пару́ка, ‑і, ДМ ‑руцы; Р мн. ‑рук; ж.
Зарука ў чым‑н., пацвярджэнне чаго‑н.; гарантыя. Дзе парука, што Анцыпік не прагаворыцца — вольна ці нявольна? Колас.
•••
Кругавая парука — а) калектыўная адказнасць усіх членаў якой‑н. групы людзей за дзеянні гэтай групы ўвогуле або за асобных яе членаў; б) узаемная выручка, узаемнае ўкрывальніцтва.
На парукі — на чыю‑н. адказнасць (аддаць, узяць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пацяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм.
1. Цягацца некаторы час. Таксама Уладзя да работы Больш, чым да кніжак, меў ахвоты: Любіў ён з цэпам завіхацца, Або па лесе пацягацца. Колас.
2. Памерацца сіламі; паспаборнічаць. — А давайце, Паўліна Сямёнаўна, пацягаемся, хто каго перагоніць, — прапанаваў сакратар. Дуброўскі. Адны [са шпакоў] падладжваліся пад жаваранкаў, другія — пад драздоў, а некаторыя спрабавалі нават пацягацца ў песенным майстэрстве з салаўямі. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пашанцава́ць, ‑шанцуе; безас. зак., каму і без дап.
Пра спрыяльны для каго‑н. збег акалічнасцей, пра ўдачу ў чым‑н. Сердзюку пашанцавала ўдвайне. Аднаго парушальніка ён падмяў жыўцом і, седзячы на ім верхам, дагнаў з аўтамата другога. Брыль. І вось я на месцы. На гэты раз мне пашанцавала: я дабраўся днём. Ракітны. Пашанцавала нам тут неяк за адзін дзень упаляваць трох лісіц. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скасі́цца, скашуся, скосішся, скосіцца; зак.
1. Стаць косым, скрывіцца, пахіліцца. Сівенькі, кволенькі зруб калодзежа журботна скасіўся ў бок прыгрэбніка. Колас.
2. Паглядзець скоса. Спакойны, непаспешлівы ў рухах, ветэрынарны ўрач, перш чым агледзець хворую трусіху, скасіўся з-пад акуляраў і доўгім уважлівым позіркам паглядзеў на Даніка. Краўчанка. — Ідзі бяры мантажнікаў, чаго марудзіш, — панура сказаў .. [Кашын] і скасіўся на лісток, што ляжаў на стале. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Адчуць страх перад кім‑, чым‑н. Света ўсяго баіцца ў лесе, не толькі мурашак і жаб. Баіцца нават птушак, дзікіх качак учора спужалася — крычала на ўсю Сырніцу. Пташнікаў. [Антось:] — Летняя ноч кароткая, а цягнуць камень праз лес цяжка .. А тут стала займацца на золак, у Сверанаве заспяваў певень, дык нячысцік спужаўся, кінуў камень ды ходу наўцёкі... С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.
Пачаць (пачынаць) спартыўнае спаборніцтва па хадзьбе, бегу, яздзе, плаванню. Першымі стартуюць жанчыны на дыстанцыю 15 км на дарожных машынах. «Звязда». // Пачаць (пачынаць) палёт, узляцець (узлятаць) на лятальным апараце. Фантастыка? А колькі год мінула, Як першы спадарожнік стартаваў? Грахоўскі. Перш чым «Гедэон» стартаваў, наземныя і касмічныя станцыі доўга вывучалі прастору вакол намечанага раёна. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцёрты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сцерці.
2. у знач. прым. Пашкоджаны трэннем, дотыкам або тонкі ад доўгага ўжывання. Сцёрты мядзяк. □ Іліко пакрыху прывыкаў да .. работы, ужо не так балелі распараныя ногі і сцёртыя рукі. Самуйлёнак. // перан. Які страціў арыгінальнасць, своеасаблівасць. Сцёрты эпітэт. □ Гэтыя радкі куды больш пераконваюць, чым гучныя, правільныя, але сцёртыя словы некаторых газетных вершаў. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сыры́зна, ‑ы, ж.
Разм.
1. зб. Сырая або недаспелая садавіна і гародніна. Наесціся сырызны.
2. Што‑н. сырое, вільготнае. — Хлеб падышоў, — сказала аднойчы раніцай маці, — а пячы няма на чым — на дрывотні адна сырызна. Курто. // перан. Пра што‑н., не апрацаванае як след. [Колас:] — Ну, палепшу я радок ці два, гэта ж справы не ратуе. Сырызна застаецца сырызнай, мова нячыстая, верш недасканалы. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тара́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.
1. Біць, удараць тараном 2 (у 1 знач.). Тараніць крапасныя сцены. // Біць, удараць якім‑н. прадметам, прыладай як тараном.
2. Разбіваць або прабіваць наскрозь чым‑н.
3. Наносіць праціўніку ўдар корпусам баявой машыны. Тараніць самалёт ворага. // без дап. Пайсці на таран (у 3 знач.).
4. Прарываць фронт праціўніка прыёмам тарана (у 4 знач.). Тараніць абарону праціўніка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ублы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Заблытаць што‑н. у чым‑н.
2. Разм. Увязаць, абматаць што‑н. Ублытаць валёнак вяроўкамі.
3. перан. Разм. Умяшаць, уцягнуць у што‑н., куды‑н., зрабіць саўдзельнікам чаго‑н. Ублытаць у непрыемную справу. □ Швагераў адказваў ахвотна і, здавалася, шчыра, але не без хітрасці: стараючыся так падаць усё, каб нідзе не ўблытаць сябе. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)