ФАКУСІРО́ЎКА ГУ́КУ,
пераўтварэнне плоскіх ці разбежных гукавых хваль у збежныя. Праводзіцца для аптычных і радыёхваль метадамі адбіцця або пераламлення.
Адрозніваюць актыўную і пасіўную факусіруючыя сістэмы. Актыўная (акустычны канцэнтратар) непасрэдна стварае збежны хвалевы фронт, пасіўная (лінзы акустычныя ці люстры) мяняе акустычную даўжыню шляху такім чынам, што пераўтварае плоскі ці разбежны фронт у збежны. Пры Ф.г. адбываецца рэзкае ўзмацненне гукавога ціску, вагальнай скорасці часціц і інтэнсіўнасці гуку. Ф.г. выкарыстоўваецца для атрымання гукавога відарыса (у сістэмах гукабачання і акустычнай галаграфіі, акустычным мікраскопе), для фарміравання зададзенай дыяграмы накіраванасці электраакустычных пераўтваральнікаў (напр., у гідралакатарах, сістэмах сканіравання, для канцэнтрацыі ультрагукавой энергіі) і інш.
т. 16, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНО́Н (ад грэч. phōnē гук),
квант энергіі пругкіх ваганняў атамаў (малекул, элементаў структуры) каля становішчаў раўнавагі ў крышталічнай рашотцы; электранейтральная квазічасціца. Энергія ваганняў атамаў прыблізна роўная суме энергій Ф.
Гукавую хвалю можна разглядаць як накіраванае распаўсюджванне Ф. Узаемадзейнічаюць з інш. рухомымі квазічасціцамі (электронамі праводнасці, дзіркамі), а таксама з фатонамі, дамешкавымі атамамі, вакансіямі і міжвузельнымі атамамі, што абмяжоўвае цепла- і электраправоднасць крышталёў. У крышт. матэрыялах акустычныя Ф. ўяўляюць сабой ваганні элементарнай ячэйкі як цэлага, аптычныя Ф. — ваганні атамаў унутры ячэйкі. Пры дапамозе Ф. узаемадзейнічае з навакольным асяроддзем большасць квазічасціц крышталя. Гл. таксама Ваганні крышталічнай рашоткі.
М.А.Паклонскі.
т. 16, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІ ЭНЕ́РГІЯ,
значэнне энергіі сістэмы ферміёнаў, ніжэй якога пры абсалютным нулі т-ры ўсе энергет. станы сістэмы занятыя. Існаванне Ф.э. вынікае з Паўлі прынцыпу, паводле якога ў адным стане не можа знаходзіцца больш за 1 ферміён.
Значэнне Ф.э. істотна залежыць ад уласцівасцей сістэмы. Для выраджанага фермі-газу Ф.э. супадае са значэннем хімічнага патэнцыялу, ферміёны ў імпульснай прасторы займаюць станы ўнутры сферы. Газ электронаў праводнасці ў металах і выраджаных паўправадніках запаўняе паверхню больш складанай формы (гл. Фермі паверхня). Паняццем Ф.э. карыстаюцца ў фізіцы цвёрдага цела, ядз. фізіцы, астрафізіцы і інш. Гл. таксама Фермі ўзровень.
т. 16, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ВІСАЙД (Heaviside) Олівер (18.5.1850, Лондан — 3.2.1925),
англійскі фізік, адзін са стваральнікаў аперацыйнага злічэння. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1891). З 1866 у тэлегр. кампаніі ў г. Ньюкасл, з 1874 ва ўласнай лабараторыі. Навук. працы па электрамагнетызме і матэм. фізіцы. Даследаваў распаўсюджванне эл.-магн. ваганняў па адна- і двухправодных лініях, увёў (незалежна ад Дж.Г.Пойнтынга і М.А.Умава) вектар шчыльнасці патоку эл.-магн. энергіі, стварыў тэорыю перадачы сігналаў на далёкія адлегласці. Незалежна ад Дж.Рэлея пабудаваў тэорыю скін-эфекту (1886). Паказаў, што маса зараджанай часціцы мяняецца ў залежнасці ад скорасці (1892). Пастуліраваў існаванне іанізаванага слоя атмасферы, што адбівае эл.магн. хвалі (1902).
