чараўні́цтва, а, н.

1. Сіла, дзеянні чараўніка; вядзьмарства; чары. Зайшла размова аб навуках — Старых, даўнейшых — і іх штуках, Аб кнігах з чорнаю пячаццю, Аб чараўніцтве, аб закляцці, Аб розных хітрасцях і зман[е]. Колас.

2. Знахарства. Найчасцей знаходзім адзнакі каля канкрэтных апісанняў замоў, чараўніцтва і розных дробных забабонаў. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шанава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; незак.

1. Быць асцярожным, берагчыся. [Матка:] — А ўсё ж, дачушка, ой як трэба шанавацца! Асабліва цяпер, калі такая распуста па людзях пайшла. Колас. // Разм. Весці сябе прыстойна ў прысутнасці каго‑н. — Чаго ты прыстаеш? — умяшалася Надзя. — Хоць бы чужога чалавека шанаваўся. Мыслівец.

2. Зал. да шанаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчабята́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шчабятаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. З вясёлым шчабятаннем залятала сюды пара ластавачак, аблюбаваўшых сабе месца для гняздзечка, і парушала гэтую маўклівасць сялянскага зацішку. Колас. Нідзе не чуваць было ні музыкі, ні спеваў, ні вясёлага шчабятання дзяцей, ні юнацкага смеху. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПЕРАКЛА́Д МАСТА́ЦКІ,

від літаратурна-мастацкай творчасці; узнаўленне твора выяўленчымі сродкамі другой мовы; літ. твор, што з’яўляецца семантычна-стылістычным адпаведнікам ідэйна-вобразнай структуры якога-небудзь іншамоўнага твора (арыгінала). Ад інш. відаў перакладу (грамадска-паліт., навук., тэхн., ваеннага) П.м. адрозніваецца сваёй творчай сутнасцю. Перакладны маст. твор — і не даслоўная копія арыгінала, і не цалкам новы твор, а «нешта трэцяе» (А.​Кундзіч), што стаіць на памежжы двух л-р — у якой узнік і ў якой пачынае новае жыццё. Паводле характару стаўлення да арыгінала падзяляецца на: аўтарскі — аўтапераклад, здзейснены самім аўтарам арыгінала, пэўныя адступленні ад яго прадвызначаны аўтарскай воляй; аўтарызаваны — ухвалены і падпісаны аўтарам; вольны — з наўмыснымі адступленнямі ад сэнсу ці форм арыгінала; паслоўны — пераклад «слова ў слова», без належнага ўзнаўлення сэнсу выказвання; падрадковы — паслоўны пераклад вершаў без захавання іх формы (рытму, рыфмаў і інш.); дакладны, або рэалістычны — найб. пашыраны, плённы і мэтазгодны. Дакладны П.м. мае на мэце беражлівае стаўленне да арыгінала, захаванне яго ідэйна-вобразнай структуры, асн. стылёвых рыс і нац. адметнасцей, каб «унутранае жыццё перакладзенага выказвання адпавядала ўнутранаму жыццю арыгінальнага» (В.​Бялінскі).

У П.м. твор робіць на чытача такое ж уражанне, як і ў арыгінале. На характар і ўзровень П.м. ўплываюць ступень развітасці нац. л-ры, распрацаванасць літ. мовы, багацце перакладчыцкіх традыцый, моўная, этнагр.-бытавая, культ., паліт. і інш. блізкасць народаў, паміж якімі ён адбываецца. Перакладаць з блізкіх моў не лягчэй, чым з далёкіх, бо ўзнікае шэраг спецыфічных цяжкасцей, звязаных з міжмоўнай аманіміяй, гіпнозам арыгінала, працай перакладчыка «на віду» ў чытача, які можа параўнаць пераклад з вядомым яму арыгіналам, і інш. П.м. мае канкрэтна-гіст. характар: перакладчык выступае і як творчая індывідуальнасць, і як прадстаўнік пэўнага часу, краіны, грамадскага асяроддзя. Ён павінен валодаць навыкамі вучонага-літ.-знаўца і талентам арыгінальнага творцы, мовай арыгінала, ведаць творчасць пісьменніка, якога перакладае. Таму магчыма існаванне многіх П.м. аднаго твора на пэўную мову. Найб. складаны П.м. паэзіі: узнаўленне рытмічнага малюнка арыгінала (эквіметрычнасць), характару рыфмаў і рыфмоўкі (эквірыфменнасць), захаванне колькасці і парадку радкоў (эквілінеарнасць), цяжкасці, звязаныя з «адзінствам і цеснатой вершаванага рада» (Ю.​Тынянаў), перадачай паэт. тропікі і інш.

