Абало́на, абалоніна, бальна, бальніна ’знешнія вільготныя слаі дрэва, якія знаходзяцца пад карой’ (Шат., Сцяшк.) абалонка, абалонь ’верхнія слаі драўніны з жывымі яшчэ клеткамі’ (Бяльк., Касп., Яруш.), абалонь ’тс’ (Маш., Янк. I, КЭС), оболона ’тс’ (КСТ), абалонь ’гадавыя кольцы на пні дрэва’, абалоністы ’зроблены з верхніх слаёў дрэва’ (Шат.). Рус. болонь, заболонь (= бел. абалонь), чэш. blána, oblana ’тс’. Іншыя славяне, відаць, гэтага слова не ведаюць. Ці не балтызм? Параўн. літ. bálnis ’ачэсанае ад кары дрэва’ (∼ bálnis ’белы, белая масць’). Семантычная паралель: польск. biel ’абалонь’. Укр. болона, польск. błona, чэш. blána і г. д. у значэнні ’тонкая плеўка’, мабыць, сюды не адносяцца; гл. абалонка. Параўн. балонь.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Апрэ́снік, опрі́снок ’праснак’ (КТС, Інстр. I, Лекс. Палесся, 115–116), оприснячок ’рытуальны хлябец, які выпякаецца ў час пахавання нябожчыка’ (Клім.). Рус. опре́сно́к ’праснак’, ’маца’, опресноки ’яўрэйская пасха’, укр. опрі́снок ’праснак’, опрісноки ’пасха’. Польск. oprzasnek ’праснак’, славац. opresek ’тс’, славен. oprẹ̑snik ’тс’. У чэш., польск. без о‑: přesník, przaśnik ’праснак’, ’маца’. Ст.-слав. опрѣснъкъ, ст.-рус. опрѣснъкъ, ‑окъ ’праснак, маца, каталіцкая прасвіра’ (Сразн.), ст.-бел., ст.-укр. опрѣснокъ ’безквасие’ (Бярында). Суфіксальна-прэфіксальнае ўтварэнне ад прэсн‑ы; беларускі суфікс ‑ік, магчыма, у выніку словатворчай перапрацоўкі ст.-рус. з суфіксам ‑ъкъ, як і ў славенскай, ці ў выніку кантамінацыі дзвюх форм: опрѣснъкъ і прѣсникъ (адкуль чэшскія, польскія формы).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ата́рыца ’частка панскай зямлі, засеяная парабкам для сябе’ (Нас., Чач., Гарэц.), ’асабістая даходная праца’ (Мядзв.), ’ралля, прыгатаваная пад пасеў’ (КЭС). У блізкім значэнні слова выкарыстоўваецца ў «Рускай праўдзе» (Сразн.): отарица. Спрэчна. Карскі (Труды, 391) лічыць запазычаннем з літ. ãtaras ’баразна з краю нівы’. Карскі супраць сувязі з дзеясловам араць, таму што ў гэтым выпадку чакалася б *аторыца (параўн. атор(а)). Урбуціс (Baltistica V (1), 1969, 48) лічыць, што бел. атарыца ўтворана ад атара (гл.) ’гурт авечак’ і ’зямельнае ўгоддзе’. Значэнне атарыца ’пасаг’, у тым ліку ’жывёла, што даецца як пасаг’ (Мат. дыял. канф., 77), укр. дыял. палес. атарица ’пасаг’ указвае на магчымасць іменна такога (ад атара) паходжання слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бабур ’малады акунь’ (Маш.), бабура, бабурка ’галавастая рыбка’ (Інстр. лекс.). Параўн. рус. бабу́ра ’Cottus gabio, падкаменшчык’, бабу́рка ’асобны від дробнай рыбы’. Параўн. іншыя назвы: бел. ба́ба (рыба) ’падкаменшчык’, ба́бка ёрш’ (падобныя назвы і ў іншых славянскіх мовах). Утварэнне (суф. ‑ура) ад асновы баб- (для абазначэння круглых прадметаў) або ад ба́ба 1 (гл.). Гэта аснова часта выступае ў назвах галавастых рыб. Безлай (Posk. zv., 8) лічыць, што bab‑ — вельмі старая аснова, якая выпадкова супала з baba ’жанчына’. Адносна назваў рыб, для якіх галавастасць не характэрна, А. А. Крывіцкі (вусн. паведамл.) лічыць, што першапачаткова тэрмін мог быць перанесены на іншых рыб па колеру і г. д.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ба́ваўна ’бавоўна’ (Гарэц.), ’баваўняная папера, вата’ (Нас.). Ст.-бел. баволна ’баваўняная папера’ (Нас., Гіст. лекс., 115; націск быў на першым складзе, параўн. Бярында, 12: бума́га: ба́волна, папѣръ, а́лбо всѧкая мѧккота). Ва ўкр. слоўніках (старых) з такім жа націскам: ба́вовна, ба́волна, ба́вуна, ба́вина, ба́вна, ба́вовник, ба́вільник. Параўн. і паўд.-рус. ба́вольник. Гэта сведчыць аб першапачатковым запазычанні з чэш. bavlna (< ням. Baumwolle), а не з польск. bawełna. Падрабязней гл. Краўчук, УМШ, 10, 60. Параўн. таксама бавоўна, бавэл, бавэлна. Гл. яшчэ Рудніцкі, 47. Аб чэшскім уплыве на ўсх.-слав. мовы ў XIV–XV стст. гл. Мацурэк, Зб. Вольману, 42–63. Сюды ж і гаплалагічнае ба́ўна (< ба́ваўна) ’вата’ (Гарэц.