзеяння іх на жыццёвую ёмістасць лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай сістэмы, сілу і рухомасць нерв. працэсаў, тэрмарэгуляцыйныя механізмы, скуру і г.д.

т. 8, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАЛАГІ́ЧНАЯ АНАТО́МІЯ,

раздзел паталогіі, які вывучае марфалагічныя асновы паталагічных працэсаў і хвароб на розных узроўнях (ад арганізмавага да малекулярнага). Падзяляецца на агульную (вывучае агульнапаталаг. працэсы) і асобную (даследуе асобныя хваробы). Аб’екты даследавання: трупы, біяпсіраваныя тканкі, тканкавыя культуры, эксперым. жывёлы. Метады даследавання: аўтапсія (ускрыццё трупа), біяпсія (прыжыццёвае мікраскапічнае даследаванне), эксперымент (стварэнне мадэляў паталаг. працэсу ці хваробы).

П.а. пачала фарміравацца ў сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік — італьян. ўрач Дж.​Марганьі. У 19 — пач. 20 ст. развіццю П.а. садзейнічалі працы М.​Біша і Ж.​Крувелье ў Францыі, К.​Ракітанскага ў Аўстрыі, А.​І.​Палуніна, М.​Н.​Нікіфарава, А.​І.​Абрыкосава ў Расіі.

На Беларусі развіццю спрыялі заснаванне кафедры П.а. ў Мінскім мед. ін-це (1923), працы І.​Т.​Цітова і Ю.​В.​Гулькевіча. Навук. даследаванні вядуцца ў мед. ін-тах Мінска, Гродна, Віцебска па пытаннях марфалогіі пухлін шчытападобнай залозы, павольных нейраінфекцый, захворванняў падстраўнікавай залозы. Вядучыя бел. спецыялісты — Г.​І.​Краўцова, М.​К.​Недзьведзь, Я.​Д.​Чарствой, Ю.​Р.​Бойка, Н.​Ф.​Сяляева, Ю.​В.​Крылоў.

Літ.:

Патологическая анатомия и физиология. Мн., 1997;

Струков А.И., Серов В.В. Патологическая анатомия. 3 изд М., 1993.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫРАНО́ГІЯ, махрыстакрылыя,

трыпсы (Physopoda, або Thysanoptera),

атрад насякомых. 2 падатр.: яйцакладныя (Terebrantina) і трубкахвостыя (Tubulifera). Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць на травяністых і дрэвавых раслінах, імхах, лішайніках, у глебе. Большасць П. шкодзяць с.-г., дэкар. і лясным раслінам, пераносяць узбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. На Беларусі найб. трапляюцца трыпсы: аржаны (Limothrips denticornis), бабовы (Odonthothrips intermedius), люцэрнавы (0. phaleratus), канюшынны (Haplothrips niger), лісцевы (H. subtilissimus), пшанічны (H. tritici), ільняны (Thrips linarins), тытунёвы (T. tabaci).

Даўж. да 5 мм (у тропіках да 14 мм). Афарбоўка дарослых разнастайная, лічынак — ярка-чырв. або ружаватая. Цела ўкрыта дробнымі шчацінкамі. Вусікі 6—10-членікавыя. Ротавы апарат асім., колюча-сысучы. Ногі з 1—2-членікавымі лапкамі, паміж кіпцюркамі лапак пузырападобныя прысоскі (адсюль назва). Большасць П. маюць 2 пары крылаў з махрамі па краі з доўгіх раснічак (адсюль другая назва). Пярэднягрудзі рухома злучаны з галавой і сярэднегрудзямі. Брушка з 11 сегментаў. Кормяцца сокамі раслін, ёсць драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Лічынкі маюць 4—5 узростаў, не кормяцца, мала- або нерухомыя. За год да 10 пакаленняў.

С.​Л.​Максімава, М.​М.​Трухан.

Да арт. Пузыраногія. Трыпсы: 1 — тытунёвы; 2 — пшанічны.

