ТЭРМАДЫНА́МІКА (ад тэрма... + дынаміка),

навука аб найб. агульных уласцівасцях макраскапічных фіз. сістэм, што знаходзяцца ў стане раўнавагі тэрмадынамічнай, і працэсах пераходу паміж гэтымі станамі. Адрозніваюць фенаменалагічную Т. (даследуе тэрмадынамічныя сістэмы без уліку ўласцівасцей і характару руху іх часціц) і статыстычную Т. — асн. частку статыстычнай фізікі. Ахоплівае комплекс навук. дысцыплін — агульную (фіз.) Т., тэрмадынаміку хімічную, тэхн. Т. (дастасаванні законаў Т. да цеплатэхнікі), тэрмадынаміку нераўнаважных працэсаў і інш.

Грунтуецца на фундаментальных прынцыпах, устаноўленых на падставе шматлікіх даследаванняў (гл. Першы закон тэрмадынамікі, Другі закон тэрмадынамікі, Трэці закон тэрмадынамікі), якія выконваюцца незалежна ад прыроды цел, што ўтвараюць фіз. сістэму. Заканамернасці і суадносіны паміж фіз. велічынямі Т. маюць універсальны характар, з’явы разглядаюцца з энергет. пазіцый. Т. дае поўнае колькаснае апісанне абарачальных працэсаў, для неабарачальных працэсаў устанаўлівае пэўныя няроўнасці і паказвае напрамак іх працякання. Метадамі Т. ўстанаўліваюць сувязі паміж непасрэдна назіранымі (макраскапічнымі) характарыстыкамі сістэм (ціскам, аб’ёмам, т-рай і інш.) у розных тэрмадынамічных працэсах. У Т. распрацаваны тэорыя хім. раўнавагі і тэорыя фазавай раўнавагі, напр., раўнавагі паміж рознымі агрэгатнымі станамі і пры расслаенні на фазы сумесей вадкасцей і газаў. Для працэсаў устанаўлення раўнавагі істотны абмен часціцамі паміж рознымі фазамі і для фармулёўкі раўнавагі карыстаюцца паняццем хімічнага патэнцыялу, пастаянства якога замяняе ўмову пастаянства ціску, калі вадкасць (газ) знаходзіцца ў полі знешніх сіл. Законы і метады Т. выкарыстоўваюцца ў механіцы суцэльных асяроддзяў, макраскапічнай электрадынаміцы, пры вывучэнні хім. працэсаў, працэсаў пераносу і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Т. вядуцца ў Ін-це цепла- і масаабмену, Аб’яднаным ін-це энергетычных і ядз. даследаванняў, Ін-це фізіка-арганічнай хіміі, Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН, БДУ, Бел. Нац. тэхн. ун-це і інш.

Літ.:

Кубо Р. Термодинамика: Пер. с англ. М., 1970;

Гиббс Дж.В. Термодинамика: Статистич. механика: Пер. с англ. М., 1982;

Базаров И.П. Термодинамика. 4 изд. М., 1991.

У.​Л.​Драгун.

т. 16, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМІНАЛАГІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

