ПО́ЛЬСКАГА КАРАЛЕ́ЎСТВА КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1815,
канстытуцыя, якая юрыдычна замацавала ўключэнне б.ч. Польшчы ў склад Рас. імперыі. Паводле яе рас. імператар з’яўляўся таксама каралём польскім, быў галавой выканаўчай улады, меў права ўносіць змены ў канстытуцыю, зацвярджаць або адхіляць законы. Ствараўся сейм, які складаўся з Сената і Пасольскай Ізбы. Члены Сената прызначаліся каралём, Пасольскай Ізбы — выбіраліся выбаршчыкамі, якіх з-за высокага маёмаснага і адукац. цэнзаў было не больш за 100 тыс. (з 3,3 млн. насельніцтва). Афіцыйнай мовай была абвешчана польская. Існавала польскае войска (каля 30 тыс. чал.). Пасля задушэння паўстання 1830—31 заменена Арганічным статутам Каралеўства Польскага 1832.
Р.Р.Лазько.
т. 12, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМІТЫВІ́ЗМ (ад прымітыў),
кірунак у выяўл. мастацтве канца 19—1-й пал. 20 ст., які характарызуецца праграмным свядомым спрашчэннем маст. вобразаў і сродкаў выяўлення арыентацыяй на формы прымітыву, інсітнага мастацтва, народнай творчасці, дзіцячай творчасці. Узнікненне і развіццё П. звязана з непрыняццем урбанізацыі жыцця, уніфікаванасці масавай культуры і элітарнасці сучаснага мастацтва. Мастакі імкнуліся да эмацыянальнай чысціні і яснасці нар. ці дзіцячага светаўспрымання, пошуку першакрыніц творчасці. Рысы П. ўласцівы творчасці П.Гагена, групы «Набі», ранніх прадстаўнікоў кубізму, фавізму, дадаізму ў Францыі, П.Клее ў Швейцарыі, Ю.Л.Макоўскага ў Польшчы, удзельнікаў маст. аб’яднанняў «Бубновы валет», «Асліны хвост», «Блакітная ружа» (М.Крымаў, М.Сар’ян) у Расіі і інш.
т. 13, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ЛКА-ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (12.9.1893, с. Вялікая Слабада Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 13.11.1962),
генерал-лейтэнант (1944). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1927, 1934) і Генштаба (1938). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўд.-Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел., 1-м Бел., 1-м і 3-м Прыбалт. франтах: нач. штаба ўпраўлення тылу фронту, нам. камандуючага арміяй па тыле, нач. штаба арміі. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі, Прыбалтыкі, Польшчы, Берлінскай аперацыі. Да 1954 у Сав. Арміі. Чл. ЦК КПБ у 1954—56.
т. 13, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШЧА,
вялікі масіў густога, цяжкапраходнага лесу, нетры. Часцей складаецца з забалочаных, у мінулым рэліктавых высокаўзроставых лясоў. Паняцце «П.» ўжываецца пераважна ў дачыненні да лясных масіваў зах. ч. Беларусі, Польшчы, ПдУ Літвы, Латвіі. На Беларусі вядомы ў Гродзенскай (Аўгустоўская, Графская, Гродзенская, Катранская, Ліпічанская, Свіслацкая П.), Брэсцкай (Белавежская пушча, Ружанская, Шарашоўская П.), Мінскай (Налібоцкая П.) і Віцебскай (Старая, Цёмная, Галубіцкая П.) абласцях. У П. захаваліся унікальныя прыродныя комплексы з багатай флорай і фаунай, на аснове большасці з іх створаны ахоўныя прыродныя тэр.: нац. парк Белавежская пушча, заказнікі (Аўгустоўская, Галубіцкая, Графская, Катранская, Ліпічанская, Налібоцкая П.).
А.В.Пугачэўскі.