т. 13, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЯПНІ́ (Tabanidae),

сямейства насякомых падатр. прамашыўных караткавусых атр. двухкрылых. Больш за 3,5 тыс. відаў. Пашыраны амаль паўсюдна, найб. трапляюцца ў лясной, стэпавай і пустыннай зонах у вільготных мясцінах. Найб. актыўныя ў цёплыя сонечныя дні. Могуць быць пераносчыкамі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб. На Беларусі 50 відаў з 8 родаў; найб. трапляюцца 2. з роду Tabanus (С. бычыны — T. bovinus, С. летні — T. schineri, С. шэры — T. bronius), а таксама дажджоўкі (Haematopota, або Chrysozona), залатавочкі (Chrysops), хібамітры (Hybomitra) і інш.

Даўж. да 3 см. Цела ўкрыта кароткімі валаскамі, крылы шырокія, моцныя. Лапкі ног з 3 прысоскамі. Брушка шырокае, пляскатае. Вусікі 3-членікавыя. Ротавыя органы ў самак колюча-сысучыя, лёгка праколваюць скуру пазваночных; у самцоў ліжучыя. Самкі пераважна крывасмокі капытных жывёл і чалавека. Самцы кормяцца сокамі раслін і інш. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі жывуць у вадзе, муле, вільготнай глебе, гніючых рэштках раслін. Драпежныя, некат. дэтрытафагі.

Літ.:

Мяло И.И. Слепни и защита скота от них. Мн., 1968;

Олсуфьев Н.Г. Слепни // Фауна СССР. Л., 1977. Т. 7, вып. 2;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

С.​Л.​Максімава.

Сляпні: 1 — бычыны; 2 — дажджоўка звычайная; 3 — стракач лясны; 4 — стракач звычайны.

т. 15, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКА́ДАВЫЯ (Cicadinea, або Auchenorrhyncha),

падатрад насякомых атр. раўнакрылых. 17 тыс. відаў. Асн. сям.: сапр. цыкадкі (Jassidae, ці Cicadellidae); гарбаткі, або бадушкі (Membracidae); сапр., або пеўчыя Ц. (Cicadidae); пенніцы, або слінявіцы; ліхтарніцы, або святланоскі, ці насаткі (Fulgoridae). Пашыраны пераважна ў тропіках. Жывуць на травяністай расліннасці, у глебе. На Беларусі каля 100 відаў з сям. гарбатак, пенніц і цыкадак.

Даўж. ад 2 мм да 6,5 см. Крылы ў размаху да 18,5 см. Цела зеленаватае, бурае, радзей чорнае або плямістае. Для Ц. характэрна нерухомае сучляненне галавы з грудзямі. 2—3 простыя вочкі паміж вял. складанымі вачыма, колюча-сысучыя ротавыя органы. Вусікі кароткія, тоўстыя, 3-членікавыя. Пярэднія крылы перапончатыя або хіцінізаваныя з папярочным і падоўжным жылкаваннем. Пярэднія і сярэднія ногі хадзільныя, заднія найчасцей скакальныя. Лапкі 3-членікавыя. Многія віды маюць гукавы апарат. Яйцы адкладваюць звычайна ў сцёблы раслін. Лічынкі праходзяць у развіцці 5 узростаў. Кормяцца сокамі раслін. Некаторыя — шкоднікі с.-г. раслін, ёсць пераносчыкі вірусных і інш. хвароб.

С.​Л.​Максімава.

Да арт. Цыкадавыя: 1 — цыкада дубовая; 2 — гарбатка, ці бадушка рагатая; 3 — цыкадка збожжавая; 4 — цыкадка царственная; 5 — ліхтарніца сурынамская; 6 — німфаргерыус Грыгор’ева.