слоўнік, які змяшчае сістэматызаванае на аснове пэўных прынцыпаў апісанне тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі, вытв-сці, дзейнасці, мастацтва і інш. Напр., лінгвістычны слоўнік, слоўнік электратэхн. тэрмінаў, слоўнік па металургічнай вытв-сці, слоўнік бібліятэчных і бібліягр. тэрмінаў, слоўнік муз. тэрмінаў. У Т.с. побач з алфавітнай пашырана арганізацыя тэрмінаў на аснове сістэмы паняццяў пэўнай галіны навукі («Слоўнік славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі», т. 1, Прага, 1977, змяшчае таксама і бел. частку). Т.с. бываюць уласна тэрміналагічныя, г.зн. уключаюць тэрмін і яго азначэнне («Тлумачальны слоўнік гандлёвых тэрмінаў», 1995), і перакладныя («Кароткі лацінска-руска-беларускі слоўнік юрыдычнай фразеалогіі» Н.​А.​Ганчаровай і М.​Г.​Антанюк, 2000), а таксама могуць змяшчаць і перакладную (двух- або шматмоўную) і тлумачальную часткі («Тлумачальны руска-англа-беларускі слоўнік па інфарматыцы», 1994). Часам Т.с. уключае тэрміны не адной вузкай галіны ведаў, а некалькіх, звычайна сумежных, галін («Руска-беларускі слоўнік па цеплатэхніцы і санітарнай тэхніцы» В.​М.​Капко і Б.​М.​Хрусталёва, 1995; «Руска-беларускі політэхнічны слоўнік», т. 1, 1997). Тлумачальная частка можа ўключаць строга навук. азначэнне (дэфініцыю) або больш шырокае апісанне тэрміна, набліжаючыся да слоўніка энцыклапедычнага тыпу, слоўніка-даведніка («Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік», «Тлумачальны слоўнік-даведнік па ветэрынарыі і заатэхніі», абодва 1992). Па глыбіні і паўнаце ахопу паняццяў і паводле прызначэння існуюць школьныя Т.с. («Геаграфічны слоўнік школьніка» І.​П.​Галай, С.​І.​Сідор, 1986; «Экалагічны слоўнік», 1993), Т.с. для сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў («Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» П.​У.​Сцяцко, М.​Ф.​Гуліцкага, Л.​А.​Антанюк, 1990) і акад., фундаментальныя слоўнікі, якія змяшчаюць вычарпальна поўную сістэму паняццяў на сучасным узроўні развіцця адпаведнай галіны і прызначаны для спецыялістаў («Музычны слоўнік беларуска-рускі = Музычны слоўнік руска-беларускі», 1999). Гіст. тэрміналогія часткова фіксуецца ў гістарычных слоўніках («Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.​І.​Гарбачэўскага, 1874).

Л.​А.​Антанюк.

т. 16, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАГУКАВА́Я АПРАЦО́ЎКА,

апрацоўка матэрыялаў, вырабаў або рэчываў уздзеяннем ультрагуку (звычайна з частатой 15—50 кГц). Выконваецца з дапамогай электраакустычных (пераважна магнітастрыкцыйных і п’езаэл.) выпраменьвальнікаў (гл. Электраакустычныя пераўтваральнікі), апаратаў у выглядзе свісткоў і сірэн.

У.а. цвёрдых матэрыялаў уключае ультрагукавую зварку металаў, пластмас і сінт. тканін; абразіўна-імпульсную апрацоўку крохкіх матэрыялаў; У.а. металаў ціскам (штампоўка, валачэнне, прасаванне, коўка і інш.); размерную апрацоўку дэталей на ультрагукавых станках; луджэнне і пайку металаў; рэзанне металаў, керамікі, шкла і інш.; ачыстку дэталей і матэрыялаў, зняцце задзірын і інш. У.а. выкарыстоўваюць таксама для дыспергавання цвёрдых парашкападобных матэрыялаў, эмульгавання вадкасцей, якія не змешваюцца, атрымання аэразоляў, полімерызацыі (або дэструкцыі) высокамалекулярных злучэнняў, дэгазацыі расплаваў металаў і інш. вадкасцей, для экстрагавання, хемасорбцыі, дыфузіі, разбурэння біял. аб’ектаў (напр., мікраарганізмаў). У.а. падвяргаюць сыпкія, порыстыя і інш. матэрыялы пры іх сушцы, розныя газы пры ачыстцы ад цвёрдых часцінак і аэразоляў. У.а. часта выкарыстоўваецца ў спалучэнні з інш. відамі апрацоўкі для паскарэння або актывізацыі многіх тэхнал. працэсаў (хім. або электрахім. траўлення і асаджэння матэрыялаў, насычэння порыста-капілярных матэрыялаў і інш.). Гл. таксама Электрахімічная апрацоўка.