П.м. вядомы са старажытнасці. У сярэднявеччы перакладалі пераважна Біблію і інш. рэліг. кнігі, у эпоху Адраджэння — творы ант. л-ры. У Расіі П.м. пачаў развівацца з 18 ст. (В.​Традзьякоўскі, М.​Ламаносаў і інш.). У 19 — пач. 20 ст. як перакладчыкі вызначаліся В.​Жукоўскі, М.​Гнедзіч, А.​Пушкін, А.​Блок, В.​Брусаў і інш. Іх традыцыі развілі Л.​Гінэбург, М.​Лазінскі, В.​Левік, М.​Любімаў, С.​Маршак, Я.​Хелемскі і інш.

На Беларусі П.м. пачаў Ф.​Скарына, які пераклаў і надрукаваў на старабел. мове 23 кнігі Бібліі (1517—19). Кіруючыся асветніцкімі мэтамі, ён адмовіўся ад традыц. пры перакладзе Бібліі літаралізму, уносіў у яе тэкст пэўныя змены (ужываў вобразы з вусна-паэт. творчасці, прымаўкі, устаўляў уласныя вершы, дадаваў свае прадмовы і пасляслоўі і інш.). Традыцыі Скарыны развівалі С.​Будны, В.​Цяпінскі, ананімныя перакладчыкі жыцій («Жыціе святой Марыны»), апокрыфаў («Страцім-птах», «Пра дванаццаць пакутаў»), аповесцей рэліг. зместу («Аповесць пра трох каралёў»), рыцарскіх раманаў («Александрыя», «Аповесць пра Трышчана»), гіст. аповесцей («Гісторыя пра Атылу», «Аповесць пра Скандэрбега») і інш. Новы перыяд бел. П.м. пачынаецца з 19 ст. разам з узнікненнем новай бел. л-ры. Яго пачынальнік — В.​Дунін-Марцінкевіч, які ўзнавіў па-беларуску «Пана Тадэвуша» А.​Міцкевіча (1859, захаваўся часткова). А.​Вярыга-Дарэўскі, А.​Гурыновіч, Я.​Лучына, М.​Косіч, А.​Ельскі і інш. развівалі пераважна вольны П.м. Асновы бел. дакладнага П.м. заклалі Я.​Купала (пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», паэзію А.​Міцкевіча, Т.​Шаўчэнкі, М.​Някрасава, У.​Сыракомлі, М.​Канапніцкай), М.​Багдановіч (упершыню даў на бел. мове ўзоры ант. лірыкі, класічнай ням., франц. і бельг. паэзіі, і інш.), Я.​Колас (пераклаў «Палтаву» А.​Пушкіна, «Дэмана» М.​Лермантава, многія творы Шаўчэнкі). П.м. развівалі і ўзбагацілі П.​Броўка, Ю.​Гаўрук, П.​Глебка, У.​Дубоўка, А.​Дудар, А.​Зарыцкі, А.​Куляшоў, П.​Макаль, Я.​Семяжон. М.​Танк, Ю.​Таўбін, К.​Чорны, а ў наш час Р.​Барадулін, Я.​Брыль, Н.​Гілевіч, А.​Лойка, М.​Лужанін, Н.​Мацяш, В.​Сёмуха, Я.​Сіпакоў, і інш. Іх пераклады і інш. перакладныя творы выдаваліся асобна і ў серыйных выданнях («Проза народаў СССР», «Паэзія народаў СССР», «Паэзія народаў свету», зб-ках «Братэрства», «Далягляды» і інш.). У 1970 Куляшову (за пер. кніг «Выбраная паэзія» Лермантава, «Энеіда» І.​Катлярэўскага, «Спеў аб Гаяваце» Г.​Лангфела), у 1976 Барадуліну (за зб. «Рум» і пер. выбр. лірыкі Ф.​Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады»), у 1980 Гілевічу (за зб. паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць), у 1982 Семяжону (за пер. паэмы «Песня пра зубра» М.​Гусоўскага) прысуджаны Дзярж. прэміі Беларусі імя Я.​Купалы. Творы бел. пісьменнікаў перакладзены на многія мовы народаў свету. Хелемскаму за пераклад твораў бел. л-ры (Броўкі, Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка) на рус. мову ў 1980 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа.

