ІНФРАСТРУКТУ́РА (ад лац. infra пад + структура),

комплекс галін нац. эканомікі, якія абслугоўваюць вытв-сць і забяспечваюць умовы жыццядзейнасці грамадства. На макраўзроўні (для эканомікі ў цэлым) уключае капітальныя збудаванні, што звычайна забяспечваюцца дзяржавай і выкарыстоўваюцца юрыд. і фіз. асобамі на платнай ці бясплатнай аснове (аўтамагістралі, масты, водаправод, каналізацыя, аэрапорты і інш.); на мікраўзроўні (для фірмы, прадпрыемства) — збудаванні і службы, неабходныя для вытв-сці прадукцыі. Ствараюцца дзяржавай, прадпрыемствамі або фірмамі (водазабеспячэнне, вываз вытв. адходаў, фін. і банкаўскае абслугоўванне і інш.). Адрозніваюць І. вытворчую і невытворчую (сацыяльную), І. кіравання і І. рынку. Вытв. І. ўключае трансп. збудаванні (напр., дарогі), сувязь, што абслугоўвае вытв. сферы, складскую гаспадарку, мат.-тэхн. забеспячэнне, сістэму інж. сетак, выліч. цэнтры, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, газа- і нафтаправоды і інш. Да невытв. І. адносяць адукацыю, ахову здароўя, жыллёва-камунальную гаспадарку, пасаж. транспарт, навуку і навук. абслугоўванне, фіз. культуру, сац. забеспячэнне і інш. І. кіравання складаецца з сістэмы арг-цый, устаноў і іх падраздзяленняў, якія забяспечваюць працэс кіравання (акадэміі, ун-ты, кансультацыйныя фірмы, школы бізнесу, асацыяцыі прадпрымальнікаў і інш.). Развіццё І. з’яўляецца важнай умовай інтэнсіфікацыі вытворчасці, вырашэння сац. задач.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВІ́ЦКІ ((Konwicki) Тадэвуш) (н. 22.6.1926, Вільня),

польскі пісьменнік, кінарэжысёр. Вучыўся ў Ягелонскім і Варшаўскім ун-тах. Друкуецца з 1946. Аўтар аповесці «На будоўлі» (1950, Дзярж. прэмія Польшчы 1950), раманаў «Улада» (1954, Дзярж. прэмія Польшчы 1954), «Багна» (1956), «Дзірка ў небе» (1959), «Сучасны соннік» (1963), «Узнясенне» (1967), «Хроніка любоўных здарэнняў» (1974), «Польскі комплекс» (1977), «Малы апакаліпсіс» (1979), «Бохінь» (1987), «Падземная рака, падземныя птушкі» (1989), «Усходы і захады Месяца» (1990), «Чыталішча» (1992). У ранніх творах спалучэнне дакументальнасці, аўтабіяграфічнасці з псіхалагізмам і паэтычнасцю, у пазнейшых раманах больш разгалінаваныя сюжэты, напластаванні мінулага і сучаснага, цікавасць да свядомага і падсвядомага, яны адметныя філасафічнасцю, лірызмам і гратэскам. Сцэнарыст і рэжысёр кінафільмаў «Апошні дзень лета» (1957), «Дзень памінання памерлых» (1961), «Сальта» (1965), «Даліна Ісы» (1982), «Лава» (1989). Паводле яго раманаў зняты аднайм. фільмы «Хроніка любоўных здарэнняў» (1986, рэж. А.​Вайда) і «Малы апакаліпсіс» (1992, рэж. Коста-Гаўрас).

Тв.:

Рус. пер. — Дыра в небе. М., 1961;

Современный сонник // Мах В. Агнешка, дочь «Колумба»;

Конвицкий Т. Современный сонник. М., 1973.

Літ.:

Nowicki S. Pół wieku czyśćca: Rozmowy z Tadeuszem Konwickim. London, 1986;

Lubelski T. Poetyka powieści i filmów Tadeusza Konwickiego. Wrocław, 1984.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ХЦІЦКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму і барока. Фарміравалася ў 16—1-й пал. 19 ст. ў в. Кухцічы (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага р-на Мінскай вобл.). У комплекс уваходзілі палац, флігелі і парк з капліцай-пахавальняй Завішаў.