Літ.:

Вероман В.Ю., Аренков А.Б. Ультразвуковая обработка материалов Л., 1971;

Ультразвуковая технология. М., 1974;

Попилов Л.Я. Электрофизическая и электрохимическая обработка материалов: Справ. 2 изд. М., 1982;

Северденко В.П., Клубович В.В., Степаненко А.В. Прокатка и волочение с ультразвуком. Мн., 1970;

Іх жа. Обработка металлов давлением с ультразвуком. Мн., 1973;

Клубович В.В., Тявловский М.Д., Ланин В.Л. Ультразвуковая пайка в радио- и приборостроении. Мн., 1985;

Прохоренко П.П., Пугачев С.И., Семенова Н.Т. Ультразвуковая металлизация материалов. Мн., 1987.

У.​У.​Клубовіч, А.​В.​Сцепаненка.

Ультрагукавая апрацоўка: а — схема атрымання адтулін (1 — дэталь. у якой робіцца адтуліна; 2 — інструмент; 3 — зерні абразіву; 4 — хвалявод; 5 — пераўтваральнік; 6 — процівага); б — схема ультрагукавога паяльніка (1 — наканечнік; 2 — магнітастрыкцыйны выпрамяняльнік; 3 — абмотка. злучаная з ультрагукавым генератарам; 4 — абмотка для награвання наканечніка; 5 — прыпой; 6 — месца пайкі).

т. 16, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

навука, якая вывучае хім. з’явы і ўстанаўлівае іх заканамернасці на падставе агульных прынцыпаў і законаў фізікі. Асн. яе задачы: даследаванне заканамернасцей ходу хім. рэакцый у часе, законаў хім. раўнавагі і вызначэнне механізму працэсаў. Метады даследавання: спектраскапія, мас-спектраскапія, квантавая хімія, структурны аналіз, электронная, іонная мікраскапія, тэрмічны аналіз і інш.

Узнікла ў сярэдзіне 18 ст. Тэрмін «Ф.х.» ўвёў М.​В.​Ламаносаў («Уводзіны ў сапраўдную фізічную хімію»; 1752). Як самаст. навука сфарміравалася ў канцы 19 ст. Вывучае хім. тэрмадынаміку, паверхневыя з’явы, хім. кінетыку, каталіз і інш. Хім. тэрмадынаміка на аснове законаў тэрмадынамікі даследуе хім. раўнавагу і ўмовы яе парушэння пад уплывам знешніх фактараў. Асн. дасягненнем класічнай хім. тэрмадынамікі з’явілася прадказанне характару працякання хім. рэакцый у канкрэтных сістэмах. Магчымасці тэрмадынамічных метадаў пашырыліся ў выніку выкарыстання метадаў стат. фізікі і распрацоўкі прынцыпаў тэрмадынамічнага аналізу неабарачальных працэсаў. Пры вывучэнні паверхневых з’яў даследуюцца ўласцівасці паверхневых слаёў цвёрдых цел і вадкасцей, у хім. кінетыцы — механізмы і заканамернасці ходу хім. рэакцый у часе, у аб’ёме рэакцыйнай сумесі або на мяжы раздзелу фаз. Каталіз вывучае змены скорасці хім. рэакцый пад уплывам каталізатараў. Даследуюцца ферментны каталіз, працэсы з мембранным размежаваннем, хімія гетэрагенных сістэм, будова рэчыва — будова атамаў і малекул, а таксама агрэгатныя станы рэчываў, хім. растворы — іх прырода, структура і асн. ўласцівасці ў залежнасці ад канцэнтрацыі і хім. прыроды кампанентаў. Многія з прыкладных кірункаў Ф.х. сталі самаст. навукамі (напр. калоідная хімія, тэорыя металургічных працэсаў).

