БУЛЬБАСХО́ВІШЧА,

збудаванне для захоўвання бульбы. Бульбасховішчы бываюць: заглыбленыя, часткова заглыбленыя і наземныя; навальныя, кантэйнерныя, засекавыя, бункерныя і камбінаваныя; з натуральнай і прымусовай (актыўнай) вентыляцыяй, сховішчы-халадзільнікі з штучным ахалоджваннем і з газавым асяроддзем, састаў якога рэгулюецца. Умяшчальнасць бульбасховішча звычайна 1—20 тыс. т, секцыі — да 1500 т.

Бульбасховішчы будуюць пераважна каркасныя, беспаддашкавыя з выкарыстаннем зборных нясучых і агараджальных канструкцый. Падлогу робяць з бетону, асфальтабетону, у засеках часам земляную. У бульбасховішчы насенную бульбу сартуюць, калібруюць, прарошчваюць; робяць таварную апрацоўку харч. бульбы перад рэалізацыяй. Неабходныя параметры мікраклімату падтрымліваюцца сістэмамі аўтаматызацыі, бульбасховішчы аснашчаюцца транспарцёрамі, пад’ёмнікамі, пагрузчыкамі, падборшчыкамі, паточнымі лініямі (складаюцца з пераборачных, сартавальных, мыечных, сушыльных і фасовачных машын), якія забяспечваюць комплексную механізацыю працаёмкіх работ. Будуюць таксама часовыя бульбасховішчы — капцы, траншэі.

Л.​Я.​Сцяпук, А.​Л.​Рапінчук.

Бульбасховішча для харчовай бульбы ўмяшчальнасцю 1000 т: 1 — тамбур; 2 — службовае памяшканне; 3—5 — бытавыя памяшканні; 6, 9 — вентыляцыйныя камеры; 7 — памяшканне для захоўвання; 8 — электрашчытавая; 10 — памяшканне таварнай апрацоўкі.

т. 3, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНТЫЛЯ́ТАР (ад лац. ventilare веяць, махаць),

машына для перамяшчэння пад ціскам паветра або інш. газу. Бываюць цэнтрабежныя, восевыя і дыяметральныя; нізкага (да 1 кПа), сярэдняга (да 3 кПа) і высокага (да 12 кПа) ціску; ад долей вата (бытавыя) да тысяч кілават (прамысловыя). Выкарыстоўваюцца для вентыляцыі аб’ектаў, транспартавання аэрасумесей па трубаправодах, сушкі матэрыялаў, ахалоджвання дэталей машын і электрарухавікоў, падачы паветра ў топачныя агрэгаты і інш.

Цэнтрабежны вентылятар мае спіральны кажух, у сярэдзіне якога знаходзіцца рабочае кола з лопасцямі. Паветра або газ уцягваецца праз уваходную адтуліну, праходзіць у каналах паміж лапаткамі рухомага кола і праз кажух выкідваецца. У восевых вентылятарах паветра перамяшчаецца паміж уваходнай і выхадной адтулінамі ў восевым напрамку, у дыяметральных — двойчы праходзіць паміж лапаткамі колаў у дыяметральным напрамку і выходзіць праз дыфузар. Вентылятары звычайна злучаюцца з вентыляцыйнымі каналамі будынкаў (прытокавыя напампоўваюць паветра, выцяжныя ўсмоктваюць).

Вентылятары: а — цэнтрабежны (1 — уваходная адтуліна, 2 — спіральны кажух, 3 — рухавік, 4 — выпускная адтуліна); б — восевы (1 — лапатачнае кола, 2 — цыліндрычны кажух, 3 — рухавік).

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́ЦКІ (Міхаіл Сцяпанавіч) (н. 10.2.1928, в. Семежава Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Акад. АН Беларусі (1989, чл.-кар. 1984), д-р тэхн. н. (1976), праф. (1978). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1976). Засл. работнік прам-сці СССР (1991). Скончыў Усесаюзны завочны маш.-буд. ін-т (1955). З 1949 на Мінскім аўтамаб. з-дзе, з 1961 гал. канструктар, з 1975 гал. канструктар ВА «БелаўтаМАЗ». Адначасова з 1992 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, з 1993 дырэктар навук. цэнтра праблем механікі машын АН Беларусі. Працы па праблемах развіцця асноў тэорыі, праектавання і выпрабаванняў аўтамабіляў агульнага прызначэння. Распрацаваў канцэпцыю модульнага пабудавання магістральных аўтапаяздоў і тэорыю комплекснага падыходу да надзейнасці, трываласці, дынамікі і ўстойлівасці аўтамабіляў. Дзярж. прэмія СССР 1970, Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Основы проектирования автомобилей и автопоездов большой грузоподъемности. Мн., 1980;

Грузовые автомобили: Проектирование и основы конструирования. 2 изд. М., 1995 (разам з Л.​Х.​Гілелесам, С.​Р.​Херсонскім).

