ПЛАДАЖЭ́РКІ (Laspeyresiini),

трыба (шэраг родаў) матылёў сям. ліставёртак. Каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, асабліва шматлікія ў лясах Еўразіі. Многія віды — шкоднікі. На Беларусі каля 30 відаў; найб. шкодныя слівавая пладажэрка, яблыневая пладажэрка, П. арэхавыя (Laspeyresia amplana, L. splendana), гарохавая (L. nigricana), гарошкавая (Grapholitha dorsana).

Размах крылаў да 25 мм; пярэднія цёмныя са стракатым малюнкам, заднія больш светлыя, аднатонныя. Вусені ад чырванавата-ружовага да светлага колеру, з цёмнай галавой; развіваюцца ў пладах (адсюль назва), насенні, кары, парастках і каранях раслін. Часам да П. адносяць матылёў трыбы кахіліны, асобныя віды агнёвак і некат. інш. матылёў.

С.​Л.​Максімава.

Пладажэрка гарохавая: 1 — імага; 2 — вусень; 3 — пашкоджаная расліна.

т. 12, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОНТАПАРЭ́Я (Pontoporeia affinis),

беспазваночная жывёла сям. хаўстарыдаў атр. бакаплаваў кл. ракападобных. Пашырана ў вадаёмах на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жыве ў глыбокіх (больш за 10 м) вадаёмах з вял. колькасцю кіслароду ў вадзе, пераважна ў глеістых і глеіста-пясчаных донных адкладах. На Беларусі рэдкая, ледавікова-марскі рэлікт антрапагенавага перыяду. Адзначана на Пн, у азёрах Паўд. Воласа і Снуды. Занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 10 мм, маса да 10 мг. Цела дугападобнае, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў. Корміцца арган. часцінкамі грунту, расл. і жывёльнымі рэшткамі. Размнажаецца яйцамі (16 шт. і больш) адзін раз за жыццёвы цыкл. Корм для рыб.

В.​П.​Сяменчанка.

Понтапарэя.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАЛО́М»,

палітычны і літаратурны часопіс Віленскага акр. к-та КСМЗБ. Выдаваўся нелегальна ў студз.лют. 1932 у Вільні на бел. мове. Часопіс рэдагавалі і рыхтавалі да выдання М.​Танк і Я.​Гарох. Асвятляў паліт. і сац.-эканам. становішча ў Зах. Беларусі, заклікаў працоўных да рэв. і нац.-вызв. барацьбы, змагання ў абарону Т-ва бел. школы, за школу на роднай мове, адкрыццё бібліятэк-чытальняў, нар. дамоў, курсаў для непісьменных. Апублікаваў публіцыстычныя артыкулы А.​Цвіка, Л.​Родзевіча (пад псеўд. Змагар), вершы і апавяданне М.​Танка (пад псеўд. А.​Граніт), верш Я.​Гароха і інш. Выйшлі 2 нумары. З сак. 1932 выдаваўся легальны «Часопіс для ўсіх».

П.​І.​Зялінскі.

т. 12, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАСЕ́НЯ (Пётр Фёдаравіч) (25.8.1910, в. Баславічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.6.1987),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1961), праф. (1962). Скончыў БДУ (1931). У 1944—47 нам. дырэктара Мінскага пед. ін-та, з 1948 заг. кафедры Рэсп. парт. школы пры ЦК КП(б)Б. З 1950 у БДУ, з 1962 у БПІ (заг. кафедры). З 1975 на кафедры філасофіі АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях дыялект. матэрыялізму і філас. праблемах прыродазнаўства.

Тв.:

Происхождение сознания и его особенности. Мн., 1959;

Проблемы общения и мышления первобытных людей. Мн., 1961;

Человек и его сознание // Беседы о природе и обществе. 2 изд. Мн., 1971.

т. 13, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЎДЗІН (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 6.1.1926, г. Галіч Кастрамской вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне чыг. транспарту. Д-р тэхн. н. (1969), праф. (1970). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1949). З 1954 у Бел. дзярж. ун-це транспарту. З 1999 у Маскве. Навук. працы па праблемах развіцця трансп. вузлоў, прагназіраванні грузавых і пасаж. патокаў, этапнасці развіцця станцый, узаемадзеянні розных відаў транспарту.

