ВО́ЛЬФРАМ ФОН Э́ШЭНБАХ (Wolfram von Eschenbach; каля 1170, г. Эшэнбах, цяпер г. Вольфрамэшэнбах, зямля Баварыя, Германія — 1220),
нямецкі паэт. Паходзіў з баварскага рыцарскага роду. Служыў пры двары ландграфа Германа Цюрынгскага. Заваяваў прызнанне як мінезінгер. Ён верыў у высокае маральнае прызначэнне рыцарства, яго ўзнёслы дух, таму на першы план у творчасці ставіў маральныя праблемы, пошукі шляхоў да духоўнай сталасці і дасканаласці. Гал. твор — манументальны рыцарскі раман у вершах «Парцыфаль» (каля 1198—1210, выд. 1783; да 25 тыс. вершаваных радкоў; опера Р.Вагнера «Парцыфаль», 1882), які з’яўляецца самаст. перапрацоўкай няскончанага рамана франц. трубадура Крэцьена дэ Труа «Персеваль, ці Аповесць пра Грааль» (каля 1181—91) і ўваходзіць у цыкл раманаў пра пошукі св. Грааля з паданняў пра караля Артура, ці раманаў Круглага стала. Св. Грааль у асэнсаванні Вольфрама фон Эшэнбаха — сімвал чалавечнасці і духоўнасці, шлях да яго — шлях чалавека да Бога. У рамане «Вілегальм» (паміж 1212—18; не завершаны), які грунтуецца на гіст. падзеях 7 ст., апяваецца мужнасць у імя веры і айчыны, высокае каханне і дружба.
Тв.:
Рус.пер. — Парцифаль // Средневековый роман и повесть. М., 1974.
Літ.:
Пуришев Б.И. Вольфрам фон Эшенбах // История немецкой литературы. М., 1962. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКІ ШРЫФТ,
шрыфт, уведзены ў Расіі для друкавання свецкіх выданняў у выніку праведзенай у 1708 Пятром I рэформы рус. пісьменства. Крыніца — маскоўскае пісьменства канца 17 — пач. 18 ст. на аснове кірыліцы і лац. шрыфту антыква. Пры стварэнні грамадзянскага шрыфту з кірыліцы былі выключаны непатрэбныя для рус. мовы грэч. літары «псі», «ксі», «амега», «іжыца», лігатура «от», знак націску (моцы), скарачэнняў (цітлы), «юсы» (вял. і малы, якія служылі для перадачы насавых гукаў). У алфавіце быў узаконены новы абрыс літар «э», «я», замест абазначэння лічбаў літарамі сталі выкарыстоўваць араб. лічбы. Эскізы малюнкаў літар грамадзянскага шрыфту, верагодна, рабіў сам Пётр, шрыфт маляваў Куленбах. Літары грамадзянскага шрыфту былі адліты ў Амстэрдаме і на Маскоўскім друкарскім двары. Мяркуюць, што ў падрыхтоўцы рэформы рус. пісьменства і ўзораў шрыфтоў прымаў удзел І.Ф.Капіевіч. Першая кніга, набраная грамадзянскім шрыфтам, — «Геометриа славенски землемерие» (1708). У 18—19 ст. грамадзянскі шрыфт узяты за аснову балг. і сербскага, у 20 ст. — манг. алфавітаў. Пад яго ўплывам сфарміраваліся бел. і ўкр. алфавітныя сістэмы, а таксама некат. народаў Расіі.
Літ.:
Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт: Вопр. истории и практика применения. 2 изд. М., 1985.
М.Б.Батвіннік.
Да арт.Грамадзянскі шрыфт. Старонка рускай грамадзянскай азбукі з уласнаручнымі паметамі Пятра I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ВІН,
вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., каля воз. Любань. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПдУ ад горада і 36 км ад чыг. ст. Кобрын, 78 км ад Брэста. 4295 ж., 1591 двор (1997).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Брэсцкага ваяв.ВКЛ. У 1566—184 двары. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Кобрынскім пав. Гродзенскай губ. У 1878—2490 ж.. 2 царквы, сінагога, 2 кірмашы на год. У 1921—39 у Польшчы, мястэчка ў Палескім ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 вёска, цэнтр Дзівінскага раёна, больш за 4 тыс. жыхароў. У Вял.Айч. вайну з 24.6.1941 да 21.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. якія загубілі ў Дз. і раёне 2819 чал. З 1959 у Кобрынскім р-не. У 1971—4877 ж., 1407 двароў. «Сельгасхімія», агароднінасушыльны з-д, тэкст.-вытв. аб’яднанне, пякарня, лясніцтва. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзівінская царква Параскевы Пятніцы (1740), Прачысценская царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка мезаліту і неаліту і паселішча бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ЧЫН,
вёска ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Сіпа, на аўтадарозе Гродна—Слонім. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 98 км ад Гродна, 16 км ад чыг. ст. Зэльва. 795 ж., 347 двароў (1997).