Палац (захаваліся бакавыя флігелі) — разгорнутая па фронце 3-часткавая кампазіцыя, цэнтрам якой быў 1-павярховы П-падобны ў плане аб’ём з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе. Флігелі — лаканічныя па архітэктуры 1-павярховыя прамавугольныя ў плане будынкі, вось сіметрыі якіх вылучана 4-калоннымі порцікамі дарычнага ордэра з трохвугольнымі франтонамі. Бутавая муроўка сцен дэкарыравана атынкаванымі пілястрамі, вуглы раскрапаваны руставанымі цаглянымі лапаткамі. Гал. фасады апяразаны фрызамі з трыгліфамі. Палац знаходзіўся ў маляўнічым пейзажна-рэгулярным парку. Капліца-пахавальня размешчана ў паўн.-ўсх. ч. парку. Пабудавана ў 2-й пал. 16 ст. як кальвінскі збор уладальнікамі маёнтка Кавячынскімі, у 17 ст. касцёл, у канцы 18 ст. капліца-пахавальня. Мураванае кампактнае 12-граннае ў плане збудаванне (таўшчыня сцен да 1,5 м) з конусным шатровым дахам і кубападобнай апсідай. Гал. фасад фланкіраваны цыліндрычнымі вежамі з шатровымі дошкамі і вузкімі байніцамі. У дэкоры выкарыстаны ляпныя гірлянды, геральдыка, слаістыя пілястры.

А.​М.​Кулагін.

Кухціцкая сядзіба. З малюнка Н.​Орды. 1876.

т. 9, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎРЫШАЎСКІ МАНАСТЫ́Р,

адзін са старажытных манастыроў Беларусі. Існаваў у 13—19 ст. у в. Лаўрышава каля г. Навагрудка Гродзенскай вобл. Засн. ў 13 ст. вял. кн. ВКЛ Войшалкам — у манастве Лаўрыш (паводле царк. версіі, заснавальнікам манастыра лічыцца прападобны Елісей Лаўрышаўскі, якому ў 1996 у Лаўрышаве пастаўлены помнік). У 13 ст. быў адным з цэнтраў летапісання Беларусі. Каля 1329 тут створана Лаўрышаўскае евангелле. У 14—15 ст. манастыр атрымаў ад бел. феадалаў і шляхты зямельныя падараванні, вёскі з сялянамі, права збору царк. дзесяціны. У 16 ст. пры манастыры працавала правасл. школа. У 1569 манастыр стаў уніяцкім, з 1615 належаў базыльянам. У сувязі са скасаваннем мітрапалітам І.Руцкім архімандрыі ў Лаўрышаве і адбіраннем свецкімі асобамі падараванняў у сярэдзіне — 2-й пал. 17 ст. манастыр збяднеў і заняпаў. Манастырскі комплекс адбудаваны ў 1775—80. У канцы 18—1-й трэці 19 ст. тут дзейнічала Брэсцкая епархіяльная уніяцкая семінарыя, былі б-ка (каля 500 т., 1824) і архіў з вял. зборам дакументаў 14—19 ст. Пры царкве існавала брацтва. У 1816 манастыр валодаў 3 вёскамі з 18 валокамі зямлі і 588 сялянамі. У 1824 было 5 манахаў. У 1834—36 скасаваны, збудаванні не зберагліся.

С.​В.​Марозава.

т. 9, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХ ((Mach) Эрнст) (18.2.1838, Туржані, Чэхія — 19.2.1916),

аўстрыйскі філосаф, фізік, адзін з заснавальнікаў эмпірыякрытыцызму (махізму). Скончыў Венскі ун-т. З 1864 праф. у Грацы, з 1867 праф. і рэктар ням. ун-та ў Празе, у 1895—1901 праф. Венскага ун-та. Навук. працы па механіцы, газавай дынаміцы, фізіял. акустыцы, оптыцы. Адкрыў і даследаваў ударныя хвалі. У галіне філасофіі зыходзіў з таго, што свет ёсць «комплекс адчуванняў», а самі адчуванні атаясамліваюцца ім з нейтральнымі «элементамі свету». У залежнасці ад пункта погляду суб’екта яны здольныя выступаць як псіхічныя або фіз. з’явы. Адмаўляў н’ютанаўскія ўяўленні пра абс. прастору, рух, час і вытлумачыў іх у рэлятывісцкім сэнсе, выкарыстоўваючы паняцце сістэмы адліку; заняў пры гэтым суб’ектыўна-ідэаліст. пазіцыю. Суб’ектыўна-ідэаліст. існасць яго вучэння праявілася і ў распрацаваным метадалагічным прынцыпе «эканоміі мыслення» і чыстага апісання ў тэорыі пазнання. Ідэі М. распаўсюдзіліся ў Еўропе. М. крытыкавалі Г.​В.​Пляханаў і У.​І.​Ленін.