т. 17, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАЛАГІЧНАЯ ФІЗІЯЛОГІЯ

Даследаванні ў галіне паталагічнай фізіялогіі на Беларусі вядуцца з 1928 з адкрыццём адпаведнай кафедры на мед. факультэце БДУ, якую арганізаваў М.​В.​Колпікаў. У 1958—75 кафедру ўзначальваў А.​Ю.​Бранавіцкі, пад кіраўніцтвам якога распрацоўваліся формы і механізмы ўзаемазвязаных тэндэнцый хваробы — паталагічныя і кампенсаторныя рэакцыі, пытанні канцэрагенезу, а таксама пытанні ішэміі і вянознай гіперэміі нырак, парушэнні кровазвароту ў печані і інш. органах брушной поласці. Распрацаваны метады пералівання крыві: унутрыартэрыяльны (Ф.​А.​Андрэеў, Р.​В.​Савасценка), падскурны (Я.​А.​Шавялько, Ф.​А.​Яхімовіч). Удасканалены паталагічная фізіялогія язвавай (Г.​А.​Мядзведзева) і прамянёвай (Л.​Ф.​Супрон) хвароб, паказаны ўплыў рыбануклеінавай кіслаты і гістонаў на пухліны (Бранавіцкі) і інш. Навук. даследаванні ў галіне паталагічнай фізіялогіі вядуцца ў мед. ун-тах Мінска, Гродна, Віцебска, дзе вывучаюцца пытанні росту пухлін, ліхаманкі, тэрмарэгуляцыі, нырачнай паталогіі, рэгуляцыі сардэчнай дзейнасці і сасудзістага тонусу, уплыву кровазаменнікаў на рэактыўнасць і ўстойлівасць арганізма і інш. Вядучыя спецыялісты ў галіне паталагічнай фізіялогіі Я.​Д.​Буглоў, Ф.​І.​Вісмант, А.​А.​Крыўчык, А.​В.​Лявонава, Дз.​А.​Маслакоў, Ю.​Я.​Радзівонаў, У.​І.​Шабека.

Літ.:

Патологическая анатомия и физиология. Мн., 1997.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 18, кн. 2, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУШЭРСТВА І ГІНЕКАЛОГІЯ

Навук. акушэрства і гінекалогія на Беларусі пачалі развівацца з часу заснавання Гродзенскай мед. акадэміі (1775—81). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі акушэрства і гінекалогія набылі рысы дзярж. мед. сістэмы. У 2-й пал. 18—19 ст. ступень доктара медыцыны па акушэрстве і гінекалогіі мелі бел. ўрачы М.​Гарадзецкі, К.​Гарэльчанка, В.​Грабавецкі, Б.​А.​Кадыгробаў, І.​П.​Надпарожскі, С.​Прабароўскі, А.​А.​Сіцынскі. Д-р медыцыны К.​І.​Стржалка (Слуцк) распрацаваў аперацыю эмбрыяспандылатаміі (1863), С.​К.​Свянціцкі (Мінск) рабіў пластычныя аперацыі пры пузырна-пахвінных свішчах (1883). Сістэматычныя даследаванні і падрыхтоўка практычных кадраў па акушэрстве і гінекалогіі праводзяцца з часу заснавання ў 1923 мед. факультэта БДУ (першы заг. кафедры М.​Л.​Выдрын). У 1931 заснаваны Бел. НДІ аховы мацярынства і дзяцінства (дырэктары Г.​А.​Калюжын, А.​К.​Усціновіч, Г.​А.​Шышко), у 1932 — Бел. мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі, у 1934 — Віцебскі мед. інстытут (першы заг. кафедры Г.​Я.​Гофман). З 1958 пытанні акушэрства і гінекалогіі даследуюцца ў Гродзенскім, з 1990 — і ў Гомельскім мед. універсітэтах.