У пач. 15 ст. сяло баярына Дрэмута. З 15 ст. належаў Копачам, Сангушкам, Вішнявецкім, Нарбутам, Палубенскім, Сапегам і інш. З 1537 мястэчка. У 1786 пабудаваны Дзярэчынскі палац. У 1790 было 160 двароў. З 1795 у Рас. імперыі, у Слонімскім пав. У 1878—2269 ж., 2 школы. 2 царквы, сінагога, 28 крам. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, цэнтр сельсавета Зэльвенскага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў чэрв. 1942 расстралялі ў Дз. больш за 2 тыс.чал. З 14.4.1962 у Мастоўскім, з 25.12.1962 у Ваўкавыскім, з 1965 у Мастоўскім, з 1966 у Зэльвенскім р-нах. У 1971—991 ж., 334 двары.
Лесазавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзярэчынская Спаса-Праабражэнская царква (сярэдзіна 19 ст.), касцёл Ушэсця (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНІ́ЛАВІЧЫ,
вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Галбіца, каля аўтадарогі Полацк—Вільнюс. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на У ад Паставаў, 223 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Варапаева. 793 ж., 334 двары (1997).
Упамінаецца ў 1473 як уладанне кн. А.Ю.Гальшанскага. У 1556 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У 1567—77 належалі М.К.Радзівілу, пазней Я.Дз.Долмат-Ісайкоўскаму і яго нашчадкам. У 1624 у Д. заснаваны драўляны, у 1684 — мураваны касцёлы, у 1683 — дамініканскі кляштар. З 1793 у Рас. імперыі, у Віленскім пав. У 1800—564 ж., 101 двор. З 1861 — цэнтр воласці, у канцы 19 ст. каля 900 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дунілавіцкага павета. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Дунілавіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Д. 828 чал., спалілі больш за палову дамоў. З 1950 цэнтр сельсавета, з 1954 вёска ў Дунілавіцкім, з 1960 у Глыбоцкім, з 1962 у Пастаўскім р-нах. 781 ж., 246 двароў (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Дунілавіцкі Троіцкі касцёл дамініканцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЎСКІ (Васіль Андрэевіч) (9.2.1783, с. Мішанскае Тульскай вобл., Расія — 24.4.1852),
рускі паэт, адзін з заснавальнікаў рус. рамантызму. Акад. Пецярбургскай АН (з 1841). Выхавальнік пры царскім двары (1815—41). Бараніў ад урадавай рэакцыі А.Пушкіна, М.Лермантава, дзекабрыстаў, садзейнічаў выкупу з прыгонніцкай няволі Т.Шаўчэнкі. Удзельнік групы «Арзамас». Выступіў у л-ры як паэт-сентыменталіст (элегіі «Сельскія могілкі», 1802, «Вечар», 1806). Аўтар рамант. балад «Людміла» (1808), «Касандра» (1809), «Святлана» (1808—12), «Вадзім» (1814—17), «Іванаў вечар» (1822) і інш., оды «Пясняр у стане рускіх воінаў» (1812). Паэзіі Ж. ўласцівы інтанацыйна-рытмічнае багацце, эмац. выразнасць, музыкальнасць. Шырока вядомы яго пераклады балад і драмы Ф.Шылера «Арлеанская дзева» (1817—21), «Адысеі» Гамера (1842—49), часткі паэмы Фірдаўсі «Шахнамэ» і інш. Аўтар вершаваных апрацовак нар. казак, якія трапілі ў бел. фальклор (зб. А.Глінскага). На бел. мову творы Ж. перакладалі В.Зуёнак, Э.Валасевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКРУСТА́ЦЫЯ (лац. incrustatio ад incrusto пакрываю чым-н.),
від дэкарыравання вырабаў узорамі ці сюжэтнымі кампазіцыямі з кавалачкаў дрэва, косці, металу, перламутру, якія ўразаюцца ў паверхню вырабаў і адрозніваюцца ад яе колерам ці матэрыялам; творы, выкананыя ў гэтай тэхніцы. Пашырана І. дрэвам па дрэве (інтарсія), металам па метале (насечка), каменем па камені; часта выконваецца інш. матэрыялам, чым матэрыял прадмета, што ўпрыгожваецца. І. выкарыстоўвалі ў скульптуры і рэчах дэкар.-прыкладнога мастацтва Стараж. Усходу і антычнасці, у аздабленні зах.-еўрап. мэблі рэнесансу і барока. На Беларусі ў 12—13 ст. была пашырана І. залатымі і сярэбранымі пласцінамі па жалезе і медзі, косцю па дрэве (наканечнік кап’я 12 ст., інкруставаны серабром, знойдзены на Мінскім замчышчы). Часам насечка спалучалася з чарненнем. У 17—18 ст. І. аздаблялі зброю, мэблю, посуд, літургічнае начынне і інш.Бел. майстры-інкрустатары працавалі ў Маск. дзяржаве пры царскім двары і ў Аружэйнай палаце, дзе выраблялі мэблю, інкруставалі перламутрам ці насякалі золатам і серабром шаблі, мячы, пішчалі і інш. зброю. У 18—19 ст. І. заняпала. Сёння ў тэхніцы І. працуюць некат. мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Я.М.Сахута.