т. 17, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́РКІН Аляксандр Аляксандравіч (н. 2.1.1943, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н. (1980), праф. (1986). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1965). З 1965 у Віцебскім мед. ун-це (заг. аддзела, з 1982 заг. кафедры). Навук. працы па біяхім. асновах біял. ўздзеяння ультраакустычнай энергіі і выкарыстанні біякіравальнага ультрагуку, ролі парушэнняў функцыі печані ў развіцці атэрасклерозу і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Ультразвуковая терапия. Мн., 1983 (разам з У.С.Улашчыкам);
Диагностический справочник терапевта. Мн., 1992 (разам з А.М.Окаракавым, І.І.Ганчарыкам);
Практикум по биохимии. Мн., 2002.
т. 17, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Э́ТВЕШ (Eötvös) Лоранд (Роланд) фон (27.7.1848, Будапешт — 8.4.1919),
венгерскі фізік. Чл. Венгерскай АН (1883) і яе прэзідэнт (1899—1905). Вучыўся ў Будапешцкім і Гайдэльбергскім ун-тах. З 1871 у Будапешцкім ун-це (з 1872 праф.). Навук. працы па тэорыі капілярнасці, гравітацыі і геафізіцы. Устанавіў залежнасць малекулярнай паверхневай энергіі ад т-ры (1886; закон Э.). Вынайшаў гравітацыйны варыёметр, эксперыментальна ўстанавіў роўнасць гравітацыйнай і інертнай мас (1890—1906). Вывучаў размеркаванне мас у горных хрыбтах. Заснавальнік і першы прэзідэнт (з 1891) Венгерскага матэм. і фіз. т-ва. Яго імем названы Будапешцкі ун-т і пазасістэмная адзінка градыента сілы цяжару — этвеш.
т. 18, кн. 1, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЕЎ Аляксей Раманавіч (н. 18.7.1951, r. Баранавічы Брэсцкай вобл.),
бел. фізік. Д-р тэхн. н. (1999). Скончыў БДУ (1973). З 1974 у Ін-це цепла- і масаабмену, з 1976 у Фіз.-тэхн. ін-це, з 1980 у Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі. Працы па акустыцы і гідрадынаміцы палярызавальных асяроддзяў. Распрацаваў фіз. асновы выкарыстання магнітавадкасных гукаправодаў для кіравання патокамі акустычнай энергіі.
Тв.:
Ультразвуковые преобразователи с магнитными контактными жидкостями. Мн., 1985 (у сааўт.);
Магнитные жидкости в технической акустике и неразрушающем контроле. Мн., 1999 (разам з Г.Я.Канавалавым, А.А.Маёравым).
М.П.Савік.
т. 18, кн. 1, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кандэнса́цыя
(лац. condensatio)
1) ператварэнне пары, газу ў вадкі стан;
2) згушчэнне, ушчыльненне чаго-н. (напр. к. малака);
3) назапашванне чаго-н. (напр. к. энергіі).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
адэназінтрыфасфата́зы
(ад адэназін + гр. tria = тры + фасфатазы)
група ферментаў, якія каталізуюць адшчапленне ад адоназінтрыфосфарнай кіслаты часткі фосфарнай кіслаты з вызваленнем энергіі, неабходнай для мышачнага скарачэння.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
то́рый
(н.-лац. thorium, ад ст.сканд. Thorr = бог грому ў скандынаўскай міфалогіі)
хімічны элемент, радыеактыўны метал, які з’яўляецца сыравінай для прамысловага атрымання ядзернай энергіі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)