ЛІСО́ЎСКІ (Аляксандр Юзаф) (каля 1575—1616),

военачальнік ВКЛ, стваральнік лёгкай нерэгулярнай кавалерыі — лісоўчыкаў. Вайсковую службу пачаў пад камандаваннем Я.​Патоцкага, удзельнічаў у кампаніі 1599—1600 супраць валашскага гаспадара Міхала, у Кірхгольмскай бітве 1605 са шведамі. У 1607 далучыўся да войска Лжэдзмітрыя II. На чале данскіх казакоў рабіў рэйды па тэр. Расіі, захапіў Разань, Суздаль, Каломну і інш. Пад камандаваннем Я.​П.​Сапегі ўдзельнічаў у аблозе Масквы і Троіца-Сергіевай лаўры. Пасля паражэння Лжэдзмітрыя II на службе ў Жыгімонта III, удзельнічаў у зняцці аблогі рус. войск са Смаленска ў 1614—15, у 1615 арганізаваў паход у Северскія землі. За ўдалыя вайсковыя аперацыі атрымаў чын каралеўскага палкоўніка.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ННІК (Lunaria),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. ажываючы (L. rediviva), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы месцы росту ў Мінскай (Налібоцкая пушча) і Віцебскай абласцях. Расце каля ручаёў і крыніц у густых лісцевых і хвойна-шыракалістых лясах, часам утварае зараснікі. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны Л. аднагадовы (L. annua).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 120 см. Сцябло прамастойнае. Лісце сэрцападобнае, буйназубчастае. Кветкі ліловыя, пахучыя, сабраныя ў мяцёлкі. Плод — плоскі стручок даўж. да 5 см. Пры выспяванні створкі з насеннем аддзяляюцца, на расліне застаюцца белыя, празрыста-плевачныя з перламутравым адлівам бліскучыя перагародкі. Дэкар. расліны.

Луннік ажываючы.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫНЬКО́Ў (Рыгор Ціханавіч) (1909, чыг. будка каля в. Старое Сяло Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 1941),

бел. паэт, перакладчык, публіцыст. Брат М.Лынькова. Працаваў заг. хаты-чытальні, у газ. «Камуніст» (Бабруйск), у 1936—41 адказны сакратар газ. «Літаратура і мастацтва». Удзельнік Вял. Айч. вайны, прапаў без вестак. Друкаваўся з 1925. Адзін з псеўд. Рыгор Суніца. Вострае адчуванне часу, багацце і разнастайнасць паэтычных форм — асн. рысы яго твораў. Пісаў артыкулы, на бел. мову пераклаў паэму У.​Маякоўскага «Добра!» (з В.​Віткам), асобныя яго вершы, п’есу М Святлова «Казка» (паст. Бел. т-рам юнага гледача імя Н.​К.​Крупскай, 1941), паасобныя творы А.​Пушкіна, М.​Някрасава, А.​Блока, П.​Тычыны, А.​Міцкевіча, Э.​Вайнерта і інш.

Р.Ц.Лынькоў.

т. 9, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБЧА́НСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 18 ст. на левым беразе р. Нёман. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. без пладовага саду каля 4 га. У кампазіцыі парку — Любчанскі замак. На квадратным унутр. двары замка размешчаны круглы партэр з кальцавымі пасадкамі дэкар. кустоў. У канцы 18 ст. паміж вежамі скапаны абарончы вал, за ровам разбіты партэр з кветнікамі і баскеты. За імі з трох бакоў замак абкружае пладовы сад, падзелены рэгулярнай сістэмай алей. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў парку групамі і паасобку пасаджаны экзоты. Растуць арэх шэры, хвоя веймутава, лістоўніцы еўрап. і сібірская.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 9, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБЧА́НСКІЯ БАІ́ 1944.

Адбыліся паміж партызанамі брыгады імя Дзяржынскага і ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Любча Вілейскага р-на Мінскай вобл. 3 і 6—8 ліп. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон у Любчы (каля 450 гітлераўцаў) прыкрываў адступленне гітлераўскіх войск. Партызаны спланавалі яго ліквідацыю. 3 ліп. штурмам авалодалі гар. пасёлкам, захапілі шмат варожага ўзбраення. Выбітыя з пасёлка гітлераўцы пачалі канцэнтраваць сілы ў в. Нягневічы, каб знішчыць партызан і авалодаць пасёлкам. 6 ліп. пры падтрымцы танкаў і артылерыі яны пачалі наступленне. 3-за пагрозы акружэння брыгада вымушана была пакінуць Любчу. Але пасля 2 дзён жорсткіх баёў 8 ліп. партызаны зноў захапілі пасёлак і ўтрымлівалі яго да падыходу Чырв. Арміі.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 9, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЫ́ ФОНД,

