РАЗМАРЫ́Н (Rosmarinus),

род кветкавых раслін сям. губакветных. 1 від (паводле інш. звестак 3—5 блізкароднасных відаў). Пашыраны ў Міжземнамор’і, стварае характэрны элемент мясцовай расліннасці (маквіс). Са стараж. часу як эфіраалейную расліну культывуюць Р. лекавы (R.officinalis). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях.

Вечназялёныя кусты выш. 0,5—2 м. Каранёвая сістэма дасягае глыб. 4 м. Старыя галіны дравяністыя, разгалінаваныя, маладыя парасткі густаапушаныя. Лісце лінейнае, падоўжанае (да 4 см), скурыстае, знізу белалямцавае. Кветкі блакітнаватыя, у гронкападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак. З лісця і парасткаў атрымліваюць эфірны алей, які выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі, лікёра-гарэлачнай і кандытарскай прам-сці. Эфіраалейныя, лекавыя і дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Размарын лекавы.

т. 13, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАК (лац. cancer),

злаякасная пухліна, якая развіваецца з эпітэліяльных тканак (скура, слізістыя абалонкі, залозістая тканка і інш.). Пашыраная форма ў мужчын — Р. лёгкіх, у жанчын — Р. малочнай залозы. З узростам частата Р. павялічваецца. Паводле сучасных уяўленняў, ракавыя клеткі ўзнікаюць у арганізме пастаянна, але знішчаюцца сістэмай проціпухліннай аховы. Ва ўзнікненні Р. найб. значэнне маюць генет. фактары, хім. і фіз. канцэрагены, таксама стан псіхікі (напр., пры канцэрафобіі — боязі ўзнікнення Р.). Пасля Чарнобыльскай аварыі на Беларусі вырасла захваральнасць на Р. шчытападобнай залозы (ад уздзеяння радыеактыўнага ёду). Скорасць прагрэсіравання Р. залежыць ад спеласці ракавых клетак. Лячэнне хірург., прамянёвымі, хіміятэрапеўт. або спалучанымі метадамі.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАВІННЫЯ АМЁБЫ (Thecamoebina),

ракавінныя караняножкі (Testacea, або Testacealobosea), атрад (падклас) прасцейшых кл. караняножак падтыпу саркодавых. Некалькі соцень відаў. Пашыраны паўсюдна, жывуць у прэсных вадаёмах, балотах, імху, глебе. На Беларусі каля 30 відаў (найб. разнастайныя ў Нарачанскай групе азёр). Найб. трапляюцца арцэлы (Arcella), дыфлюгіі (Difflugia), эўгліфы (Euglypha) і інш.

Ад амёб адрозніваюцца наяўнасцю дыска-, груша-, шара- або яйцападобнай ракавіны даўж. да 0,15 мм. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальную вакуолі. З вусця ракавіны выступаюць 6 і больш псеўдаподый. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам. Размнажаюцца пераважна простым дзяленнем (пры спрыяльных умовах некалькі разоў за суткі). Корм для драпежных беспазваночных, бентасаедных рыб. Іл. гл. да арт. Караняножкі.

т. 13, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКІ́ТА (Сяргей) (сапр. Законнікаў Сяргей Васілевіч; 15.10.1909, в. Ліцвінава Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 23.3.1942),

бел. паэт. Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску. З 1929 працаваў у гомельскай газ. «Палеская праўда», з 1930 кіраўнік Гомельскай філіі БелАппа, з 1933 у Мінску ў рэдакцыях газет, на Бел. радыё, у Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1936 рэпрэсіраваны, асуджаны на 10 гадоў зняволення ў лагерах. Працаваў на лесасплаве ў Горкаўскай вобл., загінуў на лесапавале. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1928. Аўтар кн. вершаў «Альбо-альбо» (увайшла ў калектыўны зб. «Разгон», 1930), «Я агітую за пяцігодку» (1934). Паэзіі Р. ўласцівы агітацыйнасць і дэкларатыўнасць.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСАМА́ХА (Gulo.gulo),

млекакормячае сям. куніцавых атр. драпежных звяроў. Адзіны від роду. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў тайзе, лесатундры, трапляецца ў тундры. На Беларусі Р. вадзілася да пач. 19 ст.

Даўж. цела да 105 см, хваста да 23 см, маса да 32 кг. Поўсць грубая, доўгая, рыжа- ці карычнева-бурая. Ад асновы хваста па баках цела шырокая рыжаватая ці жоўтая паласа. На лбе, шыі, грудзях белаватыя плямы. Ногі кароткія, масіўныя, хвост кудлаты. Мае каля хваста парныя спецыфічныя скурныя залозы, сакрэт якіх выпырсквае на адлегласць да 3 м. Драпежнік. Нараджае 2—3 (зрэдку да 5) дзіцянят двойчы за год. Аб’ект палявання.