М.С.Высоцкі.

т. 4, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАГЕНАВЫТВО́РНЫЯ ВУГЛЕВАДАРО́ДАЎ,

клас арганічных злучэнняў, якія маюць атамы галагенаў, звязаныя з вуглевадароднымі радыкаламі.

Большасць галагенавытворных вуглевадародаў бясколерныя вадкасці. У вадзе амаль не раствараюцца, добра раствараюцца ў эфіры, спірце і інш. арган. растваральніках. З вадой і слабымі растворамі шчолачаў утвараюць спірты, з аміякам — аміны, з солямі карбонавых кіслот — складаныя эфіры і г.д. Атам галагену каля вугляроду пры падвойнай сувязі (у т. л. ў араматычных галагенавытворных вуглевадародах) інертны і з цяжкасцю ўступае ў звычайныя для галагенавытворных вуглевадародаў рэакцыі (напр., вінілхларыд, хлорбензол). Пад уздзеяннем канцэнтраваных раствораў шчолачаў галагенавытворныя вуглевадароды утвараюць алкены. Атрымліваюць галагеніраваннем вуглевадародаў, спіртоў (замяшчэнне атамаў вадароду, гідроксігрупы галагенам), ненасычаных арган. злучэнняў (далучэнне галагенаў і галагенавадародаў) і інш. метадамі.

Выкарыстоўваюць як растваральнікі (метыленхларыд, тэтрахлорэтылен, трыхлорэтылен, трыхлорэтаны), холадагенты для халадзільных машын (хладоны), інсектыцыды (гексахлорбутадыен, ДД — сумесь дыхлорпрапанаў і дыхлорпрапенаў, гексахлорцыклагексан), абязбольвальныя сродкі ў медыцыне (хлараформ, этылхларыд, ёдаформ), як антыпірэны, у вытв-сці палімераў (полівінілхларыд, фторапласты) і інш. арган. рэчываў.

К.​Л.​Майсяйчук.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ЗДАБЫ́ЧА вугалю,

падземная распрацоўка радовішчаў вугалю, пры якой працэсы яго адбойкі ў забоях, транспартавання і пад’ёму на паверхню робяцца энергіяй вадзянога патоку (сродкамі гідрамеханізацыі). Вада (пераважна падземная, з шахтавага водаадліву) падаецца ў забой па трубаправодах помпамі.

Вугаль адбіваецца ад масіву з дапамогай гідраманітораў або механагідраўлічных машын, змываецца вадой і транспартуецца па нахіленых жалабах (самацёкам) або па трубах (пад ціскам) да цэнтр. камеры гідрапад’ёму, адкуль гідрасумесь падымаецца на паверхню вуглясосамі ці эрліфтамі і падаецца на абагачальную ф-ку для абагачэння (гл. Абагачэнне карысных выкапняў), абязводжвання і сушкі вугалю. Выкарыстаную ваду ачышчаюць у адстойніках і зноў падаюць у гідрашахту (па замкнёным цыкле). Горнае мацаванне, схема вымання і праветрыванне забояў у гідрашахце такія ж, як у звычайнай «сухой» шахце. Гідраўлічная здабыча практычна выключае пылаўтварэнне, павышае прадукцыйнасць працы, аднак дае большыя сіраты і здрабненне вугалю.

Гідраўлічная здабыча вугалю: 1 — цэнтрыфуга; 2 — грохат; 3 — адстойныя бункеры; 4 — рэзервуар тэхнічнай вады; 5 — высоканапорная помпавая станцыя, 6 — гідраманіторы; 7 — драбілка; 8 — зумпф участковага вуглясоса; 9 — вуглясос гідрапад’ёму.