На Беларусі даследаванні па Ф.х. праводзяцца ў ін-тах Нац. АН: фізіка-арган. хіміі, агульнай і неарган. хіміі, фізікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, таксама БДУ, Бел. нац. тэхн. ун-та і інш.

Літ.:

Эткинс П. Физическая химия: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1980;

Стромберг А.Г., Семченко Д.П. Физическая химия. 2 изд. М., 1988;

Полторак О.М. Термодинамика в физической химии. М., 1991.

М.​І.​Міцкевіч, В.​Н.​Макатун.

т. 16, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАСО́ФІЯ ПАЛІ́ТЫКІ,

адзін з раздзелаў філасофіі, які даследуе фундаментальныя праблемы палітыкі, законы паліт. развіцця грамадства, прынцыпы функцыянавання ўлады, адносіны паміж яе суб’ектамі і аб’ектамі, яе ўзаемаадносіны з грамадствам. Тэрмінам «Ф.п.» карыстаюцца таксама для абазначэння паліт. поглядаў асобы, партыі, класа і інш. (напр.: «Ф.п. кабінета торы», «Ф.п. новага пакалення» і інш.).

Узнікла ў ант. часы ў Еўропе і Стараж. Кітаі як роздум філосафаў аб чалавеку і свеце, уладзе, справядлівасці, няроўных адносінах паміж людзьмі і з’яўлялася адначасова аналізам, павучаннем і маральнай пропаведдзю. Аўтарамі найб. ранніх філас. прац пра палітыку былі Платон і Арыстоцель. У эпоху Адраджэння і ў Новы час распрацаваны філас. тэорыі ўлады і дзяржавы, канцэпцыі паліт. канфліктаў і рэвалюцый, раздзялення маралі і палітыкі (Н.​Макіявелі), натуральных правоў (Т.​Гобс, Дж.​Лок, Б.​Спіноза), раздзялення ўлад, грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы (Дж.​Лок, Ш.​Мантэск’ё), асн. кірункі паліт. ідэалогіі — лібералізм і кансерватызм. Ням. класічная філасофія даследавала этнічныя асновы права і дзяржавы (І.​Кант) і ў цэлым філасофіі права (Г.​Гегель).

Сучасная Ф.п., у працяг класічных традыцый, увяла ў паліт. ўжытак вывучэнне праблем сац.-эканам. развіцця соцыумаў, палітыка-прагнастычныя тэорыі, сістэматызацыю паліт. ведаў, але асновай застаюцца эмпірычныя веды, іх абагульненне і выкарыстанне ў паліт. практыцы. Яна ўзаемадзейнічае з паліт. сацыялогіяй, псіхалогіяй і інш. навук. дысцыплінамі. Умоўна Ф.п. падзяляюць на палітычную анталогію (вучэнне аб паліт. жыцці, прыродзе і сутнасці паліт. сусвету), палітычную антрапалогію (вывучае спецыфіку паліт. творчасці асобы ў параўнанні з яго сацыяльнай дзейнасцю), палітычную эпістэмалогію (аналізуе суадносіны рацыянальнага і ірацыянальнага ў палітыцы), палітычную праксеалогію (вывучае асн. заканамернасці палітыкі), палітычную аксіялогію (вывучае паліт. каштоўнасці філас.-паліт. асновы грамадства), палітычную ідэалогію (абгрунтоўвае месца розных сац. груп у паліт. сістэме грамадства).

Літ.:

Гобозов И.А. Философия политики. М., 1998;

Котляров И.В. Политическая социология. Мн., 1998.

І.​В.​Катляроў.