У 1920—40-я г. бел. вучоныя распрацоўвалі пытанні арганізацыі акушэрска-гінекалагічнай дапамогі, прапанавалі і ўкаранілі ў практыку спосабы догляду пупавіннага астатку нованароджаных (Выдрын, І.​М.​Старавойтаў), назапашвання, кансервавання, фракцыйнага пералівання плацэнтарнай крыві (Л.​І.​Кантаровіч, Л.​І.​Рахманчык), кольпацыталогіі ў акушэрстве і гінекалогіі (Г.​Л.​Дазорцава), распрацавалі і палепшылі методыкі шэрагу гінекалагічных аперацый (Я.​У.​Клумаў). Навук. працы 1945—60 прысвечаны пераважна вядзенню ўскладненых родаў, папярэджанню мёртванароджанасці і мацярынскай смяротнасці, прафілактыцы і лячэнню крывацёку пры родах, вывучэнню пасляродавых септычных хвароб. Бел. акушэры-гінеколагі абгрунтавалі і ўкаранілі ў практыку спосабы ажыўлення ўяўнапамерлых нованароджаных (І.​С.​Лягенчанка, Л.​С.​Персіянінаў), распрацавалі метад прафілактыкі і лячэння тэрмінальнага стану парадзіх уліваннем крыві ўнутр. артэрый, пытанні этыялогіі, патагенезу разрываў маткі, таксікозаў цяжарнасці і іх патагенетычнай тэрапіі з ужываннем аміназіну (В.​Ц.​Камінская, Персіянінаў). Прапанавалі і ўкаранілі ў практыку спосаб прафілактыкі бленарэі нованароджаных, распрацавалі прафілактыку кровазліцця ў мозг нованароджаных, лячэнне перадракавага стану шыйкі маткі, вядзенне родаў пры вузкім тазе (Гофман, М.​Ф.​Лызікаў). Удакладнены прычыны позняй асфіксіі плода, узроставай марфалогіі і інервацыі мяккай мазгавой абалонкі, лячэнне дысфункцыянальнага матачнага крывацёку (Лягенчанка, П.​М.​Сяржанін).

З 1960-х г. бел. акушэры-гінеколагі даследавалі праблемы антэнатальнай аховы плода, прафілактыкі перынатальнай паталогіі. Вывучалі прыроджаныя заганы развіцця, інфіцыраваныя выкідышы, невыношванне цяжарнасці пры сардэчна-сасудзістых хваробах і таксікозах, дыягностыку і лячэнне злаякасных пухлін; распрацоўвалі мерапрыемствы па зніжэнні захворванняў жанчын на прамысл. прадпрыемствах (З.​А.​Азёрная, В.​С.​Ракуць). Даследавалі асаблівасці родаў пры несвоечасовым выцяканні каляплодных вод, значэнне кортыкастэроідных гармонаў, ультрагуку ў лячэнні гінекалагічных хвароб, мікраэлементаў у паталогіі цяжарнасці (В.​В.​Асадчая, Г.​І.​Герасімовіч, Лызікаў). Вывучалі інервацыю жаночых палавых органаў (В.​Р.​Лінкевіч). Распрацавана і ўкаранёна ў практыку тэхніка хірургічных аперацый гнойных хвароб у гінекалогіі (Старавойтаў), метад люмінесцэнтнай цытадыягностыкі пухлін (І.​А.​Макарэнка). У апошнія дзесяцігоддзі вывучаюцца фізіялогія і паталогія скарачальнай дзейнасці маткі (К.​І.​Малевіч, У.​І.​Дуда, В.​Л.​Васкрасенкі), дыягностыка і лячэнне запаленчых захворванняў (М.​С.​Занько, Г.​А.​Лукашэвіч), генітальна-герпетычная інфекцыя (І.​М.​Арэстава, А.​І.​Браноўская, Ю.​К.​Малевіч). Сфарміравана новая канцэпцыя аб праблеме генітальнага эндаметрыёзу (Т.​С.​Дзівакова, В.​А.​Перасада, Л.​Я.​Радзецкая, Л.​Я.​Супрун). Атрыманы новыя ўяўленні аб дыягностыцы і лячэнні дзіцячай і падлеткавай гінекалагічнай паталогіі (Н.​П.​Жукава, Л.​Ф.​Мажэйка), паталогіі шыйкі маткі (П.​С.​Русакевіч), вядзенні рознай акушэрскай паталогіі (В.​М.​Харкевіч), лячэнні бясплоднасці (С.​І.​Міхалевіч).