Куфэрак. Інкрустацыя перламутрам. Карэя. 18—19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖА́Н-ГАРАДО́К,
вёска у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Цна, на аўтадарозе Лунінец — г.п. Мікашэвічы. Цэнтр Гарадоцкага с/с і 2 калгасаў. За 17 км на ПдУ ад г. Лунінец, 257 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Лахва. 1968 ж., 702 двары (1997).
Па пісьмовых крыніцах з 1493 вядомы як сяло Гарадзец. У 1599 мястэчка Навагрудскага пав. З 1613 цэнтр воласці, 116 двароў, царква. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Пінскага пав. У 1897 у К.-Г. 3894 ж., царква, каталіцкая капліца, сінагога, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, 3 млыны, 10 крам, заезны дом, штогод праводзілася некалькі кірмашоў. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны (да 1928) Лунінецкага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Гарадоцкага с/с у Лунінецкім р-не. У кастр. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі тут 100 дамоў, загубілі 975 чал. У 1971—2416 ж., 656 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква. Каля вёскі гарадзішча (6—7 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЭМІ́Р (Дзмітрый Канстанцінавіч) (5.11.1673, г. Ясы, паводле інш. звестак с. Сіліштэ або г. Фэлчыў, Румынія — 1.9.1723),
малдаўскі і рас. дзяржаўны дзеяч, гісторык, філосаф, пісьменнік музыказнавец і кампазітар. Чл. Берлінскай АН (1714). Святлейшы князь (1711), сенатар, тайны саветнік (з 1721). Малодшы сын малд. гаспадара (правіцеля) Канстанціна К. У 1688—91 вучыўся ў Канстанцінопалі. З 1693 (з перапынкамі) прадстаўнік малд. гаспадара пры дварытур. султана. У 1710—11 гаспадар Малдовы; у крас. 1711 заключыў з рас. царом Пятром I дагавор аб саюзе супраць Турцыі і ўваходжанні Малдовы на правах аўтаноміі ў склад Расіі, удзельнік Пруцкага паходу 1711. Са жн. 1711 у Расіі: дарадца Пятра I па ўсх. пытаннях, удзельнік Персідскага паходу 1722—23. Аўтар гіст. прац «Гісторыя ўзвышэння і заняпаду Атаманскай імперыі» (1714—16, класічнае даследаванне, перакладзена на англ., ням., франц. мовы), «Апісанне Малдавіі» (1716), «Сістэма, або Стан мухамеданскай рэлігіі» (1719), філас. твораў «Метафізіка» (1700), «Даследаванне прыроды манархій» (1714) і інш., рамана «Іерагліфічная гісторыя» (1705), муз. трактата (1704), у якім даў нотную сістэму тур. музыкі, і больш як 30 твораў тур. класічнай музыкі.
Літ.:
Бабий АИ. Дмитрий Кантемир. М., 1984.
М.Г.Нікіцін.
Дз.К.Кантэмір. З партрэта невядомага мастака. Каля 1720.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ЧА,
вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Аслік. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 18 км на З ад г.п. Круглае, 83 км ад Магілёва, 9 км ад чыг. ст. Слаўнае. 500 ж., 189 двароў (1998).
Вядома з 18 ст. З 1772 у Рас. імперыі. У ліст. 1812 партыз. атрад А.М.Сяславіна каля вёскі знішчыў частку атрада франц. арміі. З 1820 К. — мястэчка, 425 ж., 35 двароў, у 1880—430 ж., 62 двары, карчма, млын, 3 кірмашы на год. У 1909 мястэчка Паўлавіцкай вол. Магілёўскага пав., 672 ж. 95 двароў, крэдытнае т-ва, царкоўнапрыходская школа, аддз. сувязі, фельч.-ак. пункт, вінная крама. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета ў Круглянскім р-не Аршанскай акругі, з 1925 вёска. У 1931—35 у Талачынскім р-не. У Вял.Айч. вайну 17.9.1942 ням.-фаш. захопнікі поўнасцю спалілі вёску, знішчылі 191 жыхара. Адноўлена пасля вайны. У 1959—66 у Бялыніцкім р-не. У 1972—453 ж., 97 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі магілы ахвяр фашызму.