сукупнасць усіх лясоў краіны натуральнага і штучнага паходжання. Л.ф. Рэспублікі Беларусь складаецца з лясоў дзярж. значэння і калгасных. Паводле нар.-гасп. значэння і функцый падзяляецца на лясы 1-й і 2-й груп, што складае адпаведна 37 і 63% пл. Паводле зямельнага і ляснога заканадаўства да дзярж. Л.ф. адносяцца ўкрытыя лесам землі, а таксама не ўкрытыя, але прызначаныя для патрэб лясной гаспадаркі. У яго склад не ўваходзіць дрэвава-хмызняковая расліннасць, якая расце на землях с.-г. прызначэння, на палосах адводу чыгунак, аўтадарог і каналаў, у гарадах і інш. населеных пунктах, на прысядзібных, дачных і садовых участках. Агульная пл. зямель Л.ф. ў Беларусі (1998) каля 7 млн. га, або 33,9% тэр. рэспублікі.

т. 9, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГО́Н (Эрман Якаўлевіч) (15.10.1899, Гольдынгенскі пав., Латвія — 11.8.1941),

удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1941). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). Удзельнік грамадз. вайны на тэр. Беларусі. У Вял. Айч. вайну на чале 45-га стралк. корпуса 13-й арміі Зах. фронту 25 дзён вёў абарончыя баі на Дняпры, Проні, Сажы ў раёне Быхава, Прапойска (Слаўгарада), Крычава. 7—9 ліп. ў баі каля Быхава воіны пад яго камандаваннем знішчылі 8 танкаў, пераправіліся на правы бераг Дняпра, разграмілі праціўніка і прымусілі адступіць; у жн. пад Клімавічамі М. без страт вывеў свой корпус з акружэння. Загінуў у баі ў в. Малашкавічы Клімавіцкага р-на. Пахаваны ў Клімавічах. На месцы гібелі пастаўлены абеліск.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖА́РА,

у беларусаў грузавая 4-колавая павозка з бартавымі драбінамі (дошкамі або рашоткамі) для коннай ці валовай запрэжкі. Паводле пісьмовых крыніц, вядома з 16 ст. У сял гаспадарках бытавала дыяхронна і не ўсюды, у некат. раёнах Падняпроўя і Цэнтр. Беларусі з пач. 20 ст. Паводле спосабу злучэння пярэдняй і задняй частак (ходаў) М. падзяляліся на развадныя (пярэдні і задні хады маглі разводзіцца на больш шырокую, неабходную адлегласць для транспарціроўкі лесу) і неразвадныя, якія мелі своеасаблівы кузаў, часта з высокімі бартамі (драбінамі; да 1 м і болей) і служылі для перавозкі снапоў, саломы, сена. На Палессі бытавалі вузкія М. (каля 0,8 м), зручныя пры яздзе па лясных дарогах.

В.​С.​Цітоў.

Мажара.

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЯ ГРУ́ПА ВОЙСК Заходняга фронту, аператыўнае аб’яднанне часцей і злучэнняў Чырв. Арміі ў савецка-польскую вайну 1920. Сфарміравана 20.5.1920 у складзе: 57-й стралк. дывізіі, 72-й і 139-й стралк. брыгад (адпаведна з 24-й і 47-й дывізій), Дняпроўскай ваеннай флатыліі, 17-й кав. дывізіі (з жн. 1920). Камандуючы Ц.​С.​Хвесін. Дзейнічала на левым флангу Зах. фронту. У чэрв. 1920 фарсіравала Дняпро каля г. Рэчыца, заняла Мазыр і Калінкавічы, наступала ўздоўж чыг. палатна Мазыр—Брэст, удзельнічала ў баях за Лунінец, Пінск, Кобрын, Варшаву. У выніку контрнаступлення польск. арміі 16.8.1920 пачала адыход на тэр. Беларусі. 2.9.1920 расфарміравана. Войскі і штаб М.г.в. увайшлі ў склад 4-й арміі (2-га фарміравання) Зах. фронту.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1948, адкрыты ў 1949 у г. Мазыр Гомельскай вобл. Пл. экспазіцыі 273,2 м², каля 23 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў жаночыя ўпрыгожанні бронзавага веку, амфара 12 ст., кафля і посуд 16—18 ст. з археал. помнікаў на тэр. раёна; дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., падзеі грамадз. вайны, пра дзейнасць падполля і партыз. руху на Мазыршчыне ў Вял. Айч. вайну, землякоў Герояў Сав. Саюза М.У.Барысава, М.П.Катлаўца, М.В.Мураўёва, пра Азарыцкія лагеры смерці, вызваленне раёна ад ням.-фаш. захопнікаў, гасп. і культ. жыццё ў пасляваен. час. Аб’ядноўвае музеі дэкар.-прыкладнога мастацтва кераміста М.М.Пушкара, прыроды і археалогіі і «Палеская веда», цэнтр рамёстваў.

І.​І.​Васількова.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)