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бальза́м (параўн. ст.-бел. балсам; Булыка, Запазыч.). Рус. бальза́м, укр. бальза́м. Новае запазычанне з зах.-еўрап. моў: ням. Balsam (< лац. balsamum < грэч. βάλσαμον, а гэта з семіцкіх моў, гл. Клюге, 47). Гук ‑з‑ сведчыць толькі аб зах. мовах як непасрэднай крыніцы ўсх.-слав. слоў. Фасмер, 1, 119. Не пераконваюць меркаванні: Шанскі, 1, Б, 28 (супраць Фасмера; за грэч. крыніцу); Трубачоў, Дополн., 1, 119 (указвае на ст.-рус. валсамъ < грэч., але гэта не адносіцца непасрэдна да формы бальза́м). Гл. яшчэ MESz, 1, 234–235 (там і іншая літ-pa); Гютль–Ворт, For. Words, 61. Форма бальса́м (Нас.), мабыць, адлюстроўвае напісанне слова ў еўрапейскіх мовах (параўн. Брукнер, 12).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бардады́м ’бамбіза’ (Гарэц.), ’высокі і нехлямяжы чалавек’ (Др.-Падб.). Рус. дыял. бардады́м ’нехлямяжы або высокі чалавек’, укр. бардади́м ’вялікі па камплекцыі чалавек, высокі чалавек’. У аснове ляжыць дэфармаваная назва манаха-бернардынца (параўн. бел. бардады́н ’манах ордэна св. Бернарда’, Нас.), фігура якога ў народзе выклікала насмешкі і жарты. Параўн. у польск. мове: Bernardyński kark. — Palnał bernardyński (= duży) kieliszek starki. — Zaczął zajadać z bernardyńskim apetytem (Варш. сл., 1, 116). Адсюль ’здаровы, мажны чалавек, бамбіза і г. д.’ Падрабязна гл. Краўчук, ЛБ, 8, 73. У рус. мове бардады́м (бардада́шка, барда́шка) таксама ’картачны кароль чорнай масці’ (аб гэтым Папоў, Лекс., 50; Трубачоў, ЭИРЯ, 3, 42–44; памылкова Праабражэнскі, 1, 17 і Фасмер, 1, 126).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Баро́цца ’борацца’. Рус. боро́ться, укр. боро́тися, ст.-польск. (дыял.) bróć się, в.-луж. wobróćso, н.-луж. wobrojś ’абараняцца’, ст.-слав. брати борѭ, балг. бо́ря се. Параўн. далей серб.-харв. бо̀рити се, славац. boriť sa ’змагацца’. Прасл. borti, borʼǫ (sę) ’тс’. Параўн. літ. bárti ’лаяць, сварыцца’, лат. bar̃t (да балта-слав. формы гл. Траўтман, 27), ст.-ісл. beria ’біць’, beriask ’змагацца’, ст.-в.-ням. berjan ’біць’, лац. ferīre ’біць, сячы, калоць’. І.‑е. *bher‑: *bhor‑ ’біць, калоць, змагацца і да т. п.’ Бернекер, 76; Праабражэнскі, 1, 38; Фасмер, 1, 197; Брукнер, 36; БЕР, 1, 69. Сюды і бел. баро́цца ’бадацца’ (Сцяц., Клім., Інстр. III, Арх. Бяльк., слонім.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бары́ла 1 ’бачонак, невялікая бочка; вялікая, шырокая бочка’, таксама барылачка, бары́лца, барэлочка, бары́лка, барэ́лка, барэ́лко (Касп., Нас., Гарэц., Бяльк., Інстр. III, Др.-Падб., Дзмітр., Шн., Бесар., КЭС, лаг., Булг., Федар., 4, Сцяц., Сцяшк. МГ, Арх. Бяльк. слонім.). Рус. дыял. бари́ло і г. д. (< укр. або бел.), укр. бари́ло (з XVI ст.) і г. д. Запазычанне з польск. baryła < італ. barile. Гл. Міклашыч, 7; Бернекер, 44; Фасмер, 1, 126–127; Брукнер, 17; Слаўскі, 1, 28; Кюнэ, Poln., 43. Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 37.
Бары́ла 2 ’здаровы мажны мужчына; таўсцяк; тоўсты, нехлямяжы чалавек’ (Касп., Нас., Гарэц., Сцяшк. МГ). Метафарычнае ўжыванне слова бары́ла ’бачонак’ (гл.). Параўн. укр. барилькува́тий ’тоўсты, брухаты’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Басалы́га ’басяк’ (Арх. Бяльк., слонім.). Параўн. рус. дыял. басалы́га ’ветраны, легкадумны чалавек, балаболка і г. д.’ Можна меркаваць пра сувязь з басала́й (гл.); тады «экспрэсіўны» суфікс ‑ыга? Але параўн. і польск. basałyk ’пуга; басяк’; basałyga ’тс’. Форму basałyga (экспрэсіўную!) Брукнер (17) лічыць вытворнай ад basałyk. Выходзіць, не выключаецца магчымасць і сувязі з ст.-бел. басалык ’пуга’, рус. басалы́к, укр. басалик (з XVII ст.), польск. basałyk, запазычанымі з цюрк. моў. Фасмер, ZfslPh, 16, 68; Фасмер (1, 130) тлумачыць іх з тур., тат. bašakly. Але ёсць і тур. форма basalik, basilik! Невядома, якую ролю пры запазычанні іграла тут польск. мова (Булыка, Запазыч., 38: праз польск. basałyk).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)