Ахова мацярынства і дзяцінства — прыярытэтны кірунак у сучаснай медыцыне Беларусі. Па якасных паказчыках гэты кірунак дзейнасці знаходзіцца на ўзроўні большасці краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Гэта абумоўлена і мэтанакіраванай працай урада, навук. работнікаў і практычных урачоў. На пач. 2004 на Беларусі працавала больш за 2500 урачоў акушэраў-гінеколагаў, у т. л. каля 80 кандыдатаў і дактароў мед. навук.

Літ.:

Малевич К.И., Герасимович Г.И., Русакевич П.С. Методы лазеротерапии в акушерстве и гинекологии. Мн., 1992;

Дуда И.В., Дуда В.И. Клиническое акушерство. Мн., 1997;

Русакевич П.С. Фоновые и предраковые заболевания шейки матки. Мн., 1998;

Зенько С.Н., Стебунов С.С. Безопасная лапороскопия. Мн., 2000;

Пересада О.А. Клиника, диагностика и лечение эндометриоза. Мн., 2001;

Справочник врача женской консультации. Мн., 2001;

Харкевич О.Н. Совершенствование медицинской помощи беременным женщинам Мн., 2001;

Можейко Л.Ф. Становление репродуктивной системы у девочек-подростков и коррекции ее нарушений. Мн., 2002.

І.​М.​Старавойтаў, Ю.​К.​Малевіч.

т. 18, кн. 2, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́РТ (лац. abortus),

спыненне цяжарнасці ў жанчын у першыя 22 тыдні (раней лічылі 28), калі плод яшчэ не здольны да жыцця па-за целам маці. Спыненне цяжарнасці ў больш познія тэрміны (да 38 тыдняў) наз. заўчаснымі родамі. Аборт да 12 тыдняў лічыцца ранні, пасля гэтага тэрміну — позні. Аборт штучны — спыненне цяжарнасці пры дапамозе спец. інструментаў або фармакалагічных сродкаў урачом у мед. установе; дазволены заканадаўствам у большасці краін свету, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Штучнае спыненне цяжарнасці па-за бальнічнай установай або без урача лічыцца крымінальным. Самаадвольны аборт (выкідыш) можа быць вынікам уздзеяння генет., эндакрынных, інфекц., сац.-эканам., экалаг., прафес. фактараў і звязаных з гэтым хвароб жанчыны і мужчыны і стварае вял. праблему ў акушэрстве — да 15—20% выкідышаў. У самаадвольным аборце адрозніваюць стадыі: пагражальны аборт, аборт, які пачаўся, аборт няпоўны і поўны. На 2 першых стадыях магчыма захаванне цяжарнасці. Самаадвольны аборт можа ўзнікаць паўторна (прывычны выкідыш), асн. сімптомы: болі ў нізе жывата і ў крыжы, крывяныя выдзяленні, далучаная інфекцыя. Аборт, якому спадарожнічае інфекцыя, наз. інфекцыйны. Любы аборт можа выклікаць ускладненні раннія (крывацёкі, пракол сценкі маткі, пашкоджанні сумежных органаў) і познія (запаленне палавых органаў і брушыны, бясплоднасць, эндакрынныя парушэнні), а таксама смерць жанчыны. Лячэнне аборту на ўсіх стадыях праводзіцца ў стацыянарных умовах.

І.​У.​Дуда.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРУСАЛО́ГІЯ (ад вірусы + ...логія),

медыка-біял. навука аб вірусах. Агульная вірусалогія вывучае прыроду вірусаў, іх будову, размнажэнне, біяхімію, генетыку, паходжанне і пашырэнне ў прыродзе. Мед., вет. і с.-г. вірусалогія даследуе патагенныя вірусы, іх інфекцыйныя ўласцівасці, распрацоўвае меры папярэджання, дыягностыкі і лячэння захворванняў, якія імі выклікаюцца.