Расамаха.

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТАРО́ПША (Silybum),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — Р. плямістая, або вострастракатая (S. marianum). Трапляецца каля жылля, на агародах, па краях дарог і палёў.

Р. плямістая — калючы адналетнік выш. 60—150 см, з верацёнападобным коранем і прамым, рабрыстым, лямцава-апушаным сцяблом. Лісце буйное, скурыстае, з вял. белымі плямамі і жоўтымі калючкамі, ніжняе — чаранковае, эліпсападобнае, верхняе — сядзячае, ланцэтнае, перыста-лопасцевае. Кветкі дробныя, трубчастыя, лілова-малінавыя, у адзіночных кошыках. Плод — сямянка. Маладое лісце і чаранкі ўжываюцца як салата, у насенні да 30% алею, прыдатнага ў ежу. Лек., дэкар. расліна.

В.​М.​Прохараў.

Растаропша плямістая.

т. 13, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЗІН (Аляксей Рыгоравіч) (17.2.1902, с. Зуева Асташкаўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 27.5.1955),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), генерал-палкоўнік танк. войск (1944). Скончыў Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі РСЧА (1937), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1953). У Чырв. Арміі з 1920. Удзельнік грамадз. 1918—20, сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Камандуючы танк. корпусам ген.-маёр Р. вызначыўся ў 1942 у час Сталінградскай бітвы. У ходзе Беларускай аперацыі 1944 камандаваў бранятанк. і механіз. войскамі 3-га Бел. фронту. Да 1954 на адказных пасадах у Сав. Арміі.

т. 13, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБА́НАЎ (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 17.2.1958, Мінск),

бел. сацыёлаг. Д-р сацыялагічных н. (1994), канд. філас. н. (1988). Скончыў БДУ (1981). З 1988 у Ін-це філасофіі і права, з 1993 у Ін-це сацыялогіі Нац. АН Беларусі. Адначасова з 1999 нам. дырэктара Мінскага НДІ сац.-эканам. і паліт. праблем. Навук. працы па праблемах сац. развіцця, сац. экалогіі, сацыялогіі, палітыкі, культуры і адукацыі, сац.-псіхал. механізмах масавых паводзін.

Тв.:

Социальное развитие: Энерго-институциональный подход. Мн., 1994;

Социальный субъект: Мотивы и деятельность. Мн., 1994;

Социальная структура, мобильность, идентификация. Мн., 1998 (разам з Р.​А.​Смірновай, С.​А.​Шавелем);

Механизмы массового поведения. Мн., 2000.

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБА́НАЎ (Уладзімір Сяргеевіч) (5.9.1938, г. Слуцк Мінскай вобл. — 5.12.1990),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1976). Сын С.​Ф.​Рубанава. Скончыў БДУ (1960). З 1961 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па оптыцы і лазернай фізіцы. Прапанаваў і даследаваў некалькі новых тыпаў лазерных гіраскопаў і акселерометраў. Прадказаў і даказаў (разам з Л.​М.​Арловым) існаванне з’явы палярызацыйнай і палярызацыйна-частотнай неўзаемнасці. Даследаваў уплыў палярызацыі святла на асаблівасці ўзнікнення жывой матэрыі ў Сусвеце.

Тв.:

Расчет поляризационных характеристик квантовых генераторов // Журн. прикладной спектроскопии. 1969. Т. 10, вып. 5;

Способы создания поляризационно-частотной невзаимности в кольцевых ОКГ. Мн., 1971 (разам з Л.​М.​Арловым).

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАКО́Ў (Анатоль Абрамавіч) (31.3.1921, г. Растоў-на-Доне, Расія — 10.4.1990),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў студыю т-ра імя М.​Горкага ў Растове-на-Доне (1940). Працаваў у т-рах Расіі. З 1955 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Выконваў гераічныя і характарныя ролі. Сярод работ: Кусонскі, Стрыжэўскі («Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.​Губарэвіча), «Камандзір браняпоезда» («Дні нашага нараджэння» І.​Мележа), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Баян («Клоп» У.​Маякоўскага), Судакоў («Гняздо глушца» В.​Розава), Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), Вурм, Лейстэр («Каварства і каханне», «Марыя Сцюарт» Ф Шылера), доктар Ранк («Нора» Г.​Ібсена). Зняўся ў тэлефільме «Атланты і карыятыды».

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)