Літ.:

Гл. да арт. Перакладазнаўства.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

творы маст. л-ры для дзяцей і юнацтва. У шырокім сэнсе ўключае і многія «дарослыя» творы сусв. класікі, якія ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання («Рабінзон Круза» Д.​Дэфо, «Падарожжа Гулівера» Дж.​Свіфта, «Спартак» Р.​Джаваньёлі, «Хаціна дзядзькі Тома» Г.​Бічэр-Стоу, раманы Ж.​Верна, «Авадзень» Э.​Л.​Войніч і інш.), а таксама казкі (Ш.​Перо, братоў Я. і В.​Грым, Х.​К.​Андэрсена, А.​Пушкіна і інш.), творы нар. эпасу («Слова пра паход Ігаравы», «Сасунцы Давід» і інш.). Папулярнасцю сярод дзяцей карыстаюцца раманы Дж.​Ф.​Купера, творы К.​Чукоўскага, «Курган», «Бандароўна» Я.​Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» Я.​Коласа і інш.

Першымі кнігамі для дзіцячага чытання былі азбукі, буквары, што паявіліся ў Еўропе ў 15—16 ст. Першай спец. дзіцячай кнігаю лічыцца «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» чэш. педагога Яна Амоса Каменскага (1658). У Расіі Дз.л. ўзнікла ў 18 ст. Найб значныя творы 19 — пач. 20 ст. — байкі І.​Крылова, «Канёк-Гарбунок» П.​Яршова, многія творы М.​Лермантава, М.​Някрасава, М.​Гогаля, У.​Караленкі, А.​Чэхава. Л.​Талстога і інш. Папулярныя творы для дзяцей італьян. пісьменніка Дж.​Радары, польск. педагога Я.​Корчака і інш.

