ФІНБАГАДО́ЦІР (Finnbogadottir) Вігдзіс (н. 15.4.1930, Рэйк’явік),

ісландскі дзярж. дзеяч, філолаг. Скончыла Ісландскі ун-т у Рэйк’явіку, вывучала мовы і л-ры ва ун-тах Францыі, Даніі і Швецыі. Выкладала ў Рэйк’явікскіх гімназіі і ў каледжы, працавала ў турыстычным бюро і ўзначальвала курсы гідаў-перакладчыкаў. З 1972 дырэктар Нац. т-ра ў Рэйк’явіку, адначасова з 1978 старшыня К-та па культ. супрацоўніцтве Паўночнага савета. У 1980—96 прэзідэнт Ісландыі; першая ў Еўропе жанчына — кіраўнік дзяржавы з рэсп. ладам. Аўтар п’ес, кнігі «Адна на прэзідэнцкай вахце» (1988). Прэмія імя Д.Я.Хамаршэльда за мір (1980).

т. 16, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАМІНІ́Н Ціт Квінкцый (Titus Quinctius Flamininus; каля 226—174 да н.э.),

палітычны дзеяч і палкаводзец Стараж. Рыма. Ваен. трыбун 208, прапрэтар 205/204, консул 198, цэнзар 189 да н.э. На чале рым. арміі ў 2-й Македонскай вайне разбіў каля Кінаскефалаў македонскую армію Філіпа V і заключыў дагавор, паводле якога Філіп V адмовіўся ад усіх уладанняў у Грэцыі. На Істмійскіх гульнях (196) абвясціў свабоду грэч. полісаў. У 195 да н.э. разбіў войскі спартанскага тырана Набіса і абмежаваў яго ўладу. Праводзіў палітыку падтрымкі арыстакратыі ў грэч. полісах.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́РСТЭР (Vorster) Балтазар Іаханес [13.12.1915, Джэймстаўн, Паўд.-Афр. Рэспубліка (ПАР) — 10.9.1983], дзярж. дзеяч ПАР. Вучыўся ў Стэленбаскім ун-це. За прагерм. сімпатыі ў 1942—44 інтэрніраваны. З 1953 чл. Нацыяналіст. партыі. З 1961 міністр юстыцыі, паліцыі і турмаў. У 1966—78 — прэм’ер-міністр ПАР. Імкнучыся да паляпшэння іміджу ПАР у сусв. супольнасці, пайшоў на невял. змякчэнне найб. адыёзных з’яў расавай сегрэгацыі (апартэіду). Для карэнных афрыканцаў ініцыіраваў стварэнне т.зв. «незалежных» хоўмлендаў (гл. Бантустаны). З кастр. 1978 — прэзідэнт ПАР, у крас. 1979 падаў у адстаўку з-за абвінавачанняў у карупцыі.

т. 16, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́НСІЯ РАДРЫ́ГЕС (Francia Rodriguez) Хасэ Гаспар (6.1.1766, Асунсьён — 20.9.1840),

дзяржаўны дзеяч Парагвая. Скончыў Кардоўскі ун-т (1785). Адзін з арганізатараў перавароту, у выніку якога ў маі 1811 скінута ісп. ўлада ў Парагваі. З 1811 сакратар кіруючай хунты, з 1813 адзін з 2 консулаў-суправіцеляў, з 1814 аднаасобны пажыццёвы вярх. правіцель Парагвая. Праводзіў палітыку ізаляцыі краіны. Нягледзячы на дэспатычныя метады кіравання, карыстаўся нар. падтрымкай з-за палітыкі радыкальных агр. пераўтварэнняў: канфіскаваў большасць зямель у латыфундыстаў, частку яе перадаў дробным гаспадарам, на астатняй стварыў буйныя дзярж. гаспадаркі — т.зв. «эстансіі радзімы».

т. 16, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫД (Fried) Альфрэд Герман (11.11.1864, Вена — 5.5.1921),

аўстрыйскі публіцыст і дзеяч пацыфісцкага руху. З 1891 выдаваў у Берліне пацыфісцкі час. «Die Waffen nieder» («Прэч зброю»). У 1892 адзін з заснавальнікаў Герм. т-ва міру (у 1903 выйшаў з яго з-за разыходжанняў у пытаннях тактыкі захавання міру). З 1894 рэдактар і выдавец час. «Die Friendenswarte» («Варта міру»). Выступаў з пазіцый фундаментальнага пацыфізму, супраць усялякай вайны. З пач. 1-й сусв. вайны эмігрыраваў у Швейцарыю, дзе выдаў шэраг антываен. памфлетаў. Нобелеўская прэмія міру 1911 (з Т.Асерам).