Тв.:

Рус. пер. — Анализ ощущений и отношение физического к психическому. 2 изд. М., 1908;

Механика: Ист.-критич. очерк. ее развития. СПб.,1909;

Познание и заблуждение. М., 1909;

Философское и естественно-научное мышление // Новые идеи в философии. СПб., 1912. Сб. 1.

Т.​Л.​Адула.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ККА (араб. Умаль-Кура),

горад у Саудаўскай Аравіі, за 70 км ад узбярэжжа Чырвонага м. Адм. ц. прав. Хіджаз. Каля 800 тыс. ж. (1997). Гал. рэліг. цэнтр ісламу і месца паломніцтва мусульман (каля 5 млн. чал. штогод). Гандл.-трансп. вузел. У цэнтры М. — «свяшчэнны» комплекс мячэці Харам, або Бейт-Улах, вакол стараж. свяцілішча Кааба (608, занава адбудавана ў 1570). Абслугоўванне паломнікаў, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Мусульм. тэалагічная акадэмія. Ісламскі ун-т.

Узнікла каля крыніцы Земзем. Упершыню згадваецца ў Пталамея як Макараба. У 5—6 ст. паселішча араб. племя курэйш. Важны гандл. і культавы (культ Чорнага Каменя ў храме Кааба) цэнтр на караванным шляху з Паўд. Аравіі ў краіны Міжземнамор’я. У М. нарадзіўся і пачаў сваю дзейнасць заснавальнік ісламу Мухамед, які ўстанавіў паломніцтва (гл. Хадж) у храм Кааба ў М. адным з абавязкаў мусульманіна. Да сярэдзіны 10 ст. пад уладай Амеядаў, Абасідаў. У 930 М. захапілі бахрэйнскія карматы (радыкальная плынь ісламу). У 941 горад далучаны да Егіпта. У 1517 М. прызнала ўладу асманскіх султанаў, пры якіх правіцелі М. (шэрыфы) мелі значную самастойнасць. У 1806—13 у складзе дзяржавы вахабітаў. У 1916—24 сталіца каралеўства Хіджаз. У 1924 захоплена вахабіцкімі войскамі і далучана да Саудаўскай Аравіі.

т. 10, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАРЭ́ЛАЎ (Леў Мікалаевіч) (н. 27.6.1929, г. Ачакаў Мікалаеўскай вобл., Украіна),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў Адэскі інж.-буд. ін-т (1954). У 1954—91 працаваў у ін-це «Мінскпраект» (з 1964 кіраўнік майстэрні). Асн. работы (у Мінску): жылыя дамы па вуліцах Казлова, Енісейскай, Апанскага, Партызанскім праспекце, у мікрараёне Чыжоўка (1960—70-я г.), па вул. М.​Танка (1977—84, у сааўт.), Омскім зав., на Велазаводскай пл.; масты цераз р. Свіслач па вуліцах Кастрычніцкай і Аранскай (1962); будынкі Цэнтр. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-та арг-цыі і тэхнікі кіравання (1973), ін-та «Мінскпраект» (1975, абодва ў сааўт.), гасцініц «Турыст» (1972); «Кастрычніцкая» (1980) і «Беларусь» (1987), Мінскі аўтавакзал «Усходні» (1983, у сааўт.), будынак Епархіяльнага ўпраўлення па вул. Вызвалення (1984); станцыі метрапалітэна «Маскоўская» (1984) і «Пралетарская» (1990), б. Дом паліт. асветы (цяпер канцэртная зала «Мінск»; 1987, усе ў сааўт.), і інш. Паводле праектаў П. будуюцца комплекс Дома міласэрнасці (з 1997; царква, дом для састарэлых, школа для дзяцей-інвалідаў, мед. цэнтр), храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне па вул. Каліноўскага (з 1998).

