МІХА́ЙЛАЎ (Леў Дзмітрыевіч) (24.7.1928, с. Яшкіна Кемераўскай вобл., Расія — 30.7.1980),
расійскі оперны рэжысёр, педагог. Нар.арт. Расіі (1970). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1953), з 1970 выкладаў у ім. З 1953 рэжысёр, гал. рэжысёр Новасібірскага т-ра оперы і балета, з 1960 — маскоўскага Муз.т-ра імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. Упершыню паставіў некалькі опер У.Рубіна, А.Тактакішвілі, В.Губарэнкі. Сярод найб. значных пастановак: «Ярмак» А.Касьянава (1957), «Яе падчарка» Л.Яначака (1958), «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча і «Хары Янаш» З.Кодая (1963), «Вірынея» С.Сланімскага (1968), «Цаной жыцця» А.Нікалаева (1965), «Вайна і мір» (1975) і «Любоў да трох апельсінаў» (1979) С.Пракоф’ева, «Пікавая дама» П.Чайкоўскага (1976), «Поргі і Бес» Дж.Гершвіна (1980). Аўтар кн. «Сем раздзелаў пра тэатр» (1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́САРСКІ КАСЦЁЛ ГА́ННЫ,
помнік архітэктуры класіцызму ў в. Мосар Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1792. Прамавугольны выцягнуты па падоўжнай восі мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Гал. фасад аздоблены канеліраванымі пілястрамі, філёнгамі, паўкруглымі нішамі са скульптурамі святых. Аконныя і дзвярныя праёмы прамавугольныя, аздоблены ліштвамі. Пры ўваходзе вылучаны вузкі нартэкс з бакавымі ўваходамі ў асн. залу. Зала перакрыта люстраным скляпеннем з арнаментаванай размалёўкай. Алтарная сцяна дэкарыравана канеліраванымі пілястрамі, 10 філянговымі рамамі з ляпнымі барэльефнымі выявамі евангелістаў. Сцены завершаны па перыметры магутным антаблементам, які мае фрыз з трыгліфамі і ляпнымі гірляндамі, карнізам з сухарыкамі. З паўд.-зах. боку ад касцёла стаіць 3-ярусная мураваная званіца, накрытая шатром. Збудаванні абнесены мураванай агароджай з брамай.
Т.В.Габрусь.
Мосарскі касцёл Ганны. Рэльеф «Евангеліст Марк».Мосарскі касцёл Ганны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІЯ КАЖУХІ́,
бел традыцыйнае зімовае нар. адзенне з в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пашыраны з даўніх часоў. Шылі з белых нядубленых аўчын. М.к. былі доўгія, шчыльныя да стану з адкладным каўняром. Кроілі іх з бакавымі клінамі («вусамі»), зашпільвалі на гаплікі, багата аздаблялі рознакаляровай вышыўкай «козлікам», гладдзю, нашыўкамі пярэстага шнура, раменьчыкаў, тканіны (найчасцей блакітнае, чырвонае, зялёнае сукно), пампонамі. З 1930-х г. М.к. шылі з дубленых аўчын, якім надавалі чырвона-цагляны ці вохрысты колер. Яны сталі кароткія, прамога ці паўпрыталенага сілуэта, найчасцей са стаячым каўняром і футравай аблямоўкай уздоўж верхняга крыса, па нізе і разрэзах кішэняў. Аздаблялі каляровымі раменьчыкамі, працягнутымі праз вузкія надрэзы ўздоўж швоў, а таксама вышыўкай на кішэнях, нізе рукавоў, верхняй прыкаўнернай частцы спінкі. Паступова выходзяць з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ ГО́РАДА СВЕТЛАГО́РСКА.
Адкрыты. ў 1978 у г. Светлагорск Гомельскай вобл. на грамадскіх пачатках як краязнаўчы, з 1979 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 264,2 м², каля 3,8 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Аддзелы: этнаграфія і побыт, прырода, Вял. Айч. вайна на тэр. раёна, прамысловасць, сац.-культ. развіццё горада, выставачны. Сярод экспанатаў калекцыі манет 17—20 ст., прадметы побыту і прылады працы 18—19 ст., матэрыялы пра гіст. мінулае горада, стварэнне і дзейнасць прадпрыемстваў, у т. л. суднаверфі (1929—61), Герояў Сав. Саюза, што загінулі ў баях на тэр. раёна, асабістыя рэчы ген. арміі П.І.Батава, нар. адзенне, вырабы з лазы, саломкі, разьбы па дрэве, матэрыялы пра жывёльны і раслінны свет рэгіёна. Музей праводзіць выстаўкі твораў мясц. мастакоў і майстроў нар. творчасці, калекцый нумізматыкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКА́НАЎ (Сабіт Муканавіч) (26.4.1900, саўгас імя Муканава Паўн.-Казахстанскай вобл., Казахстан — 18.4.1973),
казахскі пісьменнік; адзін з пачынальнікаў казахскай сав. л-ры. Акад.АН Казахстана (1954). Скончыў Ін-т чырвонай прафесуры ў Маскве (1935).