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́ЛАНЕН (Halonen) Тар’я (н. ў 1944),

палітычны і дзярж. дзеяч Фінляндыі. Канд. юрыд. н. (1968). Скончыла Хельсінскі ун-т (1968). Працавала адвакатам у Цэнтр. арг-цыі прафсаюзаў Фінляндыі, парламенцкім сакратаром прэм’ер-міністра, членам гар. савета г. Хельсінкі, міністрам па сац. пытаннях, міністрам юстыцыі; адначасова з 1979 дэп. парламента. З 1995 міністр замежных спраў. З лют. 2000 прэзідэнт Фінляндыі (першая ў гісторыі краіны жанчына на гэтых пасадах). Праводзіць курс на працяг добрасуседскіх адносін з Рас. Федэрацыяй і далейшую інтэграцыю Фінляндыі ў еўрап. структуры.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́НСЕН (Hansen) Ханс Крысціян (8.11.1906, г. Орхус, Данія — 19.2.1960),

дацкі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1929 сакратар С.-д. саюза моладзі. у 1933—37 яго старшыня. У 1935—39 старшыня Сацыялістычнага інтэрнацыянала моладзі. З 1936 дэпутат фолькетынга ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Даніі (СДПД). У 1939—41, 1945—53 сакратар СДПД. У 2-ю сусв. вайну чл. міжпарт. к-та па сувязі з рухам Супраціўлення. У 1945 і 1947—50 міністр фінансаў, у 1953—58 міністр замежных спраў. У 1955—60 старшыня СДПД і прэм’ер-міністр Даніі.

т. 16, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІМАФЕ́ЕЎ Іван (?—1631),

расійскі гісторык і дзярж. дзеяч. У пач. 17 ст. дзяк у шэрагу маскоўскіх прыказаў, з 1607 у Вял. Ноўгарадзе, Астрахані, Яраслаўлі, Ніжнім Ноўгарадзе. Аўтар «Летапісу», у якім ёсць карысныя звесткі па гісторыі Расіі 2-й пал. 16 — пач. 17 ст.: аб праўленнях Івана IV, Фёдара Іванавіча, Барыса Гадунова, Ілжэдзмітрыя I, Смуце, якую лічыў вынікам парушэння спрадвечнага сац. і паліт. ўладкавання грамадства.

Тв.:

Временник. М.; Л., 1951.

Літ.:

Корецкий В.И. Новые материалы о дьяке Иване Тимофееве, историке и публицисте XVII в. // Археографический ежегодник за 1974 г. М., 1975.

т. 17, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ХАНАЎ Мікалай Аляксандравіч (14.5.1905, г. Харкаў, Украіна — 1.6.1997),

дзяржаўны дзеяч СССР. Двойчы Герой Сац. Працы (1975, 1982). Скончыў Днепрапятроўскі металург. ін-т (1930), З 1930 на інж.-тэхн. і адм.-гасп. рабоце, з 1950 у апараце Мін-ва чорнай металургіі СССР, з 1957 старшыня Днепрапятроўскага савета нар. гаспадаркі, з 1960 нам. старшыні Дзярж. навук.-эканам. савета СМ — міністр СССР, з 1963 — нам. старшыні Дзяржплана — міністр СССР. З 1965 нам., з 1976 1-ы нам. старшыні, у 1980—85 старшыня СМ СССР. Чл. ЦК (з 1966) і Палітбюро ЦК КПСС (1979—85).

т. 17, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭДЭНБА́Л Юмжагійн (17.9.1916, Убсунурскі аймак, Манголія — 20.4.1991),

палітычны і дзярж. дзеяч Манголіі. Скончыў Фін.-эканам. ін-т у г. Іркуцк (Расія, 1938). З 1939 нам. міністра, міністр фінансаў Мангольскай Нар. Рэспублікі (МНР). У 1940—54 і 1981—84 генеральны, у 1958—81 1-ы сакратар ЦК Манг. нар.-рэв. партыі (МНРП). У 1952—74 старшыня СМ, у 1974—84 старшыня Прэзідыума Вял. нар. хурала МНР. Праводзіў курс на пабудову ў МНР сацыялізму на сав. ўзор, у знешняй палітыцы арыентаваўся на СССР. У 1990 выключаны з МНРП.

т. 17, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)