ДРЫСВЯ́ТЫ,
археалагічныя помнікі (гарадзішча 2—1 ст. да н.э., эпохі Кіеўскай Русі, ВКЛ і селішча 11—13 ст.) на зах. частцы вострава Замак на воз. Дрысвяты Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. На гарадзішчы выяўлены фрагменты ляпной керамікі, сляды агнішчаў, рэшткі каменных сякер днепра-дзвінскай культуры, рэшткі пабудоў 10—13 ст., прадметы побыту, жаночыя ўпрыгожанні, прылады працы 11—16 ст., манеты 16 ст. На селішчы знойдзена шмат вырабаў з жалеза, бронзы, косці і рогу.
т. 6, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́НБІ (Denbigh),
Крамянёвы комплекс Дэнбі, даэскімоская археал. культура Паўн. Амерыкі. Адкрыта ў 1948 у эскімоскім паселішчы Аятэет на мысе Дэнбі у зал. Нортан (Аляска). Блізкія да Д. культуры выяўлены на мысе ў зал. Кацэбу, на Арктычным узбярэжжы Аляскі, у Канадзе і ПнУ Грэнландыі. Для Д. характэрны дробныя ножападобныя пласцінкі, маленькія абабітыя бакавыя і канцавыя лёзы-ўкладышы, разцы, скрабкі і нажы, вастрыі стараж. амер. тыпаў. Датуецца часам больш за 2500 гадоў да н.э.
т. 6, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́СТАНБЕРЫ (англ. Glastonbury),
помнік археалогіі, умацаванае паселішча апошніх вякоў да н.э. на аднайм. возеры ў графстве Сомерсет (Англія). Размяшчалася на драўлянай платформе, замацаванай у торфе, было абкружана драўляным частаколам. У выніку раскопак выяўлена больш за 60 круглых жытлаў з глінянай і драўлянай падлогай. Добра захаваліся драўляныя вырабы: кошыкі, выдзеўбаны човен, фрагменты колаў са спіцамі, келіхі, зробленыя на такарным станку, кадушкі, арнаментаваныя ў стылі латэн. Ёсць звесткі пра ткацкую, керамічную, кавальскую вытворчасць.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЛЬТЭМІНА́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі неаліту і энеаліту (4—3-е тыс. да н.э.) у Сярэдняй Азіі. Назва ад закінутага канала Кельтэмінар, каля якога зроблены першыя знаходкі. Адкрыта ў 1939 харэзмскай археал. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам С.П.Талстова. На стаянках выяўлены рэшткі вял. авальных дамоў каркаснай канструкцыі. Знойдзены мікралітычныя крамянёвыя вырабы, кругла- і вастрадонная кераміка з пракрэсленым і штампаваным арнаментам, упрыгожанні з ракавін. Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам, на познім этапе — жывёлагадоўляй.
т. 8, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́ШКІ,
гарадзішча 1—4 ст. н.э. штрыхаванай керамікі культуры каля в. Малышкі Вілейскага р-на Мінскай вобл. Пляцоўка паўавальная, умацаваная з трох бакоў падковападобным валам. Выяўлены рэшткі 6 жытлаў зрубнай канструкцыі з 2-схільнымі пакрыццямі, кожнае з якіх складалася з 4 памяшканняў з адкрытымі агнішчамі. Знойдзены абломкі штрыхаваных гаршкоў, слоікавых слабапрафіляваных і глянцаваных пасудзін, прасліцы і грузікі, арнаментаваныя геам. узорам, жал. наканечнікі коп’яў і дроцікаў, сярпы, нажы, позналатэнская і падковападобная з чырв. эмаллю фібулы, падвеска.
т. 10, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫ́МДЭ-БЕНІ́-САЛА́МЕ,
неалітычнае паселішча 4180 да н.э. на зах. беразе дэльты Ніла (Егіпет), за 51 км на ПнЗ ад Каіра. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Жыллём служылі ветравыя заслоны з трыснягу і хаціны-ямы. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным становішчы. Знойдзены крамянёвыя сярпы, наканечнікі стрэл, пірамідальныя і сферычныя булавы, прымітыўныя сякеры, прасліцы, рыбалоўныя кручкі, касцяныя прылады, упрыгожанні з гліны, слановай косці, ракавін і інш. Керамічны посуд нізкай якасці з дамешкам саломы, часта ўкрыты ангобам.
т. 10, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТРАІ́ЗМ,
рэлігія стараж. Ірана, Індыі і інш., заснаваная на кульце Мітры. Узнікла ў апошнія стагоддзі да н.э. ў Іране і атрымала пашырэнне на тэр. Рымскай імперыі і ў Пярэдняй Азіі. Міфы, якія ляжаць у аснове М. і яго культу, супадаюць з міфамі і культамі хрысціянства, падобныя таксама формы і арганізацыі іх абшчын, што тлумачыцца аднолькавымі сац.-гіст. ўмовамі ўзнікнення і распаўсюджання гэтых рэлігій. У першыя стагоддзі існавання хрысціянства М. быў адным з гал. яго сапернікаў.
т. 10, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНЕ́ВА,
познанеалітычнае паселішча каля с. Мнева Чарнігаўскай вобл. (Украіна). Размешчана на тэрасе левага берага р. Вырва. Помнік належыць носьбітам кіева-чаркаскай неалітычнай культуры (канец 4-га — сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.). Даследаваннямі выяўлены рэшткі 9 заглыбленых у зямлю пабудоў каркаснай канструкцыі, вогнішчы адкрытага тыпу, гасп. і слупавыя ямы. Знойдзены крамянёвыя скрабкі, разцы, нажы на пласцінках і адшчэпах, наканечнікі стрэл, серп, клінападобныя сякеры, касцяныя праколкі, кручок, фрагменты глінянага ляпнога посуду і інш.
І.М.Язэпенка.
т. 10, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНЯЯ ТО́ШЧЫЦА,
вёска ў Верхнятошчыцкім с/с Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Быхаў—Рагачоў. Цэнтр калгаса. За 40 км на Пд ад г. Быхаў, 84 км ад Магілёва, 11 км ад чыг. ст. Тошчыца. 191 ж., 65 двароў (2000). Базавая школа, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі селішча зарубінецкай культуры, банцараўскай культуры і ранняга сярэдневякоўя, бескурганны могільнік (1-е тыс. н.э.).
т. 11, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРУ́ДЖА (Perugia),
горад у Цэнтр. Італіі. Адм. ц. вобл. Умбрыя і прав. Перуджа. Засн. ў 5 ст. да н.э. этрускамі. Каля 170 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: харч. (вылучаецца вытв-сць шакаладу), тэкст. (карункі), гарбарна-абутковая, трыкат., швейная, металаапр., керамічная. Ун-т (з 13 ст.). Акадэмія выяўл. мастацтваў і музыкі. Нац. галерэя Умбрыі, маст. музеі. Арх. помнікі стараж.-рым. эпохі, а таксама 5—6, 13—16 ст.
т. 12, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)