РЫНКЕ́ВІЧ (Уладзімір Іванавіч) (н. 29.10.1952, г. Керкі, Туркменістан),
бел. мастак-акварэліст, мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1987). Скончыў маст.-графічны факультэт Віцебскага пед. ін-та (1974). З 1978 выкладае ў Бел. ун-це культуры ў Мінску. Сярод лепшых твораў серыі акварэляў «Метрабуд» (1988), «Паазер’е» (1989), «Стварэнне свету» (1993), «Дыялектыка палётаў» (1993—95), «Італьянскі сшытак» (1996), «Сем колераў сонца» (1997), «Восеньскі букет» (1990—2001), дыпціх «Поўня ў небе і крыж на зямлі» (1995), лісты «Няголеная рыба», «Іншы свет», «Птушка-восень» (усе 1996). Работы вылучаюцца колеравай экспрэсіяй, рытмічнасцю кампазіцыі, разнастайнасцю выкарыстання маст. прыёмаў. Даследуе праблемы бел. графікі 19—20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛТУ́К (Алег Уладзіміравіч) (н. 25.8.1946, в. Рыжэнькі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1967). Настаўнічаў, працаваў ва ўшацкай раённай газеце. З 1999 у газ. «Віцебскі рабочы». У 1980—99 сакратар Віцебскага абл. аддзялення Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1964. Асн. тэмы твораў — мінулае і сучаснае роднай зямлі і народа, яго гераічная памяць, даследаванне нашага складанага і супярэчлівага часу. Вершы С. вылучаюцца пафасам неспакою, любові да свайго краю; цэнтральны вобраз у іх — зямля-карміцелька (зб-кі «Пачатак дня», 1974; «Працяг», 1977; «Святло зямлі», 1982; «На далонях жыцця», 1988; «Трывога лёсу», 1996). Літ. прэмія імя У.Караткевіча 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАВЫХАВА́ННЕ,
свядомая, мэтанакіраваная дзейнасць чалавека на ўдасканальванне сваіх станоўчых якасцей і пераадоленне адмоўных. Элементы С. прысутнічаюць у дзяцей дашкольнага ўзросту. Патрэбнасць у самапазнанні, самааналізе і самаацэнцы пачынае праяўляцца ў падлеткавым узросце. Аднак, не маючы дастатковага сац. вопыту і псіхал. падрыхтоўкі, падлеткі не заўсёды здольныя зразумець матывы ўласных учынкаў і здзейсніць С. без дапамогі дарослых. Таму ім патрэбна тактоўнае пед. кіраўніцтва. У юнацкім узросце, калі асобныя якасці чалавека ў значнай ступені сфарміраваліся, С. становіцца больш мэтанакіраваным і ўсвядомленым. У працэсе выпрацоўкі светапогляду, прафес. самавызначэння больш яскрава выяўляецца і патрэба ў С. інтэлектуальных, маральных і фіз. якасцей асобы ў адпаведнасці з ідэаламі і каштоўнасцямі, якія ўласцівы пэўнаму грамадству, навакольнаму асяроддзю, групе. Узровень С. — вынік выхавання асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМЦЭ́ВІЧ (Пётр Андрэевіч) (6.3.1899, в. Дакудава Крупскага р-на Мінскай вобл. — жн. 1941),
бел. лінгвіст і фалькларыст. Брат В.А.Самцэвіча, С.А.Самцэвіча. Скончыў Горы-Горацкі с.-г.ін-т (1922), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1937—41). З 1923 настаўнічаў, збіраў матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, геалогіі Барысаўшчыны. Друкаваўся ў час. «Наш край». Адзін з арганізатараў Барысаўскага краязнаўчага музея, якому перадаў калекцыю прадметаў археалогіі і этнаграфіі. У 1924 перадаў Інбелкульту больш за 300 тэкстаў замоў, казак, песень, прыпевак (запісаў больш за 1000 фальклорных твораў). Паводле даручэння камісіі Інбелкульта па складанні гіст. слоўніка бел. мовы збіраў і апрацоўваў лінгвістычны матэрыял. Складаў слоўнік тапонімаў і мікратапонімаў Барысаўшчыны і Крупшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙТЛІ́ЕЎ (Кара) (1.1.1915, с. Караган Бахардэнскага р-на, Туркменістан — 2.5.1971),
туркменскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Нар. пісьменнік Туркменістана (1967). Скончыў Бакінскі пед.ін-т (1941). У 1943—44 дырэктар Туркм.т-ра оперы і балета. У 1963—71 міністр культуры Туркменістана. Друкаваўся з 1938. Аўтар зб-каў вершаў і паэм на тэмы сучаснасці: «Ліра паэта» (1941), «Сістр» (1944), «Крыніца» (1950), «Кветкі Індыі» (1960), «Крылатыя часы» (1962) і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку. Напісаў п’есу «Джахан» (паст. 1946), камедыю «Сын пастуха» і драму «Дачка садоўніка» (з Г.Мухтаравым) і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклаў Ю.Свірка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГІСТО́РЫІ І СТАРАЖЫ́ТНАСЦІ,
