набале́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў вельмі балючым ад працяглага болю. Набалелая рана. // перан. Які стаў вельмі адчувальным яд доўгіх пакут. Крык набалелай душы. □ Не плач, шматпакутная маці! Мы прыйдзем і ласкай сагрэем Тваё набалелае сэрца. Панчанка.

2. перан. Які даўно наспеў і патрабуе неадкладнага вырашэння. Набалелая праблема. // Які накапляўся, збіраўся на працягу доўгага часу. [Баец] быў змораны, цяжка дыхаў і гаварыў з даўно набалелай злосцю. Быкаў.

3. у знач. наз. набале́лае, ага, н. Тое, што мучыць, выклікае пакуты. Маці ішла побач з сынам і выказвала набалелае за гады. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паднача́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад падначаліць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў падпарадкаванні каго‑, чаго‑н. Падначалены афіцэр. □ У большасці ранніх паэм Купалы элементы драматычнага дыялогу ў развіцці дзеяння іграюць чыста падначаленую ролю. Ярош.

3. у знач. наз. паднача́лены, ага, м.; паднача́леная, ‑ай, ж. Службовая асоба, якая падначальваецца каму‑н. старшаму па рабоце. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Яны стараліся прыдаць сваім падначаленым выпраўку і ваенны выгляд. Колас. Бывалы лётчык-франтавік паказаў падначаленаму, як трэба лятаць у баявой абстаноўцы. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нерухо́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не рухаецца, застаецца ўвесь час на адным месцы. Нерухомы блок. □ Над нізінай нерухомы Звіс, як дым, туман. Колас.

2. перан. Які не змяняе свайго выразу. Нерухомым позіркам .. [Міколка] углядаўся ў блакітнае неба. Лынькоў.

3. Які складаецца з зямельнага ўчастка, будынка (пра маёмасць). Нерухомая маёмасць. / у знач. наз. нерухо́мае, ага, н. [Маханько:] — Раз.. [калгаснік] гаспадар нашых тысяч гектараў, гаспадар усяго нашага, як кажуць, рухомага і нерухомага, то ён ночы не даспіць, а падумае, што куды зручней павярнуць, як што лепш зрабіць. Кулакоўскі.

4. У граматыцы — які не мяняе свайго месца (пра націск).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязна́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Не бачаны раней, невядомы; нявывучаны. Калі [сябры] наблізіліся, бачаць: Зусім нязнаны край зямлі. Танк. Ногі просяцца ў далеч нязнаных дарог, Свежасць ніў удыхнуць хочуць грудзі. Арочка. / у знач. наз. нязна́нае, ага, н. І тады за сябрам следам Стаў чацвёрты гаварыць: — Да ўсяго патрэбны Веды, Каб нязнанае скарыць. Кірэенка.

2. Такі, якога не давялося перажыць, зведаць; нязведаны. З канвертам у руках.. [Алаіза] хадзіла па пакоі, адчувала, як нейкая нязнаная дагэтуль радасць поўніць яе. Арабей. Міця адчуваў сябе трывожна. Нязнанае, нязведанае раней пачуццё непакоіла яго і хвалявала. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непаслухмя́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які не слухаецца, не жадае слухаць каго‑н.; які дзейнічае насуперак. Часам на Ніка як бы нешта находзіла, і ён станавіўся дзёрзкі, грубы і непаслухмяны. Лынькоў. Арцём — чалавек непаслухмяны, гарачы. Бажко. / у знач. наз. непаслухмя́ны, ага, м.; непаслухмя́ная, ‑ай, ж. Маці войкала, нават біла непаслухмяную, але Соні — мора па калена. Лось. // Які не падпарадкоўваецца волі, жаданню, розуму. Ногі раптам сталі непаслухмянымі. Мележ. Ад доўгага сядзення цела зрабілася нібы чужым, непаслухмяным. Шыцік. // перан. Які не паддаецца або з цяжкасцю паддаецца якому‑н. уздзеянню. Рукой нябачнай вецер тузае Непаслухмяных пасмаў чуб. Макаль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непісьме́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ўмее чытаць і пісаць. Каліна быў зусім непісьменны: не ўмеў ні чытаць, ні пісаць. Няхай. [Маці] амаль што зусім непісьменная, але вельмі любіць, калі хто чытае ўголас. Брыль. // Які піша і гаворыць з граматычнымі памылкамі. Непісьменны вучань. // перан. Які не мае адпаведных ведаў у якой‑н. галіне, недасведчаны ў чым‑н. Непісьменны рэцэнзент.