т. 13, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШТО́ЛЬДЫ, Гастаўты, Гастоўты, Гоштаўтасы,
магнацкі (з 1529 графскі) род герба «Габданк» у ВКЛ. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Гаштольд (? — 1364), ад вял. князя ВКЛ Альгерда атрымаў у валоданне Камянец Падольскі. Адзін з першых у Літве прыняў каталіцтва і ўзяў імя Пётр. Кашталян замка Вялена на р. Нёман, загінуў пры яго абароне ад крыжакоў. Андрэй (? — каля 1410), сын Гаштольда, намеснік віленскі (1386) і крэўскі (1390). Ян (? — 1458), староста дарсунскі (1422), маршалак надворны вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы (1426—35), намеснік смаленскі (1436), ваявода трокскі (1440) і віленскі (1443). На Гарадзельскім сейме 1413 прыняў герб «Габданк». Удзельнічаў у заключэнні Мельнскага дагавора 1422. Падтрымліваў Свідрыгайлу ў яго барацьбе супраць Ягайлы, а ў 1432 — Жыгімонта Кейстутавіча ў барацьбе супраць Свідрыгайлы. У 1440 узначаліў групоўку магнатаў, якая дамаглася абрання вял. кн. ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка, стаў яго выхавальнікам і фактычным правіцелем ВКЛ. Пасля абрання ў 1446 Казіміра і каралём Польшчы перайшоў у апазіцыю да яго. Валодаў Геранёнамі (пазней Мураваныя Геранёны — рэзідэнцыя роду), Меднікамі пад Вільняй, Тыкоцінам на Падляшшы, Дарагабужам у Смаленскай зямлі і інш. Марцін (? — 1483), староста новагародскі (1464), ваявода кіеўскі (1471), ваявода трокскі (1480), маршалак земскі (1481). Альбрэхт (? — 1539), гл. Гаштольд А. Станіслаў (каля 1507 — 18.12.1542), ваявода новагародскі (1530) і трокскі (1542). З яго смерцю род Гаштольдаў згас. Быў жанаты з Барбарай Радзівіл, якая, аўдавеўшы, стала другой жонкай караля Польшчы і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста, маёнткі Гаштольдаў перайшлі да вял. князёў ВКЛ.
А.М.Нарбут.
т. 5, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л МО́ЛАДЗІ (КІМ),
міжнароднае аб’яднанне камуніст. маладзёжных арг-цый у 1919—43. Быў секцыяй Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). Засн. на 1-м устаноўчым кангрэсе ў Берліне па ініцыятыве Камінтэрна прадстаўнікамі левых маладзёжных арг-цый 13 краін (Расіі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Італіі, Іспаніі, Чэхаславакіі), якія раней уваходзілі пераважна ў Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі. Сярод іх былі прадстаўнікі камсамольскіх арг-цый Літвы і Беларусі. На апошнім, 6-м кангрэсе КІМ (1935) аб’ядноўваў 56 асобных арг-цый (секцый) з 52 краін (3773 тыс. чл., у т. л. 3500 тыс. чл. ВЛКСМ). Бел. камуніст. моладзь прадстаўлялі секцыі ВЛКСМ, а ў 1924—38 і Камуністычнага саюза моладзі Польшчы, у склад якога ўваходзіў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Меў на мэце аб’яднаць моладзь для барацьбы за эканам., паліт. і культ. правы моладзі, выхаванне яе ў духу марксізму-ленінізму, супраць пагрозы сусв. вайны і інш. З 1935 пал уплывам рашэнняў 7-га кангрэса Камінтэрна праводзіў тактыку яднання рабочай моладзі ў адзіным антыфаш. фронце, што дазволіла склікаць міжнар. кангрэсы моладзі ў Жэневе (1936) і ЗША (1938), далучыць да руху за мір каля 40 млн. маладых людзей розных краін. Вышэйшы орган — кангрэс (акрамя 1-га, усе адбыліся ў Маскве ў 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т (знаходзіўся ў Маскве), які выбіраў прэзідыум і сакратарыят. У сувязі з роспускам Камінтэрна Выканком КІМ прыняў рашэнне аб самароспуску.
Літ.:
Привалов В.В. Коммунистический интернационал молодежи: Страницы истории. 2 изд М., 1979.
т. 7, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРАЦЫ́ЙНЫ ЛА́ГЕР,
лагер для прымусовай ізаляцыі (часам і знішчэння) рэальных ці магчымых паліт. праціўнікаў, ваеннапалонных і інш. У адрозненне ад турмаў, звычайных лагераў для ваеннапалонных і бежанцаў К.л. ствараюцца паводле асобых дэкрэтаў урада або загадаў ваен. камандавання ў час вайны, міжэтнічных канфліктаў і абвастрэння ўнутрыпаліт. барацьбы. К.л. з найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных, накіраваным не толькі на ізаляцыю, але -і на іх знішчэнне, атрымалі ў л-ры назву лагераў смерці (найб. пашыраны ў 2-ю сусв. вайну). Першыя К.л. створаны іспанцамі ў 1895 у час нац.-вызв. паўстання на Кубе і англічанамі ў ходзе англа-бурскай вайны 1899—1902. У 1934—39 у Польшчы на тэр. Зах. Беларусі існаваў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. У СССР К.л. былі пашыраны ў перыяд масавых рэпрэсій 1930—50-х г. (гл. ГУЛАГ). У час нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры ў Германіі (1933—45) К.л. выкарыстоўваліся для масавага тэрору і генацыду з боку нацысцкай дзяржавы і былі пашыраны ў краінах, акупіраваных ням.-фаш. войскамі ў 2-ю сусв. вайну, у т. л. ў Беларусі, іх ахвярамі сталі больш за 11 млн. грамадзян СССР, Польшчы, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Югаславіі, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Германіі і інш. Найб. вядомыя ням.-фаш. К.л. — Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Заксенгаўзен, Маўтгаўзен і інш. У пасляваен. перыяд найб. вядомы К.л., створаныя пасля ваен. перавароту ў Чылі ў вер. 1973 для праціўнікаў дыктатуры ген. А.Піначэта. Практыка стварэння К.л. асуджана сусв. грамадскасцю як цяжкае злачынства супраць чалавецтва.