навуковая і культ.-асв.арг-цыя ў Мінску ў 1919—25. Утворана 29.6.1919 пры Мінскім пед. ін-це. Ставіла за мэту вывучэнне гісторыі і археалогіі Беларусі, ахову яе помнікаў гісторыі і культуры, стварэнне гісторыка-археал. музея, прапаганду гіст. ведаў сярод насельніцтва. У 1921—23 у т-ва ўваходзіла каля 50 правадз. членаў; у склад праўлення ў розны час уваходзілі: В.Д.Дружчыц, М.М.Гуткоўскі, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, М.В.Мялешка, У.Л.Пічэта (старшыня), І.П.Поляк, А.А.Савіч, А.А.Шлюбскі і інш.; ганаровымі членамі т-ва былі акад. Я.Ф.Карскі, Ф.Ф.Турук, М.А.Янчук і інш. Правяло каля 40 агульных пасяджэнняў, на якіх абмяркоўваліся навук. даклады па гісторыі, культуры, адукацыі, гістарыяграфіі Беларусі і інш. Частка дакладаў апублікавана ў час. «Вольны сцяг», «Працы БДУ», «Вестник Народного комиссариата просвещения», інфармацыю пра пасяджэнні т-ва давала газ. «Савецкая Беларусь». У вер. 1921 т-ва арганізавала археал. раскопкі стараж. курганоў у Заслаўі, супрацоўнічала з Мінскім навук.пед. т-вам, Беларускім вольна-эканамічным таварыствам, з краязнаўчымі арг-цыямі Беларусі і Расіі, у снеж. 1921 удзельнічала ва Усерас. канферэнцыі краязн. т-ваў. У студз. 1922 пры т-ве ўтворана Часовае бюро краязнаўства, у валасныя цэнтры Мінскага пав. разасланы анкеты для збору інфармацыі пра помнікі гісторыі і культуры, старадрукі і архіўныя зборы. Мінскі ін-тнар. адукацыі перадаў т-ву гіст., этнагр. і археал. часткі б. музея Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. У 1923 з-за пераходу большасці членаў у інш.навук. ўстановы (Інбелкульт, БДУ) актыўнасць т-ва зменшылася. З мая 1924 перасталі праводзіць пасяджэнні т-ва, і яно практычна спыніла сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Генадзь Васілевіч) (1885, в. Луначарскае Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — 1937 ?),
бел. грамадскі дзеяч, педагог. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т. З 1911 настаўнічаў. У 1916—19 справавод Мін-ва (з кастр. 1917 Нар. камісарыят) поштаў і тэлеграфаў. У 1917 увайшоў ад Бел.сацыяліст. грамады ў Асобую нараду па падрыхтоўцы праекта закону аб выбарах ва Устаноўчы сход Расіі. На пач. 1918 заг.юрыд. аддзела Бел.нац. камісарыята ў Петраградзе. З 1919 настаўнічаў у Дрысе, выкладаў геаграфію ў Віленскай бел. гімназіі, рэдагаваў газ. «Незалежная думка». У 1924 эмігрыраваў у СССР. Працаваў выкладчыкам віцебскіх пед. тэхнікума і ветэрынарнага ін-та. У 1930 арыштаваны, прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў г. Слабадскі Кіраўскай вобласці. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРШЧЭ́ЎСКІ (Лявон) (Леанід Пятровіч; нарадзіўся 4.3.1958, Полацк),
бел. перакладчык, літ.-знавец. Канд.філал.н. (1989). Скончыў Мінскі пед.ін-т замежных моў (1980). Выкладаў у Наваполацкім політэхн. ін-це (1981—84, 1987—90). З 1991 нам. дырэктара Бел. гуманітарнага адукацыйна-культ. цэнтра. Дэпутат Вярх. Савета Беларусі ў 1990—95. Друкуецца з 1985. Перакладае з стараж.-грэч., лац., ням., англ., франц., польскай, ісп. і інш. моў. У яго перакладзе выйшлі кн. Б.Брэхта «На шалях праўды» (1988), Н.Ленаў «Зірні ў паток» (1991), Г.Бёля «Більярд а палове дзесятай» (1993), Эсхіла «Прыкуты Праметэй» (1993) і інш. Аўтар-укладальнік дапаможнікаў «Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету» (ч. 1, 1995), «Літаратура народаў свету» (ч. 1—2, 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙКА (Грыцько) (Рыгор Піліпавіч; 5.9.1923, г.п. Аленаўка Валнавахскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 25.9.1978),
украінскі паэт. Скончыў Данецкі пед.ін-т (1949). Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Аўтар эб-каў вершаў «Мая Данеччына» (1950), «Бярозка» (1954), «Шахцёрачка» (1956), «Дзіва, дзіва, дзівосы» (1970), «Надзейная змена» (1975) і інш. Творы вызначаюцца тонкім гумарам, яснасцю і прастатой мовы, багаццем рытмікі, лірызмам. Многія вершы (больш як 400) пакладзены на музыку. На ўкр. мову перакладаў творы Я.Купалы, А.Александровіча, Э.Агняцвет, А.Бялевіча, М.Танка. На бел. мову вершы Бойкі перакладалі Александровіч, М.Арочка, М.Аўрамчык, С.Грахоўскі, Х.Жычка, Танк, Р.Хацкевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎН (Мікалай Леапольдавіч) (15.1.1902, с. Парахіна Арсеньеўскага р-на Тульскай вобл. — 12.2.1975),
рускі паэт. Скончыў Ленінградскі пед.ін-т (1929). У зб-ках «Даліны Радзімы маёй» (1947), «Жывапіс» (1963), «Вехі часу» (1971), «Да вяршыні веку» (1975) адлюстраваў жыццё Радзімы, яе гісторыю, прыгажосць роднай зямлі. Пераклаў на рус. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ф.Багушэвіча, П.Глебкі, А.Куляшова, М.Танка, П.Панчанкі, В.Таўлая і інш. На бел. мову творы Браўна пераклалі А.Бялевіч, А.Бачыла, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, А.Зарыцкі, М.Калачынскі, Ю.Свірка.
Тв.:
Избранное. Т. 1—2. Л., 1972;
Бел.пер. — Ленінградскае неба. Мн., 1977;
У кн.: Прызнанне: Вершы паэтаў Ленінграда. Мн., 1979.
Літ.:
Филиппов Г. Николай Браун: Жизнь и поэзия. Л., 1981.