2. Які мае (арфаграфічныя, стылістычныя і пад.) памылкі. Непісьменнае сачыненне. // Які выкананы без належнага ведання справы. Непісьменны чарцёж.

3. у знач. наз. непісьме́нны, ага, м.; непісьме́нная, ‑ай, ж. Мужчына, жанчына, якія не ўмеюць чытаць і пісаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́нены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад параніць.

2. у знач. прым. Які атрымаў раненне, мае рану. Праходзілі групамі і па адным параненыя чырвонаармейцы. Чорны. Кожны дзень праз вёску везлі фурманкамі пакалечаных, параненых людзей. Галавач. // Пашкоджаны пры раненні (пра якую‑н. частку цела). Міколку, аднак, было не да смеху,.. вельмі садніла параненая шчака. Лынькоў. Параненая рука пачала пухнуць, рана загнаілася. Ставер.

3. у знач. наз. пара́нены, ага, м.; пара́неная, ‑ай, ж. Чалавек, які атрымаў раненне. Тадора Міронаўна працавала на кухні, даглядала параненых. Брыль. [Санітарка] спяшаецца, каб у час дапамагчы параненаму. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ліне́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лініі (у 1 знач.). Лінейная геаметрыя.

2. Які мае выгляд лініі, складаецца з ліній. Лінейны арнамент.

3. Прызначаны для абслугоўвання лініі сувязі ці шляхоў зносін. Лінейны дыспетчар. Лінейны манцёр.

4. Уст. Які складае аснову баявых злучэнняў арміі; рэгулярны. Лінейныя войскі. // Які складае аснову баявых злучэнняў флоту. Лінейны крэйсер.

5. у знач. наз. ліне́йны, ага, м. Салдат, які пасылаецца ў час парадаў для ўказання лініі і напрамку пастраення і ўрачыстага марту войск.

•••

Лінейная скорасць (спец.) гл. скорасць.

Лінейны карабель гл. карабель.

Лінейныя меры гл. мера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гераі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны на подзвіг, на геройства, які праявіў геройства. Гераічны народ. Гераічная армія. □ Гераічнаю дзяржавай Стала Беларусь мая! Астрэйка.

2. Заснаваны на геройстве, звязаны з праяўленнем геройства. Гераічны ўчынак. Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. // Багаты на подзвігі, геройскія ўчынкі. Гераічны час. // Які змяшчае ў сабе расказ пра подзвігі герояў. Гераічная аповесць. / у знач. наз. гераі́чнае, ага, н. Гераічнае разумеецца як форма праяўлення заканамернасцей грамадскага жыцця. У. Калеснік.

3. Крайні, які патрабуе надзвычайнае напружання. Гераічныя намаганні. Гераічныя меры.

4. Які мае адносіны да герояў старажытнасці, расказвае пра іх подзвігі. Гераічны эпас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даўне́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. даўні.

2. Які меў месца, адбыўся некалі, даўней, задоўга да цяперашняга моманту; мінулы. Усё пажоўкла, усё пачарнела, і нібы ад таго вогнішча, нясе нейкім пахам даўнейшага дыму і чаду. Чарот. Усе даўнейшыя сваркі забыліся. Скрыган. // Які існуе здаўна, з даўняй пары. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай, .. але ў вачах захавалася тая ж глыбокая, даўнейшая туга. Нікановіч.

3. у знач. наз. даўне́йшае, ага, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Я часта ўспамінаў цябе, даўнейшае, і як гулялі разам. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)