МІНКЕ́ВІЧ (Альберт Вітольдавіч) (н. 13.3.1941, Мінск),
бел. фізік-тэарэтык. Д-рфіз.-матэм.н. (1986), праф. (1988). Скончыў БДУ (1963), дзе і працуе. Навук. працы па гравітацыі і касмалогіі. Развіў калібровачны падыход пры даследаванні праблем рэлятывісцкай астрафізікі і касмалогіі, прапанаваў рашэнне праблемы гравітацыйных сінгулярнасцей агульнай тэорыі адноснасці, атрымаў вывад пра магчымае існаванне ў прыродзе гранічнай шчыльнасці масы. эфекту вакуумнага гравітацыйнага адштурхоўвання, звышшчыльных гравітавальных аб’ектаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІ́ФЫ НАРО́ДАЎ СВЕ́ТУ», «Мифы народов мира», галіновае энцыклапедычнае выданне; адна з першых у сусв.навук. практыцы спроб зводнага сістэматызаванага выкладу міфатворчасці народаў свету. Выдадзена ў 1980—82 у 2 тамах у Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя» (2-е выд. 1987—88). Прынцып пабудовы — алфавітны. Уключае больш за 12,2 тыс. артыкулаў, прысвечаных міфалогіям розных народаў і рэгіёнаў, у т. л. абагульняльныя артыкулы пра міфалогію пэўнай краіны або рэгіёна, пра тыпы міфаў, міфалагічныя вобразы і сюжэты, асобныя навук.тэорыі, кірункі і школы ў вывучэнні міфалогіі. Выданне багата ілюстравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДА,
1) у тэорыі імавернасцей — любы пункт максімуму размеркавання шчыльнасці імавернасцей выпадковай велічыні. Размеркаванні з адной ці некалькімі М. наз. адпаведна унімадальнымі (аднавяршыннымі) і мультымадальнымі. Для унімадальнага сіметрычнага адносна пункта а размеркавання М. роўная a і супадае з медыянай і матэматычным чаканнем (калі яно існуе).
2) У фізіцы — тып ваганняў (нармальныя ваганні) у размеркаваных вагальных сістэмах (гл.Аб’ёмны рэзанатар, Аптычны рэзанатар); тып хваль (нармальныя хвалі) у хваляводных сістэмах і хвалевых пучках (гл.Радыёхвалявод, Квазіоптыка). Тэрмін «М.» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да любога хвалевага поля (па-за межамі яго крыніцы), якое мае пэўную прасторавую структуру, напр., М. лазернага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Генадзь Аляксеевіч) (н. 22.2.1935, г. Усурыйск Прыморскага краю, Расія),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1967), праф. (1968). Скончыў Томскі ун-т (1957). З 1974 у БДУ. Навук. працы па тэорыі імавернасцей, матэм. статыстыцы і кібернетыцы. Распрацаваў метады ацэньвання параметраў выпадковых працэсаў і палёў, якія апісваюцца рэгрэсіўнымі і аўтарэгрэсіўнымі мадэлямі, прапанаваў рэкурэнтныя ацэнкі па залежных назіраннях, якія паступаюць у рэжыме рэальнага часу.
