МІ́МІКА (ад грэч. mimikos пераймальны),
выразныя рухі мышцаў твару; адна з форм выяўлення пачуццяў, настрою чалавека. Адрозніваюць М. міжвольную і свядомую (М. акцёра). У тэатры М. — важны элемент акцёрскага мастацтва; дапамагае акцёру стварыць сцэн. вобраз, выявіць псіхал. характарыстыку, фізічны і душэўны стан персанажа. На М. пабудавана мастацтва пантамімы.
т. 10, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТРАПАЛІ́Т (ад грэч. mētropolitēs чалавек з гал. горада, метраполіі),
вышэйшы духоўны сан у правасл. і некат. інш. хрысц. цэрквах. У цэрквах, дзе ўстаноўлена патрыяршаства, — другі пасля патрыярха сан у царк. іерархіі. Духоўная ўлада распаўсюджваецца на царк. акругу (мітраполію), якая аб’ядноўвае хрысц. абшчыны мітраполіі і прылеглай да яе вобласці.
т. 10, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНДЭ́КТЫ (лац. pandectae ад грэч. pandektēs усёабдымны),
у Стараж. Рыме творы вядомых юрыстаў, пабудаваныя ў выглядзе кароткіх вытрымак з законаў і прац папярэдніх аўтараў. Шырокую вядомасць атрымалі П., якія склалі 2-ю частку Кадыфікацыі Юстыніяна (найб. пашырана назва Дыгесты). П. разглядаліся як зб-кі дзеючага права і падручнікі.
т. 12, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКЛІ́ТЫКА (ад грэч. proklitikos які нахіляецца наперад),
слова, якое ў фразе ці словазлучэнні пазбаўлена ўласнага націску і цесна прымыкае да наступнага слова, утвараючы з ім адзінае фанетычнае цэлае. У якасці П. звычайна выступаюць аднаскладовыя (часам двухскладовыя) прыназоўнікі, часціцы, злучнікі, займеннікі: «на нас», «мае госцейкі». З’ява, супрацьлеглая П., — энклітыка.
т. 12, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗО́ІД (ад грэч. rhiza корань + eidos выгляд),
ніткападобнае коранепадобнае ўтварэнне ў імхоў, лішайнікаў, некат. водарасцей і грыбоў. Служыць для прымацавання да субстрату і паглынання з яго вады і пажыўных рэчываў. Па знешнім выглядзе нагадвае каранёвы валасок. У маршанцыевых імхоў Р. — мёртвыя клеткі, па якіх вада ідзе як па кноце.
т. 13, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРКА́ЗМ (грэч. sarkasmos ад sarkazō літар. — рву мяса),
з’едлівая, злосная, знішчальная насмешка; найвышэйшая ступень іроніі. Адзін з асн. сродкаў гумару і асабліва сатыры. Характарызуецца найменшай ступенню іншасказальнасці; часам негатыўная ацэнка выяўляецца ў адкрытай форме. Пашыраны ў фальклоры (найперш у анекдотах), байках, эпіграмах, фельетонах, памфлетах, сатыр. камедыях і інш.
т. 14, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕРАФІ́ТЫ (ад грэч. sklēros цвёрды, шчыльны + ...фіт),
засухаўстойлівыя (ксерафільныя) расліны з шорсткімі парасткамі. Шорсткасць сцёблаў і лісця абумоўлена моцным развіццём мех. тканак, таму пры водным дэфіцыце ў раслін адсутнічаюць прыкметы завядання. З траў да С. адносяць дурнічнік калючы, сінегаловік палявы, кавылі; з кустовых раслін — ігліцу пантыйскую, саксаул і інш.
т. 14, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІТАМЕ́Н (грэч. Spitamenēs),
сагдыйскі военачальнік, кіраўнік паўстання ў Сярэдняй Азіі (у Согдзе і Бактрыі) супраць Аляксандра Македонскага ў 329 да н.э. У 328 да н.э. С. забіты сваімі саюзнікамі (правадырамі качавых плямён), якія баяліся помсты Аляксандра. Паўстанне задушана ў 327 да н.э. Гл. таксама Сагдыйцы.
А.Г.Зельскі.
т. 15, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭНАТЭ́РМНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ (ад стэна... + грэч. thermē цяпло),
арганізмы, якія існуюць толькі пры пэўных пастаянных тэмпературных умовах. Адрозніваюць тэрмафілаў — цеплалюбівыя формы (рыфаўтваральныя каралы, насякомыя, большасць амфібій і рэптылій, трапічныя расліны) і крыяфілаў — холадалюбівыя формы (арктычныя ракападобныя, ласасёвыя рыбы, цюлені, белы мядзведзь, кустовая бяроза, некат. вербы, імхі, лішайнікі). Проціпастаўляюць эўрытэрмным арганізмам.
т. 15, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СХЕ́МА (ад грэч. schema вобраз, форма),
1) спрошчаны чарцёж, на якім умоўнымі графічнымі знакамі перададзена (без захавання маштабу) пабудова, сістэма, узаемаразмяшчэнне і сувязь частак якой-н. прылады, збудавання і інш. 2) Апісанне, павярхоўны паказ чаго-н. у агульных рысах; папярэдні накід, агульная формула і інш. (напр., С. артыкула).
т. 15, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)