т. 5, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ РУХАВІ́К,

машына, якая ператварае энергію патоку вадкасці ў мех. энергію вядзёнага звяна (вала, штока). Адрозніваюць гідраўлічныя рухавікі дынамічныя, у якіх вядзёнае звяно перамяшчаецца з-за змены моманту імпульсу патоку вадкасці (гідраўлічная турбіна, вадзяное кола), і аб’ёмныя, што дзейнічаюць ад гідрастатычнага напору і перамяшчэння выціскальнікаў — поршняў, пласцін, зубоў шасцерняў і інш. У дынамічным гідраўлічным рухавіку вядзёнае звяно робіць толькі вярчальны рух, у аб’ёмным — зваротна-паступальны (гідрацыліндры) і вярчальны (гідраматоры).

Гідрацыліндры бываюць сілавыя (шток, звязаны з поршнем, рухаецца зваротна-паступальна адносна цыліндра) і момантныя, або квадранты (вал робіць зваротна-паваротны рух адносна корпуса на вугал да 360°). Гідраматоры падзяляюцца на поршневыя (рабочыя камеры нерухомыя, а выціскальнікі рухаюцца толькі зваротна-паступальна) і ротарныя (рабочыя камеры перамяшчаюцца, а выціскальнікі ажыццяўляюць вярчальны рух, які можа спалучацца са зваротна-паступальным). Ротарныя (кулісныя) гідраматоры бываць пласціністыя і ротарна-поршневыя (аксіяльныя і радыяльныя). Найб. пашыраны аксіяльныя ротарна-поршневыя. Аб’ёмныя гідраўлічныя рухавікі выкарыстоўваюцца ў гідрапрыводзе машын. Ціск рабочай вадкасці да 35 Мн/м². Магутнасць гідраматораў да 3000 кВт.

І.​У.​Качанаў.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНАЕ МАЦАВА́ННЕ, шахтавае мацаванне, рудніковае мацаванне,

штучныя збудаванні для падтрымання даху і сценак горных вырабатак. Забяспечвае бяспечную работу людзей і надзейную эксплуатацыю шахтавых машын і механізмаў. Падзяляецца на прызабойнае і для падрыхтоўчых вырабатак.

Прызабойнае горнае мацаванне ўстанаўліваецца ў ачышчальнай вырабатцы (лаве) і перамяшчаецца з прасоўваннем забою. Бывае індывідуальнае (кожную стойку ўстанаўліваюць і знімаюць незалежна ад іншых; у склад камплекта ўваходзяць спец. пасадачныя тумбы для кіравання горным ціскам) і механізаванае (гідрастойкі звязаны ў секцыі і перамяшчаюцца гідрадамкратамі, можа быць цалкам аўтаматызавана). Горнае мацаванне для падрыхтоўчых вырабатак бывае: драўлянае, металічнае, бетоннае, жалезабетоннае (маналітнае і зборнае); капітальнае і часовае; трапецападобнае, прамавугольнае, арачнае, кальцавое; жорсткае, падатлівае (з пастаянным або нарастаючым супраціўленнем), з падатлівымі і шарнірнымі элементамі, камбінаванае.

Літ.:

Докукин А.В., Коровкин Ю.А., Яковлев Н.И. Механизированные крепи и их развитие. М., 1984;

Справочник по креплению горных выработок. М., 1976.

П.​Я.​Антонаў.

Горнае мацаванне: 1 — анкернае; 2 — жалезабетоннае; 3 — драўлянае; 4 — механізаванае (падтрымнага тыпу з 4-стоечнымі секцыямі).

т. 5, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗАЗАХО́ПНЫЯ ПРЫСТАСАВА́ННІ,

механізмы і прыстасаванні да грузападымальных машын, прызначаныя захопліваць, перамяшчаць і разгружаць розныя грузы. Грузазахопныя прыстасаванні для штучных грузаў — чалачныя стропы, скобы, грузавыя траверсы, клешчавыя і эксцэнтрыкавыя захопы, крукі, клямары, гакі, сеткі; для насыпных — грэйферы, каўшы, кюбелі; для наліўных — бодні, спец. ёмістасці.