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАПАТАМАЛО́ГІЯ (ад палеа... + грэч. potamos рака + ...логія),

навука аб стараж. рэках, якія захаваліся ў выглядзе алювіяльных адкладаў і пахаваных рачных далін; частка палеагеаграфіі і гідралогіі рэк. Пры вывучэнні стараж. рэк выкарыстоўваюць комплекс геал., геамарфалагічных, палеанталагічных і інш. метадаў. П. высвятляе ўмовы намнажэння, заляганне, склад, фацыяльную зменлівасць алювіяльных адкладаў, іх узрост, суадносіны з ледавіковымі, марскімі і інш. тыпамі адкладаў, асаблівасці расліннага і жывёльнага свету ў былых рачных сістэмах. Праводзяцца палеагеаграфічныя рэканструкцыі стараж. рачной сеткі, вызначаецца скорасць цячэння, расходы вады, энергія эразійнага размыву і г.д. Алювій пахаваных далін мае ў сабе розныя карысныя выкапні (напр., россыпы высакародных і рэдкіх металаў, вял. запасы прэснай вады). Рэкі, што існавалі ў познім пратэразоі і раннім палеазоі (да дэвону), наз. эарэкамі, у познім палеазоі і мезазоі — пратарэкамі, у палеагене і неагене — палеарэкамі, у плейстацэне — прарэкамі. Заснавальнік П. (1929) чэш. вучоны Ф.​Ржыкоўскі. На Беларусі навук. даследаванні ў галіне П. праводзіліся пад кіраўніцтвам Г.І.Гарэцкага (Дзярж. прэмія СССР 1971 за палеапатамалагічныя даследаванні).

Літ.:

Горецкий Г.И. Основные проблемы палеопотамологии антропогена // Бюл. комиссии АН СССР по изучению четвертичного периода. 1974. № 42;

Яго ж. Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). Мн., 1980.

А.​Ф.​Санысо.

т. 11, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАПЛЁТ,

1) комплекс аперацый па стварэнні знешняга пакрыцця (цвёрдай вокладкі) кнігі, дакумента і інш. Уключае змацаванне кніжнага блока, далучэнне да яго форзацаў, заклейванне і кругленне карашка, абразанне блока, прыклейку каптала, выраб і аддзелку пераплётных абкладак (накрывак), устаўку блока ў абкладкі, абцісканне і штрыхоўку (атрыманне паглыбленых ліній) гатовай кнігі. У пераплётнай вытв-сці выкарыстоўваюць блокаапрацоўчыя агрэгаты, накрыўкаробныя, кнігаўставачныя і інш. машыны.

2) Сукупнасць пераплётнай абкладкі і элементаў змацавання кніжнага блока і абкладкі з блокам.

У адрозненне ад звычайнай вокладкі, якую найчасцей робяць з паперы і выкарыстоўваюць для сшыткаў, часопісаў, брашур, кніжную абкладку як асн. элемент П. вырабляюць 3 больш трывалых і зносаўстойлівых матэрыялаў (кардону, скуры, тканіны, сінт. матэрыялаў і інш.). Існуе 5 тыпаў П. (ад 5-га да 9-га). Найб. пашыраны тып 5 (выкарыстоўваецца для школьных дапаможнікаў, дзіцячай л-ры і інш.) і тып 7 (з тканінным покрывам — для шматтомных падпісных выданняў, энцыклапедый, слоўнікаў, з покрывам на папяровай аснове — для выданняў менш інтэнсіўнага карыстання).

Кніжны пераплёт з кніжным блокам: 1 — карашок накрыўкі; 2 — покрыўная накрыўка; 3 — форзац; 4 — блок; 5 — клеявы слой; 6 — кардонная старонка; 7 — адстаў; 8 — акантовачны матэрыял; 9 — каптал.

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СКІ,

вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Зальвянка, на скрыжаванні аўтадарог Масты—Зэльва і Ваўкавыск—Шчучын. Цэнтр сельсавета. За 14 км на ПдУ ад горада і 16 км ад чыг. ст. Масты, 74 км ад Гродна. 816 ж., 284 двары (2000). Рамонтны з-д, філіял Ваўкавыскага акц. т-ва «Беллакт», млын, лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, філіял раённага камбіната быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: касцёл Маці Божай Ружанцовай (1918), Мікалаеўская царква (1870). Каля вёскі археал. комплекс (7 стаянак каменнага веку і 4 селішчы сярэдневякоўя), Пескаўскае агаленне рачных адкладаў.

Вядомы з 17 ст. як уладанне Сапегаў. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886 мястэчка, 1352 ж., 43 двары, школа, царква, касцёл, капліца, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, яўр. багадзельня, гарбарня, 5 вадзяных млыноў, заезны дом, 14 крам. 6 корчмаў, кірмаш. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Мастоўскага раёна. У 1962—65 у Ваўкавыскім р-не.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)