т. 16, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́СТКА І ЦЭ́ЛАЕ,

філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць адносіны паміж сукупнасцю прадметаў ці элементаў асобнага аб’екта і сувяззю, што іх аб’ядноўвае. Праблема Ч. і ц. пастаўлена яшчэ ў ант. філасофіі (атамістыка, Платон, Арыстоцель); яна разглядалася ва ўсіх значных філас. вучэннях (матэрыялізм, схаластыка, ням. класічная філасофія і інш.). У філасофіі 20 ст. склаліся 2 процілеглыя тэндэнцыі: мерызм (яе прадстаўнікі абсалютызавалі ролю часткі) і халізм (абсалютызацыя цэлага). Дыялект. падыход зыходзіць з таго, што суадносіны паміж Ч. і ц. могуць характарызавацца адытыўнасцю (калі цэлае роўна суме частак), суперадытыўнасцю (калі цэлае не зводзіцца да сумы частак і характарызуецца новымі інтэгратыўнымі якасцямі), субадытыўнасцю (частка дастаткова незалежная ад цэлага). Паняцце часткі абазначае фрагмент, момант цэлага, таму ў працэсе пазнання Ч. і ц. не павінны разглядацца асобна. Напр., элементарныя часціцы, якія валодаюць дваістай карпускулярна-хвалевай прыродай, непасрэдна звязаны з палямі: энергія і імпульс якіх непасрэдна складаюцца з мноства асобных порцый — квартаў (гл. Квантавая тэорыя поля). У палях бесперапыннасць спалучаецца з перапыннасцю, г.зн. з пэўнай частковасцю. Уласцівыя мозгу чалавека ідэальныя прадукты дзейнасці, розныя псіхічныя з’явы, у т. л. мысленне, таксама раздзелены на пэўныя функцыянальныя часткі. Паняцці Ч. і ц. ўжываюцца і ў адносінах працэсаў руху, функцыянавання і развіцця, у якіх вылучаюцца пэўныя моманты, стадыі, ступені і т.п. У працэсах развіцця суадносіны частак паміж сабой і з цэлым змяняюцца, узнікаюць новыя часткі і новыя сувязі, што выяўляецца ў працэсе дыферэнцыяцыі і інтэграцыі. Сучасная навука прытрымліваецца сістэмнага падыходу ў аналізе Ч. і ц., пры якім адрозніваюцца сістэмы інтэгральныя і суматыўныя ў залежнасці ад перавагі адпаведных уласцівасцей. Пастулат аб прымаце над часткай нярэдка выкарыстоўваўся для апраўдання таталітарных ідэалогій і паліт. рэжымаў (фашызм і інш.), якія ігнаруюць правы і свабоды асобы. Абсалютызацыя ролі часткі знайшла сваё ўвасабленне ў канцэпцыі «сацыяльнага атамізму», у адпаведнасці з якой перавага аддаецца інтарэсам індывіда, а інтарэсы грамадства — падпарадкаваны апошнім. Гл. таксама Цэласнасць.

В.​Дз.​Марозаў, С.​А.​Яцкевіч.