Друкаваўся з 1922. У раманах «Сын бая» (1928), «Светлае каханне» (1931), «Загадкавы сцяг» (1938, у наст.выд. «Батагоз»), «Сыр-Дар’я» (1948), «Цалінныя хвалі» (1956) і інш. этапы гісторыі каз. народа. Аўтар аўтабіягр. трылогіі «Школа жыцця» (1949—62, Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1967), гіст.-біягр. рамана пра Ч.Валіханава «Метэор, які прамільгнуў» (кн. 1—2, 1967—70). Выступаў як літ.-знавец, крытык, нарысіст. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў Х.Жычка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЯ́РАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
бой партызан аб’яднанага гарнізона Ф.І.Паўлоўскага па разгроме ням.-фаш. гарнізона на чыг. ст. Муляраўка Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на лініі Жыткавічы—Калінкавічы 22 лют. ў Вял.Айч. вайну. Для выканання аднаўленчых работ на чыгунцы на станцыю прыбыла частка буд. батальёна гітлераўцаў. Атрадам А.Ф.Каваленкі, І.Р.Жулегі, «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Э.Я.Чырлін) і Капаткевіцкаму (камандзір А.Ц.Міхайлоўскі) было даручана разграміць гарнізон праціўніка. Да раніцы 21 лют. атрады сканцэнтраваліся ў в. Залессе Акцябрскага р-на, правялі разведку, удакладнілі сілы, узбраенне праціўніка. Аперацыяй кіравалі Паўлоўскі і камісар С.В.Маханько. 22 лют. раніцай партызаны акружылі станцыю і казарму, у якой размяшчаліся гітлераўцы, і адкрылі агонь. У выніку аперацыі фаш. гарнізон на ст. Муляраўка разгромлены, аднаўленчыя работы сарваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАМ,
горад, цэнтр раёна ва Уладзімірскай вобл. Расіі. 126 тыс.ж. (1996). Прыстань на р. Ака. Чыг. вузел. Прам-сць: машынабудаванне (цепла- і электравозы, халадзільнікі), прыладабудаванне, дрэваапр. прадпрыемствы (фанерны з-д, мэблевая ф-ка), харч., лёгкая (баваўняны камбінат, абутковая ф-ка): вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Філіял Уладзіміра-Суздальскага гіст.-арх. і маст. музея-запаведніка. Царква Касьмы і Даміяна (16 ст.), Троіцкі манастыр (17 ст.).
Першапачаткова слав. паселішча на тэр. фіна-угорскага племя мурама Летапісныя звесткі з 862. З 1097 сталіца Мурама-Разанскага княства, у сярэдзіне 12 — пач. 15 ст. — Мурамскага княства. У 1088 разбураны волжска-камскімі булгарамі, у 1239, 1281, 1293 — мангола-татарамі. Заняпаў. Адноўлены ў 1351. З сярэдзіны 15 ст. ў складзе Маскоўскага вял. княства, з 1708 — Маскоўскай губ., з 1778 павятовы горад Уладзімірскага намесніцтва (з 1796 губерні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РЫНА (Ларыса Аляксандраўна) (н. 22.3.1936, в. Куляшыха Хараўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),
бел. мовазнавец і педагог. Чл.-кар. Акадэміі адукацыі Беларусі (1996). Д-рпед.н. (1986), праф. (1987). Скончыла Азербайджанскі пед.ін-т моў (1963). Працавала ў школах і ВНУг. Баку. З 1970 у БДУ (з 1988 заг. кафедры методыкі выкладання рус. і бел. моў і л-р, з 1993 нам. дэкана, з 1996 дэкан філал. ф-та). Даследуе праблемы методыкі выкладання рус. і бел. моў, бел.-рус. моўных узаемаадносін, рыторыкі. Аўтар кніг «Культура рускага маўлення ў школах з беларускай мовай навучання» (1982), «Развіццё звязнай мовы вучняў» (1985), «Методыка рускай мовы ў школах Беларусі» (1990), «Рыторыка» (1994), сааўтар падручнікаў па рус. мове для 5—9-га класаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛ,
возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас.р.Мядзелка (выцякае з возера), за 4 км на Пн ад г. Мядзел. Пл. 16,2 км², даўж. 6,3 км, найб.шыр. 4 км, найб.глыб. 24,6 м, даўж. берагавой лініі каля 31 км. Пл. вадазбору 89,2 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м, у верхняй ч. разараныя, у ніжняй параслі хмызняком. З ПдУ да возера прымыкае лес. Берагі нізкія, пясчаныя і пясчана-галечныя, участкамі на Пд і У зліваюцца са схіламі. Пойма шыр. да 250 м, вакол заліваў забалочаная. Дно да глыб. 2—2,5 м пясчанае, ніжэй выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелямі. 8 астравоў агульнай пл. 0,24 км², найбольшыя: Замак, Бярозавы, Кульчына, Селішча. Моцна зарастаюць залівы. Упадаюць 6 ручаёў. Выкарыстоўваецца як месца адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАСВЕ́РЖАНСКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Узведзена ў сярэдзіне 18 ст. на месцы драўлянай царквы 1590 (фундаваная Радзівіламі, у пач. 17 ст. перабудавана як уніяцкая). Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм (у плане — выцягнуты прамавугольнік) з прамавугольнай алтарнай апсідай і 2 нізкімі рызніцамі па баках. Над вузкім прамавугольным прытворам — масіўны чацвярык вежы з фігурнай галоўкай, накрыты гранёным купалам і аздоблены вертыкальна выцягнутымі плоскімі паўцыркульнымі нішамі, якія імітуюць аконныя праёмы. Сцены царквы ў верхняй частцы расчлянёны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі з раструбамі ў абодва бакі. Адзіны дэкар. элемент фасада — партал бакавога зах. ўвахода. Уваход у царкву з паўн. боку. Алтарная частка перабудавана ў 19 ст. Вакол храма бутавая агароджа, у якую ўбудавана брама-званіца.