Тв.:

Пассажирские станции. 2 изд. М., 1973;

Прогнозирование пассажирских потоков. М., 1980 (разам з В.​Я.​Нягрэем);

Взаимодействие различных видов транспорта. Мн., 1989 (разам з В.​Я.​Нягрэем, В.​А.​Падкапаевым).

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАХАРЭ́НКА (Іван Дзянісавіч) (н. 10.5.1918, в. Вышамір Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н., праф. (1971). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1972). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1939). З 1957 у Мінскім вышэйшым інж. зенітна-ракетным вучылішчы. З 1973 заг. кафедры, праф. БДУ. З 1993 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Ін-це прадпрымальніцкай дзейнасці (з 1995 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах развіцця эканам. сістэмы грамадства, фарміравання структуры і функцыянавання сусв. гаспадаркі.

Тв.:

Развитие социалистических производственных отношений. М., 1972;

Азиатский способ производства и азиатский социализм. Мн., 1993 (разам з С.​В.​Курэгянам).

т. 13, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУЖА́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў 19—20 ст. з г. Пружаны Брэсцкай вобл., аднаго з буйнейшых ганчарных цэнтраў паўд.зах. Беларусі. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд традыц. асартыменту: гаршкі і слоі з накрыўкамі, збаны, макатры, спарышы, міскі, талеркі, патэльні, кубкі і інш., якія вызначаліся буйнымі формамі, глянцаваным дэкорам у выглядзе вертыкальных і косых палос, рамбічнай сеткі, завіткоў, елачкі і інш. Характар размяшчэння дэкору падкрэсліваў выразнае чляненне форм вырабаў. З 1920-х г. асвоены таксама выраб глазураванага посуду. З 1984 промысел не існуе.

Літ.:

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Пружанская кераміка. А.​Такарэўскі. Ганчарны посуд. 1980-я г.

т. 13, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУТКО́Ў (Сцяпан Дзмітрыевіч) (1.1.1911, г. Апочна Лодзінскага ваяв., Польшча — 10.4.1978),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. авіяцыі (1955). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял. Айч. вайну маёр П. да лютага 1943 зрабіў 43 баявыя вылеты. Знішчальная дывізія на чале з П. у чэрв.ліп. 1944 наносіла ўдары па ворагу ў раёнах Оршы, Барысава, Мінска, Гродна; на чыг. участку Орша—Барысаў лётчыкі дывізіі паралізавалі рух у тыле праціўніка, нанеслі значныя страты ворагу ў мінскім «катле». Да 1971 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Ліда Гродзенскай вобл.

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУТНЯ́К, кохія (Kochia),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў Аўстраліі, на Пд Еўропы, у Азіі, Афрыцы і на З Паўн. Амерыкі ў стэпах, пустынях і паўпустынях, часта на засоленых глебах. На Беларусі 3 віды П.: венікавы (K. scoparia), Сіверса (K. sieversiana), шарсцістакветны (K. laniflora). Трапляюцца на пустках, засмечаных месцах, уздоўж дарог. У культуры вырошчваецца разнавіднасць K. scoparia var. trichophylla, летні кіпарыс, з дробным лісцем.

Аднагадовыя травы ці паўхмызнякі. Сцёблы галінастыя, апушаныя. Лісце чаргаванае, суцэльнае, вузкаланцэтнае. пераважна апушанае. Кветкі дробныя, сабраныя ў суквецце-клубочак. Плод — арэх. Кармавыя, тэхн., дэкар. лек., харч. расліны, некат. — пустазелле.

В.​М.​Прохараў.

Прутняк распасцёрты.

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГАЖУ́НІ (Calopterygidae),

сямейства стракоз падатр. раўнакрылых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Трапляюцца па берагах рэк і ручаёў. На Беларусі 2 віды: П. бліскучая (Calopteryx splendens) і П.-дзяўчына (C. virgo).

Размах крылаў да 35 мм. Афарбоўка залаціста-зялёная або сіняя. Ротавыя органы грызучыя. Драпежнікі; дарослыя ловяць насякомых на ляту, лічынкі кормяцца дробнымі воднымі беспазваночнымі. Яйцы адкладваюць у тканкі водных раслін. Лічынкі маюць 3 шчэлепы на канцы брушка, развіваюцца ў праточных вадаёмах з глеістым дном і зараснікамі водных раслін. Корм для рыб і каляводных птушак.

А.​Дз.​Пісаненка.

Прыгажуні: 1 — бліскучая; 2 — прыгажуня-дзяўчына (а — самка; б — самец).

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)