т. 17, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСТО́ТНЫ СЛО́ЎНІК,

тып лінгвістычнага даведніка, у якім адлюстраваны лічбавыя паказчыкі выкарыстання моўных адзінак (афіксаў, словаформ, лексем, словазлучэнняў) у тэкставай выбарцы пэўнага аб’ёму. Да лічбавых паказчыкаў адносяць: частату ўжывальнасці пэўнай адзінкі; колькасць тэкстаў, у якіх выкарыстоўваецца пэўная моўная адзінка; частату ўжывальнасці мнагазначнай лексемы асобна для кожнага з яе значэнняў; частату выкарыстання слоў пэўнай часціны мовы; частату кожнай з першай тысячы самых ужывальных моўных адзінак і інш. Ч.с. выкарыстоўваюць пры вызначэнні лексічных мінімумаў і напісанні вучэбных дапаможнікаў па мовах, распрацоўцы кодаў для машыннага перакладу, устанаўленні крытэрыяў моўнай нормы, вырашэнні тэарэт. пытанняў фанетыкі, лексікалогіі, граматыкі, стылістыкі пэўнай мовы, іх генет. або тыпалагічнай блізкасці. Першы Ч.с. на Беларусі — спіс найбольш частых слоў, ужытых у артыкуле «Рэалісты» Дз.​І.​Пісарава, складзены М.​Г.​Булахавым (1969). Найб. поўны паводле аб’ёму рэестравага матэрыялу і велічыні абследаванай тэкставай выбаркі «Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.​С.​Мажэйкі і А.​Я.​Супруна (вып. 1—5, 1976—92), кожны выпуск якога пабудаваны на матэрыяле маст. прозы, публіцыстыкі, вуснай нар. творчасці, паэзіі, гутарковай мовы. Зводны «Частотны слоўнік беларускай мовы» Мажэйкі (2003; 1801 тыс. словаўжыванняў) апрача матэрыялаў папярэдняга Ч.с. ўключае вынікі стат. аналізу дзелавых, навук., вучэбных і энцыклапедычных тэкстаў. Ч.с. ствараюць і на ЭВМ (падрыхтаваны «Частотны слоўнік словаформаў» П.​Ф.​Глебкі ў 2 т.). Да бел. Ч.с. у пэўнай ступені можна аднесці шэраг гіст. канкардансаў [поўны паказальнік слоў з ілюстрацыямі пэўнага літ. тэксту; напр., «Частотны слоўнік» (т. 10, 1992) у рукапісным «Канкардансе беларускай мовы XIX ст.» ў 11 т.] і слоўнікаў мовы пісьменнікаў, паколькі ў іх прадстаўлены і стат. параметры: «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.​Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» ў 8 т. (т. 1—5, 1997—2003) і інш.

Літ.:

Алексеев П.М. Статистическая лексикография: (типология, составление и применение частотных словарей). Л., 1975.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 17, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫГУ́Н,

сплаў жалеза (аснова) з вугляродам (звычайна 2—4%) і інш. элементамі; адзін з найб. пашыраных (побач са сталлю) жалезавугляродзістых сплаваў. Мае пастаянныя дамешкі (да 4,5% крэмнію, да 1,8% фосфару, да 1,5% марганцу, не болей за 0,08% серы), часам і легіруючыя элементы (хром, нікель, ванадый і інш.). Звычайна крохкі. Характарызуецца эўтэктычным пераўтварэннем (гл. Эўтэктыка). Ч. — першасны прадукт перапрацоўкі жалезных руд плаўкай у доменных печах.

Вуглярод у Ч. можа знаходзіцца ў звязаным стане ў выглядзе карбіду жалеза — цэментыту (белы Ч.) або ў свабодным стане ў выглядзе графіту (шэры Ч.). Больш за 85% Ч. перапрацоўваецца ў сталь (перадзельны Ч.), астатні выкарыстоўваюць для фасоннага ліцця (ліцейны Ч.) і атрымання спец. Ч. з павялічанай колькасцю крэмнію, алюмінію, марганцу (доменныя ферасплавы). Паводле мікраструктуры графіту адрозніваюць шэры Ч. (вуглярод у выглядзе пласціністага графіту), высокатрывалы Ч. (шарападобны графіт) і коўкі Ч. (камякаваты графіт). Коўкі Ч. атрымліваюць адпалам адлівак, якія ў літым стане маюць структуру белага Ч.; у высокатрывалым графіт утвараецца ў літым стане ад увядзення ў вадкі Ч. мадыфікатараў (гл. Мадыфікаванне). Коўкі і высокатрывалы Ч. выкарыстоўваюць як канструкцыйны матэрыял з высокай пластычнасцю і трываласцю. Для павышэння якасці чыгунных адлівак выкарыстоўваюць таксама легіраванне (гл. Легіраваны чыгун). Перспектыўная вытв-сць спец. Ч.: высакахромістых для выкарыстання ва ўмовах абразіўнага зносу з недастатковым цеплаадводам; нерэзіставых для ўвядзення вырабаў з яго ў дэталі з алюмінію (напр., у поршні фарсіраваных дызеляў) і інш. Ч. вядомы з 6 ст. да н.э. ў Кітаі, з сярэдзіны 14 ст. ў Зах. Еўропе, з 17 ст. ў Расіі.