Тв.:
Вероятностные методы исследования экстремальных систем. М., 1967 (разам з У.П.Тарасенкам);
Справочник по теории автоматического управления. М., 1987 (у са аўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКЛАСІ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАГА РО́СТУ,
агульны тэрмін, які адносіцца да распрацаваных у межах неакласічнай эканамічнай тэорыі мадэляў эканамічнага росту; асн. ўпор у гэтых мадэлях робіцца на лёгкасць замяшчэння паміж капіталам і працай у вытв. функцыі, што забяспечвае ўстойлівы эканам. рост. У адрозненне ад кейнсіянства на першы план вылучаецца праблема патэнцыяльна магчымага тэмпу росту эканомікі і фактараў, што яго вызначаюць. Выкарыстанне вытв. функцый пры аналізе стат. даных, што характарызуюць працэс эканам. росту ў асобных краінах, стала пачаткам даследаванняў па ацэнцы ролі асобных фактараў росту: колькасных (рост прац. сілы і асн. капіталу) і якасных, якія з’яўляюцца вынікам тэхн. прагрэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРО́ННАЯ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя будовы, развіцця і функцый нерв. сістэмы; прыватны выпадак клетачнай тэорыі. Аснова Н.т. — прызнанне анат. адасобленасці структурнай адзінкі нерв. сістэмы — нейрона, яго генет. самастойнасці і функцыян. спецыфічнасці. Абгрунтавана на мяжы 20 ст. працамі ісп. вучонага С.Рамона-і-Кахаля і Ч.С.Шэрынгтана. Доказы поўнай структурнай адасобленасці нерв. клетак атрыманы з дапамогай электроннага мікраскопа, які даў магчымасць устанавіць, што кожны нейрон абкружаны мембранай і паміж мембранамі асобных клетак ёсць свабодныя поласці. Да гэтага часу нерв. сістэма разглядалася як бесперапынны пераход клетачнага рэчыва аднаго нейрона ў другі з утварэннем адзінай цытаплазматычнай сеткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ Я́МАў фізіцы,
абмежаваная частка прасторы, у якой патэнцыяльная энергія часціцы меншая, чым па-за яе межамі. Тэрмін «П.я.» звязаны з выглядам графіка залежнасці патэнцыяльнай энергіі часціцы ад каардынат. Характарызуецца шырынёй (адлегласцю, на якой праяўляюцца сілы прыцяжэння) і глыбінёй (рознасцю патэнцыяльных энергій часціцы на «беразе» ямы і на яе «дне», якое адпавядае найменшай патэнцыяльнай энергіі). Асн. ўласцівасць — здольнасць утрымліваць часціцу, поўная энергія якой меншая за глыбіню П.я. Такая часціца ўнутры П.я. знаходзіцца ў звязаным стане, у квантавай тэорыі энергія такой часціцы можа прымаць толькі дыскрэтныя значэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ГУ ((Pigou) Артур Сесіл) (18.11.1877, г. Райд, Вялікабрытанія — 7.3.1959),
англійскі эканаміст, прадстаўнік кембрыджскай школыпаліт. эканоміі. Скончыў Кембрыджскі ун-т. У 1908—43 кіраваў у ім кафедрай. З 1918 чл. валютнага К-та, у 1919 чл. каралеўскай камісіі па падаходных падатках, у 1924—25 чл. кабінета міністраў па пытаннях грашовага абарачэння. Даследаваў праблемы тарыфнай палітыкі, цыклічных ваганняў у прам-сці, занятасці, дзярж. фінансаў («Прамысловыя ваганні», 1929; «Даследаванне грамадскіх фінансаў», 3-е выд. 1947), распрацоўваў канцэпцыю «эканомікі дабрабыту». У кн. «Эканоміка дабрабыту» (1920) выклаў пачаткі тэорыі дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту, адно з палажэнняў якой — неабходнасць умяшання дзяржавы ў эканам. жыццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЙНТЫНГ ((Poynting) Джон Генры) (9.9.1852, Монтан, Вялікабрытанія — 30.3.1914),
англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Лонданскі (1872) і Кембрыджскі (1876) ун-ты. З 1876 у Манчэстэрскім ун-це, з 1878 у Кавендышскай лабараторыі, з 1880 у Бірмінгемскім ун-це (з 1890 праф.). Навук. працы па даследаванні эл. з’яў, пераносу энергіі, тэорыі выпрамянення. Увёў паняцце пра шчыльнасць патоку эл.-магн. энергіі (гл.Пойнтынга вектар), вызначыў шчыльнасць Зямлі (1891) і гравітацыйную пастаянную (1893). У 1903 выказаў ідэю аб тармажэнні сонечным святлом геліяцэнтрычнага руху касм. цел (гл.Пойнтынга—Робертсана з’ява).
Літ.:
Спасский Б.И. История физики. Ч. 2. 2 изд. М., 1977.