Зараджэнне бел. Дз.л. звязана з узнікненнем кнігадрукавання, вучэбнай кнігі, дзейнасцю Ф.​Скарыны, С.​Буднага, Л. і С.​Зізаніяў, Л. і К.​Мамонічаў, Сімяона Полацкага і інш. У 19 ст. творы для дзяцей пісалі Ф.​Багушэвіч, А.​Гурыновіч, Я.​Лучына. Яны заклалі асновы гуманіст. Дз.л., звязанай з традыцыямі фальклору. Гэтымі якасцямі вызначаліся «Беларускі лемантар» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа (1909), п’еса-казка К.​Лейкі «Снатворны мак» (1912). Творы для дзяцей друкаваў час. «Лучынка». У скарбніцу Дз. л. ўвайшлі многія творы М.​Багдановіча, З.​Бядулі і інш. Сістэматычна кнігі і перыёдыка для дзяцей выдаюцца з 1920-х г. Жанр літ. казкі развівалі У.​Дубоўка, С.​Шушкевіч, А.​Якімовіч, вершы і песні для дзяцей пісалі Купала, Дубоўка, П.​Трус, А.​Гурло, Я.​Журба і інш., апавяданні — Колас, Якімовіч, Л.​Чарняўская. Заснавальнік бел. навук.-фантаст. і прыгодніцкай аповесці — Я.​Маўр. У 1930-я г. тэматыка Дз.л. пашырылася, з’явіліся займальныя творы па гісторыі, прыродзе, маральна-этычных праблемах («Палескія рабінзоны», «ТВТ» Маўра, «Міколка-паравоз» М.​Лынькова, «Насцечка» К.​Чорнага, паэма «Міхасёвы прыгоды» Коласа). Традыцыі фальклору выкарыстаны ў вершаванай казцы Якімовіча «Каваль-Вярнідуб», аповесці Бядулі «Сярэбраная табакерка», п’есах-казках В.​Вольскага. У Айч. вайну Дз.л. ўзбагачалася за кошт твораў для дарослых (Чорны, Лынькоў, паэма А.​Астрэйкі «Прыгоды дзеда Міхеда», вершы М.​Танка, А.​Куляшова, П.​Броўкі, П.​Панчанкі і інш.). Падзеі вайны адлюстраваны ў кн. пісьмаў-успамінаў дзяцей, што зведалі жахі фашызму, — «Ніколі не забудзем» (1948, 4-е выд. 1981). Лёс дзяцей вайны паказаны ў апавяданнях Я.​Брыля, Маўра, Якімовіча і інш., у паэмах А.​Бялевіча, Э.​Агняцвет і інш., у аповесцях П.​Кавалёва «Андрэйка» (1948), Г.​Васілеўскай «Маланка ўначы» (1963), Г.​Бураўкіна «Тры старонкі з легенды» (1968), у творах А.​Пальчэўскага, Х.​Жычкі, Я.​Курто, Л.​Прокшы, Д.​Слаўковіча, І.​Сяркова і інш. Свет дзяцінства і юнацтва даследуецца ў тэтралогіі А.​Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» (1966—70), у аповесцях І.​Навуменкі («Вайна каля Цітавай копанкі», 1957), А.​Рылько («Мядовыя краскі», 1959), П.​Кавалёва («Лёнька Гром», 1961), Г.​Шыловіча («Чарапаха без панцыра», 1966), Я.​Бяганскай («Кожны марыць стаць Калумбам», 1968), М.​Зарэмбы («Дзень магнітнай буры», 1992) і інш. Развіваецца краязнаўчая, навук.-пазнавальная проза (кн. нарысаў В.​Вольскага, У.​Караткевіча, Я.​Пархуты, А.​Клышкі, У.​Арлова і інш.), аповесць біяграфічная (З.​Бандарына, С.​Александровіч, Л.​Арабей, В.​Хомчанка, А.​Лойка), прыгодніцкая (У.​Краўчанка, М.​Ваданосаў, А.​Шашкоў, А.​Чарнышэвіч і інш.), фантастычная (П.​Місько «Эрпіды на планеце Зямля», 1987, творы М.​Гамолкі, Р.​Баравіковай, У.​Шыціка, Аляксея Якімовіча і інш.). Проза для дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту прадстаўлена лірычным апавяданнем, казачнай аповесцю, псіхал. навелай, займальнымі дыялогамі («Ліпка і клёнік» Брыля, «Такіх кветак не бывае» В.​Гарбука, «Дыялогі з унучкамі» Віткі; творы І.​Грамовіча, Кавалёва, П.​Рунца, Хомчанкі, У.​Юрэвіча і інш.). У нар. традыцыі напісаны казкі Васілевіч, А.​Кобец-Філімонавай, К.​Каліны, Місько, У.​Ягоўдзіка і інш. Гумарам, адчуваннем спецыфікі ўзросту вылучаецца паэзія для дзяцей (казкі Віткі «Вавёрчына гора», «Буслінае лета», зб-кі «Дударык», «Чытанка-маляванка»; Танка «Ехаў казачнік Бай»; Шушкевіча «Лясная калыханка»; Дубоўкі «Кветкі — сонцавы дзеткі»; Н.​Гілевіча «Загадкі»; Е.​Лось «Смачныя літары»; творы Лойкі, Р.​Барадуліна, Д.​Бічэль-Загнетавай, Н.​Галіноўскай, У.​Карызны, Т.​Кляшторнай, М.​Маляўкі, П.​Сушко, М.​Пазнякова і інш.). Пра хараство роднай прыроды паэмы-казкі М.​Калачынскага «Прыгоды Патапкі», М.​Лужаніна «Хто робіць пагоду», Лойкі «Як Тоня рэха шукала», творы А.​Дзеружынскага, І.​Муравейкі, С.​Грахоўскага, П.​Пранузы, В.​Лукшы, Ягоўдзіка і інш. Традыцыйна казачнае спалучана з сучасным у А.​Вольскага («Што такое мікра тое»), Ганка («Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні»), А.​Грачанікава («Валерка і лятаючая талерка») і інш. Шмат дасціпных гумарыст. твораў напісалі для дзяцей Барадулін, Агняцвет, М.​Чарняўскі і інш. Дз.л. далучае дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, паглыбляе сувязі з нац. каранямі (зб-кі «Добры чалавек» Гілевіча, «Хата, поўная гасцей» В.​Зуёнка, «Гуканне вясны» В.​Жуковіча, «Як Бог стварыў свет» У.​Ліпскага. «Пра ўсе справы Дзіва-Дзяржавы» Лойкі, «Гараднічанка» Бічэль-Загнетавай, «Азбука — вясёлы вулей» Барадуліна і інш.). У жанры драматургіі для дзяцей працаваў П.​Макаль, працуюць А.​Вольскі, А.​Вярцінскі, А.​Махнач, Ягоўдзік і інш.

Літ.:

Гурэвіч Э.С. Беларуская дзіцячая літаратура (1917—1967). Мн., 1970;

Дзіцячая літаратура БССР: (Рэкаменд. паказ. літ. 1945—1960 гг.). Мн., 1961;

Дзіцячая літаратура БССР: Рэкаменд. паказ. літ., 1961—1965 Мн., 1967.

М.​Б.​Яфімава.

т. 6, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

а 1, нескл., н.

1. Першая літара беларускага алфавіта. Вялікае А.

