ве́хаць, ‑хця, м.

1. Мачалка з рагожы, саломы і пад. Вазьму шорсткі саламяны вехаць І каля карыта да знямогі Буду шараваць парэпаныя ногі. Вітка.

2. Жмут, жменя (саломы, сена і пад.). Пад нагамі ў каня было сена; вісела яно вехцямі і на краях жолаба. Чорны. У палукашку ўжо не было ні вехця сена, ні жменькі саломы. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вірлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які віруе, бурліць. Вірлівы паток. □ След вірлівы вясла за кармою бяжыць. Зарыцкі. // Вірысты. Дняпро шырокі, вірлівы, увесь у поймах. Лупсякоў.

2. перан. Бурлівы; кіпучы. З вагона, калі пачалася сумятня пасажыраў, я выйшаў.. і апынуўся ў вірлівай людской гушчыні. Сабаленка. Вірлівая маладосць і чыстае сумленне не давалі.. [Ліпанавай] заседжвацца на адным месцы. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апане́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Той, хто выступае на публічным дыспуце, у публічнай спрэчцы з абвяржэннем чыіх‑н. доказаў, палажэнняў і пад. І вось Кухарчыкава дысертацыя гатова. Яна ляжыць у галоўнага апанента, доктара навук, прафесара Мітрафана Іванавіча Сініцкага. Сабаленка. // Наогул той, хто выступае як праціўнік у спрэчцы. Багдановіч быў не так вучань Карскага, як яго паплечнік і апанент. Лойка.

[Ад лац. opponens, opponentis — які пярэчыць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апанта́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Ахоплены крайнім душэўным узрушэннем, якое бурна выяўляецца. Як апантаны, паімчаўся Косця да клуба. Шыцік. // У якім адчуваецца крайняе душэўнае ўзрушэнне. Недзе далёка ззаду пачуўся апантаны крык. Пестрак.

2. у знач. наз. апанта́ны, ‑ага, м. Чалавек, ахоплены крайнім душэўным узрушэннем. Я гэтак гарачыўся і гневаўся, што Давідзюк глядзеў на мяне, як на апантанага. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абхва́т, ‑у, М ‑хваце, м.

Даўжыня па акружнасці, роўная адлегласці ад кончыкаў пальцаў адной рукі да кончыкаў пальцаў другой, калі абхапіць распасцёртымі рукамі што‑н. Непадалёку ад хаты, пры самым плоце, расла ў два абхваты ліпа. Сабаленка. // Таўшчыня чаго‑н., якая вымяраецца па акружнасці. Вышыня баабаба дасягае 25 м, а ствол да 45 м у абхваце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абле́так, ‑тка, м.

Абл. Жывёліна ва ўзросце двух год; жывёліна, якая пералетавала. Ён [Сымон] гадае так і гэтак Ды глядзіць у гушчарняк, Як ваўчок, як той аблетак, Ды не вырвацца ніяк. Колас.

•••

На аблетак — каб аблетавала, праляжала лета (звычайна пра дровы). Бацька нават не паспеў навазіць і накалоць на аблетак дроў, як нечакана снег узяўся вадою. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыжаві́на, ‑ы, ж.

1. Дзве планкі, два брусы і пад., змацаваныя ў форме крыжа. Крыжавіна рамы. □ Пры ўваходзе ў горад на ўсіх вуліцах былі пастаўлены крыжавіны з рэек і ўкапаны надаўбні. Сабаленка.

2. Прыстасаванне на месцы перасячэння рэйкавых пуцей для пераводу цягніка на другі пуць. Грукаючы на крыжавінах, цягнік прайшоў міма ўваходных стрэлак, паступова суцішаючы ход. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інтэ́рас, ‑у, м.

1. Разм. Справа, дзелавая патрэба. [Данілка:] А я маю да цябе важны інтэрас: пазыч ты мне жыл на струны. Купала. — Аўгінька, ці ў хаце твой бацька? Я маю да яго інтэрас. Зарэцкі.

2. Абл. Занятак гандлем; крама. — Які цяпер гандаль, хто цяпер гандлюе. Усе тыя, што калісь мелі свой інтэрас, цяпер вунь дзе гандлююць... Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калашма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; незак., каго-што.

Разм.

1. Шматаць, кудлачыць, тармасіць. [Шолам Кац] доўга разгладжваў, калашмаціў клінок барады, быццам шукаючы ў ім прыдатнага слова. Сабаленка. // Моцна тузаць, цягаць, стараючыся разадраць, пашматаць. Усхапіўшыся, [Вайцех] сеў і аслупянеў адразу: недалёка, якраз насупраць яго, ля бярэзніку, дзесяткі два дзікоў калашмацілі мэдлікі пшаніцы, як толькі маглі. Пташнікаў.

2. Біць, калаціць. — Калашмаціць будзем гэтых паноў. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’арганізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., каго-што.

1. Аб’яднаць, згуртаваць для якой‑н. мэты; арганізаваць. З’арганізаваць масы.

2. Стварыць, заснаваць што‑н., пакласці пачатак існаванню чаго‑н. Адным словам, у той вечар, як выступіў Шульга, у нас быў гэтакі зрух, што я ўжо радаваўся: рагазінцы першымі ў раёне з’арганізуюць калгас. Сабаленка.

3. Наладзіць арганізацыйна. З’арганізаваць вытворчасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)