т. 8, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАМ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ, МОПР Заходняй Беларусі, Чырвоная дапамога Заходняй Беларусі,
масавая грамадская арг-цыя ў Зах. Беларусі ў 1924—39, якая праводзіла шырокія кампаніі ў абарону дэмакр. правоў і свабод, аказвала маральную, матэрыяльную і юрыд. дапамогу палітвязням рознай паліт. прыналежнасці, змагалася за іх вызваленне. Створана ў выніку аб’яднання гурткоў Чырв. Крыжа, якія займаліся дапамогай палітзняволеным. Уваходзіла на правах аўтаномнай арг-цыі ў склад МОПРа Польшчы. Працавала пераважна пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. На 15.1.1925 налічвала 878 чл. Да канца 1928 дзейнічала 6 акр., у студз. 1932—9 акр. і 48 раённых мопраўскіх к-таў, пры якіх працавалі мопраўскія тройкі, што ствараліся на прадпрыемствах, у прафсаюзах, Т-ве бел. школы, спарт. і інш. легальных арг-цыях. На чале МОПРа Зах. Беларусі стаяў ЦК (знаходзіўся ў Вільні), які выдаваў газ. «Чырвоная дапамога», «Палітычны вязень», «Турмы клічуць да барацьбы». У 1927—28 сакратаром ЦК быў І.Жыўлюк, з 1937 Р.Пірышка. Члены МОПРа Зах. Беларусі ўдзельнічалі ў кампаніях у абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў час працэсу 56-і, у падтрымку рэсп. Іспаніі, супраць смяротнага прыгавору С.Прытыцкаму, за ліквідацыю Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагера і інш. Пад іх націскам польскі ўрад у 1928 і 1936 быў вымушаны аб’явіць амністыю і вызваліць частку палітзняволеных. Пасля неабгрунтаванага роспуску ў 1938 Кампартыі Польшчы і яе састаўных частак КПЗБ і КПЗУ дзейнасць МОПРа Зах. Беларусі значна аслабла.
Літ.:
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.
Т.А.Лугачова.
т. 10, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЦЭЛЯ́ЦЫЯ (ад франц. parcelle часцінка),
раздрабленне сял. зямельных надзелаў. У Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі, дзе да 1920-х г. панавала буйное памешчыцкае землеўладанне, П. называлася разбіўка на дробныя ўчасткі (парцэлы) ад 2 да 20 га і продаж праз дзярж. банкі зямель дзяржаўных, памешчыцкіх і т.зв. пакінутых (землі бежанцаў І-й сусв. вайны, якія па розных прычынах не вярнуліся на радзіму); адно з асн. мерапрыемстваў агр. рэформы ў Польшчы ў 1920—30-я г. У Зах. Беларусі і Зах. Украіне П. мела на мэце не толькі павялічыць сял. надзел, але і ўмацаваць там сац. апору польскай дзяржавы шляхам надзялення зямлёй асаднікаў і распродаж часткі памешчыцкіх зямель мясц. кулакам і заможным сялянам, пры частковым захаванні і памешчыцкага землеўладання. Праводзілася яна паралельна з камасацыяй і ліквідацыяй сервітутаў на аснове законаў аб агр. рэформе (15.7.1920), «Аб надзяленні зямлёй салдат польскай арміі» (17.12.1920), аб парцэляцыі і асадніцтве (28.12.1925). У Зах. Беларусі П. пачалася ў 1921. Пад прыкрыццём П. памешчыкі распрадавалі свае горшыя землі па спекулятыўна высокіх рыначных цэнах, маладаступных для збяднелага сялянства. Такая прыватная П. ў народзе называлася «дзікай» П. У 1921—25 у Зах. Беларусі штогод парцэлявалася да 25 тыс. га дзяржаўных і 27 тыс. га уласніцкіх зямель. Каля 80% гэтых зямель трапляла ў рукі кулакоў і асаднікаў. Да 1934 распарцэлявана 597 тыс. га (20% плошчы буйной зямельнай уласнасці). Такая агр. рэформа не задавальняла бяднейшую частку сялян, і яны выступалі супраць такога спосабу П.
І.П.Хаўратовіч.
т. 12, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
defensywa
defensyw|a
ж. кніжн.
1. вайск. спарт. абарона;
być w ~ie — быць у абароне;
przejść do ~y — перайсці да абароны; пачаць абараняцца;
2. уст. дэфензіва (ахоўная паліцыя ў Польшчы ў 1918-39 гг.)
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)