2. Галосны гук сярэдняга рада ніжняга пад’ёму, які вымаўляецца без удзелу губ. Доўгае а. □ Хто сказаў а, той павінен сказаць і бэ. Прыказка.

•••

Ад а да я — ад пачатку да канца; усё цалкам.

Ні а ні бэ — зусім нічога (не ведаць, не разумець).

а 2, злучн.

I. супраціўны.

1. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў і членаў сказа; адпавядае словам: «наадварот», «але». На поўнач ішлі лясы, а на поўдзень мясцовасць была чыстая, зусім адкрытая. Чорны. У вачах тваіх іскрыцца сонца поўдня, А мае авеяны сіняю смугой... Звонак.

2. Злучае аднародныя члены сказа і сказы з узаемным выключэннем (звычайна пры наяўнасці адмоўя ў першай частцы сказа); адпавядае слову «наадварот». [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча да новых подзвігаў. Крапіва. Дзень быў ясны. У хаце было светла і можна было падумаць, што гэта не восень, а ранняя вясна. Чорны. Не рэкі гамоняць, а зброя звініць! Броўка.

3. Злучае сказы, у адным з якіх выказваецца неадпаведнасць таму, што магчыма ці неабходна пры тых умовах, аб якіх гаворыцца ў другім сказе; адпавядае словам: «аднак», «але». Маці пачала суцяшаць, угаворваць, а ў самой аж сэрца разрываецца ад жалю. Маўр. [Туляга Гарлахвацкаму:] Значыць, напішу працу я, а яна будзе лічыцца вашай? Крапіва.

4. Ужываецца для сувязі сказаў і членаў сказа з уступальным проціпастаўленнем [звычайна пры наяўнасці ў адной з састаўных частак сказа прыслоўяў «яшчэ», «ужо» і часціц «усё», «усё (ж) такі»]; адпавядае выразам: «тым не менш»; «усё такі». Усюды яшчэ ляжыць снег, а подых вясны чуваць выразна. Паслядовіч. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да захаду сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы. Колас. // Ужываецца ў сказах з аднолькавымі або блізкімі па форме паўторнымі словамі антанімічнага тыпу (звычайна ў першай частцы). [Дзед Бадыль:] Будзе лад ці не будзе, а пачаставаць людзей трэба. Крапіва. У выразах: хто-хто, а..., каму-каму, а... і пад. Хто-хто, а.. [Міколка з дзедам] то ведалі, адкуль бярэцца нечаканы дождж. Лынькоў. [Янка:] Чаго-чаго, а куска хлеба дзіця свайму бацьку не пашкадуе. Крапіва. // У гэтым жа значэнні проціпастаўляе галоўны сказ даданаму ўступальнаму. Хоць быў канец красавіка, а нешта вясна марудзіла. Кавалёў. Што ні кажы, а жыццё ўжо само па сабе ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас.

II. супастаўляльны.

Ужываецца для сувязі сказаў і членаў сказа з такім проціпастаўленнем, пры якім новае паведамленне непасрэдна не вынікае са зместу папярэдняга; адпавядае выразам: што датычыцца, у той час як. [Жанчына:] — Чалавек мой яшчэ ў партызанах загінуў, а Мішка ажно да Берліна дайшоў. Брыль. Поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухомай постаці і тупой немаце. Колас. // Злучае сказы, у якіх супастаўляюцца адначасовыя падзеі і з’явы; адпавядае выразам: у гэты ж час, між тым як. [Зыгмусь:] — Дух займае, бягу, а пагоня ўсё бліжэй. Колас. Ішлі гуськом падрыўнікі І след у след ступалі, А ў травах росных кулікі Крычалі, заміралі. Бялевіч. // Паказвае на нечаканасць, непрадбачанасць падзей. Азірнешся на вёску, а там блакітныя дымы з комінаў валяць. Паслядовіч. Засунеш руку ў нару, а рак цап за пальцы [клюшняй]. Лынькоў. // Ужываецца ў сказах з уступальным супастаўленнем (звычайна пры наяўнасці ў кожнай састаўной частцы аднолькавых або блізкіх па форме слоў паўторнага тыпу). [Лабановіч:] — Факт ёсць факт, а дакумент застаецца дакументам! Колас. [Алесь:] — Вайна вайной, а работа работай! Брыль.