Бываюць аўтаматычныя (кіруюцца прыводам грузападымальнай машыны, напр. аўтастропы, грузавыя электрамагніты), паўаўтаматычныя (выпускаюць зашчэмлены груз пры апусканні яго на апорную паверхню, напр. абцуговыя захопы) і ручныя (замацоўваюцца і знімаюцца з грузаў уручную). Для падымання грузаў з плоскімі паверхнямі (лісты, буд. блокі, каробкі) выкарыстоўваюць вакуумныя грузазахопныя прыстасаванні, аснашчаныя захопамі, галоўкамі і гнуткімі прысосамі. Пашыраны спецыялізаваныя грузазахопныя прыстасаванні для пэўных грузаў — рулонаў і пакетаў ліставых матэрыялаў, кантэйнераў, бярвён і да т.п.

У.​М.​Сацута.

Грузазахопныя прыстасаванні: 1 — петлі з канатаў; 2 — строп; 3 — крук; 4 — гакі вяртлюжны і з карабінам, 5 — клямар; 6 — эксцэнтрыкавы захоп; 7 — бодня; 8 — кюбель (коўш); 9—11 — клешчавыя захопы; 12 — грузавая траверса; 13 — грэйфер, 14 — электрамагніт.

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ САНІТА́РНЫ НАГЛЯ́Д,

сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне і ліквідацыю забруджвання навакольнага асяроддзя шкоднымі прамысл. выкідамі і гасп.-бытавымі адходамі, на аздараўленне ўмоў працы, папярэджанне інфекцыйных, прафесійных і інш. захворванняў. У яго рэалізацыі ўдзельнічаюць асн. ўстановы сан. службы, у т. л. санітарна-эпідэміялагічныя станцыі. У практыцы сан. нагляду шырока выкарыстоўваюцца лабараторныя метады ацэнкі прафесійна-вытв. фактараў. Папярэдні санітарны нагляд накіраваны на кантроль за захаваннем сан. норм і правіл пры праектаванні, будаўніцтве, рэканструкцыі і пуску ў эксплуатацыю прамысл. і с.-г. аб’ектаў, за ўкараненнем у практыку новых тэхнал. працэсаў, новага абсталявання, машын, механізмаў, хім. рэчываў і інш. Бягучы санітарны нагляд кантралюе выкананне сан. заканадаўства на прадпрыемствах, вывучэнне ўмоў працы і захворванняў на прадпрыемствах і ў с.-г. вытв-сці; аказвае дапамогу ў арганізацыі правядзення папярэдніх і перыядычных мед. аглядаў і кантралюе іх якасць; вядзе ўлік, рэгістрацыю і расследаванне прычын прафесійных хвароб; правярае выкананне заканадаўства аб ахове працы жанчын і падлеткаў; распрацоўвае комплексныя планы аздараўленчых мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў працы і інш.

т. 6, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУЧЭ́ННІ ў тэхніцы,

сувязі дэталей у вузлах машын, механізмаў, прылад, буд. канструкцый. Бываюць нерухомыя і рухомыя (пераважна ў машынах, вызначаюцца іх кінематыкай, напр., вал у падшыпніку). Нерухомыя З. падзяляюцца на раздымныя (дапускаюць паўторную зборку і разборку дэталей без іх пашкоджання і разбурэння) і нераздымныя (без магчымасці іх разборкі).

Да раздымных З. адносяцца: вінтавыя злучэнні, балтавыя, зубчастыя (шліцавыя), клемавыя, шпоначныя, баянетныя (гл. Баянет), З. штыфтамі і інш.; да нераздымных — зварныя злучэнні, заклёпачныя злучэнні, паяныя, прэсавыя, зробленыя вальцаваннем, скруткай, камбінаваныя. Асн. З. ў стальных канструкцыях — зварныя (найб. пашыраны), заклёпачныя і балтавыя; у драўляных — на ўрубках, шпонках, нагелях, балтах, шрубах, цвіках, клямарах, клеях; у зборных жалезабетонных канструкцыях — пераважна зварныя (зварваюцца выпускі арматуры або закладных дэталей з наступным заманалічваннем бетонам), часам балтавыя. З. шырока выкарыстоўваюцца ў прылада- і машынабудаванні, прамысл. і грамадз. буд-ве і інш.

Злучэнні дэталей і канструкцый: 1 — балтовае; 2 — шпоначнае; 3 — шліцавае (зубчастае); 4 — зварное; 5 — заклёпачнае; 6 — шрубамі.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)