Літ.:

Мозберг Р.К. Материаловедение. 2 изд. М., 1991.

А.​П.​Ласкаўнёў.

Чыгун: а — мікраструктуры графіту ў чыгунах (1 — пласціністы графіт у шэрых чыгунах; 2 — шарападобны ў высокатрывалых чыгунах, 3 — камякаваты ў коўкіх чыгунах); б — мікраструктуры шэрых (А), коўкіх (Б) і высокатрывалых (В) чыгуноў.

т. 17, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РАП,

шкілет галавы пазваночных жывёл і чалавека; таксама храстковая капсула, якая ахоўвае мозг у галаваногіх малюскаў. У пазваночных утвораны храстком і (або) косцю.

Ч. жывёл змяняецца ў ходзе эвалюцыі, што абумоўлена прагрэсіўным развіццём галаўнога мозга і органаў пачуццяў, заменай жабернага дыхання лёгачным і зменай спосабаў харчавання пры выхадзе арганізма з воднага асяроддзя на сушу. Адрозніваюць Ч. восевы і вісцэральны. Восевы або мазгавы — пярэдні працяг восевага шкілета тулава, які разрастаецца вакол галаўнога мозга, органаў нюху і ўнутр. вуха. Вісцэральны, або тваравы Ч. — шкілет пярэдняга аддзела кішэчніка (глоткі). Сярод сучасных пазваночных найб. прымітыўна пабудаваны Ч. у кругларотых. У касцявых рыб мазгавы Ч. укрыты накладнымі касцямі. У птушак і млекакормячых рэзка павялічваецца аб’ём чарапной поласці. Для Ч. многіх млекакормячых характэрна ўтварэнне комплексных касцей (напр., скроневай).

Ч. чалавека складаецца з 23 касцей: 8 парных — цемянныя, скроневыя, верхнясківічныя, ніжнія насавыя ракавіны, паднябенныя, скулавыя, слёзныя, насавыя; 7 няпарных — лобная, патылічная, клінападобная, рашэцістая, сашнік, ніжнясківічная, пад’язычная. Дзве апошнія косці сучленены з Ч. рухома, астатнія нерухома, праз швы. У дзяцей да года ў месцы злучэння касцей Ч. ёсць перапончаты прамежак — цемечка. Праз шматлікія каналы і адтуліны асновы (ніжняй часткі) Ч. праходзяць чэрапнамазгавыя нервы і крывяносныя сасуды, а праз вял. патылічную адтуліну поласць Ч. злучаецца са спіннамазгавым каналам. Тваравы Ч. (складаецца з 14 дробных касцей) утварае касцявы шкілет верхніх аддзелаў органаў дыхання (нос) і стрававання (рот, глотка), у ім размешчаны органы слыху, зроку, нюхальная ч. носа. Паводле асаблівасцей будовы Ч. чалавека вызначаюць антрапалагічныя тыпы.

Літ.:

Сперанский В.С., Зайченко А.И. Форма и конструкция черепа. М., 1980;

Ромер А.Ш., Парсонс Т.С. Анатомия позвоночных: Пер. с англ. Т. 1. М., 1992.

А.​С.​Леанцюк.

Чэрап чалавека. Косці: 1 — насавая; 2 — слёзная; 3 — рашэцістая; 4 — лобная; 5 — цемянная; 6 — скроневая; 7 — клінападобная; 8 — скулавая; 9 — ніжнясківічная; 10 — верхнясківічная.

т. 17, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

трук

(фр. truc)

1) лоўкі прыём (напр. акрабатычны т.);

2) перан. лоўкі ўчынак (напр. дыпламатычны т.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)