III. далучальны.

1. Ужываецца пры далучэнні аднатыпных сказаў і членаў сказа з паслядоўным чаргаваннем з’яў і падзей або пры паслядоўным апісанні іх. Гарыць агонь, а на агні гатуецца вячэра. Танк. [Ульяна брату:] — Я ўжо цябе хоць за сяло правяду, а там — калі ты так хочаш пехатой ісці, — дык ідзі. Скрыган. Навокал панскі лес, а за лесам — балота, а за балотам — сплаўная рэчка Слізянка. Бядуля. На прыпечку гарэлі трэсачкі, над імі стаяў трыножнік, а на трыножніку грэлася скаварада. Колас.

2. Ужываецца пры далучэнні аднатыпных сказаў і членаў сказа з часавай паслядоўнасцю (звычайна ў спалучэнні з прыслоўямі часу або словамі, якія абазначаюць час). На момант святлее, а пасля навалач насоўваецца зноў. Пестрак. [Гарлахвацкі Чарнавусу:] Вось я толькі крыху ад працы вызвалюся, даклад прачытаю, а тады сам займуся вашай справай. Крапіва. Краем лесу паляцела задорыстае водгулле, прыціхла, а потым павярнула назад, бегучы другім краем лесу, і нарэшце заціхла на яго заломе. Колас.

3. Далучае групы слоў і сказы, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць выказаную думку. Доўгія дні, а часта засаб і ночы, прастойвала.. [Стэпа] за працаю, не адгінаючы спіны. Гартны. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. Стрымала мяне пошта дальняя. Мяжа-граніца, а перад усім Я не асмеліўся пасланне прывітальнае Слаць з асабістым клопатам сваім. Танк. // Далучае ўстаўныя сказы і словазлучэнні. Каля Нёмана — а ён тут быў блізка — пачулася песня. Колас. Ратавала атрад усё-такі дарога. Мясцовыя навакольныя жыхары з году ў год, а можа і з веку ў век, вобмацкам пратапталі яе, абмінаючы дрыгвяныя мясціны. Пестрак. // У гэтым жа значэнні ўжываецца для далучэння сказаў і членаў сказа, якія даюць дадатковую ацэнку сказанаму. Любяць край за бярозы, за месяц, за восені дзіўныя, А тым больш яго нам як, скажы, не любіць: Калі нівы і рэкі, палотны азёр пераліўныя, Калі песні, што б’юць жывой сілай крыніц, Нам гавораць аб долі сярмяжнай аратага. Танк. Вы яго [Базыля Трайчанскага] напэўна не ўсе ведаеце. А шкада: чалавек ён нішто сабе, настаўнік і грамадскі дзеяч. Колас. Няўдача не пахіснула намеру чалавека. У яго яшчэ ставала сілы, а больш, чым сілы, было жадання — жадання дабрацца да дарогі. Быкаў.

4. Па сувязі з папярэдняй думкай далучае сказы з адценнем супастаўлення, у якіх раскрываецца або высвятляецца сутнасць сказанага. Млыны даюць арцелі зваротныя сродкі, а гэта мае вялікае значэнне ў гаспадарцы. Скрыган. [Волечка Райтовічу:] — Ты нарэшце здагадаўся, а дзе ж раней твой розум быў? Чорны. // У спалучэнні са словам «таму» далучае сказы і члены сказа з прычынна-выніковым адценнем. У хаце было душна, а таму мне вельмі не хацелася сядзець дома. Бядуля.

5. Ужываецца пры нечаканым пераходзе да другой думкі або тэмы выказвання (у мове адной асобы або дыялогу). [Зося:] — Няхай ладзяць, а што там такое. [Шура] не кепская дзяўчына, не дурная. Крапіва. Ніколі не думаў [Нічыпар], што гэты.. гультай [Гарасім] так рана ўстае, а тут на табе: ён ужо з кошыкам па садзе ходзіць. Чарнышэвіч.

6. Ужываецца ў пачатку рэплікі, якой пачынаецца гутарка. — Дзень добры ў хату! — прывітаўся адзін з мужчын. — А ў цябе, Астап, няйначай госці, пазнаём нас. Лынькоў.