Сфарміравалася ў канцы 19 ст. пасля адкрыцця рус. вучоным Дз.​І.​Іваноўскім (1892) віруса тытунёвай мазаікі. Былі вызначаны вірусы яшчуру (1898) і жоўтай ліхаманкі (1901), потым вірусы — узбуджальнікі шаленства, воспы, поліяміэліту, адру, герпесу. Сучаснай вірусалогіі вядома больш за 500 вірусаў, патагенных для чалавека і жывёл.

На Беларусі распрацоўка пытанняў вірусалогіі пачалася ў 1924 і звязана з вырабам і выкарыстаннем вакцын супраць воспы і шаленства. Асн. навук. цэнтры па мед. і ветэрынарнай вірусалогіі — Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, эксперым. ветэрынарыі, рыбнай гаспадаркі, БДУ і інш. Распрацаваны актыўныя злучэнні супраць вірусаў грыпу, энцэфаліту і інш., удасканалена сістэма аховы пры даследаванні патагенных узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (В.​І.​Вацякоў, П.​Р.​Рыцік, Э.​У.​Фельдман, Б.​П.​Савіцкі, І.​І.​Протас, М.​А.​Кавалёў, Л.​М.​Галаўнёў і інш.). Асаблівае значэнне набываюць праблемы вывучэння вірусаў, якія выклікаюць пухлінныя працэсы, латэнтных вірусных інфекцый і ВІЧ-інфекцыі.

Літ.:

Зуев В.А. Медленные вирусные инфекции человека и животных. М., 1988.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,

інфекцыйныя хваробы, якія выклікаюцца фітапатагеннымі вірусамі. Пашкоджваюць кветкавыя расліны, хвойныя, папарацепадобныя, водарасці, грыбы. Прычыняюць вял. страты с.-г. культурам, якія размнажаюцца вегетатыўна, зніжаюць устойлівасць раслін да неспрыяльных фактараў асяроддзя і павышаюць успрымальнасць іх Да інш. патагенаў. Вірусныя хваробы раслін падзяляюць на мазаічныя хваробы раслін (мазаікі) і жаўтухі раслін. Вонкавыя прыкметы вірусных хвароб раслін: мазаічная афарбоўка, хлароз і пажаўценне лісця, некрозы, прыгнечанне росту, дэфармацыя органаў. Вірусныя хваробы раслін перадаюцца з сокам хворых раслін пры пікіраванні расады, пасынкаванні, кантакце хворых і здаровых раслін, пры вегетатыўным размнажэнні, прышчэпках, насякомымі-пераносчыкамі (пераважна тлямі і цыкадамі). Ідэнтыфікуюцца з дапамогай імуналагічных метадаў, у т. л. імунаферментнай дыягностыкі. На Беларусі віруснымі хваробамі найчасцей пашкоджваюцца бульба (мазаіка звычайная, палоскавая і маршчыністая, аўкуба-мазаіка, мазаічнае закручванне лісця, скручванне лісця, кучаравая карлікавасць, пярэстасцябловасць і інш.), лубін (пабурэнне, вузкалістасць), памідоры (мазаіка, стрык), яблыня (мазаіка, хларатычная плямістасць лісця, ямістасць і баразнаватасць драўніны). Меры барацьбы: вырошчванне ўстойлівых сартоў, атрыманне здаровага насеннага і пасадачнага матэрыялу біятэхнал. метадамі і ахова яго ад віруснай рэінфекцыі, знішчэнне насякомых-пераносчыкаў і інш.

Літ.:

Амбросов А.Л. Вирусные болезни картофеля и меры борьбы с ними. Мн., 1975;

Дубоносов Т.С., Панарин И.В., Каневчева И.С. Вирусные болезни злаков. М., 1975;

Власов Ю.И. Вирусные и микоплазменные болезни растений. М., 1992;

Блоцкая Ж.В. Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.

Ж.​В.​Блоцкая.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)