•••

А то, злучн. 1) супраціўны. а) Іначай, у адваротным выпадку. [Наталля:] Ах, вось што! Я гэтага не ведала, а то раней бы прыйшла. Крапіва. [Сарока:] — Пакідай араць, а то гужы парэжу! Лобан. б) Аказваецца, на самай справе, усяго толькі. Каб хоць рэчка была,.. а то ж равок.. і толькі. Брыль. [Юрка:] — Каб.. [цётка] цябе набіла, дык тады б нядобра было, а то сказала, а ён ужо і думае ліха ведае што. Чорны. 2) прычынны. Таму што, бо. [Марцін:] — Ідзі, далажы... І няхай прышлюць змену, а то мы памерзлі. Пестрак. Хоць бы ветрык дыхнуў, а то наўкола, як у гаршку, горача і ціха. Гроднеў. 3) далучальны. а) Далучае сказы і члены сказа, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць папярэднюю думку (часта ў спалучэнні са злучнікам «і»). Усе сходы, якія.. [Драбняку] даводзілася праводзіць у жыцці, раптам адзін за адным, а то і ўсе адразу, усплывалі ў памяці. Кулакоўскі. Змрокам, а то і пазней, хлопцы па адным збіраліся дадому. Лобан. [Доктар:] — Заўсёды трэба берагчыся. А то ў вас робіцца так — калі сёння здароў, дык і заўсёды, думаецца, так будзе. Чорны, б) Ужываецца пры нечаканым пераходзе да другой думкі (у мове адной і той жа асобы). Ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час. Асіпенка, в) Ужываецца ў мове адной і той жа асобы пры адмове ад папярэдняй просьбы, згоды або нязгоды. [Маці:] — Ты, Міколка, па Вольку схадзіў бы. А то няхай лепш заўтра. Брыль. — Добра, — адказаў бібліятэкар. — А то пачакайце, я запішу. Пальчэўскі, г) Разам з пытальнымі займеннікамі і займеннымі прыслоўямі ўтварае спалучэнні, якія выкарыстоўваюцца ў якасці сцвярджальных адказаў на папярэднія пытанні. — І ўсё гэта раскарчавалі людзі? — акінуў вачыма Яўхім. [Васіль Кузьміч:] — А то хто ж. Пальчэўскі. — Дзе ты ўзяў? — падазрона спытала Святланка. [Сярожка:] — Назбіраў, а то дзе ж яшчэ. Васілёнак. д) Ужываецца пры ўгаворванні, пажаданні. [Камандуючы:] — А можа, вам цяжка будзе камандаваць? Вы, здаецца, ранены? А то падлячыліся б. Крапіва. 4) пералічальна-размеркавальны. Або, ці. Унук мала калі і плакаў на руках у дзеда, цягнуў пакрысе соску, калі не спаў, а то вучыўся смяяцца і вылузваць з пялёнак ногі. Кулакоўскі.

А не то (дык), злучн. супраціўны. Тое, што і «а то» (у 1 знач.). [Рыгор:] — Уцякай, а не то страляць пачнуць. Мурашка.

а 3, часціца.

1. пытальная. а) Ужываецца як пытальны водгук на зварот або пры перапытванні недачутага. — Ігнат Андрэеевіч, — паклікаў.. [Максім] шэптам, нясмела. — А-а? Шамякін. — Гэй, уставай! — штурхнуў.. [Віктар] Мірона. — А? Чаго? — Выклікаю цябе на спаборніцтва? — А? Што? Маўр. б) Ужываецца як пытанне, якое патрабуе адказу або пацвярджэння. [Карніцкі:] — Скажыце, таварыш Лазарэвіч, а сучасны кароўнік, галоў так на сто пяцьдзесят, вы можаце спланаваць з падвеснымі пуцямі, з аўтапаілкамі і сіласнай вежай? А-а? Паслядовіч.

2. пабуджальная. Ужываецца пры паўторным звароце з мэтай прыцягнуць увагу. [Астап:] — Максімка, а Максімка... уставай: нам пісьмо ёсць. Чорны. Сонечны Зайчык туліўся да мяне, каб не званіць зубамі і шаптаў: — Уладак! А, Уладак? Ты спіш? Брыль.

а 4, выкл.

1. Перадае прыпамінанне, пазнаванне, здагадку, здзіўленне. — Здароў, Каўтун! — А, Андрэй, вось не пазнаў, браце, цемень, бачыш. Лынькоў. [Зоська:] А! Як відненька! А я думала, што ўжо ночка наступіла. Купала. [Юрка:] — Юзік, што гэта за уланы? — Салдаты гэтакія. — А-а, салдаты!? Чорны.

2. Перадае прыкрасць, абурэнне, пагрозу, зларадства. А, пакінь ты, — замахала.. [Аўдоля] рукамі на Шуру. Крапіва. А-а-а-а!.. Дык ты хаваць і маніць... — падбег да.. [Сяргея] адзін з белагвардзейцаў. — Ты гэтак?! Нікановіч.

3. Перадае жах, адчай, боль і пад. А-а, — закрычаў, душачыся слязьмі.. [Валодзька], — вазьміце! Мележ. А-а-а, — чуваць раптам ціхі стогн. Брыль.

4. Перадае ўзмацненне эмацыянальнай выразнасці выказвання. А таварышок, а паненак, а залаценькі, а не карайце ж вы хаця моцна яго [Сяргея], — загаласіла Рыпіна. Крапіва.

а 5, прыназ. з М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «а» выражае:

Часавыя адносіны

Ужываецца, каб паказаць дакладны або прыблізны час дзеяння. Мы пайшлі ў поле а вясне. Куляшоў. Васіль Іванавіч выехаў з сяла а самай поўначы. Лынькоў. Гадзіне а дзевятай раніцы.. [Насця і Мікалай] падышлі да Ласінага. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тыгр ‘буйная драпежная жывёла Panthera tigris, Felix tigris’ (ТСБМ, Нас.), ‘люты звер’ (Ласт.), ты́гра, тыгры́ца ‘тыгрыца’, перан. ‘злая жанчына’ (Байк. і Некр.), ты́г(а, ты́гра ‘Felix tigris’ (Некр. і Байк.), ты́гр(ыс) ‘тс’ (Пятр.), ст.-бел. тигрисъ ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. тигр, рус. тигр, рус.-ц.-слав. тигръ, ст.-слав. тигръ ‘тыгр’ (у Супрасльскім рукапісе: рѣка тигрьска ‘рака Тыгр’), якое ўзыходзіць да с.-грэч. τίγρις ‘тыгр’, апошняе было запазычана з нейкай авестыйскай лексемы, роднаснай ст.-перс. tiɣri‑ ‘страла’, tiɣra‑ ‘востры’ < і.-е. *(s)tei̯g‑ ‘калоць, басці’, ‘завостраны’ (Фасмер, 4, 56; Сной₂, 763; Голуб-Ліер, 495; ЕСУМ, 5, 564). У сучасных славянскіх мовах назвы гэтай жывёлы былі запазычаны з ням. Tiger ці з франц. tigre, якія ўзыходзяць да лац. tigris ‘тс’ (Сной, Фасмер, там жа; Махэк₂, 663; Арол, 4, 70). Ст.-бел. тигрисъ (тикгрисъ) ‘тыгр’ (1517 г.) запазычана са ст.-польск. tygris ‘тс’ у XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 144), што захавалася ў суч. польск. tygrys ‘тс’. Форма тыгра ‘тс’ (Я. Колас, М. Гарэцкі, гл. Каўрус, Словаклад) і адпаведныя дыялектныя формы ўтвораны паводле мадэлі сябра, майстра, Пётра, каб пазбегнуць неўласцівага народнай мове спалучэння зычных на канцы слова (Станкевіч, Язык, 781).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

го́луб, а; мн. галубы, ‑оў; м.

1. Дзікая або паўсвойская птушка, звычайна з шызым ці белым пер’ем (водзіцца амаль ва ўсіх краінах свету). Лясны голуб. Паштовыя галубы. Разводзіць галубоў.

2. (звычайна пры звароце, часта ў клічнай форме голубе). Разм. Ласкавая назва мужчыны. — Мартыне, мой голубе! вырваўся ты з панскай няволі. Колас. А мой міленькі, голуб сізенькі, коніка сядлае. З нар.

•••

Голуб міру — малюнак белага голуба як сімвал міру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кіт 1, а́, М кіце́, м.

1. Вялікая марская млекакормячая жывёліна, знешне падобная на рыбу. Грэнландскі кіт.

2. перан. Пра чалавека, які мае выключна важнае значэнне ў якой‑н. галіне, сферы дзейнасці (ад даўнейшага ўяўлення, што Зямля трымаецца на трох кітах). Кіты сучаснай фізікі.

[Грэч. kētos.]

кіт 2, ‑у, М кі́це, м.

Вязкае рэчыва для замазвання шчылін паміж шыбамі і рамай у вокнах. Шыбы зазвінелі, а з некаторых пасыпаўся кіт. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зліў, зліва і зліву, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. зліваць — зліць (у 1 знач.).

2. а. Спец. Прыстасаванне для сцёку вады або другой вадкасці. Брудная вада сама вылівалася праз дзірку ў дне карыта і сцякала на двор: пад карытам у падлозе Лапко зрабіў зліў. Колас.

3. а. Месца, дзе зліваюцца рэкі. Гарадзішча старое на зліве рэк, Больш як дзесяць стагоддзяў назад Першы зруб паставіў тут чалавек. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)